Уладар  Нікало Мак’явэлі

Уладар

Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
27.38 МБ
Раздзел XII
Пра toe, колькіх кшталтаў бываюць войскі, I ПРА ЖАЎНЕРАЎ-НАЙМІТАЎ
Цяпер, калі мы падрабязна разабралі характарыстыкі тых дзяржаваў, якія я браўся абмеркаваць напачатку, і ў пэўнай ступені даследавалі прычыны іх дабрабыту й падзення, а таксама высветлілі, якімі спосабамі многія імкнуліся іх здабыць і ўтрымаць, мне застаецца толькі ў агульных рысах разгледзець, якімі сродкамі нападзення і абароны кожная з іх можа валодаць. Вышэй я казаў, як важна ўладару закласці добры падмурак, без якога яго немінуча чакае крах. А галоўным падмуркам усякай дзяржавы, якой бы яна ні была — нованабытай, спадчыннай ці змяшанай, — ёсць добрыя законы і добрае войска. Паколькі ж там, дзе няма добрых законаў, не можа быць і добрага войска, а дзе войска добрае, значыць, там і законы добрыя, то я не буду разважаць тут пра законы, а павяду гаворку пра войскі.
Перадусім трэба сказаць, што войскі, якімі ўладар паслугоўваецца дзеля абароны сваёй дзяржавы, бываюць або яго ўласнымі, або наёмнымі, або падсобнымі, або мяшанымі. Наёмныя і падсобныя войскі — бескарысныя і небяспечныя; і становішча таго, хто засноўвае сваю дзяржаву на такім апірышчы, ніколі не будзе трывалым і надзейным, бо найміты заўжды разасобленыя, напышлівыя, недысцыплінаваныя, подлыя і падступныя, дзёрзкія з сябрамі і баязлівыя перад ворагам, не маюць ані веры ў Бога, ані даверу да людзей, іх паражэнне адтэрмінаванае роўна на столькі, наколькі адкладаецца рашучы наступ, і ў мірны час яны рабуюць краіну не менш, чым ворагі ўчас вайны. Прычына гэтага ў тым, што ў іх няма іншага стымулу ці рэзону цвёрда трымацца ў бітве, апроч невялікага грашовага ўзнагароджання,
якога не дастаткова, каб яны захацелі за вас памерці. Яны зусім не супраць служыць вам, пакуль няма вайны, але як вайна здараецца — адразу кідаюцца на ўцёкі або дэзертуюць. Пераканацца ў гэтым — справа няцяжкая, бо цяперашні крах Італіі спрычынены менавіта тым, што яна доўгія гады пакладалася на наёмныя войскі. У свой час найміты нават прынеслі некаторым пэўныя поспехі і зухавата глядзеліся ў міжусобіцах, але ж калі прыйшоў чужаземец, стала ясна, чаго яны сапраўды вартыя. Таму французскі кароль Карл і займеў шанец захапіць Італію з дапамогай адной толькі крэйды*; і калі хто кажа, што прычынай усяму былі нашы грахі, то ён кажа праўду, але гэта не тыя грахі, пра якія ён думае, а тыя, пра якія толькі што згадаўя; паколькі ж вінаватымі ў іх былі ўладары, то ім і давялося расплачвацца.
Але я хачу паказаць ясней, у чым загана ўсіх такіх войскаў. Наёмныя ваяводы бываюць умелымі ці няўмелымі; калі яны ўмелыя, давяраць ім нельга, бо яны заўжды дбаюць толькі пра сваю веліч і могуць скінуць або вас, як свайго гаспадара, або каго-небудзь іншага — насуперак вашым намерам; калі ж яны няўмелыя, то вас як звычайна чакае крах. Калі мне запярэчаць, што, маўляў, тое самае можа зрабіць усякі, каму даверана зброя, то я адкажу, што рашаць, як выкарыстоўваць зброю, павінны сам уладар або рэспубліка. Уладар мусіць асабіста ўзяць на сябе функцыі вярхоўнага ваяводы, а рэспубліка — паставіць на гэтую пасаду аднаго з суграмадзянаў і, калі ён акажацца няздольным, замяніць яго, а калі здольным, абмежаваць законамі, каб ён не пераступаў сваіх функцыяў. Досвед паказвае, што найбольшых поспехаў дабіваліся толькі ўладары і рэспублікі, якія мелі ўласныя войскі, а найміты прыносілі ім адну шкоду. Апроч таго, паслугоўваючыся сваім войскам, рэспубліка нашмат менш рызыкуе апынуцца ў залежнасці ад аднаго са сваіх суграмадзянаў, чым калі выкарыстоўвае замежныя войскі.
Рым і Спарта дзякуючы сваёй зброі шмат стагоддзяў заставаліся вольныя. Сёння ж самыя ўзброеныя і самыя вольныя — швайцарцы. Што да выкарыстання наёмных войскаў, то добры прыклад са старажытнасці — карфагеняне: па завяршэнні першай вайны з рымлянамі яны ледзь не сталі ахвярай сваіх жа наймітаў, хоць за военачальнікаў у тых былі карфагенскія грамадзяне. А Філіп Македонскі*, якога фіванцы пасля Эпамінондавай* гібелі паставілі на чале свайго войска, здабыўшы для іх перамогу, потым пазбавіў іх незалежнасці. Так было і з міланцамі, калі тыя пасля смерці герцага Філіпа паклікалі ваяводам Франчэску Сфорцу, каб супрацьстаяць венецыянцам, а той, разбіўшы ворагаў пад Караваджа, увайшоў з імі ў змову і сам падпарадкаваў міланцаў, якія яго наймалі. А ягоны бацька Сфорца*, будучы на службе ў неапалітанскай каралевы Джаванны*, раптам ад яе сышоў, пакінуўшы без ніякага войска, і яна, каб уратаваць каралеўства, вымушаная была кінуцца да арагонскага караля*. Калі ж венецыянцам і фларэнтыйцам у свой час удалося з дапамогаю такіх войскаў павялічыць свае ўладанні і нанятыя імі ваяводы не сталі ў іх уладарамі, а наадварот — абаранялі іх, то на гэта я адкажу, што фларэнтыйцам проста паспрыяў лёс, бо сярод тых умелых ваяводаў, якіх яны мусілі б апасацца, на долю адных не выпала перамог, другім штось перашкодзіла, а некаторыя задаволілі свае амбіцыі ў іншым месцы. Сярод тых, на чыю долю не выпала перамог, быў Джавані Акута*, і з прычыны, што ён не перамагаў, мы не можам ведаць, ці быў ён надзейны; тым не менш, кожны прызнае, што, калі б ён перамог, фларэнтыйцы аказаліся б цалкам у яго паслушэнстве. Што да Сфорцы, то яму перашкаджала суперніцтва Браччо*, праз якое і той, і другі ўвесь час стрымлівалі адзін аднаго. Урэшце Франчэска скіраваў свае амбіцыі на Ламбардыю, а Браччо — супраць Царквы і Неапалітанскага каралеўства. Але паглядзім, што было зусім
нядаўна. Фларэнтыйцы паставілі ў сябе ваяводам Паола Вітэлі, чалавека ў вышэйшай ступені здольнага, які, будучы прыватнай асобай, карыстаўся вельмі высокім аўтарытэтам. Калі б ён захапіў Пізу, фларэнтыйцы, бясспрэчна, адразу трапілі б да яго ў залежнасць, бо калі б ён перайшоў да ворагаў, яны аказаліся б безабароннымі, а калі б застаўся пры іх — вымушаныя былі б яму падпарадкавацца. Калі ж мы цяпер паглядзім на поспехі венецыянцаў, то ўбачым, што ўдалымі і пераможнымі іх дзеянні былі, толькі пакуль яны ваявалі самі, іначай кажучы, пакуль не перайшлі да заваёваў на сушы: да таго венецыянская шляхта і прасталюдзіны праяўлялі ў збройных чынах усе найвышэйшыя свае вартасці, а як толькі пачалі біцца на сушы, адразу страцілі гэтую вартасць і перанялі ваенныя звычаі ўсёй Італіі. Напачатку іх заваёваў на сушы, пакуль дзяржава ў венецыянцаў была невялікая, а аўтарытэт — высокім, ім не даводзілася надта апасацца сваіх ваяводаў, але ж калі іх тэрыторыя пашырылася, як гэта стала пры Карманьолу*, яны зразумелі сваю памылку. Яны ведалі Карманьолу, як ваяводу з вельмі высокімі вартасцямі, бо пад яго кіраўніцтвам разбілі міланскага герцага, але, з іншага боку, бачылі, што да ваенных дзеянняў ён пачаў ставіцца з халадком, а таму, вырашыўшы, што больш не змогуць атрымліваць пры ім перамогі, а таксама не жадаючы, дый не могучы яго адпусціць, каб не страціць заваяванага, палічылі патрэбным засцерагчы сябе ад усякае небяспекі і яго забілі. Потым ваяводамі ў іх былі Барталамэо Бэргамскі*, Рабэрта да Сан-Сэвэрына*, граф Пітыльянскі* і падобныя, пры якіх апасацца даводзілася больш не іх перамогаў, а паражэнняў — такіх, як здарылася пры Вайле*, калі за адзін дзень венецыянцы страцілі ўсё, што з такімі цяжкасцямі здабывалі на працягу васьмі стагоддзяў. А ўсё таму што заваёвы з такімі войскамі даюцца марудна, увесь час адкладваюцца, а калі й бываюць, то нязначныя, затое страты
заўсёды раптоўныя і пачварныя. I калі ўжо я перайшоў да ўзораў з жыцця Італіі, дзе наёмныя войскі вядуць рэй шмат гадоў, то мне хацелася б вярнуцца крыху назад і паглядзець, як узнікла і развівалася гэтая сітуацыя, каб яе можна было найлепшым чынам паправіць.
Перадусім трэба мець на ўвазе, што апошнім часам, калі Імперыя* з італьянскіх земляў пачала выцясняцца, а папа — набываць у галіне свецкай улады ўсё большы аўтарытэт, Італія распалася на мноства дзяржаваў, бо шмат якія буйныя гарады паўсталі супраць сваіх вяльможаў, што іх прыгняталі, карыстаючыся пратэкцыяй імператара (і Царква, каб здабыць сабе аўтарытэт у свецкай уладзе, паставілася да гэтых паўстанняў прыхільна), а шмат у якіх іншых гарадах грамадзяне самі сталі іх уладарамі. У выніку амаль уся Італія перайшла ў рукі Царквы і некалькіх рэспублік, а паколькі ні святары, ні іншыя грамадзяне не ўмелі карыстацца зброяй, тоўсе пачалі наймаць чужаземцаў. Першым, хто ўзняў аўтарытэт наёмнага войска, быў Альбэрыга да Коньё* з Раманьі. 3 яго школы выйшлі і Браччо, і Сфорца, якія ў свой час вялі рэй у Італіі. А пасля іх былі і ўсе іншыя, хто аж дагэтуль кіруе ў нас наёмнымі войскамі. Урэшце плёнам іх вартасцяў стала тое, што Італію подбегам уздоўж і ўпоперак прайшоў Карл, разрабаваўЛюдовік, спляжыў Фэрдынанд* і зганьбілі швайцарцы. Прынцып, якім кіраваліся найміты, перадусім заключаўся ўтым, каб, дзеля ўзвышэння свайго аўтарытэту, прынізіць аўтарытэт пяхоты. Рабілі яны гэтак таму, што, не маючы земляў і жывучы са свайго рамяства, не маглі б пракарміць шмат пехацінцаў, а няшмат — не дадалі б ім аўтарытэту; таму яны ўсё звялі да кавалерыі і пры яе не надта вялікай колькасці жывуць у сытасці і пашане. Урэшце дайшло да таго, што ў дваццацітысячным войску не налічваецца і дзвюх тысячаў пехацінцаў. Апроч таго, яны ўвесь свой спрыт скіроўваюць на тое, каб пазбавіць сябе і сваіх
жаўнераў цяжару і рызыкі вайсковага жыцця, не забіваючы адзін аднаго ў баі, а беручы ў палон і вызваляючы без ніякага выкупу. Пры асадзе яны ніколі не ідуць на прыступ уначы, а асаджаныя не карыстаюцца змрокам для вылазак; яны не абносяць свае лагеры ані коллем, ані равамі і ўжо нізавошта не будуць весці кампанію ўзімку. Усё гэта ўпісваецца ў іхнюю ваенную дактрыну, якую яны прыдумалі, каб пазбегчы, як я казаў, цяжару і небяспекі, і з якой давялі Італію да рабства і ганьбы.
Раздзел XIII
Пра войскі ПАДСОБНЫЯ, ЗМЯШАНЫЯ I ЎЛАСНЫЯ
Падсобныя войскі — яшчэ адзін від бескарысных войскаў: гэта войскі якога-небудзь магутнага ўладара, якога клічуць на дапамогу й дзеля абароны; нядаўна так зрабіў папа Юлій, які, убачыўшы падчас сваёй выправы на Фэрару, што яго найміты мала чаго вартыя, звярнуўся да гішпанскага караля Фэрдынанда, каб той пасобіў яму сваімі людзьмі і зброяй. Самі па сабе такія войскі могуць быць і карыснымі, і добрымі, але таму, хто іх паклікаў, яны заўжды невыгодныя, бо з іх паразай ён усё адно разбіты, а з іх перамогай — трапляе ад іх у залежнасць. I хоць прыкладамі гэтаму поўніцца ўся старажытная гісторыя, я зноў хацеў бы спаслацца на свежы прыклад папы Юлія II, чыё фатальнае рашэнне нельга пакінуць па-за ўвагай, бо, жадаючы завалодаць Фэрарай, ён цалкам даверыўся чужаземцу. Толькі шчаслівы лёс, які раптам прывёў трэцюю сілу, дазволіў яму пазбегчы вынікаў яго неразумнага выбару, бо пасля таго, як падсобныя войскі былі разбітыя пад Равэнай, знянацку ўзніклі швайцарцы, якія нечакана для ўсіх — і для яго, і для іншых — прагналі пераможцаў, і дзякуючы гэтаму ён не трапіў у залежнасць ні ад ворагаў, бо тыя ратаваліся ўцёкамі, ні ад сваіх пасобнікаў, бо перамога была дасягнутая не іхняю зброяй, а іншай. Фларэнтыйцы, апынуўшыся без ніякага войска, выслалі на захоп Пізы дзесяць тысяч французаў і паставілі сябе гэтым рашэннем у большую небяспеку, чым ва ўсе часы іх міжусобіцаў. Канстанцінопальскі цар*, каб супрацьстаяць сваім ворагам, увёў у Грэцыю дзесяць тысяч туркаў, якія па заканчэнні вайны не захацелі сыходзіць, што паклала пачатак запрыгнечванню Грэцыі нявернікамі.