Уладар  Нікало Мак’явэлі

Уладар

Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
27.38 МБ
Раздзел IV
Чаму царства Дарыя, заваяванае Аляксандрам, HE ПАЎСТАЛА СУПРАЦЬ ЯГО НАСТУПНІКАЎ ПАСЛЯ ЯГО СМЕРЦІ
Умчваючы, як цяжка бывае ўтрымаць нованабытую дзяржаву, усякі можа здзівіцца падзеям, што адбыліся пасля таго, як Аляксандр Вялікі, усяго за некалькі гадоўстаўшы ўладаром Азіі і ледзь паспеўшы яе захапіць, памёр; здаецца, было б разумна чакаць, што ўсе тыя землі ўзбунтуюцца; тым не менш Аляксандравы наступнікі ўтрымаліся і ім не давялося сутыкацца з іншымі цяжкасцямі, апроч тых, што ўзнікалі паміж імі самімі дзеля іх асабістых амбіцыяў. Каб адказаць на гэта, зазначу, што ўсе адзінаўладныя панствы, колькі іх было і ёсць у чалавечай памяці, падзяляюцца па сваім праўленні на два розныя тыпы: у адных уладар правіць у атачэнні слуг, якія, як міністры, з яго ласкі й дазволу адно дапамагаюць яму ў праўленні; у другіх — у атачэнні баронаў, чыё становішча вызначаецца не манаршаю ласкаю, а старажытнасцю роду. Такія бароны маюць свае ўладанні і сваіх падданых, якія прызнаюць іх за сюзерэнаў і захоўваюць ім натуральную адданасць. У дзяржавах, дзе ўладар правіць у атачэнні слуг, ён мае большую ўладу, бо на ўсіх сваіх землях прызнаецца за адзінага вярхоўнага кіраўніка, і нават калі падданыя падпарадкоўваюцца яго слугам — такім, як міністры ці іншыя чыноўнікі,— то не маюць да іх асаблівай любові.
Прыкладамі гэтых двух розных тыпаў праўлення ў наш час ёсць Турцыя і Французскае каралеўства. Уся турэцкая манархія падпарадкуецца аднаму сюзерэну, астатнія там — яго слугі; падзяліўшы імперыю на санджакі, ён пасылае ў іх разнастайных сваіх урадоўцаў, якіх мяняе і перамяшчае, як яму ўздумаецца. Тым часам французскі кароль знаходзіцца ў атачэнні шматлікай
старажытнай шляхты, дзе кожны прызнаецца ў сваіх уладаннях за гаспадара і шануецца сваімі падданымі, пры гэтым маючы прывілеі, якія кароль не можа ў яго адабраць, не падставіўшы сябе пад удар. Дык вось, уважліва разгледзеўшы два гэтыя дзяржаўныя лады, можна прыйсці да высновы, што заваяваць імперыю туркаў было б вельмі цяжка, затое, заваяваўшы, было б досыць лёгка ўтрымаць. Прычына цяжкасці такой заваёвы палягае ў тым, што заваёўніка не могуць паклікаць туды ніякія ўдзельныя князькі, гэтаксама як не можа ў яго быць і надзеі, што ў справе захопу яму дапаможа мяцеж у султанавым атачэнні: усё гэта вынікае з вышэйпамянёных довадаў. Паколькі ўсе там — султанавы рабы і ўсе абавязаны яго ласцы, то падкупіць такіх нашмат цяжэй, а нават і падкупіўшы, чакаць ад гэтага вялікай карысці нельга, бо, па ўжо згаданай прычыне, яны не змогуць падняць за сабой народ. Такім чынам, кожны, хто пойдзе на туркаў, абавязаны лічыцца з іх згуртаванасцю і з гэтай прычыны павінен больш спадзявацца на свае сілы, а не на разлад сярод ворагаў. Затое, калі перамога будзе атрыманая і султан у адкрытым баі разбіты, так што не зможа сабраць новага войска, апасацца застанецца хіба што яго сваякоў, а калі знішчыць і іх, можна будзе ўвогуле нікога ўжо не баяцца, бо ніхто іншы не будзе мець на народ ніякага ўплыву; таму калі да перамогі там няма на каго пакласціся, то пасля яе — няма каго асцерагацца.
Іначай усё ў дзяржавах, па сваім праўленні падобных да Францыі, бо туды лёгка ўвайсці, здабыўшы прыхільнасць якога мясцовага барона, а незадаволеныя, якія хацелі б нешта змяніць, заўжды знойдуцца. Па згаданых прычынах, такія будуць гатовыя адкрыць вам шлях у краіну і пасобяць у перамозе, але ж калі потым вы захочаце яе ўтрымаць, то сутыкняцеся з незлічонымі цяжкасцямі як з боку тых, хто вам дапамог, так з боку тых, хто быў вамі прыгнечаны. I вынішчыць род уладара будзе ўжо не-
дастаткова, бо застануцца бароны, гатовыя ўзначаліць новую смуту, а ні задаволіць іх усіх, ні вынішчыць вы не зможаце, і тады заваяваная дзяржава будзе вамі страчаная пры першым спрыяльным для іх выпадку.
Цяпер, калі мы разгледзім, якая была прырода праўлення ў Дарыя*, мы ўбачым, што яна была падобная да прынятай у імперыі туркаў, і таму напачатку Аляксандру давялося сутыкнуцца з усімі ягонымі сіламі і разбіць іх на полі бою, затое потым, пасля перамогі і смерці Дарыя, ён мог, па пераказаных вышэй прычынах, спакойна валодаць нованабытымі землямі. I калі б ягоныя наступнікі захоўвалі між сабою хаўрус, яны маглі б спачываць бесклапотна, бо ніколі ў іх дзяржаве не было іншых смутаў, апроч тых, што яны ўсчыналі самі. Але ў дзяржавах, дзе праўленне пабудаванае, як у Францыі, захоўваць уладу з такой бесклапотнасцю немагчыма. МенавітатамуўГішпаніі, Францыі, Грэцыі супраць рымлянаў узнікалі шматлікія паўстанні — бо paHeft гэтыя краіны складаліся з мноства княстваў, і пакуль памяць пра іхяшчэ жыла, рымляне ніколі не адчувалі ўпэўненасці ў сваёй уладзе, і толькі калі ў выніку працягласці рымскага панавання ўсякі ўспамін пра іх сцерся, рымляне змаглі ўладарыць над усімі землямі бесклапотна. Калі ж пазней яны пачалі ваяваць між сабой, кожны сапернік перацягваў на свой бок тую правінцыю, на якую распаўсюджвалася яго ўлада, а мясцовыя жыхары — з прычыны, што род іх былога гаспадара даўно знік,— не прызнавалі ўжо ніякіх іншых уладароў, апроч рымлянаў. I калі мы прымем усё гэта пад увагу, мы больш не будзем здзіўляцца, чаму Аляксандру было так лёгка ўтрымацца ў Азіі, тады як многім іншым, такім як Пір*, захаваць свае заваёвы ўдавалася толькі коштам неймаверных высілкаў. Прычыны гэтаму ляжаць не ў лепшых ці горшых здольнасцях пераможцаў, а ў адрозненнях заваяваных імі краінаў.
Раздзел V
Як КІРАВАЦЬ ГАРАДАМІ АБО ДЗЯРЖАВАМІ, ЯКІЯ ДА ЗАВАЯВАННЯ ЖЫЛІ ПА СВАІХ ЗАКОНАХ
Калі заваяваная дзяржава, як ужо згадвалася, была прызвычаеная жыць вольна і па сваіх законах, то ўтрымаць яе існуюць тры спосабы: першы — цалкам яе зруйнаваць; другі — перасяліцца ў яе самому; і трэці — дазволіць ёй жыць па сваіх законах, але абкласці данінай і паставіць на чале нешматлікі ўрад, які забяспечваў бы яе дружалюбнасць. Такі, пастаўлены праз уладара ўрад, ведаючы, што не здолее існаваць без ягонага магутнага заступніцтва і прыхільнасці, будзе рабіць усё, каб яго падтрымаць. Дый дарэчы, утрымліваць горад, прызвычаены жыць вольна, нашмат прасцей пры пасярэдніцтве яго грамадзянаў, чым любым іншым спосабам.
Возьмем у якасці прыкладу спартанцаў і рымлянаў. Спартанцы ўтрымлівалі Афіны і Фівы, стварыўшы там алігархію, і тым не менш абодва гарады пазней страцілі. Рымляне ж, каб утрымаць Капую, Карфаген і Нуманцію, дашчэнту іх разбурылі* і захавалі гэтым спосабам за сабой. Што да Грэцыі, то яе рымляне хацелі ўтрымаць амаль тым самым спосабам, што і спартанцы: яны дазволілі ёй жыць вольна і пакінулі мясцовыя законы, але поспеху гэта ім не прынесла, і ўрэшце, каб не страціць Грэцыі, яны мусілі разбурыць у ёй шмат гарадоў. Бо, па праўдзе, няма надзейнейшага спосабу завалодваць, апроч як руйнаваць. I кожны, хто стаў уладальнікам горада, прызвычаенага жыць вольна, і не зруйнаваў яго, павінен чакаць, што сам будзе ім зруйнаваны, бо ў ім заўсёды будзе існаваць небяспека паўстання ў імя свабоды і былых парадкаў, забыць пра якія не прымусяць ні час, ні дабрадзействы новай улады. I што б вы ні
рабілі, што б не спрабавалі, яны ніколі не забудуцца на тое імя і тыя парадкі, калі іх не раз’яднаць і не рассеяць, але і тады пры першым зручным выпадку яны зноў згуртуюцца, каб іх аднавіць, як зрабіла Піза аж праз сто год, якія правяла пад прыгнётам фларэнтыйцаў. Але калі горад ці краіна прызвычаены жыць пад уладай манарха, а ўвесь яго род згас, то жыхары, звыклыя да паслушэнства і не навучаныя жыць вольна, не маючы замены старому ўладару і не ўмеючы пагадзіцца, каб выбраць спаміж сябе новага, не так жвава памкнуцца да зброі, і заваёўніку будзе прасцей схіліць іх на свой бок і засцерагчыся ад небяспекі. А вось у рэспубліках — большая жыццяздольнасць, трывалейшая нянавісць і мацнейшая прага помсты, якія не даюць і не могуць даць ім забыць пра былую вольнасць, так што надзейнейшым шляхам будзе іх зруйнаваць або ў іх пасяліцца.
Раздзел VI
Пра новыя дзяржавы,
ЗДАБЫТЫЯ ПРАЗ УЛАСНУЮ ЗБРОЮ I АСАБІСТЫЯ ВАРТАСЦІ
Няхай нікога не дзівіць, што, гаворачы пра цалкам новаўтвораныя дзяржавы, я буду згадваць найбольш велічныя прыклады ўладароў і ўладарстваў мінулага; бо паколькі людзі амаль заўсёды ідуць па сцяжынах, працярэбленых іншымі, і стараюцца імітаваць іх учынкі, але цалкам дакладна прайсці дарогаю папярэдніка або мець усе вартасці, якім хочаш наследаваць, немагчыма, то чалавек разважлівы павінен заўжды абіраць шляхі, пракладзеныя людзьмі найбольш слыннымі, і наследаваць самым вялікім, каб, нават калі й не дасягнуць іх велічы, то прынамсі адчуць яе водар: ён мусіць дзейнічаць, як той кемны лучнік, які, усведамляючы, што вызначаная цэль знаходзіцца надта далёка, і дакладна ведаючы вартасці свайго лука, цэліць нашмат вышэй — не дзеля таго, каб страла паляцела ўгору, а каб з дапамогай высокага прыцэльвання дасягнула месца, у якое ён хоча трапіць.
Скажу адразу, што ўтрымаць новаўтвораную дзяржаву бывае цяжэй ці лягчэй у залежнасці ад таго, наколькі большымі ці меншымі вартасцямі вызначаецца новы ўладар. Калі ўладаром робіцца чалавек, які перад тым быў прыватнай асобай, гэта мае на ўвазе або наяўнасць у яго высокіх вартасцяў, або спрыянне лёсу, і можа здацца, што ці адно, ці другое, ці абедзве гэтыя акалічнасці разам будуць палягчаць яму шматлікія цяжкасці і ў далейшым,— але ж напраўду хто менш пакладаўся на ласку лёсу, той даўжэй заставаўся пры ўладзе. Дарэчы, задача такога ўладара палягчаецца яшчэ й тым, што, не маючы іншых уладанняў, ён вымушаны пасяліцца ў сваёй новай дзяржаве. Калі цяпер мы пяройдзем да тых, хто выбіўся ва ўладары дзякуючы
сваім вартасцям, а не ласцы лёсу, то сярод найвыбітнейшых я назаву Майсея, Кіра, Ромула, Тэсея* і да іх падобных. I хоць абмяркоўваць Майсеевы дзеянні асаблівай патрэбы няма, бо ён быў простым выканаўцам Божае волі, тым не менш мы мусім аддаць яму належнае адно за той найвышэйшы дар, які зрабіў яго годным гутарыць з Богам. Але й паглядзеўшы на Кіра і іншых, хто заваяваў ці заснаваў свае царствы, мы будзем кожным зачараваныя, бо ўсваіх учынках і пастанаўленняхяны, як мы ўбачым, нічым не саступалі Майсею, які меўтакога высокага настаўніка. I даследуючы іх дзеі і жыцці, мы заўважым, што лёс не падарыў ім нічога, апроч аднаго ўдалага збегу абставінаў, даўшы той матэрыял, якому яны потым змаглі надаць жаданую форму: без такога збегу абставінаў усе духоўныя вартасці пайшлі б марна, а без такіх вартасцяў і ўдалы збег абставінаў не меў бы сэнсу. Майсею было неабходна заспець ізраільскі народ у Егіпце, пад прыгнётам і ў рабстве ў егіпцян, толькі тады ізраільцяне былі б схільныя рушыць за ім — каб выйсці з няволі. Ромулу належала не знайсці сабе месца ў Альбе, быць кінутым бацькамі пры нараджэнні, толькі тады ён стаў бы заснавальнікам Рыма і яго царом. Кіру трэба было заспець персаў, калі тыя былі незадаволеныя панаваннем мідзянаў, а самі мідзяне — распешчаныя і расслабленыя доўгім мірам. I Тэсей не змог бы праявіць свае вартасці, калі б не заспеў афінянаў, калі тыя былі раз’яднаныя. Такім чынам, удалы збег абставінаў абумовіў удачу кожнага з гэтых людзей, а іх выключныя вартасці дазволілі распазнаць зручнасць моманту, і дзякуючы гэтаму іх дзяржавы потым набылі славутасць і сталі шчаслівыя.