Уладар
Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
Адсюль вынікае, што калоніі, будучы не дарагімі, забяспечваюць большую вернасць і менш прыгнятаюць новых падданых, а пакрыўджаныя, як было ўжо сказана, не могуць прычыніць шкоды, будучы збяднелымі і рассеянымі. У сувязі з гэтым варта зазначыць, што людзей трэба або лашчыць, або нішчыць, бо за малую крыўду могуць адпомсціцца, а за вялікую — не, а значыць, калі ўжо рабіць чалавеку крыўду, дык рабіць так, каб потым не апасацца помсты. Калі ж замест калоніяў у краіне паставіць войска, то яго ўтрыманне абыдзецца нашмат даражэй і паглыне ўвесь даход ад нованабытых земляў, у выніку чаго набытак абернецца стратамі, а пакрыўджаных будзе больш, бо нанесены ўрон закране ўсё насельніцтва, якое будзе цярпець ад пастою вайсковага гарнізона, а калі такі прыгнёт дасца ў знакі кожнаму, дык кожны ператворыцца ў ворага, прычым ворага, здольнага шкодзіць, бо, будучы ўшчэмлены, будзе заставацца ў сябе дома. Такім чынам, з усіх бакоў — наколькі бескарысна ўтрыманне войска, настолькі карысна ўтварэнне калоніяў.
Калі ж заваёўнік прыходзіць у краіну, адрозную ад ягонай па вышэй памянёных прыкметах, ён мусіць стаць, апроч усяго іншага, і галавой і заступнікам слабейшых суседзяў, а таксама парупіцца аслабіць мацнейшых, і пільнаваць, каб у нованабытыя землі ні ўякім разе не прабраўся чужынец, роўны яму ўмагутнасці. А такі заўсёды будзе гатовы прыйсці, бо яго будуць клікаць усе, хто застаўся незадаволены — ці ад празмерных амбіцыяў, ці ад страху; і мы бачым, што менавіта такім чынам у Грэцыю праніклі рымляне, якіх паклікалі туды эталійцы*, дый ва ўсе іншыя краіны яны прыходзілі па закліку іх жыхароў. Парадак рэчаў такі, што, як толькі магутны ўладар прыходзіць у якую-небудзь правінцыю, усе, хто быў у гэтых краях слабейшы, далучаюцца да яго, рухомыя зайздрасцю да тых, хто перавышаў іх сілай, так што гэтых слабейшых яму не складае цяжкасці прыцягнуць на
свой бок: яны і самі ўсе разам і хутка кучкуюцца вакол набытай ім нядаўна дзяржавы. Яму трэба толькі сачыць, каб іх сіла і ўлада не надта ўзрасталі, і тады ён лёгка толькі сваімі сіламі і пры іх пасобніцтве зможа прыструньваць болей магутных і заставацца поўнаўладным суддзём у тых краях. Калі ж ён як след не парупіцца ў гэтай справе, то неўзабаве страціць набытае, а пакуль будзе мець, спазнае безліч ліхтуг і нягод.
Рымляне ў здабываных імі правінцыях цвёрда трымаліся ўсіх гэтых правілаў: утваралі калоніі, падтрымлівалі слабейшых, але, разам з тым, не давалі ім узбіцца ў сілу, трымалі ў цуглях мацнейшых і не дапускалі, каб у тых краях рос аўтарытэт магутных чужынцаў. У якасці ўзору, па-мойму, дастаткова прывесці Грэцыю. Рымляне перацягнулі там на свой бок ахейцаў* і эталійцаў, аслабілі Македонскае царства, выгналі Антыоха*; але нягледзячы ні на якія заслугі, ніколі не дазвалялі ахейцам і эталійцам пашыраць іх дзяржавы; не паддаваліся ні на якія ўгаворы Філіпа* стаць яго сябрамі, пакуль не змушалі яго чым-небудзь дзеля гэтага ахвяраваць; і нягледзячы на ўсю моц Антыоха, ніколі не саступілі яго памкненням завалодаць у тых краях хоць якімі землямі. У гэтых абставінах рымляне дзейнічалі, як павінны дзейнічаць усе мудрыя ўладары, якія мусяць рупіцца не толькі аб тым, што іх непакоіць цяпер, але і аб тым, што можа здарыцца ў будучым, усімі сіламі стараючыся запабегчы магчымым бедам, бо, прадбачыўшы, іх можна лёгка паправіць, а калі занядбаць, ніякія сродкі не дапамогуць, бо хвароба зробіцца невылечнаю. Так яно і з сухотамі, якія, як кажуць лекары, на пачатку лёгка вылечыць, ды цяжка выявіць, але з часай, калі яны не выяўленыя і не вылечаныя, іх робіцца лёгка выявіць, ды цяжка вылечыць. Так яно і ў дзяржаўных справах: калі небяспеку, што нараджаецца, убачаць здаля (а заўважыць яе дадзена толькі чалавеку празорліваму), то прадухіліць яе проста, а калі, не заўважыўшы,
даць ёй разрасціся, пакуль яна ні пачне кідацца ў вочы кожнаму, дык справіцца з ёю ўжо не будзе ніякіх сродкаў.
Таму Рымляне, загадзя бачачы, адкуль могуць прыйсці непрыемнасці, адразу прымалі захады, а не давалі сітуацыі развівацца, адно каб пазбегчы вайны, бо ведалі, што прадухіліць вайну нельга — яе можна толькі адцягнуць на карысць непрыяцелю; таму яны вырашылі, што лепш развязаць вайну з Філіпам і Антыохам у Грэцыі, чым пасля ваяваць з імі ў Італіі: у іх была натой час магчымасць унікнуць вайны як з адным, так і з другім, але яны гэтага не захацелі. Ім ніколі не былі даспадобы словы, якія безупынку гучаць з вуснаў сённяшніх мудрацоў: цешцеся з дабрачыннасці часу,— за дабрачыннасць яны лічылі толькі асабістыя вартасці і дальнабачнасць; бо час можа хіба што набліжаць здзяйсненне падзеі, ведучы як да лепшага, так і да горшага, як да горшага, так і да лепшага.
Але вернемся да Францыі і паглядзім, ці выканала яна хоць бы адну з вышэй памянёных умоваў; я буду гаварыць пра Людовіка, а не пра Карла*, бо першы даўжэй утрымліваў свае ўладанні ў Італіі і яго лад дзеянняў будзе нам нагляднейшы: дык вось — вы ўбачыце, што ён дзейнічаў цалкам насуперак таму, як мусіў бы дзейнічаць, калі б хацеў утрымаць краіну, адрозную ад ягонай.
Кароль Людовік увайшоў у Італію праз амбіцыі венецыянцаў, якія спадзяваліся з яго прыходам пакінуць за сабой палову Ламбардыі. Я зусім не хачу ганіць караля за такое рашэнне, бо, жадаючы неяк пранікнуць у Італію, дзе ўяго не было сяброў і дзе, праз паводзіны Карла, перад ім былі зачыненыя ўсе дзверы, ён вымушаны быў ухапіцца за першую-лепшую дружбу, якая яму падвярнулася; прынятае ім рашэнне магло б нават увянчацца поспехам, калі б у далейшых дзеяннях ён не дапусціў памылак. Заняўшы Аамбардыю, кароль адразу вярнуў Францыі прэстыж,
страчаны ёю пры Карле: Генуя скарылася, фларэнтыйцы ўвайшлі ўхаўрус, маркіз Мантуанскі, князь Фэрарскі, род Бэнтывольё*, графіня дзі Фарлі*, сіньёры Фаэнцы, Пэсары, Рыміні, Камэрыны, Пьёмбіны, жыхары Люкі, Пізы, Сіены — усе памкнуліся яму насустрач засведчыць сваю прыязнасць. Толькі тады венецыянцы ўсвядомілі, якое неабдуманае было іх рашэнне: каб займець пару гарадоў у Ламбардыі, яны зрабілі французскага караля ўладаром дзвюх трацінаў Італіі.
Уявіце цяпер, з якой лёгкасцю кароль мог бы захаваць у Італіі сваё вяршэнства, калі б прытрымліваўся выкладзеных вышэй правілаў, ахоўваючы і абараняючы сваіх прыхільнікаў, якія няхай былі і шматлікія, але спрэс слабыя і баязлівыя: адны адчувалі страх перад Царквою, другія перад венецыянцамі, і ўсе былі вымушаныя нязменна захоўваць яму вернасць; а ён праз іх мог бы лёгка засцерагчы сябе ад пагрозы тых, хто яшчэ заставаўся ў сіле. Аднак не паспеў ён увайсці ў Мілан, як зрабіў усё наадварот, дапамогшы папу Аляксандру* захапіць Раманью. Ен не падумаў нават, што гэтым сам сябе аслабляе, адштурхоўваючы сяброў і ўсіх, хто сам кідаўся яму ў абдымкі, і ўзмацняючы Царкву, да чыёй і без таго вялікай духоўнай улады дадаваў яшчэ й немалую ўладу свецкую. Зрабіўшы гэтую першую памылку, ён вымушаны быў пажынаць яе плён, так што ўрэшце мусіў асабіста прыбыць у Італію, каб пакласці канец амбіцыям Аляксандра і не даць яму завалодаць Тасканай. Але яму не хапіла, што ён узвялічыў Царкву і адштурхнуў сяброў: прагнучы завалодаць Неапалітанскім каралеўствам, ён вырашыў падзяліць яго з каралём Гішпаніі; у выніку, будучы перад тым адзіным суддзём у Італіі, ён сам прывёў туды свайго суперніка, якому пачалі патураць усе, хто меў нейкія амбіцыі ці быў нечым незадаволены; і замест каб пакінуць на троне былога караля, які быў бы яму васалам, ён яго выгнаў і пасадзіў таго, хто мог выгнаць яго самога.
Прага да павелічэння набытку, папраўдзе,— рэч вельмі натуральная і звычайная, і калі чалавек робіць гэта адпаведна са сваімі магчымасцямі, яго заўжды хваляць ці прынамсі не ганяць; але ж калі людзі не маюць магчымасці, а ўсё адно хочуць дамагчыся гэтага любым спосабам, яны робяць памылку і вартыя ганьбавання. Таму, калі б Францыя магла атакаваць Неапаль сваімі сіламі, яна мусіла б гэта зрабіць, але ж калі такіх сілаўу яе не было, яна не павінна была дзяліць яго. I калі падзел Ламбардыі з венецыянцамі заслугоўвае прабачэння, бо гэта дазваляла французам уступіць у італьянскія землі, дык падзел Неапаля заслугоўвае толькі ганьбавання, бо не можа быць апраўданы такога кшталту неабходнасцю.
Такім чынам, Людовік зрабіўпяць наступных памылак: прыдушыў слабейшых, узмацніў таго, хто і так меў моцную ўладу ў Італіі, дапусціў на яе землі магутнага чужаземца, не пераехаў жыць туды сам і не ўтварыў калоніяў. Але й гэтыя памылкі маглі б не прывесці пры яго жыцці да згубных вынікаў, калі б ён не зрабіў шостую, паквапіўшыся на ўладанні венецыянцаў,— калі б ён перад тым не ўзмацніў Царкву і не прывёў у Італію гішпанцаў, то прыструніць венецыянцаў сапраўды было б разумна і нават неабходна; але ж зрабіўшы перш тое, што ён зрабіў, ён не павінен быў дапускаць іх разгрому, бо, застаючыся магутнай, Венецыя заўсёды ўтрымлівала б іншых ад нападу на Ламбардыю — папершае, таму што, калі б і згадзілася на такое, дык толькі за ўмовай, што сама стане ўладальніцай у гэтых землях, а па-другое, таму што ніхто не захацеў бы забіраць Ламбардыю ў Францыі, каб аддаць яе венецыянцам, а ваяваць адначасова і з Францыяй, і з Венецыяй ні ў каго не хапіла б духу. Калі ж нехта мне скажа, што кароль Людовік саступіў Раманью Аляксандру, а Неапаль — гішпанцам, абы не было вайны, дык я зноў адкажу вышэй згаданымі довадамі: ніколі нельга дапускаць развіцця невыгоднае
сітуацыі, абы не было вайны, бо яе ўсё адно не ўнікнеш, а толькі адцягнеш, і пры гэтым сабе ж на шкоду. А калі нехта спашлецца на абяцанне, дадзенае каралём папу, што ўзамен на развод* і кардынальскую шапку для Руанскага арцыбіскупа* ён паспрыяе яму ў захопе Раманьі, то я адкажу на гэта пазней у раздзеле, дзе гаворка пойдзе пра абяцанні ўладароў і тое, як іх трэба выконваць. Як бы там ні было, Людовік страціў Ламбардыю таму, што не вытрымаў ніводнага правіла, якія павінны выконвацца ўсімі, хто, захапіўшы краіну, хоча яе ўтрымаць. I ў гэтым няма ніякага дзіва — наадварот, усё вельмі слушна і ў парадку рэчаў. Я гутарыў пра гэта ў Нанце з кардыналам Руанскім, якраз калі Валянцін, як у народзе клічуць Чэзарэ Борджа*, сына папы Аляксандра, акупаваў Раманью; кардынал мне тады зазначыў, што італьянцы нічога не разумеюць у войнах, на што я яму адказаў, што французы нічога не разумеюць у палітыцы, бо калі б разумелі, ніколі не дапусцілі б такога ўзмацнення Царквы. А як паказаў досвед, ўзмацненне Царквы і гішпанцаў у Італіі сталася магчымым толькі дзякуючы французам, тым часам як самі яны пацярпелі праз гэта крах. Адсюль вынікае агульнае правіла, якое не падводзіць ніколі ці вельмі рэдка: той, хто спрыяе чужому ўзмацненню, сам сябе нішчыць, бо дасягаецца такое ўзмацненне дзякуючы або спрытнасці розуму, або сіле, і той, хто узмацняецца такім чынам, пачынае сам глядзець падазрона на тых, хто валодае гэтымі дзвюма якасцямі.