Уладар  Нікало Мак’явэлі

Уладар

Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
27.38 МБ
і ўсенародную прыхільнасць, то немагчыма, каб у каго-небудзь узнікла шалёная думка наладжваць змову. Бо калі звычайна змоўніку ёсць чаго апасацца да здзяйснення сваіх намераў, то ў гэтым выпадку ён мусіць апасацца і таго, што будзе потым, калі, здзейсніўшы злачынства і маючы настроены супраць сябе народ, ён не зможа разлічваць ні на чый прытулак.
Прыклады гэтаму можна даваць бясконца, але абмяжуюся адным, які яшчэ ў памяці нашых бацькоў. Мэсэр Анібале Бэнтывольё* (дзед цяперашняга Анібале), які быўуладаром у Балоны, загінуў ад рук змоўнікаў з сямейства Канэскі*. 3 нашчадкаў па ім застаўся толькі мэсэр Джавані*, які быў яшчэ ў калысцы. Народ, даведаўшыся пра забойства, адразу паўстаў і перабіў усіх Канэскі. Так адбылося дзякуючы народнай прыхільнасці, якой тады карыстаўся род Бэнтывольё, і была яна такая вялікая, што калі пасля смерці Анібале ў Балоньі з яго роду не засталося нікога, хто мог бы кіраваць дзяржавай, гараджане, прачуўшы, што ў Фларэнцыі нібыта ёсць нейкі яго сваяк*, які лічыўся дагэтуль за сына каваля, паслалі па яго і даручылі яму кіраванне горадам. I ён кіраваў Балоньяй, аж пакуль мэсэр Джавані не дасягнуў належнага веку, каб пераняць уладу.
3 гэтага я раблю выснову, што ўладар, да якога народ ставіцца прыхільна, можа не надта непакоіцца наконтзмовы; а вось калі народ ставіцца да яго варожа і з нянавісцю, яму трэба баяцца ўсяго і ўсіх. Добраўпарадкаваныя дзяржавы і мудрыя ўладары ўсімі спосабамі рупяцца не цвяліць знаці і дагаджаць народу, каб ён быў заўжды задаволены, бо гэта адна з найважнейшых задач, якія ляжаць на ўладары.
За нашым часам адным з найлепш упарадкаваных і кіраваных каралеўстваў ёсць Францыя, дзе існуе шмат карысных установаў, якія забяспечваюць і свабоду, і каралеўскую бяспеку, і найпершая сярод іх — парламент з яго паўнамоцтвамі. Заснавальнік
гэтага парадку, ведаючы фанабэрыстасць і нахабства знаці, меркаваў, што кіраваць ёю можна, толькі трымаючы ў цуглях, але з другога боку, ён ведаў і ўсенародную нянавісць да знаці, угрунтаваную на страху, і хацеў засцерагчы і знаць. Але ён не жадаў, каб клопат аб гэтым ляжаў на самім каралі і знаць мела падставу вінаваціць яго ў патуранні народу, а народ — у патуранні знаці, і таму ён увёў трэцюю ўладу, якая, не ўмешваючы караля, стрымлівала б дужых і падтрымлівала б слабых. Лепшага і болей прадуманага парадку уявіць немагчыма, як немагчыма і болей надзейна гарантаваць бяспеку каралю і каралеўству. 3 гэгага можна зрабіць другую важную выснову, і сэнс яе ў тым, што справы, якія могуць выклікаць папрок, уладар павінен ускладаць на іншых, а справы, якія выклікаюць удзячнасць, выконваць сам. I я зноўпадкрэслю: уладару належыць праяўляць павагу да знаці, але й не даваць народу падставаў сябе ненавідзець.
Мабыць, шмат хто, пазнаёміўшыся з жыццём і смерцю некаторых рымскіх імператараў, палічыць, што іх прыклад супярэчыць майму меркаванню, бо многія сярод іх жылі пачэсным жыццём і праяўлялі вялікія духоўныя вартасці, але, тым не менш, былі пазбаўленыя ўлады ці забітыя ў выніку змовы. Каб адказаць на гэтыя пярэчанні, я зараз разгледжу асабістыя якасці некаторых імператараў і пакажу, што прычыны іх краху не адрозніваюцца ад прыведзеных мною; пры гэтым засяроджу ўвагу на тых падзеях, якія кідаюцца ў вочы кожнаму, хто чытае пра справы тых даўніх часоў. Думаю, досыць будзе абмежавацца ўзорамі імператараў, якія змянялі адзін аднаго на троне, пачынаючы ад Марка-філосафа* і канчаючы Максімінам: я маю на ўвазе самога Марка, яго сына Камода*, Пэртынакса*, Юліяна*, Сэвэра*, яго сына Антаніна Каракалу*, Макрына*, Гэльягабала*, Аляксандра* і Максіміна*. I перадусім трэба зазначыць, што калі ў іншых дзяржавах дастаткова стрымліваць фанабэрыстасць знаці і неў-
таймаванасць народа, то рымскія імператары мелі яшчэ й трэцюю цяжкасць, бо ім даводзілася цярпець, апроч таго, жорсткасць і ненаеднасць вайскоўцаў. I было гэта да такой ступені няпроста, што многіх давяло да краху, а ўсё таму, што задаволіць адначасова і вайскоўцаў, і народ — складана, бо народ любіць мір, а значыць, уладароў сціплых, а вайскоўцы любяць уладароў ваяўнічых, якія вызначаюцца дзёрзкасцю, жорсткасцю і прагнасцю. Прычым яны хочуць, каб уладар ставіўся так і да свайго народа, што дазволіла б ім падвоіць заробкі і наталіць сваю ўласную жорсткасць і сквапнасць. У такой сітуацыі імператары, якім не ўдавалася сваім паходжаннем ці ўмельствам унушыць да сябе павагу і ўтрымаць у паслушэнстве і народ, і войска, непазбежна цярпелі крах; і большасць з іх, асабліва тыя, хто ва ўладзе былі людзьмі новымі, прызнаючы, як цяжка задаволіць два гэтыя рознанакіраваныя настроі, схілялася да таго, што дагаджалі вайскоўцам, мала зважаючы, што пры гэтым прыціскаюць народ. Такая пазіцыя была вымушанай, бо калі ўжо ўладар не можа не быць хоць каму-небудзь ненавісным, ён першым чынам абавязаны пастарацца не быць ненавісным большасці, а калі немагчыма і гэта, павінен прыкласці ўсе намаганні, каб з гэтае большасці не быць ненавісным тым, у каго большая сіла. Вось чаму імператары, якія, упершыню прыйшоўшы да ўлады, мелі асаблівую патрэбу ў падтрымцы, заўсёды шукалі прыхільнасці не так у народа, як у войска; але і з гэтага карысць ім была толькі, пакуль яны ўмелі падтрымліваць да сябе пашану сярод вайскоўцаў. I вось чаму з трох імператараў — Марка, Пэртынакса і Аляксандра, якія ўсе ў жыцці былі сціплымі, любілі справядлівасць, не прымалі жорсткасці, праяўлялі гуманізм і добрасардэчнасць, — усе, апроч Марка, сустрэлі сумны канец. Марк адзіны пражыў і памёр у пашане, бо атрымаў імперскую ўладу па праве спадчыны і не быў абавязаны ёю ні народу, ні войску; акрамя таго, валодаючы
шматлікімі вартасцямі, якія ўсім унушалі павагу, ён заўжды, пакуль жыў, трымаў і народ, і вайскоўцаў у адведзеных ім межах і ніколі не выклікаў ні ў каго ні нянавісці, ні пагарды. Што да Пэртынакса, то ён стаў імператарам насуперак волі вайскоўцаў, якія, прызвычаіўшыся пры Камодзе жыць у распусце, не змаглі прыняць пачэснага жыцця, да якога іх змушаў Пэртынакс; таму ён стаў ім ненавісны, а паколькі да нянавісці дадавалася яшчэ і пагарда, выкліканая яго старасцю, то гэта і прывяло яго да пагібелі ўжо ў самым пачатку праўлення.
Тут трэба зазначыць, што добрымі справамі можна наклікаць на сябе нянавісць гэтак сама, як і благімі, а таму, як было ўжо сказана, уладар, каб захаваць уладу, вымушаны часцяком адступаць ад дабра, і калі той слой грамадства, на чыю падтрымку ты разлічваеш, — ці гэта будзе народ, ці жаўнеры, ці знаць, — разбэшчаны, табе давядзецца, каб дагадзіць яму, дзейнічаць адпаведна яго настроям, і тут добрыя справы будуць дрэнным памочнікам. Але пяройдзем да Аляксандра: яго дабрыня была такая, што сярод мноства пахвалаў, якія гучалі на яго адрас, адзначалася і тое, што за чатырнаццаць годяго кіравання ніводзін чалавек не быў пакараны смерцю без належнага суду. Тым не менш, Аляксандр, маючы славу чалавека бязвольнага, які дазваляе маці кіраваць сабою, пачаў выклікаць да сябе пагарду і ў выніку вайсковай змовы быў урэшце забіты.
Калі мы цяпер пяройдзем да імператараў з цалкам адваротнымі якасцямі — Камода, Сэвэра, Антаніна Каракалы і Максіміна, — то ўбачым, што людзі яны былі найлюцейшыя і найсквапнейшыя і, каб дагадзіць жаўнерам, без вагання ішлі на любы ўціск і прыгнёт народа; і ўсе яны, за выключэннем Сэвэра, сустрэлі сумны канец. Што да Сэвэра, то дзякуючы сваім вартасцям ён умеў захоўваць прыхільнасць да сябе войска і, нават нягледзячы на разарэнне народа паборамі, заўсёды імпе-
ратарстваваў удала, а ўсё таму, што яго вартасці выклікалі ў вачах народа і войска такое захапленне, што ўражвалі і асляплялі народ і ўнушалі пачуццё задавальнення і пашаны вайскоўцам. I ў сувязі з такой паспяховасцю яго дзеянняў у якасці новага імператара я хацеў бы каротка на іх спыніцца і паказаць, як ён умеў перакідацца то ў ільва, то ў лісіцу — тых дзвюх жывёлаў, чый характар, як я казаў, павінен умець пераймаць кожны ўладар. Ведаючы няздарнасць імператара Юліяна, Сэвэр пераканаў войскі, на чале якіх стаяў у Славоніі*, што яны зробяць слушна, калі пойдуць у Рым і адпомсцяць за смерць Пэртынакса, забітага прэтарыянскімі гвардзейцамі. Пад гэтаю маркай, не паказваючы свайго намеру ўзысці на трон, ён павёў войска на Рым і ўвайшоў у Італію раней, чым там стала вядома, што ён увогуле ў яе накірунку выступіў. Калі ж ён паявіўся ў Рыме, перапалоханы Сенат абраў яго імператарам, а Юліяна аддалі смерці. Галоўнае было зроблена, але Сэвэру, калі ён хацеўузяць усю ўладу ў імперыі, заставалася адолець яшчэ дзве перашкоды: адну ў Азіі, дзе Нігер*, галава азіяцкага войска, абвясціў сябе імператарам; другую на захадзе, дзе быў Альбін*, які таксама імкнуўся на трон. Размеркаваўшы, што аб’яўляць сябе ворагам адразу абодвух — рэч небяспечная, Сэвэр пастанавіў Нігера атакаваць, а супраць Альбіна дзейнічаць падманам. I ён напісаў Альбіну, што, будучы ўзведзены Сенатам у імператары, хоча падзяліць з ім гэтую годнасць, пасылаў яму тытул Цэзара і запрашаў далучыцца да сябе ў якасці суўладара, што нібыта ўжо зацверджана рашэннем Сената. Альбін прыняў усё гэта за праўду. Але пасля таго, як Нігер быў пераможаны і забіты, а справы на ўсходзе ўладжаныя, Сэвэр, вярнуўшыся ў Рым, падаў у Сенат скаргу, нібыта Альбін мала, што не паставіўся належным чынам да прывілеяў, якія ад яго атрымаў, дык яшчэ й наважваўся яго забіць, і таму ён лічыць неабходным пакараць
яго за такую няўдзячнасць. Пасля гэтага ён рушыўу Францыю, дзе сышоўся з Альбінам і пазбавіў яго жыцця і ўлады.
Паглядзеўшы на Сэвэравы дзеянні ўважліва, мы ўбачым, што ён паводзіў сябе то як хіжы леў, то як хітры ліс; ён кожнаму ўнушаў страх і павагу і пры гэтым ніколі не выклікаў нянавісці ў войску; таму не трэба здзіўляцца, як яму, чалавеку новаму, удавалася так цвёрда трымаць імперскую ўладу: яго высокая слава служыла яму нязменнаю абаронай ад той нянавісці, якую маглі б абудзіць у народзе яго грабежніцкія паборы. Але і яго сын Антанін быў чалавекам з найвыбітнейшымі якасцямі, якія выклікалі зачараванасць у вачах народа і вабілі да яго салдат, бо ён быў і сам чалавекам ваенным, не ведаў стомы, пагарджаў далікатнымі стравамі і не прызнаваў распешчанасці, чым заслужыў любоў у жаўнераў. Тым не менш яго лютасць і зверства былі такія бязмежныя і нечуваныя, што пасля незлічоных штодзённых забойстваў, вынішчэння большай часткі жыхароў Рыма і ўсяго насельніцтва Александрыі яго ўзненавідзеў увесь свет, і нават людзі з бліжэйшага атачэння пачалі баяцца яго да такой ступені, што ўрэшце ён быў забіты адным цэнтурыёнам проста на вачах у сваёй аховы. Трэба заўважыць, што ад такога кшталту забойства, рашэнне якога выспела ў нейчай адчайнай душы, уладар усцерагчыся не можа, бо падобны замах здольны ўчыніць кожны, каго не клапоціць уласная смерць. Але і занадта страшыцца яго не трэба, бо здараецца такое надзвычай рэдка. Трэба проста не крыўдзіць празмерна тых, хто табе ўслугоўвае, і тых, хто цябе атачае ў дзяржаўнай службе, — іначай кажучы, не рабіць таго, што зрабіў Антанін, які, аддаўшы ганебнае смерці брата таго цэнтурыёна і штодня пагражаючы яму самому, тым не менш трымаў яго ў дружыне сваіх целаахоўнікаў, што было безразважным рашэннем і, як пацвердзілі падзеі, не магло не прывесці да яго пагібелі.