Уладар
Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
ГАЛЕРЭЯ ЧАЛАВЕЧАЙ ДУМКІ
НІКАЛО МАК'ЯВЭЛІ
УЛАдАР
Галерэя чалавечай думкі
Нікало Мак'явэлі
Уладар
Niccolb Machiavelli
II Principe
Firenze
Antonio Blado d’Asola 1532
Нікало Мак’явэлі
Уладар
Мінск Выдавец Зміцер Колас 2008
УДК 321,01(450)(091)
ББК 66,1(0)
M15
Серыя заснаваная ў 2001 годзе
Пераклад з італьянскай Зміцера Коласа
На вокладцы выкарыстаная гравюра Андрэя Фядорчанкі «Правільны выбар».
Пераклад зроблены з выдання: Niccold Machiavelli. Il Principe e opera politiche minori. Firenze, Successori Le Monnier, 1888.
ISBN 978-985-6783-47-3
©Пераклад на беларускую мову, каментар, афармленне. Выдавец Зміцер Колас, 2008
Нікало Макявэлі Яснавяльможнаму Аарэнцу, сыну П’ера з роду Медычы*
Звычайна людзі, якія хочуць здабыць ласку свайго ўладара, дасылаюць яму ў дарунак тое, што маюць найдаражэйшага або чым спадзяюцца найболей яго пацешыць: так, можна часта ўбачыць, як дораць коней, зброю, златаглавы, каштоўныя камяні ды інваыя аздобы, вартыя яго велічы. I вось я, таксама жадаючы чым-небудзь засведчыць Вашай Яснавяльможнасці сваю службу, не знайшоў сярод таго, чым валодаю, нічога даражэйшага і каштоўнейшага за маю абазнанасць ва ўчынках вялікіх людзей, набытую праз шматгадовае вывучэнне мною дзеяў сучасных і нястомнае чытанне пра дзеі мінулыя: старанна і доўга абдумаўшы і ўзважыўшы набытыя мною веды, я выклаў іх у невялічкай кніжцы, якую і дасылаю ў дарунак Вашай Яснавяльможнасці. I хоць я мяркую, што мой твор няварты таго, каб паўстаць перад Вашымі вачыма, аднак веру, што дзякуючы Вашай спагадлівасці ён будзе прыняты прыхільна з увагі на тое, што я няздольны паднесці дарунка болыпага за гэты, які дае магчымасць у найкарацейшы час спасцігнуцьусё, штоя спазнаваўі зведваў доўгімі гадамі з такою цяжкасцю і пакутай; я не аздабляў свайго твора
*Да тэксту, пазначанага зорачкай (*), маецца каментар у адмысловым раздзеле ў канцы кнігі.
ні красамоўнымі фразамі, ні гучнымі ці напышлівымі словамі, ні іншымі вонкавымі прынадамі ды аздобамі, якімі звычайна шмат хто распісвае ды расквечвае свой твор; я хацеў, каб гонар яму надавала ўнутраная яго якасць, каб ён вабіў толькі праўдзівасцю свайго зместу і значнасцю свайго прадмету. Я не хацеў бы, аднак, каб у кагось закралася падазрэнне, быццам чалавек нізкага і нікчэмнага стану ўзяў на сябе дзёрзкасць абмяркоўваць ды судзіць дзеі ўладароў; бо гэтаксама, як мастак, які, жадаючы намаляваць краявід, спускаецца ў даліну, каб лепш аглядаць узвышшы і горы, ці падымаецца ўгору, каб лепш агледзець даліну, так і тут: каб лепш спазнаць сутнасць народаў, трэба быць уладаром, а каб лепш спазнаць сутнасць уладароў, трэба паходзіць з народа.
Няхай жа Ваша Яснавяльможнасць прыме гэты малы дарунак з тым самым пачуццем, якое рухае мною; калі Вы будзеце мець гэткую ласку ўважліва яго прачытаць і абдумаць, Вы ўбачыце, як горача я жадаю, каб Ваша Яснавяльможнасць дасягнула той велічы, якую прадказвае Вам лёс і Вашыя вартасці. I калі часам Ваша Яснавяльможнасць апусціць са сваёй вяршыні позірк на маю нізіну, яна даведаецца, якія вялікія і бясконцыя ўдары лёсу мне даводзіцца тут несправядліва цярпець.
Раздзел I
КОЛЬКІХ КШТАЛТАЎ БЫВАЮЦЬ УЛАДАРСТВЫ I ЯКІМІ СПОСАБАМІ ЯНЫ НАБЫВАЮЦЦА
Усе дзяржавы, усе гаспадарствы, якія трымалі і трымаюць людзей у сваёй уладзе, былі і ёсць або рэспублікамі, або адзінаўладнымі панствамі. Адзінаўладныя панствы бываюць або спадчыннымі, калі род уладара пануе ў іх здаўна, або новымі. Новыя бываюць або цалкам новымі, якім быў Мілан для Франчэскі Сфорцы*, або новымі ў пэўнай частцы, якую ўладар далучыў да свайго спадчыннага гаспадарства, — такім ёсць Неапалітанскае каралеўства для караля Гішпаніі*. Нованабытыя гаспадарствы бываюць або такія, дзе ўжо спрадвеку жылі пры ўладары, або такія, дзе мелі звычку жыць вольна; набываюцца яны чужой або сваёй зброяй, праз ласку лёсу або дзякуючы асабістым вартасцям.
Раздзел II
Пра ўладарствы спадчынныя
Развагі наконт рэспублік я пакіну ўбаку, бо доўга разважаў над імі ў іншым месцы. Цяпер жа засяроджу ўсю ўвагу на адзінаўладных панствах і, трымаючыся вышэй пазначанага парадку, разгледжу спосабы, якімі ўлада ў гэтых панствах чыніцца і ўтрымліваецца.
Скажу адразу, што ўтрымліваць уладу ў дзяржавах спадчынных і звыклых з панаваннем роду свайго ўладара меней цяжка, чым у новых, бо дзеля гэтага дастаткова не пераступаць звычаяў, заведзеных продкамі, і не прыспешваць хады падзеяў; так што нават калі ўладар не вызначаецца асаблівымі здольнасцямі, ён зможа ўтрымацца пры ўладзе, калі толькі яго не пазбавіць гэтай улады нейкая надзвычайная і неадольная сіла, але і тады ён зможа яе вярнуць пры першай-лепшай няўдачы ўзурпатара.
Прыкладам таму ў нас у Італіі можа быць князь фэрарскі*, які ўстояў перад нападамі венецыянцаў у 1484 г. і папы Юлія ў 1510 г. па адной той прычыне, што яго род здаўна стаяў на чале яго роднага княства. Бо паколькі ўладар па крыві мае менш падставаў і менш патрэбы прыгнятаць падданых, то да яго абавязкова будуць ставіцца з большай любоўю, і калі ён праз нейкія празмерныя свае заганы не выкліча да сябе нянавісці, то можна з упэўненасцю чакаць, што ўсе будуць адчуваць да яго натуральную зычлівасць. За даўнасцю і непарыўнасцю ўлады памяць пра колішнія пераўтварэнні і прычыны, што іх спарадзілі, паступова сціраецца, тым часам як усякая адна перамена служыць зачэпкай для правядзення іншых.
Раздзел III
Пра ўладарствы мяшаныя
Але ва ўсякім новым уладарстве ўзнікаюць цяжкасці. Папершае, нават калі не ўсё яно новае, а толькі пэўнаю часткай, так што ў цэлым яго можна назваць мяшаным, ужо гэтая перамена вядзе да натуральных ускладненняў, уласцівых усім новым дзяржавам, і заключаюцца яны ўтым, што людзі, верачы, быццам ім будзе лепш, ахвотна гатовыя змяніць свайго гаспадара, і гэтая вера прымушае іх уздымаць супраць яго зброю, але яны падманваюцца і потым з вопыту бачаць, што зрабілася толькі горш. Звязана гэта з яшчэ адной натуральнаю акалічнасцю, якая вымушае ўсякага новага ўладара абкладаць пярэйшлых яму ў падданства і ўтрыманнем ягонага войска, і безліччу іншых павіннасцяў, якія немінуча ўзнікаюць на нованабытых землях; у выніку ён і нажывае сабе ворагаў у асобе ўсіх, хто пацярпеў ад захопу, і няздольны захаваць дружбы тых, хто ў гэтым захопе яму дапамог, бо не можа ані задаволіць іх у той меры, у якой яны спадзяваліся, ані ўжыць супраць іх моцных сродкаў, адчуваючы сябе абавязаным, таму што якім бы ўладар ні валодаў магутным войскам, каб увайсці ў краіну, яму заўсёды патрэбныя прыхільнасць і спрыянне яе жыхароў. Вось чаму французскі кароль Людовік XII* як хутка захапіў Мілан, так хутка яго і страціў; і першым разам Людавіку Сфорцу* хапіла ўласных сілаў яго адтуль выбіць; бо народ, які сам адчыніў перад французам браму, неўзабаве сцяміў, што памыліўся ў сваіх надзеях на лепшую будучыню, і не захацеў больш цярпець прыгнёту новага ўладара.
Праўда, калі ўзбунтаваная краіна заваёўваецца другі раз, яе страчваюць ужо не так лёгка, бо, карыстаючыся бунтам як
добрай нагодай, уладар можа цырымоніцца менш і, засцерагаючы сябе ад усялякае небяспекі, карае завадатараў, пазбаўляецца ад падазроных і ўмацоўвае ўсе свае найбольш слабыя месцы. Такім чынам, калі першы раз, адбіваючы Мілан у Францыі, было дастаткова, каб Людавік Сфорца узняў шум на яго межах сам, то другі раз* супраць французаў спатрэбілася аб’ядноўваць увесь свет, перш чым іх войскі былі развеяныя і выгнаныя з Італіі, і сталася так менавіта па названых вышэй прычынах. Тым не менш, і першы, і другі раз Мілан быў французамі страчаны. Агульныя ў такіх выпадках прычыны першае страты ўжо разглядаліся, цяпер застаецца вызначыць прычыны другое і паглядзець, якімі сродкамі французскі кароль валодаў і якімі мусіў бы валодаць кожны ўяго сітуацыі, каб абараніць свае заваёвы лепш, чым гэта ўдалося французам. Скажу перадусім, што землі, якія ў выніку заваявання далучаюцца да спрадвечных уладанняў заваёўніка, могуць або ляжаць з імі ў адных краях і мець аднолькавую мову, або быць аддаленымі і па мове адрознівацца. У першым выпадку ўтрымаць іх лягчэй, асабліва калі ўтых землях няма звычкі жыць вольна: дзеля бяспечнага валодання імі дастаткова вынішчыць род уладара, які там панаваў; калі ж у астатнім у іх захаваецца былы лад жыцця і не будзе адзначацца разыходжання ў звычаях, у людзей не будзе прычыны жыць неспакойна; мы бачым гэта на ўзоры Бургундыі, Брэтані, Гасконі і Нармандыі, якія ўжо столькі год утвараюць з Францыяй адну дзяржаву; і хоць у мовах паміж імі ёсць пэўная розніца, але звычаі настолькі падобныя, што людзям лёгка дачыняцца паміж сабою. Заваёўніку гэтых земляў, які хацеў бы іх утрымаць, трэба мець на ўвазе ўсяго дзве рэчы: па-першае, род ранейшага ўладара ў іх мусіць згаснуць, а па-другое, ні законы, ні подаці ў гэтых правінцыях не павінны мяняцца,— тады і старыя, і новыя ўладанні хутка
стануць адзіным цэлым.
Але ж калі здабытыя землі знаходзяцца ў краі, адрозным па мове, звычаях і парадках, то тут узнікаюць сур’ёзныя цяжкасці, і каб утрымаць іх, патрэбны вялікая ўдача і немалая ўвішнасць; і найгалоўнейшым і найбольш дзейсным сродкам было б, калі б новы ўладар пераехаў у іх жыць. Гэта значна павысіла б бяспечнасць і трываласць такіх уладанняў: якраз так зрабіў турэцкі султан у Грэцыі, які нават пры ўсіх іншых прынятых ім захадах дзеля утрымання гэтай краіны, не здолеў бы яе ўтрымаць, калі б сам у яе не перасяліўся*. Бо, знаходзячыся на месцы, можна адразу ўбачыць, калі пачынаюцца беспарадкі, і ў зародку іх задушыць, а знаходзячыся далёка, чуеш пра іх тады, калі яны ўжо разрасліся і нічога немагчыма паправіць. Апроч таго, прысутнасць уладара ахоўвае краіну ад рабавання чыноўнікамі, дый падданыя задаволеныя, што могуць лёгка да яго звярнуцца; пры гэтым у тых, хто хоча быць яму верны, больш падставаў яго любіць, а ў тых, хто няверны, больш падставаў баяцца. Ну, а калі які чужынец хацеў бы на гэтыя землі напасці, дык цяпер ён будзе болей абачлівы, бо захапіць край, у якім жыве сам уладар, можна толькі з неймавернаю цяжкасцю.
Другім найлепшым сродкам ёсць утварэнне калоніяў у адным-двух ключавых месцах краіны, бо ў іншым выпадку ў ёй давядзецца трымаць даволі вялікую колькасць збройнага люду і пехацінцаў. Калоніі не каштуюць дорага; утварыць і ўтрымліваць іх можна без вялікіх, ато й зусім без ніякіх выдаткаў; а пацярпяць ад гэтага толькі тыя, у каго будуць забраныя дамы і палеткі дзеля перадачы новым насельнікам, прычым такіху краіне будзе меншая частка; пакрыўджаныя ж у выніку, застаўшыся беднымі і рассеянымі, не змогуць прычыніць шкоды; затое ўсіх іншых гэта ніяк не закране, і ўжо з гэтай прычыны яны будуць, бадай, трымацца ціха, бо пабаяцца правінаваціцца са страху, што іначай будуць самі зведзеныя да такога ж згалелага стану.