У сэрцы слова адзавіся
зборнік для 7 класа. У 2 кн. Кн. 2
12+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 407с.
Мінск 2018
Сапегі пакінулі пасля сябе шмат архітэктурных помнікаў. Апрача Гальшанскага палаца, яны пабудавалі ў Быхаве замак і Парафіяльны касцёл Святога Андрэя, а таксама вялікі мураваны палац, узведзены Львом Сапегам, у якім з 1597 па 1685 год праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага Княства Літоўскага. У Ружанах яны стварылі шыкоўны палацава-паркавы комплекс, дзе Ян Сапега частаваў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Старога віном з трохлітровага кубка, вырабленага з горнага крышталю і аздобленага каштоўнымі камянямі і золатам.
Наваградскія замкі — Замак на дзядзінцы і Малы замак — былі рэзідэнцыяй заходне-рускіх і літоўскіх князёў. Яны належалі Міндоўгу і Трайдэну, затым Карыяту Міхаілу Гедзімінавічу і Дзмітрыю Альгердавічу Карыбуту. Замкі пабудаваны ў XI стагоддзі. Іх разбуралі крыжакі і татары. Замак на дзядзінцы ў 1706 годзе ўзарвалі шведы. 3 сямі вежаў у 1828 годзе засталіся толькі дзве — Шчытоўка і Касцельная. А потым і ад іх уцалелі ўсяго два кавалкі кладкі, якія сёння ахоўваюцца дзяржаваю. А рэштку мураванай сцяны Малога замка прыстасоўвалі ў свой час пад млын-вятрак.
Вельмі пашкоджаны быў падчас той жа Паўночнай вайны, у 1708 годзе, замак Белы Ковель, змураваны з буйной цэглы і не вельмі вялікіх валуноў у XVII стагоддзі ў Смалянах на раце Дзярноўка князем Сангушкам-Ковельскім.
Раней Смаляны належалі князю Курбскаму, але ён памяняўся з Сангушкамі на Ковель, што на Валыні, бо баяўся жыць блізка каля рускай граніцы, каб яго выпадкам не выкралі і не вывезлі ў Расію: Курбскі ў 1564 годзе здрадзіў Расіі, уцёк у Вялікае Княства Літоўскае, перайшоў на бок польскага караля і пісаў творы, напоўненыя нянавісцю да Івана Грознага — Жахлівага.
Зусім замак, які быў адным з буйнейшых на тэрыторыі Беларусі палацава-замкавых ансамбляў пачатку XVIII стагоддзя,
разбураны ў XIX стагоддзі. У Смалянах, што на Аршаншчыне, засталіся толькі рэшткі адной з яго вежаў.
Слуцкі ж замак падчас руска-польскай вайны XVII стагоддзя так і не змог узяць ніхто з непрыяцеляў.
А колькі разоў палілі і разбуралі парубежны Езярышчанскі замак, узведзены ў XIV стагоддзі на востраве пасярод возера Езярышча!
У канцы XVIII стагоддзя замкі пачынаюць уступаць месца палацава-замкаваму будаўніцтву. Вельмі характэрным узорам такога будаўніцтва з’яўляецца Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс, закладзены Радзівілам Сіроткам яшчэ ў 1583 годзе на месцы драўлянага замка.
У ім ёсць байніцы, бастыёны, абарончыя вежы і дазорныя. Валы вакол яго дасягаюць 20 метраў вышынёю. Але ж комплекс мае і нешта іншае. Да прыкладу, ён мае дзве лазні, купальні, бібліятэку. Княжацкія пакоі, якіх многа, з вялікай колькасцю парадных і жылых памяшканняў. Інкруставаная мэбля, кафляныя печы, палатняныя шпалеры, дубовы паркет. Асаблівым багаццем вылучаліся парадныя залы і галерыі — збройная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная, партрэтная. У трох партрэтных залах вісела 275 партрэтаў Радзівілаў і іншых дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага.
Калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь... Багацце, вытанчанасць, культура...
Наш Нясвіж — агульнаеўрапейская каштоўнасць.
А яшчэ наша замкавае будаўніцтва зрабіла вельмі моцны ўплыў на архітэктуру ўмацаваных храмаў. Пра гэта сведчаць Мураванкаўская і Сынкавіцкая цэрквы-крэпасці, Камайскі касцёл, Быхаўская сінагога і іншыя збудаванні. Яны пабудаваны з улікам таго, што вернікам часам даводзілася не толькі маліцца, а і бараніцца ад нападаў.
Нашы замкі прыгожыя, велічныя, вечныя. Нават калі застаўся хоць адзін камень ад іх, яны жывуць. Але яны жывуць і тады, калі ад іх нічога не засталося.
Жывуць у нашай памяці.
НАШЫ КНІГІ
Кніга — крыніца інфармацыі. Яна ўзнікла тады, калі чалавек захацеў расказаць тое, што ведае, не толькі нейкаму аднаму чалавеку, з якім гутарыў, а і многім невядомым і незнаёмым субяседнікам. I яшчэ кніга пачалася тады, калі людзі навучыліся запісваць усё, што думаюць, калі ў іх з’явілася другая мова — пісьмовая.
Яны з асалодаю і апантанасцю пісалі ў свой час на сценах пячор, на гліняных таблічках, на кары бяросты.
Берасцяныя граматы — гэта пісьмы, запіскі, дакументы, якія дайшлі да нас аж з XIII—XIV стагоддзяў.
Падчас раскопак на тэрыторыі Беларусі знойдзены дзве берасцяныя граматы — у Віцебску і Мсціславе. Праўда, ад мсціслаўскай граматы захаваліся толькі два радкі, дзе гаворыцца пра пшаніцу на суму 4,5 грыўні і пра нейкага Сямёна. A ў Віцебскай берасцяной грамаце — ужо цэлае апавяданне, пасланне ад Сцяпана Няжылу.
Яно чытаецца ўжо як пачатак цікавай кнігі. Пачыналі ў нас пісаць кнігі і на камянях — Рагвалодаў камень, Барысаў камень...
Пісалі на керамічным посудзе, на драўляных і касцяных побытавых рэчах, на алавяных гандлёвых пячатках-пломбах, на ювелірных вырабах, на сценах бажніц.
А наша бяроста, бярозавая кара, пра якую мы ўжо ўспаміналі вышэй! Да з’яўлення паперы яна была для нас своеасаблівым «крывіцкім папірусам» — і свая, і зручна, і даступна, і ў адрозненне ад дарагога пергаменту, з якога мы рабілі тады кнігі, за яе не трэба было нічога і нікому плаціць.
Наш першы рукапісны помнік XI стагоддзя — «Тураўскае евангелле» — напісаны на пергаменце. Гэта самая ранняя беларуская кніга, створаная на беларускай зямлі. Захавалася ўсяго 10 аркушаў яе. На пергаменце, апрацаванай скуры быкоў, ягнят, казлянят, напісаны таксама нашы Аршанскае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае і іншыя евангеллі. «Пісана на цяляціне» — пазначана на некаторых кнігах.
Чарніла здабывалі са старых цвікоў — клалі іх у квас ці ў кіслую капусту, дадавалі яшчэ некаторыя рэчавы. Дробны
пясок замяняў прамакатку, з дапамогаю нажоў саскрабалі чарнільныя плямы і няправільна напісаныя літары.
На Беларусі кнігі перапісвалі ад рукі аж да XIX стагоддзя. Рукапісныя кнігі ствараліся ў Полацку, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Наваградку, у Куцейне пад Оршай, у Віцебску. Перапісвалі іх людзі рознага сацыяльнага паходжання — ад князёўны Еўфрасінні Полацкай да звычайнага гараджаніна Марціна з Гальшан. Найбольшай мастацкаю аздобаю — застаўкі, ініцыялы, мініяцюры, ілюстрацыі — вызначаліся Тураўскае Евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціслаўскае Евангелле, Супрасльскі рукапіс і інш.
«Судзебнік» — помнік старажытнабеларускай мовы і першы кодэкс крымінальнага права, што вядомы як Статут Казіміра IV Ягелончыка,— быў выдадзены ў лютым 1468 года.
Узнікненне друкаванай кнігі звязана ў нас з імем славутага нашага першадрукара Францыска Скарыны з Полацка. Ён быў першы, хто ва ўсходнеславянскіх землях пачаў друкаваць кнігі.
Першая беларуская кніга выйшла ў жніўні 1517 года ў Празе, дзе Скарына заснаваў друкарню, бо там кнігадрукаванне карысталася прывілеямі.
Гэта быў Псалтыр — зборнік гімнаў рэлігійна-лірычнага зместу. У ім было надрукавана 150 псалмоў Давіда. Сам Скарына высока ацэньваў сэнс сваёй працы, кажучы, што гэта кніга «детям малым початок всякое доброе науцы, дорослым помноженне в науце, мужем моцнае утверьженне».
I напраўду, ва ўсходнеславянскіх землях скарынінскі Псалтыр выкарыстоўваўся для навучання грамаце.
А да канца 1519 года Скарына выдаў яшчэ 22 кнігі Старога Запавету. Дваццать тры кнігі! Агульным памерам каля 1200 аркушаў. «Праца,— здзіўляюцца сённяшнія даследчыкі,— нават для нашых часоў настолькі неверагодна вялікая, наколькі тэрміны яе здзяйснення неверагодна малыя».
Скарына сам ствараў рукапісы і сам друкаваў кнігі, ён рабіў пераклад біблейскіх тэкстаў, па-свойму тлумачыў іх гуманістычны змест. Яго прадмовы і каментарыі не супадалі з традыцыямі сярэднявечна-хрысціянскага светапогляду і межаваліся, на думку царквы, з ерассю. А праваслаўны артадокс
князь Андрэй Курбскі, які падчас Лівонскай вайны уцёк у Вялікае Княства Літоўскае, лічыў Скарынавы кнігі «богазневажальнымі ерэтычнымі выданнямі — гэткімі ж як біблія Лютэра».
Мусіць, таму, што Скарына абагаўляў кнігу і раіў сваім чытачам вывучаць сем вольных навук.
Мусіць, таму, што ён надрукаваў прагноз сонечнага і месячных зацьменняў на 1523—1530 гады, якія царква абвяшчала непадуладнымі чалавечаму розуму.
Кнігі Скарыны спалучалі ў сабе традыцыі беларускага і ўсходнеславянскага мастацтва з вопытам еўрапейскім.
У Вільні, куды ён, пераехаўшы з Прагі, арганізаваў друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча, былі выдадзены «Малая падарожная кніжыца» і «Апостал».
Усе экзэмпляры выдадзеных Скарынай кніг — а іх захавалася 258 паасобнікаў — добра і падрабязна апісаны. Гэтыя каштоўныя выданні маюць за гонар захоўваць лепшыя бібліятэкі Еўропы і свету.
Эстафету ад Скарыны прынялі нясвіжскія кнігавыдаўцы Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Лаўрэнцій Крышкоўскі. Іх друкарня выпусціла некалькі кніг, з якіх дайшла да нас толькі адна — беларускі «Катэхізіс». У прадмове, якую Будны напісаў 10 чэрвеня 1562 года ў Клецку, ён вельмі крытыкаваў тэзіс пра траістасць Бога.
Другое нясвіжскае выданне «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» да нас не дайшло.
Будны напісаў і выдаў кнігі «Аб галоўных артыкулах хрысціянскай веры», «Аб свецкай уладзе», якія выдрукаваны ў Лоску.
Імя гэтага выдатнага беларускага асветніка ў XVI стагоддзі было добра вядома ў Англіі, Італіі, Германіі, у іншых краінах Еўропы. Ён ведаў шмат моў і таму ў яго не было праблем, як знаёміцца з кнігамі Эразма Ратэрдамскага, Марціна Лютэра, Жана Кальвіна і іншых еўрапейскіх філосафаў.
Асаблівую ўхвалу атрымаў ягоны пераклад Новага Запавету ў 1574 годзе — дзякуючы вялікім аналітычным здольнасцям і шырокай эрудыцыі Буднага выданне было прызнана ці не самым лепшым на той час у Еўропе.
Аднак адзіная выява самога кнігадрукара дайшла да нас толькі дзякуючы яго ворагам, якія намалявалі Буднага ў пекле — як грэшніка.
У Лоску і Вільні выдавецкай дзейнасцю займаўся Ян Карчан, дзякуючы якому выйшлі кнігі беларускіх пісьменнікаў — таго ж Сымона Буднага, Андрэя Рымшы, Яна Пратасовіча, Беняша Буднага, Андрэя Валяна, Яна Казаковіча.
Паплечнікам Буднага быў дробны беларускі шляхціц Васіль Цяпінскі. 3 вялікімі цяжкасцямі яму ўдалося стварыць у 1570-я гады друкарню на Полаччыне. Хутчэй за ўсё ў сваім радавым маёнтку Цяпіна. Друкарня выдала адну кнігу — Евангелле. Яна выйшла на дзвюх мовах — царкоўнаславянскай і беларускай. У прадмове Цяпінскі выступае ў абарону роднай культуры, беларускай і славянскай моў, супраць абыякавасці да лёсу свайго народа, за развіццё асветы, пісьменнасці, за веданне славутага мінулага нашай айчыны, заклікае шанаваць спадчыну.