Уладар  Нікало Мак’явэлі

Уладар

Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
27.38 МБ
рабавання іншых, бо чалавек хутчэй забывае пра смерць свайго бацькі, чым пра страту спадчыны. Апроч таго, прычынаў забраць маёмасць — болей, чым дастаткова, і той, хто пачаўжыць рабаўніцтвам, заўжды знойдзе прынамсі адну, каб прыўласціць чужое, а вось падставаў праліць чыю-небудзь кроў нашмат менш і абгрунтаваць іх цяжэй.
Аднак калі ўладар — на чале войска і мае пад камандаваннем незлічоную колькасць жаўнераў, тады ён увогуле не мае патрэбы дбаць, што яго празавуць лютым, бо без такой славы ні ў якім войску не падтрымаць згуртаванасці і гатоўнасці да любых дзеянняў. Сярод вартых захаплення Ганібалавых учынкаў згадваюць і такі: будучы на чале агромністага войска, складзенага з прадстаўнікоў самых розных рас і народаў, і прывёўшы іх ваяваць у чужыя краі, ён не даў узнікнуць ніводнай звадзе ні паміж імі, ні супраць іхняга ўладара, прычым як у ліхую гадзіну, так і ў шчаслівую. I вынікаць гэта магло толькі з яго нечалавечай лютасці, якая, разам з яго разнастайнымі вартасцямі, заўсёды выклікала ў жаўнераў пашану і жах; а без такой лютасці нават усіх яго вартасцяў было б недастаткова, каб дасягнуць такога эфекту. Тым не менш недальнабачныя аўтары, з аднаго боку, захапляючыся яго ўчынкамі, з другога — ганяць тое, што якраз і было іх найпершай прычынай. I пра справядлівасць высновы, што іншых якасцяў было б мала, сведчыць выпадак, які здарыўся са Сцыпіёнам, чалавекам найвыбітнейшым не толькі сярод яго сучаснікаў, але ва ўсёй гісторыі ўвогуле. Тым не менш, войскі, якімі ён кіраваў у Гішпаніі, супраць яго паўсталі. I адбылося так толькі таму, што праз сваю залішнюю мяккасардэчнасць ён даў жаўнерам больш вольнасці, чым дапускаецца вайсковаю дысцыплінай. У гэтым яго і дакараў Фабій Максім*, калі, выступаючы ў Сенаце, называў разбэшчвалыіікам рымскага войска. 3 гэтай самай прычыны й локры*, пацярпеўшы ад
аднаго са Сцыпіёнавых легатаў, так і не дабіліся помсты, і легатава бясчынства засталося непакараным — зноў праз тую ж лагоднасць Сцыпіёнавага характару; так, што нехта ў Сенаце, жадаючы яго абараніць, нават сказаў, што ён — з тых шматлікіх людзей, якім лягчэй не памыляцца, чым выпраўляць памылкі. Калі б Сцыпіён карыстаўся аднаасобнаю ўладай, такая рыса характару з часам разбурыла б яго славу і рэпутацыю, але ж паколькі яго дзеянні знаходзіліся пад кантролем Сената, гэтая згубная якасць не толькі абышлася яму без наступстваў, але й паспрыяла ягонай славе.
Такім чынам, вяртаючыся да пытання, што лепш — унушаць страх ці любоў, я раблю выснову, што, паколькі людзі любяць, як хочуць самі, а баяцца, як хоча ўладар, то ўладару разумней абапірацца на тое, што залежыць ад яго, а не ад іншых; адзінае, пра што яму трэба рупіцца — гэта, як я ўжо казаў, не выклікаць да сябе нянавісці.
Раздзел XVIII
Наколькі ўладары мусяць быць верныя свайму слову
Кожны разумее, як гэта пахвальна, калі ўладар захоўвае вернасць слову і жыве ў шчырасці і без падману; тым не менш, сучасны досвед паказвае, што ўладары, якія вяршылі вялікія справы, мала зважалі на вернасць і ўмелі затуманіць людзям мазгі сваёй хітрасцю; прычым такія ўладары ўрэшце й перасягалі тых, што абапіраліся на сваю чэснасць.
А трэба ведаць, што змагацца за вяршэнства можна двума спосабамі*: па-першае, праз законы, па-другое, сілай. Першае ўласціва чалавеку, другое — зверу, але з прычыны, што першага часцяком бывае недастаткова, даводзіцца ўжываць і другое. I таму ўладар павінен умець карыстацца і звярыным, і чалавечым. Гэтаму алегарычна вучылі і старажытныя аўтары, апавядаючы, як Ахіла і шмат якіх іншых волатаў антычнасці аддавалі на выхаванне кентаўру Хірону, які прызвычайваў іх да свайго парадку. Пад гэтым разумелася тое, што, маючы за настаўніка паўзверапаўчалавека, уладар павінен навучыцца спалучаць у сабе абедзве гэтыя прыроды, бо адна без другой не бывае трывалай.
I калі ўжо ўладар павінен умець дзейнічаць па-звярынаму, то лепей за ўсё яму прыпадобніцца да льва і лісіцы, бо, калі ён будзе толькі львом, то не ўратуецца ад пастак, а калі толькі лісіцай, не ўратуецца ад ваўкоў. А значыць, каб распазнаць пасткі, яму трэба быць лісіцай, а каб адпудзіць ваўкоў — ільвом. Заставацца ж заўсёды толькі львом — неразумна. 3 гэтага вынікае, што дальнабачны ўладар не можа і не павінен захоўваць вернасць слову, калі яго выкананне здольнае павярнуцца супраць яго і калі прычыны, па якіх ён даваў абяцанне, зніклі. Такая парада была б несумленнай, калі б людзі былі сумленныя, але як бо яны 72
нікчэмныя і самі не трымаюць дадзенага вам слова, дык і вы не абавязаны выконваць абяцанага ім. Ну, а прыстойных прычын, каб апраўдаць такое невыкананне, кожны ўладар мае ў дастатку. I сучасныя прыклады гэтага можна пералічаць бясконца, згадваючы, колькі мірных дамоваў, колькі пагадненняў так і не былі выкананыя ці пайшлі марна праз нявернасць уладароў сваім абяцанням, і ўдачлівейшым аказваўся той, хто ўмеў лепей ужыць лісіныя звычкі. Але гэтыя звычкі трэба ўмець прыхаваць і быць вялікім прытворам і ашуканцам. Людзі ж — настолькі прастадушныя і занураныя ў штодзённыя праблемы, што манюка заўсёды знойдзе таго, хто дасць сябе падмануць.
Сярод нядаўніх прыкладаў не магу абысці маўчаннем адзін. Аляксандр VI толькі й рабіў, што ўсіх падманваў і ні пра што іншае ніколі й не думаў, — і заўсёды знаходзіў, каго абдурыць. He было яшчэ чалавека, які ўмеў бы гэтак запэўніваць, з такою пераканаўчасцю прысягацца і так не выконваць сваіх абяцанняў; і аднак падман заўжды яму ўдаваўся, бо ён быў выдатным знаўцам па гэтай частцы*.
Са сказанага вынікае, што напраўду мець усе вышэй памянёныя якасці ўладар не абавязаны, але ён абавязаны рабіць выгляд, быццам іх мае. Асмелюся нават сказаць, што мець іх усе і заўсёды іх праяўляць — шкодна, а ўдаваць, быццам іх маеш, — карысна. Так, добра выглядаць спагадлівым, верным слову, гуманным, шчырым, пабожным і нават быць такім, але ў душы трэба заўсёды захоўваць гатоўнасць і пры неабходнасці магчы і ўмець праявіць адваротныя якасці. Трэба разумець, што ўладар, асабліва новы, не можа ва ўсім прытрымлівацца таго, што сярод людзей лічыцца добрым, і часцяком дзеля захавання дзяржавы ён мусіць дзейнічаць насуперак сваім абяцанням, бязлітасна, бесчалавечна і нават насуперак устаноўкам рэлігіі. I таму ў душы ён павінен заўсёды быць гатовым павярнуцца
адпаведна таму, куды падзьмуць зменлівыя вятры лёсу, і, як было ўжо сказана, калі можна не аддаляцца ад дабра, а калі трэба — умець не цурацца і зла.
Такім чынам, уладар павінен пільна сачыць, каб з яго ByeHay ніколі не зляцела нічога супярэчнага пяці вышэй згаданым якасцям, каб кожны, бачачы і чуючы яго, меў уражанне, што ён поўны літасці, вернасці, чалавечнасці, шчырасці і пабожнасці. Прычым удаваць, што табе ўласцівая апошняя з пералічаных якасцяў, — асабліва важна. А людзі — яны, як правіла, мяркуюць па тым, што бачаць вачыма, а не па тым, што могуць памацаць рукамі, бо пабачыць дадзена ўсім, а дакрануцца — нямногім. Усякі бачыць, які ты з выгляду, але нямногія ведаюць, які ты ёсць; і тыя нямногія не пойдуць супраць думкі большасці, абаронцай якой выступае ўся моц дзяржавы. А на дзеянні ўсіх людзей, і тым болей уладароў, з якіх зыску ў судзе не зробіш, глядзяць па іх выніку. Таму няхай уладар дбае пра тое, як узяць уладу і яе ўтрымаць, а ўжытыя ім сродкі заўсёды палічаць годнымі і ўсе іх ухваляць, бо чэрнь успрымае ў падзеях толькі іх знешні выгляд і канчатковы зыход, а ўвесь свет з чэрні якраз і складаецца; меншасць знаходзіць у ім месца толькі тады, калі большасці няма больш на што абаперціся. Адзін сучасны ўладар, чыё імя тут лепей не згадваць*, заўсёды толькі й выступаў, што за мір і вернасць, і пры гэтым быў найбольшым парушальнікам і таго, і другога; але ж калі б ён таго і другога трымаўся, то ўжо не раз страціў бы ці павагу да сябе, ці сваю ўладу.
Раздзел XIX
Як ПАЗБЕГЧЫ ПАГАРДЫ Й НЯНАВІСЦІ
Цяпер, калі найважнейшыя з вышэй памянёных якасцяў абмеркаваныя, я хацеў бы, разважаючы пра астатнія, абысціся адной кароткаю заўвагай. У цэлым яна заключаецца ў тым, што ўладар, як было ўжо часткова сказана, абавязаны старанна пазбягаць учынкаў, здольных выклікаць да яго нянавісць і пагарду, і калі яму гэта ўдасца, значыць, сваю справу ён выканаў і ніякіх іншых папрокаў можа не апасацца. Нянавісць да сябе ўладар выклікае болей за ўсё тады, калі, як я ўжо казаў, квапіцца на чужое і прысабечвае маёмасць і жонак падданых, чаго дапускаць не павінен, бо абсалютная большасць людзей жыве задаволена, калі бачыць, што на іх маёмасць і гонар ніхто не замахваецца, і змагацца застаецца толькі з нямногімі, чые амбіцыі няцяжка ўтаймаваць шматлікімі спосабамі. Пагарду да сябе ўладар выклікае тады, калі праяўляе нясталасць, легкадумнасць, распешчанасць, баязлівасць, нерашучасць, адчаго павінен трымацца далей, чым ад краю прорвы, стараючыся, каб у яго дзеяннях адчуваліся веліч, бясстрашнасць, цвёрдасць і сіла, каб у прыватных дачыненнях з падданымі яго рашэнні былі беспаваротнымі і каб меркаванне пра яго было заўсёды такое, што ні ў каго не ўзнікала б і думкі яго падмануць ці ашукаць.
Ухадар, які ўнушае пра сябе такое меркаванне, заўжды ахінуты вялікай павагай, а супраць таго, каго паважаюць, змову наладзіць цяжка. На яго цяжка й напасці, калі вядома, якімі выбітнымі якасцямі ён валодае і як шануюць яго падданыя. Страшыцца ж уладару якраз такі й трэба гэтых дзвюх рэчаў: унутранай небяспекі, што ідзе ад падданых, і небяспекі звонку — ад чужаземнай сілы. Ад небяспекі звонку уладар абароніцца, калі
будзе мець добрае войска і добрых саюзнікаў; прычым калі ў яго будзе добрае войска, дык і добрыя саюзнікі знойдуцца; а пры трываласці знешняга становішча і ўнутранае будзе заўсёды трывалым (калі толькі яго не парушыць нейкая змова); і нават калі знешняе становішча пагоршыцца, ён устоіць перад любою навалай (як гэта ўдалося згаданаму мною спартанцу Набісу), калі будзе жыць, кіруючыся апісанымі мною правіламі, і не дасць сабе ўпасці духам. Што да падданых, дык, калі звонку ўсё ціха, апасацца трэба толькі таемнай змовы, ад якой уладар у дастатковай меры сябе засцеражэ, калі не будзе выклікаць нянавісці і пагарды і калі народ будзе ім задаволены, а дамагчыся гэтага, як я вышэй падрабязна тлумачыў, уладар абавязаны. I адзін з наймагутнейшых сродкаў, якія ўладар мае супраць змоўнікаў, якраз у тым, каб не выклікаць усеагульнай нянавісці, бо змоўнік заўсёды мяркуе, што забойствам уладара дагодзіць народу; a калі будзе меркаваць, што народ абурыцца, у яго не стане духу пайсці на такое, бо цяжкасці, з якімі звязаная ўсякая змова, і без таго бясконцыя. Як паказвае досвед, змоўнікаў ва ўсе часы было шмат, ды шчаслівы канец мелі нямногія. А ўсё таму, што змоўнік не можа быць сам па сабе і схаўрусавацца можа толькі з тым, каго лічыць незадаволеным; а як толькі адкрываеш душу незадаволенаму, дык адразу даеш яму козыр ад гэтай незадаволенасці пазбавіцца, бо, выдаўшы цябе, ён мае ўсе падставы спадзявацца на шчодрую ўзнагароду; так што, калі ён бачыць з аднаго боку — выгаду яўную, а з другога — няпэўную і звязаную са шматлікімі небяспекамі, то павінен быць або рэдкім сябрам, або самым зацятым ворагам уладара, каб не здрадзіць твайму даверу. Карацей кажучы, калі на баку змоўніка толькі страх, падазронасць і боязь расплаты, якія скоўваюць яго рухі, то на баку ўладара — уся моц дзяржавы, законы, заступніцтва саюзнікаў і ўлада, якія служыць яму аховай, а калі да гэтага яшчэ дадаць