Уладар  Нікало Мак’явэлі

Уладар

Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
27.38 МБ
Джорджам Скалі* ў Фларэнцыі. Але калі апірышча ў народзе шукае ўладар, які ўмее загадваць і сам праяўляе мужнасць, які не губляецца ў ліхую гадзіну, не забывае прыняць іншыя патрэбныя захады і цвёрдасцю свайго духу й характару натхняе ўсіх і кожнага, — такі ніколі не будзе падмануты і пераканаецца ў трываласці свайго апірышча.
Найбольшая небяспека ў такіх дзяржавах узнікае звычайна пры пераходзе ад грамадзянскага ладу кіравання да абсалютнага, бо ўладары ў іх кіруюць або асабіста, або праз пасярэдніцтва магістратаў. У апошнім выпадку іх улада слабейшая і знаходзіцца ў большае небяспецы, бо цалкам залежыць ад волі суграмадзянаў, якія уваходзяць у магістраты, а яны, асабліва ў хвіліну нягодаў, могуць вельмі лёгка падарваць вярхоўную ўладу, выступіўшы супраць уладара або проста перастаўшы яму падпарадкавацца. I тады, калі такая пагроза настала, уладару позна браць абсалютную ўладу ў свае рукі, бо падданыя і грамадзяне, прызвычаеныя атрымліваць загады з вуснаў чальцоў магістрата, не будуць схільныя ў час хваляванняў падпарадкоўвацца загадам самога ўладара; і таму ў смутную хвіліну яму заўсёды не будзе хапаць людзей, на якіх можна пакласціся. 3 гэтай прычыны ўладар не павінен абапірацца ў сваіх разліках на тое, што ён бачыць у спакойны час, калі грамадзяне маюць патрэбу ў дзяржаўнай уладзе і кожны спяшаецца прысягнуцца ў вернасці і гатовы аддаць за яго жыццё — балазе, што смерць недзе вельмі далёка; але ў час нягодаў, калі ў грамадзянах мае патрэбу дзяржаўная ўлада, такіх ахвотнікаў знаходзіцца мала. I досвед, які пераконвае ў гэтым, даецца з тым большаю небяспекай, што выпрабаваць яго можна толькі аднойчы. Таму мудры ўладар усё павінен прадумаць так, каб яго грамадзяне заўжды і пры ўсіх акалічнасцях мелі патрэбу і ў ім, і ў дзяржаўнай уладзе і заўсёды захоўвалі яму вернасць.
Раздзел X
Якім ЧЫНАМ ПАВІННА ВЫМЯРАЦЦА СІЛА КОЖНАЙ ДЗЯРЖАВЫ
Разглядаючы якасці памянёных дзяржаваў, трэба мець на ўвазе яшчэ адну акалічнасць, а менавіта: ці мае ўладар такую ўладу, каб пры патрэбе магчы абараніць сябе самастойна, або яму заўсёды неабходная дапамога іншых. Каб выглядала ясней, скажу, што здольным абараніць сябе самастойна лічу ўладара, які, маючы багата людзей і грошай, можа сабраць адпаведнае войска, каб даць адкрыты бой усякаму, хто надумае на яго напасці; а за ўладара, якому заўсёды неабходная дапамога іншых, лічу такога, які не можа выйсці супраць ворага ў поле, а вымушаны бараніцца, хаваючыся за мурамі. Пра першы выпадак сёе-тое было ўжо сказана, і пры нагодзе мы да яго яшчэ вернемся. У другім жа нельга сказаць нічога іншага, апроч як падахвоціць такіх уладароў умацоўваць і забяспечваць свае стольныя землі ўсім неабходным, не беручы пад увагу рэшту краіны. I вось калі ўладар як след умацуе сваё стольнае места і ў астатнім будзе абыходзіцца з падданымі так, як было сказана вышэй і яшчэ будзе сказана ніжэй, то ўсякі, перш чым на яго напасці, добра падумае, бо людзі заўсёды ставяцца непрыхільна да прадпрыемстваў, у якіх могуць прадбачыцца цяжкасці, а наўрад ці камусь можа падацца лёгкім нападзенне на ўладара, чыё стольнае места добра ўмацаванае і да якога ў народа няма непрыязнасці.
Нямецкія гарады — самыя вольныя, яны не маюць вялікіх прадмесцяў, падпарадкуюцца свайму імператару, калі хочуць, і не баяцца ні яго, ні якога іншага ўладара навакольных дзяржаваў, бо ўмацаваныя такім чынам, што кожнаму ўзяцце іх прыступам уяўляецца справаю цяжкай і незвычайна моташнай. Усе яны абнесеныя дыхтоўнымі мурамі і равамі, маюць дастатковую
колькасць артылерыі, нязменна трымаюць на грамадскіх складах гадавы запас харчоў, пітва і паліва і, апроч таго, каб пракарміць прасталюдзінаў без урону для іншай часткі грамадства, заўсёды нарыхтоўваюць на год сыравіны, каб забяспечыць іх працаю ў тых галінах, якімі жыве і гадуецца горад, і ўтых рамёствах, якімі корміцца просты люд. Ваеннае цвічэнне ў іх у высокай павазе, і ў яго падтрымку існуюць шматлікія пастановы.
Такім чынам, уладар, чый горад добра ўмацаваны, а сам ён не выклікае непрыязнасці ў насельніцтва, можа не баяцца, што на яго нападуць, і нават калі гэта здарыцца, агрэсар будзе ўрэшце вымушаны ганебна адступіць, бо ўсё ў гэтым свеце так хутка мяняецца, што амаль неверагодна, каб нехта цэлы год мог трымаць войска ў палявым лагеры ўпустую. Калі ж хто запярэчыць, што, маўляў, жыхары прадмесцяў, убачыўшы, як гарыць іх маёмасць, не змогуць глядзець на гэта спакойна, што доўгая аблога і ўласныя інтарэсы прымусяць іх забыць пра ўладара, тым я адкажу, што магутны і мужны ўладар заўжды зможа адолець усе гэтыя цяжкасці, часам абнадзейваючы падданых, што ліха пратрывае нядоўга, часам прыстрашаючы іх лютасцю ворага, a часам умела засцерагаючы сябе ад тых, хто яму здасца занадта няўрымслівым. Апроч таго, вораг, што зразумела, руйнуе і пляжыць край адно напачатку, пры сваім надыходзе, калі ў людзей яшчэ гараць душы і яны прагнуць трымаць абарону, a таму ва ўладара не павінна быць асаблівых падставаў чагось апасацца — тым больш, што праз некалькі дзён, калі народ трошкі астыне, шкода будзе ўжо зробленая, ліха ўчыненае і паправіць штось будзе позна; а тады людзі яшчэ болын згуртуюцца вакол уладара, мяркуючы, што цяпер, калі ў імя яго абароны былі спаленыя іхнія хаты і зруйнаваная ўся маёмасць, уладар ужо сам ім абавязаны. А натура ў людзей такая, што яны аднолькава прывязваюцца як да тых, каму зрабілі дабро, так і да тых, хто
зрабіў дабро ім. I таму, добра ўсё ўзважыўшы, можна сказаць, што разважнаму ўладару не павінна быць цяжка падтрымліваць у гараджанаў цвёрдасць духу ад пачатку і да канца аблогі, абы толькі яму хапіла прыпасаў іх накарміць і абараніць горад.
Раздзел XI
Пра царкоўныя дзяржавы
Цяпер застаецца абмеркаваць толькі царкоўныя дзяржавы, і ў сувязі з гэтым трэба зазначыць, што ўсё самае цяжкае тут даводзіцца адольваць яшчэ да авалодання ўладай, бо ў такіх дзяржавах яна здабываецца дзякуючы асабістым вартасцям або праз ласку лёсу; затое каб яе ўтрымаць, не патрэбна ні адно, ні другое, бо старажытныя рэлігійныя парадкі, на якіх гэтыя дзяржавы трымаюцца, настолькі магутныя і вызначаюцца такімі ўласцівасцямі, што становішча ўладароў у іх непахіснае, як бы яны ні жылі і што б ні рабілі. Толькі такія ўладары маюць уладу, але яе не абараняюць, маюць падданых, але не кіруюць імі, і ніхто гэтую безабаронную ўладу ў іх не забірае, а падданыя, не будучы кіраванымі, зусім гэтым клапоцяцца і не хочуць, дый не могуць ад сваіх уладароў адвярнуцца. Такім чынам, гэтыя дзяржавы адзіныя жывуць у бяспецы і шчасці. Але з увагі на тое, што імі кіруюць прычыны вышэйшага парадку, недасягальныя чалавечаму розуму, я больш пра іх гаварыць не буду, бо разважаць пра тое, што ўзведзена і падтрымліваецца Богам, для чалавека было б учынкам дзёрзкім і безразважным. Тым не менш, калі хто ў мяне спытае, як яно сталася, што Царква дасягнула такой свецкай велічы, што, калі раней, да прыходу на прастол Аляксандра, на яе ў свецкіх справах ніхто з італьянскіх уладаносцаў амаль не зважаў (прычым не зважалі не толькі сапраўдныя ўладары, але й дробныя паны і вяльможы), а цяпер яна прымушае дрыжаць французскага караля, выгнала яго з Італіі і разбіла венецыянцаў, такім мне здаецца нялішнім нагадаць некаторыя, няхай і агульнавядомыя, акалічнасці.
Да прыходу ў Італію французскага караля Карла гэты край
быў пад панаваннем папы, венецыянцаў, неапалітанскага караля, міланскага герцага і фларэнтыйцаў. Кожны з гэтых гаспадароў меў два галоўныя клопаты: па-першае, не дапусціць уварвання ў Італію ніякага замежнага войска; па-другое, не даць нікому са сваіх пашырыць свае ўладанні. Найбольшую заклапочанасць у гэтым сэнсе выклікалі папа і венецыянцы. Каб стрымліваць венецыянцаў, усе мусілі аб’ядноўвацца ў хаўрус, як гэта было пры абароне Фэрары*; каб стрымліваць папу, выкарыстоўваліся рымскія бароны: падзеленыя на дзве партыі — Арсіні і Калонаў, — яны вялі між сабой няспынныя звады і, трасучы перад вачыма пантысріка зброяй, спрыялі яго немачы і бяссільнасці. I нават калі часам на прастол узыходзілі такія рашучыя папы, як Сікст, ніводзін з іх (праз недахоп спрыяльных абставінаў ці сваю няўмеласць) так і не здолеў пазбавіцца ад гэтай прыкрае акалічнасці. Прычынай таму была і кароткасць жыцця кожнага папы, бо за тыя дзесяць гадоў, што кожны з іх у сярэднім жыў, ён ледзь паспяваў прыціснуць толькі адну якую-небудзь партыю, і калі аднаму ўдавалася амаль разбіць, напрыклад, Калонаў, то прыходзіў другі, які ставіўся варожа да Арсіні, і даваў Калонам адрадзіцца, аднак знішчыць Арсіні ўжо не паспяваў. 3 гэтай прычыны на свецкую ўладу папы ў Італіі зважалі не надта. Але тады прыйшоў Аляксандр VI, які — з усіх пантыфікаў, што калі-кольвек былі на прастоле, — адзіны паказаў, чаго можа быць варты папа, дзейнічаючы грашыма і сілай: ужываючы ў якасці інструмента герцага Валянціна і скарыстаўшыся з прыходу французаў, ён дамогся ўсяго, пра што я казаў вышэй, калі апісваў дзеянні герцага. I хоць яго намерам было ўзвялічыць не Царкву, а герцага, тым не менш ягоныя ўчынкі паспрыялі ўзвелічэнню Царквы, якая пасля яго смерці і герцагава падзення аказалася спадкаемцам яго намаганняў. Папа Юлій, які прыйшоў гютым, знайшоў Царкву ў поўнай велічы: яна валодала ўсёй Раманьяй,
разбіла нарэшце рымскіх баронаў, чые партыі пад ударамі Аляксандра распаліся, і апроч таго, ёй быў адкрыты шлях папаўнення даходаў, які да Аляксандра ніколі не выкарыстоўваўся.
Юлій не толькі прадоўжыў гэтую справу, але й пашырыў; ён задумаў захапіць Балонью, спляжыць венецыянцаў і выгнаць франпузаў з Італіі, і ва ўсіх пачынаннях яго чакаў поспех — на тым большую яго славу, што ён рабіў гэта не дзеля сваёй карысці, а дзеля ўзвелічвання Царквы. Апроч таго, ён утрымаў партыі Арсіні і Калонаў у тых рамках, у якіх знайшоў, і хоць сярод іх былі некаторыя завадатары, гатовыя пасеяць смуту, але ж іх моцна стрымлівалі дзве рэчы: па-першае, веліч Царквы, якая іх скоўвала, а па-другое, адсутнасць сярод іх кардыналаў, якія заўсёды былі крыніцаю іх міжсобных звадаў. I гэтыя партыі ніколі не змогуць быць доўга спакойныя, пакуль у іх будуць свае кардыналы, бо менавіта яны і ў Рыме, і па-за яго межамі падбухторваюць і нацкоўваюць партыі адну на адну, а бароны вымушаныя іх абараняць, і такім чынам з амбіцый прэлатаў нараджаецца разлад між баронамі. Вось так, дзякуючы вышэй апісаным прычынам Яго Найсвяцейшасць Леў X атрымаў папскі пасад*, калі Царква дасягнула вяршыні магутнасці, і можна спадзявацца, што, калі яго папярэднікі спрыялі ўзвелічэнню папства зброяй, то ён зробіць яго яшчэ болей вялікім і шанаваным дзякуючы сваёй дабрыні і безлічы іншых асабістых вартасцяў.