Уладар
Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
Тым, хто, як і яны, робіцца ўладаром праз асабістыя вартасці, цяжка прыйсці да ўлады, але лёгка яе ўтрымаць, і цяжкасць, з якой яны сутыкаюцца, ідучы да ўлады, вынікае галоўным чынам з таго, што, каб заснаваць сваю дзяржаву і жыць у бяс-
пецы, яны вымушаныя ўводзіць новыя законы й парадкі. А трэба мець на ўвазе, што няма іншай справы, пачынанне якой было б цяжэйшым, ажыццяўленне — небяспечнейшым, а поспех — сумніўнейшым, чым увядзенне новых законаў, якія ты сам ініцыяваў. Бо ўсе тыя, каму старыя парадкі былі выгадныя, робяцца ініцыятару ворагамі, а ўсе тыя, каму былі б выгаднымі новыя парадкі,— адно млявымі яго абаронцамі. Іх млявасць паходзіць часткова ад страху перад праціўнікам, які мае на сваім баку закон, часткова ад недаверлівасці, уласцівай людзям, якія на праўдзе не вераць у новае, пакуль не ўбачаць яго і не пераканаюцца ў ім на вопыце. Таму і выходзіць, што пры кожным зручным выпадку ворагі новага атакуюць згуртавана й зацята, а другія абараняюцца млява, так што абапірацца на іх у сваёй барацьбе ініцыятару рызыкоўна. I калі мы хочам глыбей разабрацца ў гэтае справе, мы павінны высветліць, ці могуць такія рэфарматары пакладацца толькі на саміх сябе або ўсё-ткі залежаць ад іншых,— іначай кажучы, ці павінны яны ў сваім прадпрыемстве ісці шляхам просьбаў і ўгавораў або могуць дзейнічаць метадам сілы? У першым выпадку ўсё заўжды канчаецца кепска і давесці справу да ладу ім не ўдаецца, затое ў другім — калі яны залежаць толькі ад сябе і здольныя ўжываць сілу — яны рэдка церпяць няўдачу. Таму якраз усе ўзброеныя прарокі перамагалі, а бяззбройныя — гінулі. Бо да сказанага яшчэ трэба дадаць, што чалавечай натуры ўласцівая зменлівасць, і як лёгка людзей бывае пераканаць, так цяжка падтрымліваць у гэтай перакананасці. А таму ўсё павінна быць пастаўлена так, каб у момант, калі яны пачнуць страчваць веру, яе можна было падтрымаць у іх сілай. Майсей, Кір, Тэсей і Ромул не маглі б дабіцца доўгага выканання ўведзеных імі законаў, калі б былі бяззбройныя, а так за нашым часам сталася з братам Еранімам Саванаролам*, чые новаўведзеныя парадкі, як толькі многія перасталі ў іх верыць, абрынуліся, бо ён не меў
сродкаў падтрымаць веру ў тых, хто ўсё яшчэ яму давяраў, і сілай змусіць паверыць тых, хто яму больш не верыў. Такім чынам мы бачым, што людзі, падобныя да згаданых, сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі і што на шляху ў іх ляжаць усе магчымыя небяспекі, і каб адолець іх, яны мусяць ужываць усе свае вартасці, затое калі перашкоды адоленыя, калі яны пачынаюць унушаць да сябе павагу і пазбаўляюцца ад зайздроснікаў, то далей жывуць у поўнай сіле й бяспецы, у пашане і шчасці.
Да памянёных мною высокіх прыкладаў хачу далучыць яшчэ адзін, болей сціплы, але параўнальны з імі, і спадзяюся, што ён будзе дастатковы, каб праілюстраваць усе астатнія выпадкі падобнага кшталту,— я маю на ўвазе Герона Сыракузскага*. Будучы прыватнай асобай, ён стаў царом Сыракузаў і пры гэтым нічым не быў абавязаны лёсу, апроч удалага збегу абставінаў: сыракузцы, якія ў той час жылі пад прыгнётам, абралі яго ваяводам, а ён здабыў сабе такія заслугі, што стаў іх царом. Але яшчэ будучы прыватнай асобай, ён вызначаўся такімі вартасцямі, што, пішучы пра яго, адзін сучаснік сказаў: «Каб цараваць, яму не ставала ўсяго толькі царства». Ен разагнаў старую дружыну і набраўновую, паламаў старыя хаўрусы і заключыўновыя; і маючы ўжо асабістых хаўруснікаў і асабістае войска, мог на такім падмурку ўзвесці любы будынак: так што яму каштавала вялікіх намаганняў прыйсці да ўлады і малых — яе ўтрымаць.
Раздзел VII
Пра новыя дзяржавы, ЗДАБЫТЫЯ ПРАЗ ЧУЖУЮ ЗБРОЮ I ЛАСКУ ЛЁСУ
Калі ж чалавек, будучы прыватнай асобай, робіцца ўладаром толькі праз ласку лёсу, гэта не каштуе яму шмат намаганняў, затое каб утрымацца, яму даводзіцца траціць іх шмат; не сустрэўшы ніякіх цяжкасцяў на сваім шляху, такія людзі проста ўзлятаюць да трона, але ўсе цяжкасці пачынаюцца, калі яны на яго сядаюць. Я маю на ўвазе тых, каму ўлада дасталася за пэўную суму грошай ці была перададзеная праз чыю-небудзь ласку: так часта здаралася ў Ірэцыі ў гарадах Іоніі і Гэлеспонта, куды Дарый прызначаў уладароў дзеля сваёй бяспекі і славы; такімі былі і некаторыя імператары, якія, будучы перад тым прыватнымі асобамі, падкуплялі салдат і захоплівалі ў імперыі ўладу. Становішча такіх уладароў цалкам залежыць ад волі і лёсу тых, хто прывёў іх да ўлады, а абедзве гэтыя рэчы — дужа зменлівыя і няпэўныя; самі ж яны не ўмеюць, дый не могуць утрымацца на вяршыні ўлады: не ўмеюць таму, што калі чалавек не вызначаецца вялікім розумам і высокімі вартасцямі, малаверагодна чакаць, каб, пражыўшы перад тым усё жыццё як асоба прыватная, ён будзе ведаць, як кіраваць; а не могуць таму, што не маюць ніякай дружалюбнай і адданай ім сілы, каб на яе абаперціся. Апроч таго, такія раптам узніклыя ўладарствы, як усё ў прыродзе, што нараджаецца і расце надта хутка, не паспяваюць ні пусціць каранёў, ні наладзіць сувязяў, і таму першая ж навальніца іх нішчыць, калі толькі чалавек, які стаў у іх уладаром, не валодае, як ужо было сказана, настолькі высокімі вартасцямі, каб за кароткі час набыць патрэбныя веды і захаваць тое, што лёс даў яму ў рукі, заклаўшы пасля ўжо таго, як ён стаў уладаром, падмурак, які іншыя будавалі загадзя.
Хачу праілюстраваць два гэтыя спосабы (маецца на ўвазе — стаць уладаром дзякуючы сваім вартасцям ці праз ласку лёсу) двума прыкладамі, якія яшчэ жывуць у памяці нашых сучаснікаў: гэта Франчэска Сфорца і Чэзарэ Борджа. Будучы асобай прыватнага стану, Франчэска дзякуючы сваім выбітным вартасцям і выкарыстанню адпаведных сродкаў зрабіўся Міланскім герцагам; і калі дамагчыся гэтага становішча яму каштавала немалых клопатаў, то ўтрымліваць яго ён мог без вялікіх турбот. 3 іншага боку, Чэзарэ Борджа, празваны ў народзе герцагам Валянцінам, атрымаў уладу дзякуючы ўдачы, што спадарожнічала яго бацьку, а калі ўдачы не стала, адразу ўсё страціў, хоць, зрэшты, прыкладаў разнастайныя намаганні і рабіў усё, што мусіў бы рабіць усякі здольны й разважлівы чалавек, каб пусціць глыбокія карані ў землях, здабытых чужою зброяй і аддадзеных яму праз ласку лёсу. Але, як я ўжо казаў, калі падмурак не закладзены загадзя, патрэбны вялікія вартасці, каб узвесці яго пасля, і ўсё адно гэтая праца будзе вельмі цяжкаю для архітэктара і небяспечнаю для будынка. Калі мы цяпер прасочым усю паслядоўнасць герцагавых учынкаў, мы ўбачым, што ён заклаў трывалы падмурак сваёй будучае магутнасці, і я лічу небескарысным трошкі на гэтым спыніцца, бо не ведаю настаўлення, якое магло б паслужыць новаму ўладару лепш за ўзор яго дзеянняў, а калі нават усе яго захады й не прынеслі яму карысці, то не па яго віне, а толькі праз незвычайную і бязмежную зламыснасць лёсу.
Аляксандр VI хацеў узвялічыць свайго сына-герцага, але ўсведамляў, што гэта звязана з вялікімі цяжкасцямі не толькі ад пачатку, але і ў будучым. Па-першае, ён не бачыў магчымасці зрабіць яго ўладаром якіх-небудзь земляў, якія не належалі б Царкве, і ў той жа час разумеў, што нават калі б ён захацеў ушчыкнуць штось у Царквы, на гэта ніколі не пагадзіліся б ні
міланскі герцаг, ні венецыянцы, якія ўзялі ўжо тады пад сваю апеку Фаэнцу і Рыміні. Апроч таго, ён бачыў, што ўсе войскі ў Італіі, асабліва тыя, чыімі паслугамі ён мог бы пакарыстацца, знаходзяцца ў руках у людзей, якія якраз мусяць апасацца ўзвелічэння папы, — то бок, у руках Арсіні*, Калонаў* і іхніх хаўруснікаў, — і таму ён не мог давяраць ім. Такім чынам, яму перадусім было трэба разбурыць наяўны парадак і пасеяць разлад між дзяржавамі, каб потым без асаблівае небяспекі падпарадкаваць некаторыя з іх сабе. Зрабіць гэта аказалася лёгка, бо яму падвярнуліся венецыянцы, якія, кіруючыся іншымі матывамі, хацелі заклікаць у Італію французаў, і ён гэтаму не толькі не запярэчыў, але й паспрыяў, скасаваўшы былы шлюб караля Людовіка. У выніку з дапамогай венецыянцаў і пры згодзе Аляксандра кароль прыйшоў у Італію і, ледзь паспеўшы заняць Мілан, выслаў на дапамогу папу сваіх жаўнераў для захопу Раманьі, і тая дзякуючы рэпутацыі караля была без пярэчанняў яму здадзеная. Завалодаўшы такім чынам Раманьяй і прагнаўшы Калонаў, герцаг хацеў бы, утрымліваючы гэтае новае ўладанне, пайсці далей, але яму перашкаджалі дзве рэчы: па-першае, войска, якое здавалася яму ненадзейным, а па-другое, намеры французаў, — іначай кажучы, ён баяўся, што войска Арсіні, чыімі паслугамі ён скарыстаўся, не будзе яму адданым і не толькі не паспрыяе ў новых заваёвах, але й забярэ набытае, і што тое самае можа зрабіць кароль. У войсках Арсіні ён усумніўся пасля таго, як, узяўшы Фаэнцу, паслаў іх на Балонью і ўбачыў, што яны не гараць жаданнем ісці ў наступ, а што да караля, то пра яго намеры ён здагадаўся, калі, захапіўшы Урбіна, рушыў на Таскану, але кароль прымусіў яго адмовіцца ад гэтай выправы. Тады герцаг вырашыў больш не залежаць ад чужой зброі і ласкі. Першым чынам ён аслабіў партыі Арсіні і Калонаўу Рыме, перацягнуўшы на свой бок іх прыхільнікаў з шляхты, якім даў багатае ўтрыманне
і ўшанаваў, адпаведна іх стану, высокімі пасадамі ва ўрадзе і войску: у выніку ўсяго за некалькі месяцаў іх прывязанасць да былых партыяў згасла і ўсе яны павярнуліся да герцага. Пасля гэтага ён пачаў пільнаваць выпадку зруйнаваць род Арсіні, як перад тым разагнаў Калонаў, і неўзабаве добрая падстава дзеля гэтага выпала, а скарыстаўся ён ёй яшчэ лепей: Арсіні, пазнавата спахапіўшыся, што ўзвелічэнне герцага і Царквы прывядзе іх да згубы, сабраліся на нараду ў Маджоне каля Пэруджы. Вынікамі гэтай нарады сталі бунт ва Урбіне, хваляванні ў Раманьі і безліч іншых небяспечных наступстваў, якія герцаг, аднак, паспяхова адолеў з дапамогай французаў. I, аднавіўшы свой аўтарытэт, ён вырашыў, каб пазбегчы ў далейшым рызыкі, не давяраць больш ні Францыі, ні якой іншай знешняй сіле, а скарыстацца падманам, і яму так удалося прыхаваць свае думкі, што Арсіні — пры пасярэдніцтве сіньёра Паола*, чыю прыхільнасць герцаг сабе забяспечыў усемагчымымі сведчаннямі сяброўства і багатымі падарункамі грошай, строяў і коней, — спачатку з ім замірыліся, а потым, у Сінігаліі, па сваёй прастадушнасці ўвогуле аддаліся яму ў рукі. Так, расправіўшыся з завадатарамі і зрабіўшы іхніх былых прыхільнікаў сваімі сябрамі, герцаг заклаў вельмі добры падмурак сваёй магутнасці, бо валодаў цяпер усёю Раманьяй і герцагствам Урбіна і, што самае галоўнае, мог, здаецца, разлічваць на прыязнасць насельніцтва, якое пачынала адчуваць рост дабрабыту пры яго праўленні.