• Газеты, часопісы і г.д.
  • У свеце слоў, з’яў і фактаў  Іван Шпадарук

    У свеце слоў, з’яў і фактаў

    Іван Шпадарук

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 93с.
    Мінск 1995
    32.06 МБ
    Іван Шпадарук
    У СВЕЦЕ СЛОЎ З’ЯЎ IФАКТАЎ
    МІНСК «ВЫШЭЙШАЯ ШКОЛА» 1995
    ББК 81.2Бен-3 Ш83
    УДК 808.26-3
    8080260000—001
    Ш	63—94
    М 304(03)—95
    ISBN 5-339-00591-3
    © I. П. Шпадарук, 1995
    АД АЎТАРА
    Вядома, што навука і вытворчасць, школа і мастацтва, грамадскія адносіны — усё гэта знаходзіцца ў пастаянным руху і развіцці, абнаўленні і перабудове, і ўсё гэта заканамерна знаходзіць адлюстраванне ў мове. Так, многія словы мы атрымалі ў спадчыну ад стараславянскай мовы, і яны на паўнапраўных пачатках увайшлі ў склад беларускай мовы. У ёй ёсць таксама многа слоў, запазычаных з замежных моў. Усе яны трапілі ў нашу мову ў розныя гістарычныя перыяды і цалкам прыжыліся. Вельмі часта тыя ці іншыя словы бяруць свой пачатак з грэчаскай і лацінскай моў, але творча асвойваюцца і падпарадкоўваюцца правілам беларускай граматыкі. Часта на іх аснове ствараюцца новыя словы.
    У першым раздзеле ў кароткіх лінгвістычных нарысах апавядаецца аб гісторыі і этымалогіі найбольш ужывальных і значных слоў беларускай мовы. Акрамя таго, некаторыя словы «будуюцца» і на аснове семантычных, рэчаісных і іншых асацыятыўных сувязей. Вось чаму кожнае з іх, як даведаецца чытач з гэтай кніжкі, мае сваю асаблівую, цікавую біяграфію, нярэдка складаную і незвычайную.
    У другім раздзеле чытач знойдзе цікавы пазнавальны матэрыял аб часе ўзнікнення тых ці іншых слоў і рэчаў, назваў і з’яў, аб цікавых выпадках, фактах, здарэннях.
    Пры напісанні кнігі выкарыстаны даследаванні беларускіх мовазнаўцаў А. Булыкі, А. Жураўскага, А. Крывіцкага, В. Мартынава, А. Міхневіча, Ф. Янкоўскага, а таксама працы рускіх лінгвістаў Э. Вартаньяна, I. Уразава, Л. Успенскага, М. Шанскага і іншых.
    3 БІЯГРАФІІ СЛОЎ
    АЗБУКА, БУКВАР, АЛФАВІТ
    Слова азбука паходзіць ад назваў першых славянскіх літар «аз» і «букі»*. «Аз» ўжываўся ў пераносным значэнні ‘літара ўвогуле’. Пра чалавека, які нічога не ведае, не разумее, бездапаможны ў якойнебудзь справе, гавораць: «Ён і аза не ведае». Ёсць і іншы выраз: «пачынаць з азоў», г. зн. з самага пачатку, з самых асноў. Увогуле ж слова азбука азначае сукупнасць літар, прынятых у тым ці іншым пісьме і размешчаных у пэўным парадку (алфавіт). Акрамя таго, гэта і пачатковы дапаможнік, па якім вучацца чытаць і пісаць (буквар), гэта і сістэма ўмоўных знакаў: у музыцы — нотная азбука, у тэлеграфіі — тэлеграфная і інш. Былі ў старой беларускай пісьменнасці і так званыя азбукоўнікі — род тлумачальнага філалагічнага і энцыклапедычнага слоўніка. Прыкладам беларускага азбукоўніка з’яўляецца «Лексекон вкротце албо речннк выборннх речей к словеніцнзне закрнтых» (1660).
    Некаторыя лічаць, што ад назвы «букі» ўзнікла слова буквар. Гэта не так. Яно ўтварылася ад слова бук (назва дрэва). Чаму? Старажытныя пісьмёны накрэсліваліся на дошчачках, зробленых з буку. Буквар — гэта кніга для першапачатковага навучання грамаце, пісьму. Ён уключае літары азбукі і іх спалучэнні, а таксама невялікія тэксты (звычайна з малюнкамі). 3 90-х гг. XVI ст. да 1653 г. на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсходніх славянскіх землях. Тэрмін «азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся на Беларусі ў 1596 г., «буквар» — у 1618 г.
    Слова алфавіт паходзіць ад назвы першых дзвюх літар грэчаскага алфавіта — «альфа» і «бэта» («ві-
    * Словы, да якіх узыходзяць запазычанні, транскрыбіраваны па-беларуску.
    та»). Яны былі запазычаны ў фінікійцаў, якія карысталіся іерогліфамі. Першы ў радзе іерогліфаў меў выгляд галавы быка (бык па-фінікійску — «алеф»), другі — выгляд дома («бет»). Паступова гэтыя значкі сталі абазначаць літары а і б. Алфавіт — сукупнасць літар якой-небудзь пісьменнасці, размешчаных у пэўным парадку; азбука. Сучасны беларускі алфавіт па складзе і асноўных абрысах літар узыходзіць да кірыліцы (адна з дзвюх славянскіх азбук, названая па імені асветніка IX ст. Кірылы, які ў 863 г. стварыў першую славянскую азбуку).
    АКАДЭМІЯ, УНІВЕРСІТЭТ, ІНСТЫТУТ, ТЭХНІКУМ
    Слова акадэмія паходзіць ад імя міфічнага героя Акадэма, у гонар якога была названа мясцовасць паблізу Афін, дзе ў IV ст. да н. э. была заснавана Платонам філасофская школа. У XVII ст. акадэміі пачынаюць стварацца як навуковыя цэнтры. Англійская Акадэмія (Лонданскае каралеўскае таварыства) створана ў 1660 г., Французская — у 1666, Пруская (у Берліне) — у 1700, Пецярбургская — у 1724 г. Акадэмія навук Беларусі створана ў 1929 г. Зараз акадэмія — гэта не толькі вышэйшая дзяржаўная навуковая ўстанова, але і назва некаторых іншых ВНУ па спецыяльных галінах навукі.
    Універсітэты ўзніклі ў сярэднія вякі ў гарадах, дзе ў школах былі настаўнікі, якія праславіліся сваёй вучонасцю. Менавіта да іх адусюль, у тым ліку з іншых краін, збіраліся слухачы. У чужой краіне яны станавіліся бяспраўнымі і безабароннымі, а таму і пачалі аб’ядноўвацца ў саюзы — універсітэты (ад лацінскага «універсітас» — сукупнасць). Сюды ўваходзілі настаўнікі, вучні, перапісчыкі кніг, гандляры пергаментам. Гэта было нешта накшталт асобнага цэха. Паступова універсітэты атрымалі ад каралёў правы і прывілеі, таму што вялікая колькасць прыезджых ажыўляла духоўнае жыццё, рамяство, гандаль. Пазней, з павелічэннем іх колькасці слова гэтае тлумачылі ўжо не як саюз, а як сукупнасць факультэтаў. Першыя універсітэты з’явіліся ў XII — XIII ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі і Англіі.
    Слова інстытут, як і універсітэт, у нашай мове ўжываецца з XVIII ст. Паходзіць яно ад лацінскага «інстытутум» — устанаўленне, упарадкаванне,устано-
    ва. Дзеяслоў «інстытуэрэ» (ад яго і «інстытут») мае значэнне ‘навучаць’. Інстытут — гэта навучальная ўстанова, якая дае вышэйшую адукацыю ў пэўнай галіне.
    Тэхнікум як навучальная ўстанова ў еўрапейскіх краінах з’яўляецца ў XVIII ст. у сувязі з развіццём прамысловасці і неабходнасцю рыхтаваць для яе кадры. У нашай краіне з’явіліся пасля 1917 г. Само ж слова тэхнікум паходзіць ад грэчаскага «тэхне» — мастацтва, майстэрства. Адсюль і тэхніка (ад «тэхнікос» — майстэрскі).
    АЛМАЗ, БРЫЛЬЯНТ
    Слова алмаз паходзіць ад грэчаскага «адамас» — неадольны. У залежнасці ад якасці і прызначэння алмазы дзеляцца на 7 катэгорый і 23 групы. Памер прыродных алмазаў вагаецца ад мікраскапічных зерняў да крышталяў у сотні і тысячы каратаў (1 карат — 0,2 г); слова карат паходзіць ад назвы каратаіну (ражковага дрэва), зерні якога ў арабаў служылі мерай вагі. Па-арабску зерне— і ёсць «карат».
    Гранёны ці шліфаваны алмаз называецца брыльянтам (ад французскага «брылант» — бліскучы). Выкарыстоўваецца ён у ювелірным мастацтве: манціруецца ў аправы з каштоўных металаў, у пярсцёнкі, завушніцы, брошкі, дыядэмы, ордэны і г. д.
    АНТЭНА, ІЗАЛЯЦЫЯ
    Першая прыёмная антэна (ад лацінскага «антэна» — мачта) была зроблена ў 1895 г. рускім вучоным A. С. Паповым. А слову гэтаму больш за дзве тысячы гадоў. Раней яго значэнне было іншым. Першапачаткова заолагі называлі антэнамі адчувальныя вусікі ў членістаногіх. А яшчэ раней слова гэтае было тэрмінам рымскага марскога флоту.
    Ізаляцыя — адасабленне, аддзяленне чаго-небудзь ад асяроддзя. Да нас слова прыйшло праз французскую мову («ізалаціон»), а ўтворана ад лацінскага «інсула», «ісула» — востраў. I сапраўды, слова вельмі ўдала перадае сэнс ізаляцыі.
    АПТЭКА, МАСАЖ, ГРЫП
    Слова аптэка паходзіць ад лацінскага «апатэка» — склад. Першая аптэка адкрылася ў Багдадзе ў 754 г., а ў Расіі — пры Іване Грозным у 1581 г. (так званая царская аптэка). Некалькі пазней сталі дзейнічаць аптэкі і для простага люду (маскатэльныя крамы). 3 канца XVIII ст. самай буйной у Еўропе была адна з маскоўскіх аптэк, якая захавалася да нашага часу.
    Адны лічаць, што слова масаж паходзіць ад французскага «масагэ» — расціраць, другія — што ад арабскага «мас» — сціскаць рукамі. Упершыню ручны масаж узнік у Кітаі больш чым 10 тысяч гадоў таму. А на Русі вядомы лячэбны масаж цела венікам.
    Лічылася, што слова грып паходзіць ад французскага «грыпе» — хапаць. Аднак нямецкі мовазнаўца А. Бах устанавіў, што яно ўтварылася ад рускага хрйп. Дарэчы, у сучаснай французскай мове ёсць слова, падобнае па гучанні да хрып, якое азначае ‘хрыпы ў радыё’. Грып — вострая вірусная хвароба, галоўныя рысы якой — запаленне дыхальных шляхоў і гарачка.
    АСПІРАНТ, КАНДЫДАТ
    У старажытнасці вялікія вучоныя мелі вучняў, галоўным лозунгам якіх было грэчаскае слова «аспіра» — імкнуся. Вучні імкнуліся пераняць ад настаўнікаў як мага больш ведаў, каб самім глыбей пранікнуць у таямніцы Сусвету. Слова аспірант паходзіць ад «аспіра» — чалавек, які імкнецца авалодаць ведамі. Зараз слова абазначае асобу, якая рыхтуецца да навуковай дзейнасці пры навукова-даследчым інстытуце або ВНУ.
    У Старажытным Рыме кандыдатамі называлі асоб, якія шукалі выбарнай дзяржаўнай пасады. У час выбараў кандыдат павінен быў знаходзіцца на відным месцы, у белай тозе (кандыдзе) — знаку сумленнасці і незаплямленасці, каб усе выбаршчыкі добра бачылі яго. Адсюль і паходзіць гэтае слова. У пачатку XIX ст. у Расіі з’явілася вучоная ступень кандыдата, якая тады прысвойвалася лепшым выпускнікам універсітэтаў, а зараз — гэта малодшая вучоная ступень, якая прысуджаецца на падставе абароны дысертацыі. Лацінскае ж «кандзідатус» — адзеты ў белае.
    АТАМ, КІБЕРНЕТЫКА, РОБАТ
    Грэчаскія філосафы-матэрыялісты лічылі, што свет складаецца з атамаў — найдрабнейшых непадзельных часцінак, якія рухаюцца ў пустаце. Паходзіць ад грэчаскага «атамас» — непадзельны (хаця пазней навука даказала, што атам дзеліцца на шэраг больш дробных складаных часцінак). Зараз атам — найдрабнейшая часцінка хімічнага элемента, якая складаецца з ядра і электронаў.
    Слова кібернетыка стала вядомым пасля выхаду ў 1948 г. кнігі амерыканскага вучонага Н. Вінера «Кібернетыка». Яно паходзіць ад грэчаскага «кібернетыке» — майстэрства ў кіраванні (караблём). Адсюль кібернетыка — навука аб кіраванні, аб агульных заканамернасцях перадачы інфармацыі ў машынах, жывых арганізмах і грамадстве.
    Слова робат упершыню ўжыў чэшскі пісьменнік К. Чапек у п’есе «Росумскія Універсальныя Робаты» (1920). У яго слова робат азначала: майстар сваёй справы. У далейшым яно распаўсюдзілася па ўсім свеце. Ім пачалі абазначаць аўтаматы, якія выконваюць некаторыя функцыі разумных істот.