• Газеты, часопісы і г.д.
  • У свеце слоў, з’яў і фактаў  Іван Шпадарук

    У свеце слоў, з’яў і фактаў

    Іван Шпадарук

    Выдавец: Вышэйшая школа
    Памер: 93с.
    Мінск 1995
    32.06 МБ
    Слова абітурыент запазычана з нямецкай мовы ў сярэдзіне XIX ст. Першапачаткова ўжывалася толькі ў значэнні ‘той, хто здае выпускныя экзамены’ (ад лацінскага «абітурыенс» — гатовы пайсці, пакінуць). У канцы 20 — пачатку 30-х гг. XX ст. гэтым словам сталі называць выпускнікоў школы, якія збіраліся паступаць у ВНУ. 3 40-х гг. абітурыент — гэта кожны, хто паступае ў ВНУ ці тэхнікум і праходзіць адборачны конкурс.
    СТЫМУЛ, ШАНС
    Стымул — матыў, штуршок да чаго-небудзь, часам заахвочванне. А вось у лацінскай мове гэта слова («стымулус») мела значэнне ‘паганялка’. Стымулам рымляне называлі завостраны кол, убіты ў зямлю для абароны ад конніцы ворага. Была ў Рыме нават багіня Стымула, якая заахвочвала вакханак да шаленства. Аднак асноўнае значэнне гэтага слова больш простае — ‘паганялка’ — назва палкі з вострым канцом, якой падганялі марудлівых жывёлін. Стымул — прычына, якая заахвочвае да работы, да дзейнасці.
    Як ні дзіўна, слова шанс паходзіць ад лацінскага «кадэрэ» — падаць. Адной з папулярных гульняў яшчэ са старых часоў была гульня ў косці. Выйграваў той, хто выкідаў-з кубка на стол косці, якія паказвалі пры падзенні найбольшы лік ачкоў. Поспех залежаў ад выпадку, ад «падзення» касцей. Так занесенае рымскімі легіянерамі ў Галію новае значэнне слова «кадэнцыя» — ‘падзенне’, якое змянілася па законах французскай мовы ў «шанцэ», перайшло з жаргону ігракоў у агульную мову. Шанс — магчымы выпадак, верагоднасць поспеху, удачы, ажыццяўлення чаго-небудзь.
    ТАВЫЛЯ, ШАХМАТЫ, ШАШКІ
    Тавыля — самая старажытная настольная гульня (існавала яшчэ за 3 тысячагоддзі да н. э.). У Рымскай імперыі яна атрымала назву «гульні з 12-ці ліній». У Еўропу гульня завезена арабамі. Тут яна яшчэ стала называцца «трык-трак», а правілы гульні сфармуляваў англічанін Э. Хойль у XVIII ст.
    Шахматы (ад персідскага «шах мат» — шах памёр) у сваім першапачатковым выглядзе з’явіліся не пазней чым у V ст. у Індыі. Тут яны называліся «чатурангай», што ў перакладзе значыць чатырохсастаўное войска (пехацінцы, коннікі, сланы і калясніца). Потым яна атрымала назву «шатранга». У Індыі існавалі таксама «вялікія шахматы» з дошкай са 114 клетак і 48 фігурамі. Мяжой складанасці былі «астранамічныя шахматы» для 7 чалавек. Кожны з удзельнікаў уяўляў адно неба, а фігурамі былі планеты і зоркі. А ў X ст. арабы пазнаёмілі з шахматамі і Еўропу. На тэрыторыі Беларусі шахматы вядомы з XI ст. Мясцовыя майстры іх выраблялі з касцей, рагоў і дрэва. Археолагі знайшлі шахматныя фігуры тых часоў: віцебскую туру, лукомльскі ферзь, ваўкавыскія пешкі і інш.
    У шашкі, акрамя 64-клетачнай дошкі (рускія шашкі), гулялі і гуляюць і на іншых. Узнікненне 100-клетачнага варыянта гэтай гульні (міжнародныя шашкі) адносяць да XVII ст. У Канадзе і зараз папулярная гульня на 144-клетачнай дошцы. Кітайскія шашкі «венхі» з дошкай з 19 вертыкальнымі і 19 гарызантальнымі лініямі, што перасякаюцца, і 180 фішкамі ў кожнага з сапернікаў вядомы ўжо некалькі тысяч гадоў.
    TAKC1, ТРАЛЕЙБУС
    Прыкладна з 1480 г. немец Таксіс і яго патомкі на працягу амаль чатырох стагоддзяў займаліся прыватнай паштовай справай у Еўропе. Іх служба дастаўляла пісьмы, пасылкі і нават перавозіла пасажыраў. Яны бралі за гэта адпаведную плату — «таксу». Вось такое паходжанне слова таксі, а таксама такса, таксафон, таксаматор.
    У XVII ст. у Парыжы з’явіліся першыя амнібусы — запрэжаныя коньмі платныя на шмат месц пасажыр-
    скія экіпажы. Находзіць ад лацінскага «амнібус» — давальны склон слова «ўсе, кожны», і азначала яно: усім, для ўсіх. Пасля нарадзілася новае слова «бус» — усечанае ад «амнібус». Гэтае «бус» са з’яўленнем аўтамабіля ўвайшло састаўной часткай у слова «аўтобус», а затым у назву новага віда бязрэйкавага трамвая — «тралейбус» (англійскае.слова). А «тралей» — гэта англійская тэхнічная назва кантактнага провада, па якім праходзіць ток у электрарухавік. Слова трамвай таксама паходзіць з англійскай мовы.
    ТЭРМАС, ХАЛАДЗІЛЬНІК
    У 1879 г. нямецкі фізік А. Вайнхольд прапанаваў выкарыстоўваць для захавання вадкіх газаў у лабараторыі двухсценную пасудзіну з тонкага шкла. А ў 1890 г. англійскі хімік Д. Дзьюар удасканаліў «бутэльку Вайнхольда», пакрыўшы серабром яе сценкі. Гэта аслабіла ўцечку цеплыні праз шкло. Нарэшце ў 1904 г. берлінскі шкловыдзімальшчык Р. Бургер дабавіў да пасудзіны Дзьюара засцерагальную абалонку. Так і «нарадзіўся» тэрмас (а паходзіць слова ад лацінскага «цёплы»).
    Ужо ў 800 г. кітайцы для захавання ежы карысталіся лёдам. Яго збіралі ў гарах, а летам трымалі ў саломе, каб не раставаў. У 1834 г. англічанін Перкінс атрымаў патэнтны спосаб ахаладжэння з дапамогай эфіру. Француз Карэ прыкмеціў, што аміяк з’яўляецца вельмі добрым ахаладжальнікам, і ў сувязі з гэтым у 1861 г. у Сіднеі (Аўстралія) быў пабудаваны першы завод па вытворчасці лёду. Першыя ж дамашнія халадзільнікі са штучным ахаладжэннем (кампрэсійныя) пачалі вырабляць у 1910 г. у ЗША. Першыя рускія халадзільнікі былі выпушчаны ў 1939 г. Само ж слова паходзіць ад агульнаславянскага «холад».
    ФАНТАЗІЯ, ПАРАДОКС, УТОПІЯ
    Фантазія (ад грэчаскага «фантазіа» — уяўленне) — мара, выдумка; творчае ўяўленне; музычная імправізацыя. Фантастыка (ад грэчаскага «фантастыке»— здольнасць уяўляць)—штосьці неверагоднае, створанае ва ўяўленні; літаратурныя творы на фантастычныя сюжэты. Фантаст — чалавек з багата развітай фантазіяй, фантазёр, летуценнік; пісьменнік, які піша
    на фантастычныя тэмы. Фантастычны — які не існуе ў рэчаіснасці, выдуманы; незвычайны, чарадзейны, вычварны.
    Парадокс (ад грэчаскага «парадоксас» — нечаканы, дзіўны) — своеасаблівая думка, меркаванне, якое разыходзіцца з агульнапрынятымі поглядамі, супярэчыць разумнаму сэнсу.
    Утопія (ад грэчаскага «у» — не, «топас» — месца, г. зн. месца, якога няма) — пазбаўленае навуковага абгрунтавання вучэнне аб ідэальным грамадскім ладзе, а таксама літаратурны твор з паказам ідэальнага грамадскага ладу будучага. Гэта яшчэ і нерэальны, неажыццявімы на практыцы план; фантазія, мара, якая не можа быць здзейснена.
    ФАТАГРАФІЯ, СІЛУЭТ
    Заснавальнікамі фатаграфіі (ад грэчаскага «фос» — святло і ...графія) лічацца французы ЖНьепс, Л. Дагер (І839) і англічанін У. Толсат (1840— 1841). Першы стварыў геліяграфію, якая легла ў аснову фотамеханічных спосабаў паліграфіі. Другі даў пачатак рэальнаму фатаграфічнаму працэсу. Трэці распрацаваў прынцып негатыўна-пазітыўнага працэсу, які ляжыць у аснове сучаснай фатаграфіі. Каляровыя фатаграфіі ўпершыню атрымаў француз Л. Дзюка дэ Арон.
    Яшчэ да з’яўлення фатаграфіі стаў вядомым сілуэт. Называецца ён так па імені Сілуэта, генеральнага кантралёра фінансаў Людовіка XV. He маючы магчымасці адкрыта крытыкаваць Сілуэта, дваране вырашылі называць «сілуэтамі» панталоны без кішэняў, маючы на ўвазе «скупасць» кантралёра. Таксама ж назвалі і яго ценявы партрэт, які распаўсюджваўся пры двары. 3 таго часу сілуэтныя партрэты сталі адным з першых вопытаў палітычнай карыкатуры. А ўвогуле сілуэт — гэта абрыс таго ці іншага прадмета, падобны да яго ценю.
    ФОСФАР, АЛЮМІНІЙ
    Гамбургскі купец вырашыў знайсці запаветны філасофскі камень. I ён пачаў з чалавечай... мачы. I вось у 1669 г. у прыёмніку рэторты выяўляе доўгачаканае жаўтаватае рэчыва. Яно пастаянна вылучала пары,
    якія свяціліся ў цемнаце. Але гэта было не золата, а фосфар. Так, разважанні, заснаваныя на памылковай думцы, усё ж далі вынік. Назва ж слова паходзіць ад грэчаскага «фосфарос» — светланосны. Фосфар — хімічны элемент, які існуе ў трох разнавіднасцях і выконвае важную ролю ў жыццядзейнасці ўсяго жывога.
    Рымскі вучоны Пліній у адной са сваіх прац паведамляе, што імператар Ціберый у 36 г. н. э. атрымаў дзіўны падарунак—келіх з сярэбраным бляскам, зроблены з гліны. Хімік з ГДР В. Якоб ужо ў XX ст. вырашыў праверыць гэта. Ён з сумесі гліны і іншых кампанентаў атрымаў алюміній. Вось і выходзіць, што алюміній людзі рабілі даўно. А яго назва паходзіць ад лацінскага «алумен» — галун. Алюміній — хімічны элемент, лёгка коўкі метал серабрыста-белага колеру.
    ЦЭНЗУРА, ПРЫСЯГА, ПРАТАКОЛ
    Слова цэнзура (ад лацінскага «цэнзар»— расцэншчык) звязана з імем Аляксандра Македонскага. А было гэта так. Ён, каб выявіць незадаволеных яго палітыкай, захопніцкімі войнамі, калі яго войскі знаходзіліся ў далёкіх пустынях Персіі, дазволіў афіцэрам і салдатам напісаць па адным пісьму дамоў. Усе ўзрадаваліся (паколькі да гэтага пісем пісаць не дазвалялася) і выказалі пачуцці сваім родным. Аднак, калі кур’еры з пісьмамі некалькі ад’ехалі, іх сустрэлі пасланыя царом салдаты. Пісьмы былі адабраны, а тых, хто скардзіўся ў іх на цара, пакаралі смерцю. У Старажытным Рыме ўжо існавала пасада цэнзара. У Расіі ў XVI ст. з’яўляецца духоўная цэнзура, а ў XIX ст. парадак ажыццяўлення цэнзуры вызначаецца спецыяльнымі статутамі і правіламі. Цэнзура — сістэма дзяржаўнага нагляду за ідэйным зместам друку і сродкаў масавай інфармацыі.
    У 1792 г. у час земляных работ на кубанскім беразе Керчанскага праліва, у Тамані салдаты выпадкова выкапалі мармуровы камень з надпісам па-руску: «У лета 6576 (па нашым летазлічэнні ў 1068 г.) Глеб князь мерыў морам па лёду ад Тмутараканя да Крчева (г. зн. да Керчы) 14 000 сяжань». Так на гэтым камені ўпершыню сустрэліся са славянскім словам «сяжань» (пазней і «сажань») ад «сягаць» — дасягаць, дакранацца. Адсюль паходзіць і «прысяга», звязаная са словамі дасягаць, дакранацца. Цяпер мы ўжо не адчу-
    ваем гэтай сувязі, але пры ўрачыстай прысязе звычайна дакранаюцца ў знак клятвы да свяшчэнных прадметаў — сцяга і інш.
    Слова пратакол паходзіць з грэчаскіх «протас» — першы і «колас» — клею. Першапачаткова пратаколам і называлі першы ліст, падклеены да скрутка з рукапісам. На ім пісалі імя ўладальніка, дату. Хутка прагледзець скрутак было немагчыма: гэта не кніга, якую лёгка перагарнуць. Доўгі скрутак трэба было раскручваць. Таму для зручнасці карыстання скруткам на гэтым лісце, прыклееным наверсе,— пратаколе, даваўся і кароткі змест рукапісу. Адсюль зразумелы пераход да цяперашняга значэння слова: спачатку кароткі пералік, а потым і кароткі запіс таго, што было на сходзе, дакумент з якім-небудзь фактам. Гэта яшчэ і акт міжнароднага пагаднення.
    ЧАРНІЛА, ШРЫФТ