Уладар
Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
засведчваць павагу і да такіх аб’яднанняў, часам хадзячы на іх сходы, і ўвогуле ўяўляць сабою ўзор чалавечнасці і велікадушнасці, пры гэтым цвёрда трымаючы сваю высокую годнасць і ніколі і ні ў чым не дазваляючы сабе яе страціць.
Раздзел XXII
Пра сакратароў, якіх трымаюць пры сабе ўладары
Немалую важнасць для ўладара мае выбар распарадчыкаў і міністраў: добрыя яны ці не, залежыць ад дальнабачнасці ўладара. I таму пра розум вяльможы мяркуюць, у першую чаргу, зірнуўшы на людзей, якія яго атачаюць, і калі яны здольныя і адданыя, гэта заўсёды сведчыць пра яго мудрасць, дзякуючы якой ён змог разгледзець іх здольнасці і забяспечыць іх вернасць. Калі ж якасці ў іх іншыя, то і пра гаспадара не падумаюць добра, бо першую памылку ён ужо зрабіў, зрабіўшы такі свой выбар.
He было чалавека, які, ведаючы Антоніо да Вэнафро*, што быў міністрам у сіенскага ўладара Пандольфа Пэтруччы, не палічыў бы, што і сам Пандольфа — чалавек вельмі кемны, калі абраў такога памочніка. Бо розум бывае трох тыпаў: адзін спазнае самастойна, другі ўспрымае спазнанае іншымі і трэці не спазнае ні сам, ні з дапамогаю іншых; з іх першы — выдатнейшы, другі — добры і трэці — няздатны, з чаго непазбежна вынікае, што Пандольфа, калі быў і не першага тыпу, то прынамсі адносіўся да другога, бо ў кожным разе, калі чалавек мае клёк, каб распазнаць добрае ад ліхога ва ўчынках і словах, ён, нават не валодаючы сам асабліваю вынаходлівасцю, здолее адрозніць удалыя рашэнні міністра ад кепскіх і падтрымае адны, загадаўшы паправіць другія, так што міністр не зможа спадзявацца яго абкруціць і будзе служыць сумленна.
Дзеля таго ж, каб уладар мог распазнаць, чаго варты распарадчык або міністр, існуе цалкам бясхібны спосаб. Калі бачыш, што ён думае больш пра сябе, а не пра цябе, і ва ўсякай справе шукае сваю карысць, такі ніколі не будзе добрым міністрам і ты ніколі не зможаш яму давяраць, бо той, хто пастаўлены кіраваць
дзяржаўнымі справамі, павінен думаць заўсёды не пра сябе, а пра свайго ўладара, і ніколі не займаць свае думкі тым, што не тычыцца ўладаравых інтарэсаў. Але і ўладар са свайго боку, каб падтрымаць міністрава дбанне, павінен пра яго думаць, праяўляць да яго павагу, прымнажаць яго багацце, выказваць яму ўдзячнасць, дзяліцца з ім пашанотамі і прывілеямі, каб ён убачыў, што ўжо не можа без гэтага абыходзіцца, каб, купаючыся ў пашане й багацці, і не жадаў ужо нічога большага і каб падораныя яму прывілеі выклікалі ў яго страх перад усялякімі зменамі. I калі міністры і ўладары адносна міністраў будуць паводзіць сябе азначаным чынам, яны змогуць заўсёды адзін аднаму давяраць, а ў іншым выпадку як для аднаго, так і для другога ўсё канчыцца сумна.
Раздзел XXIII
Як ПАЗБЯГАЦЬ ЛІСЛІЎЦАЎ
He хацеў бы праходзіць міма яшчэ адной важнае акалічнасці і сур’ёзнае хібы, ад якой уладарам, калі яны не вызначаюцца вялікай празорлівасцю і не ўмеюць зрабіць правільны выбар, абараніцца цяжка. Я маю на ўвазе лісліўцаў, якімі поўніцца кожны двор. Людзі ж і самі паблажліва ставяцца да сваіх учынкаў і падманваюць сябе тым самым, а ўжо тым болей цяжка ім супрацьстаяць такой пошасці як ліслівасць; калі ж яны хочуць ад яе пазбавіцца, дык рызыкуюць выклікаць да сябе пагарду. А ўсё таму, што ад ліслівасці няма іншае абароны, апроч як пераканаць людзей, што, калі яны будуць шчыра выказваць свае думкі, цябе гэта не пакрыўдзіць; але ж калі кожны зможа шчыра выказваць табе ўсё ў твар, цябе пачнуць менш паважаць. Таму дальнабачны ўладар павінен пайсці трэцім шляхам, вызначыўшы ў сваёй дзяржаве некалькі мудрых людзей і толькі ім даўшы поўную свабоду выказваць праўду, але толькі пра тое, пра што ён пытаецца, і ні пра што іншае; пытацца ж ён павінен пра ўсё і слухаць іх меркаванні, а потым рашэнні прымаць самастойна і на свой одум. Пры сустрэчах з усімі гэтымі дарадцамі і з кожным з іх паасобку паводзіць сябе трэба так, каб яны разумелі, што чым вальней яны будуць у сваіх выказваннях, тым болей гэта будзе вітацца; акрамя іх, уладар не павінен слухаць нікога, наўпрост рухаючыся да таго, што пастанавіў, і застаючыся цвёрдым у сваіх рашэннях. Хто дзейнічае іначай, той або патанае ўлёстках, або, прыслухоўваючыся да разнастайных парадаў, часта мяняе рашэнні, чым не надта ўнушае да сябе павагу.
Хачу прывесці наконт гэтага адзін сучасны прыклад. Айцец Лука, прадстаўнік цяперашняга імператара Максімільяна*, га98
ворачы пра яго вялікасць сказаў, што ён ніколі ні з кім не раіцца, але і на свой одум нічога не робіць. А выходзіць гэтак таму, што імператар дзейнічае насуперак вышэй апісанаму: будучы чалавекам скрытным, ён нікога не пасвячае ў свае намеры і не прымае нічыіх меркаванняў, затое калі пачынае ажыццяўляць задуманае, і яно выкрываецца, робячыся ўсім вядомым, і людзі з ягонага атачэння пачынаюць яго аспрэчваць, ён, як чалавек падатлівы, не настойвае. У выніку зробленае ў адзін дзень на другі адмяняецца, ніколі невядома, чаго ён хоча ці што намерваецца рабіць, і ні на якія яго рашэнні немагчыма пакласціся.
Такім чынам, уладар павінен заўсёды раіцца, але тады, калі хоча сам, а не калі хочуць іншыя. Больш за тое, ён павінен нават астуджаць імпэт кожнага, хто спрабуе нешта параіць, калі ў яго не пыталіся. Разам з тым пытацца ўладар павінен як мага часцей і пасля цярпліва выслухоўваць праўдзівыя адказы, а адчуваючы, што па нейкай прычыне яму ўхіляюцца казаць праўду, праяўляць занепакоенасць. I хоць многія ўважаюць, быццам той ці іншы ўладар, які лічыцца дальнабачным, насамрэч абавязаны славаю не сабе, а свайму атачэнню, яны яўна памыляюцца. Бо ёсць агульнае правіла, з якога няма выключэнняў, і яно кажа: уладару, які не валодае мудрасцю сам, і добрая парада не дапаможа, хіба толькі калі ён увогуле цалкам ускладзе кіраванне на нейкага аднаго вельмі дасведчанага чалавека. У гэтым выпадку становішча можа быць добрым, але пратрывае нядоўга, бо пастаўлены кіраўнік хутка перацягне на сябе ўсю ўладу. Калі ж дарадцаў будзе больш, чым адзін, то ўладар, які не валодае мудрасцю, атрымліваючы няўзгодненыя між сабою парады, ніколі не здолее іх звесці ў адно, а калі дарадцы будуць дбаць больш пра сваю карысць, ён іх не паправіць, дый не заўважыць гэтага. А іншых знайсці ён не зможа, бо ўсе людзі, дай ім такую магчымасць, будуць заўсёды шальмаваць у вас за плячыма, па-
куль неабходнасць не прымусіць іх стаць сумленнымі. 3 гэтага можна зрабіць выснову, што добрыя парады, ад каго б яны ні сыходзілі, заўсёды спараджаюцца з дальнабачнасці ўладара, а не дальнабачнасць караля — з добрых парадаў.
Раздзел XXIV
Чаму ўладары ў італіі страчвалі свае дзяржавы
Калі новы ўладар будзе абачліва прытрымлівацца вышэй апісанага, усе будуць успрымаць яго так, нібы ён уладарыць здаўна, і неўзабаве ягоная ўлада стане трывалейшая і цвярдзейшая, чым калі б яе асвячалі стагоддзі. Паколькі ж да дзеянняў новага ўладара прыглядаюцца больш уважліва, чым да ўчынкаў спадчыннага, то, засведчваючы ў іх сваю вартасць, ён зможа прыхінуць да сябе больш людзей і выклікаць у іх большую ўдзячнасць, чым калі б належаў да старажытнага мясцовага роду. Бо людзей больш кранаюць справы сённяшнія, а не былыя, і калі сённяшняе іх становішча добрае, яны задаволеныя і іншага не шукаюць; больш за тое, яны зробяць усё, каб абараніць такога ўладара, абы толькі ў астатнім ён сам з імі быў бездакорны. I ўдвая большая слава будзе таму, хто, стаўшы ўладаром у новых уладаннях, зробіць іх лепшымі і ўмацуе добрымі законамі, добрымі войскамі, добрымі саюзнікамі і добрымі прыкладамі, гэтак сама як удвая большая ганьба — таму, хто, будучы ўладаром па нараджэнні, страціць уладу праз сваю недальнабачнасць.
I калі паглядзець на тых італьянскіх сіньёраў, якія страцілі ўладу за нашым часам, — а гэта неапалітанскі кароль, міланскі герцаг і іншыя, — то мы ў першую чаргу заўважым адну агульную для іх усіх загану ў дачыненнях з войскам, якая была падрабязна абмеркаваная вышэй. Апроч таго, мы ўбачым, што кожны з іх або варагаваў з народам, або, маючы народ на сваім баку, не ўмеў засцерагчыся ад знаці. А не маючы такіх заганаў, страціць уладу ў дзяржаве, дастаткова магутнай, каб выставіць баяздольнае войска, практычна немагчыма. Філіп Македонскі* (не бацька Аляксандра Вялікага, а той, што быў пераможаны Цітам Квін-
там*) меў невялікую дзяржаву ў параўнанні з такімі волатамі, як Рым і Грэцыя, што на яго напалі; і тым не менш, будучы ўмелым ваяводам, здолеўшы згуртаваць вакол сябе народ і абараніцца ад знаці, ён вытрымаў шматгадовую вайну з імі, і няхай урэшце страціў некалькі гарадоў, але ж захаваў сваё царства.
А таму, няхай нашыя ўладары, якія, папанаваўшы шмат гадоў, потым страцілі свае дзяржавы, наракаюць за гэта не на фартуну, а на сваю нядбайнасць, бо ў зацішныя часы не спадзяваліся, што яны могуць змяніцца (паводле агульнай для людзей заганы не думаць пры ясным небе пра навальніцу), а калі наставаў цяжкі час, марылі пра ўцёкі, а не абарону, цешачыся надзеяй, што народ, абураны бясчынствамі пераможцаў, пакліча іх назад. Калі няма іншага выйсця, добры і гэты; але вельмі кепска, калі дзеля яго аднаго адмятаюцца ўсе іншыя, бо вы ж ніколі не захацелі б упасці, мяркуючы, што знойдзецца нехта, хто вас падніме. Гэтага можа або не здарыцца, або, калі здарыцца, можа быць для вас небяспечна, бо калі твая абарона залежыць не ад цябе, яна нічога не вартая. Толькі тая абарона сапраўдная, надзейная і трывалая, якая залежыць ад цябе самога і ад тваіх вартасцяў.
Раздзел XXV
ЯкУЮ ЎЛАДУ MAE НАД ЧАЛАВЕЧЫМІ СПРАВАМІ ЛЁС I ЯК ЯМУ МОЖНА СУПРАЦІЎЛЯЦЦА
Мне добра вядома, што многія лічылі і лічаць, быццам усё ў гэтым свеце да такой ступені кіруецца лёсам і Богам, што людзі пры іх дальнабачнасці не могуць нічога паправіць і нават не маюць ніякага сродку супраціўляцца, а таму робіцца выснова, што клапаціцца ні аб чым занадта не трэба і лепш аддацца на волю лёсу. Асабліва гэтае меркаванне пашырылася ў наш час, калі на нашых вачах адбыліся і адбываюцца дагэтуль, штодзённа, такія вялікія перамены, якія не паддаюцца ніякаму чалавечаму ўяўленню. Задумваючыся часам над гэтым, я ў пэўнай ступені таксама схіляюся да агульнага меркавання. Аднак, паколькі мы ўсё ж не пазбаўленыя пэўнай свабоды волі, я думаю, праўдзівей дапусціць, што лёс кіруе нашымі справамі напалову, а другая палова, ці каля таго, аддадзеная ў распараджэнне нам. Я параўнаў бы лёс з бурнай ракой, якая, разбушаваўшыся, затапляе даліны, ламае дрэвы і хаты, у адным месцы змывае глебу, у другім утварае наносы, усе кідаюцца ад яе наўцёкі, усё саступае яе напору і яе няма як нідзе стрымаць. Але нягледзячы на такія яе паводзіны, гэта не замінае людзям у пагодны час, здзейсніўшы пэўныя захады, узвёўшы валы і гаці, зрабіць так, каб вада пры новай паводцы адводзілася ў каналы ці прынамсі яе напор не быў такі неўтаймавальны і згубны. Тое самае адбываецца і з лёсам: ён праяўляе сваю ўсёмагутнасць там, дзе чалавечыя вартасці, здольныя яму супрацьстаяць, адсутнічаюць, і скіроўвае свой напор туды, дзе ведае, што не сустрэне ўзведзеных супраць яго загароджаў і перашкодаў. Калі ж вы цяпер зірняце на Італію, якая служыць пляцоўкай тым бурным зменам, чыйму размаху сама ж