Уладар
Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
I паколькі ў гэтай частцы герцагавы дзеянні вартыя ўвагі і пераймання, я хацеў бы спыніцца на іх асобна. Захапіўшы Раманью, герцаг пераканаўся, што яе ранейшымі гаспадарамі былі людзі бяссільныя, якія больш рабавалі сваіх падданых, чым кіравалі імі, больш сеялі паміж імі разлад, чым спрыялі іх еднасці, так што ўвесь край пагруз у крадзяжах, разбоях і іншага кшталту злачынствах; таму ён размеркаваў, што, каб аднавіць мір і па-
слушэнства вярхоўнай уладзе, там трэба стварыць добры ўрад. На чале ўраду ён паставіў мэсэра Раміру дэ Орку*, чалавека жорсткага і руплівага, якога надзяліў самымі шырокімі паўнамоцтвамі. I той сапраўды за кароткі час аднавіў лад і спакой, прымусіўшы вельмі сябе паважаць. Тады герцаг палічыў, што празмерная аўтарытарнасць больш не патрэбная, бо ўрэшце гэта рызыкуе выклікаць толькі нянавісць, і таму ўсталяваў у краіне грамадзянскі суд пад старшынствам вельмі шаноўнай асобы, і кожнае мястэчка і горад мелі ў тым судзе свайго адваката. Але ведаючы, што ранейшыя суворыя захады ўсё-ткі спарадзілі ў людзях пэўную непрыязнасць, і жадаючы пагасіць гэтае пачуцце ў душах і канчаткова ўсіх заваяваць, ён вырашыў паказаць, што, калі і былі нейкія жорсткасці, то паходзілі яны не ад яго, а ад злоснасці былога міністра. I аднойчы раніцай, выгадаўшы зручны момант, ён загадаў кінуць яго рассечанае напалам цела на рынкавай плошчы ў Чэзэне побач з плахай і скрываўленым мечам. Жудаснае відовішча адначасова і задаволіла, і ашаламіла люд сваёй лютасцю.
Але вернемся, з чаго пачыналі. Як я казаў, стварыўшы ўлао ныя збройныя сілы і разбіўшы большую частку войскаў суседзяў, якія маглі б яму пагражаць, герцаг палічыў, што набыў дастатковую моц і на бліжэйшую будучыню гарантаваў сабе амаль поўную бяспеку; цяпер яго жаданне пашыраць заваёвы стрымлівалася толькі з увагі на Францыю: ён ведаў, што французскі кароль, які надта позна ўсвядоміў сваю памылку, ужо больш не пацерпіць яго збройных выправаў. Таму ён пачаў шукаць новых хаўруснікаў і валаводзіць у справах з французамі, якія тады якраз рушылі на Неапалітанскае каралеўства супраць гішпанцаў, што аблажылі Гаэту. Ен меў намер увогуле засцерагчы сябе ад усякае небяспекі з іх боку, і гэта яму хутка ўдалося б, калі б жыў Аляксандр.
Такімі былі яго дзеянні адносна бягучага моманту. Што да
будучыні, дык тут ён мусіў перадусім апасацца, каб бацькаў пераемнік на Святым Пасадзе не паставіўся да яго недружалюбна і не пастараўся забраць усё, што даў яму Аляксандр; таму ён вырашыў дзейнічаць па чатырох напрамках: па-першае, вынішчыць усіх сваякоў тых сіньёраў, якія былі ім зруйнаваныя, каб не даць папу падставы на іх абаперціся; па-другое, як ужо згадвалася, перацягнуць на свой бок рымскую знаць, каб з яе дапамогай трымаць новага папу ў цуглях; па-трэцяе, як мага больш павялічыць свой уплыў у Калегіі кардыналаў; і па-чацвёртае, набыць да смерці папы Аляксандра такую магутнасць, каб быць здольным самастойна супрацьстаяць першым нападам. 3 чатырох гэтых захадаў да смерці Аляксандра ён паспеў выканаць тры, а чацвёрты быў амаль выкананы: са зруйнаваных ім сіньёраў ён забіў усіх, да каго здолеў дабрацца, так што ўратаваліся вельмі нямногія; рымскую шляхту перацягнуў на свой бок; у Калегіі меў самую шматлікую партыю; а што да пашырэння заваёваў, то ён мерыўся стаць гаспадаром Тасканы і ўжо авалодаў Пэруджаю і Пьямбінай, а Пізу ўзяў пад сваю апеку. I паколькі на той момант ён не меў патрэбы лічыцца з Францыяй (якая больш не магла на яго ўплываць, бо французы былі ўжо выцесненыя з Неапалітанскага каралеўства гішпанцамі, і цяпер як адны, так і другія мусілі шукаць з ім дружбы), то ён мог бы ўвогуле захапіць Пізу. Тады яму адразу здаліся б Люка і Сіена — часткова ад страху, часткова на злосць фларэнтыйцам, і ў фларэнтыйцаў не было б сродкаў гэтаму перашкодзіць: калі б усё гэта яму ўдалося (а яно ўдалося б якраз у год, калі памёр Аляксандр), ён набыўбы такую магутнасць і такі аўтарытэт, што трымаўся б самастойна і яго ўлада ўжо залежала б не ад чужой ласкі і зброі, а толькі ад яго моцы і вартасцяў. Аднак Аляксандр памёр усяго праз пяць год пасля таго, як герцаг упершыню агаліў меч. Ен пакінуў сына ў момант, калі той паспеў трывала замацавацца толькі ў адной
дзяржаве — у Раманьі; усе астатнія віселі ў паветры, заціснутыя між дзвюма магутнымі варожымі войскамі, а сам герцаг быў смяротна хворы. Але ў ім было столькі шалёнай адвагі і столькі вартасцяў, ён так добра валодаў навукай прывабліваць людзей ці іх знішчаць і падмурак ягонай улады, закладзены за такі кароткі час, быў настолькі трывалы, што, каб над ім не віселі тыя варожыя войскі і каб не яго стан здароўя, ён устояў бы перад любымі цяжкасцямі. Атое, што падмурак, створаны ім, быў трывалы, відаць ужо хоць бы па тым, што Раманья чакала яго больш за месяц; што ў Рыме, нават ледзьве жывы, ён адчуваў сябе ўпэўнена, і хоць туды з’ехаліся Бальёні*, Вітэлі*. Арсіні, у іх нічога не выйшла: ён здолеўзрабіць, каб папам выбралі няхай і не таго, каго ён хацеў, але ж і не таго, каго ён не хацеў. I каб стан яго здароўя на момант Аляксандравай смерці не пахіснуўся, усё астатняе яму было б лёгка. Таго дня, калі быў абраны Юлій II*, герцаг у размове са мной сказаў, што прадумаў усё, што магло б здарыцца па смерці ягонага бацькі, і ўсяму знайшоў адпаведныя сродкі; адзінае, чаго ён зусім не прадбачыў, — што сам у гэты час апынецца пры смерці.
Падсумоўваючы ўсе герцагавы ўчынкі, я не толькі не знаходжу, у чым яго папракнуць, але й мяркую, што ён можа быць прапанаваны за ўзор усім, каму ўлада дасталася праз ласку лёсу і з дапамогаю чужой зброі. Маючы мужную душу і высокія мэты, ён не мог паводзіць сябе іначай; і адзінай перашкодай ягоным намерам сталі яго хвароба і кароткасць Аляксандрава жыцця. Таму кожны, хто лічыць, што ў новай дзяржаве трэба засцерагчыся ад ворагаў, набыць сяброў, перамагаць сілай ці хітрасцю, унушаць народу страх і любоў, а салдатам — павагу й адданасць, знішчаць тых, хто магчыма ці абавязкова будзе яму перашкодай, змяніць старыя парадкі на новыя, быць строгім і літасцівым, велікадушным і шчодрым, распусціць былое не-
надзейнае войска і стварыць новае, а таксама падтрымліваць дружбу з каралямі й князямі, каб тыя альбо, выказваючы прыязнасць, атулялі яго сваёй ласкай, альбо, выказваючы пашану, не шкодзілі, — той не знойдзе сабе жывейшага ўзору, чым дзейнасць герцага. Абвінаваціць яго можна толькі ва ўзвядзенні на Святы пасад Юлія, які аказаўся няўдалым выбарам: як ужо згадвалася, не маючы магчымасці зрабіць папам таго, хто быў яму даспадобы, ён мог, аднак, адвесці кандыдатуру любога іншага, а таму ніколі не павінен быў пагаджацца на абранне папам ніякага кардынала, які калі-небудзь ад яго пацярпеў ці, стаўшы папам, мог бы яго баяцца. Бо варожасць у людзях узнікае альбо ад боязі, альбо ад нянавісці. А сярод тых, хто некалі ад герцага пацярпеў, былі кардыналы* Сан-Пьетра-ін-Вінкулі, Калона, Сан-Джорджыа, Асканьё; усе астатнія, стаўшы папам, мусілі б яго апасацца; выключэнне складалі гішпанцы і кардынал Руанскі: гішпанцы — таму, што мелі з герцагам крэўныя сувязі і ўзаемныя абавязацельствы, а Руанскі кардынал — таму, што меў дастатковую моц, бо за яго плячыма стаяла Французскае каралеўства. У сувязі з гэтым герцаг мусіў перадусім пастарацца, каб папам абралі каго-небудзь з гішпанцаў, а пры немагчымасці лепш пагадзіўся б на кардынала з Руана, але ніяк не з Сан-Пьетра-ін-Вінкулі. Хто верыць, што новыя дабрадзействы прымусяць высокапастаўленую асобу забыць пра старыя крыўды, — той памыляецца. Так і герцаг памыліўся, зрабіўшы свой выбар, і гэта ўрэшце спрычыніла ягоную згубу.
Раздзел VIII
Пра тых, хто набывае ўладу злачынствамі
Але ёсць яшчэ два спосабы, як, будучы прыватнай асобай, зрабіцца ўладаром, якія не зводзяцца цалкам ні да ласкі лёсу, ні да высокіх вартасцяў; і прапускаць іх, я мяркую, не варта, хоць пра адзін дарэчней будзе паразважаць там, дзе гаворка пойдзе пра рэспубліку. Спосабы гэта такія — першы, калі нехта дасягае вярхоўнай улады праз зладзейства і беззаконнасць, і другі, калі прыватная асоба становіцца на чале сваёй айчыны дзякуючы прыхільнасці суграмадзянаў. Гаворачы пра першы спосаб, згадаю два выпадкі — адзін са старажытнасці, другі з сучаснага нам жыцця — і тым абмяжуюся, бо мяркую, што і гэтых двух будзе досыць тым, хто шукае прыкладаў.
Сіцыліец Агатокл* стаў сыракузскім царом, хоць меў не проста звычайнае, а нават нізкае і нікчэмнае паходжанне. Ен нарадзіўся ў сям’і залатара і жыў ганебным жыццём, але з маленства вызначаўся такою няўрымслівасцю і фізічнаю дужасцю, што, паступіўшы ў войска, паступова выслужыўся да прэтара Сыракузаў. Сцвердзіўшыся ў гэтай пасадзе, ён задумаў зрабіцца ў Сыракузах аднаасобным уладаром, наважыўшыся, такім чынам, сілай прыўласціць тое, што яму было даручана з добрай волі, і не збіраючыся больш лічыцца з абавязкамі перад суграмадзянамі. Пасвяціўшы ўсвой план Гамількара Карфагенскага*, які на той час стаяў на чале войска ў Сіцыліі, ён склікаў аднойчы раніцай сыракузскі народ і сенат, нібыта дзеля вырашэння справаў, што тычыліся рэспублікі; а калі ўсе сабраліся, ягоныя салдаты па ўмоўленым знаку пазабівалі ўсіх сенатараў і найбагацейшых людзей з народа. Пасля гэтай расправы Агатокл стаўуладарыць, не сустракаючы ніякага супраціву насельніцтва. I хоць ён двойчы быў
разбіты карфагенянамі і нават абложаны іхнімі войскамі, ён не толькі не здаў горада, але, пакінуўшы частку людзей абараняць яго, з другою — уварваўся ў Афрыку, у кароткі час вызваліў Сыракузы ад аблогі і ўрэшце вымусіў карфагенянаў шукаць з ім згоды і заключыць пагадненне, паводле якога яны абмяжоўваліся сваімі ўладаннямі ў Афрыцы, а Сіцылію саступалі Агатоклу.
Разважаючы пра дзеі і чыннасць гэтага мужа, мы, бадай, не знойдзем у ягоным жыцці нічога ці амаль нічога, што дасталося б яму з ласкі лёсу, бо, як ужо згадвалася, ён дасягнуў улады не праз нечае апякунства, а праз вайсковую службу, звязаную са шматлікімі небяспекамі і нягодамі, і здолеў потым яе ўтрымаць адважнымі дзеяннямі, праявіўшы рашучасць і дзёрзкасць. Але ж нельга назваць і вартасцямі забойства суграмадзянаў, здрадніцтва, бяздушнасць і несумленнасць: усім гэтым можна пракласці дарогу да ўлады, але не да славы. Таму, калі б мы меркавалі пра Агатокла паводле тых вартасцяў, якія ён праяўляў, сустракаючы небяспеку, паводле той сілы духу, з якой ён трываў нягоды, то наўрад ці маглі б сказаць, што ён саступае любому іншаму слыннаму ваяводу, але, памятаючы пра ягоныя лютасць і нечалавечнасць і ўсе здзейсненыя ім злачынствы, мы не можам паставіць яго ўпоравень з выбітнымі асобамі. А значыць, нельга прыпісаць ні ласцы лёсу, ні асабістым вартасцям тое, што было здабытае без таго і другога.