Уладар  Нікало Мак’явэлі

Уладар

Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
27.38 МБ
спрыяе, вы ўбачыце, што яна ўяўляе сабой чыстую роўнядзь без валоў і гацяў, а вось калі б загадзя ўмацавала сябе належнымі вартасцямі, як Нямеччына, Гішпанія ці Францыя, дык раўніна тая не перажыла б такіх грандыёзных пературбацый, а, можа, яны не насталі б увогуле. I спадзяюся, сказанага дастаткова, каб акрэсліць тое, што тычыцца супраціўлення лёсу ў цэлым.
Калі ж цяпер перайсці да прыватнасцяў, зазначу, што нярэдка мы бачым, як уладар, які яшчэ сёння квітнее, назаўтра аказваецца зруйнаваны, хоць не відаць, каб нешта змянілася ўягоным характары ці асобныхякасцях. Думаю, гэта вынікае зтых самых прычынаў, якія мы толькі што падрабязна абмеркавалі, іначай кажучы, з таго, што ўладар, які цалкам давяраецца лёсу, церпіць крах, як толькі гэты лёс праяўляе зменлівасць. Думаю таксама, што поспех прыходзіць да таго, хто ўмее ўзгадніць свае дзеянні з павевамі часу, і адпаведна, той, чые дзеянні не адпавядаюць часу, церпіць няўдачу. Бо мы бачым, што людзі, імкнучыся да мэты, якую кожны ставіць перад сабою, напрыклад, да славы і багацця, дзейнічаюць па-рознаму: адзін асцярожна, другі напорыста, адзін груба, другі ўвішна, адзін цярпліва, другі — абсалютна па-іншаму, і пры ўсёй рознасці метадаў кожны можа дабіцца свайго. Разам з тым мы бачым, як з дваіх аднолькава асцярожных адзін дасягае мэты, а другі — не, ці наадварот, абое ў роўнай ступені дабіваюцца поспеху, хоць дбалі пра гэта па-рознаму: адзін — асцярожнасцю, другі — напорам; і вынікае гэта ні з чаго іншага, як з уласцівасцяў часу і таго, стасуюцца ці не стасуюцца з ім дзеянні кожнага. Гэта і тлумачыць, чаму двое часам, дзейнічаючы па-рознаму, эфект маюць той самы, a часам, хоць яны і дзейнічаюць аднолькава, адзін сустракае ўдачу, а другі не. Ад гэтага ж залежыць і пераменлівасць дабрабыту, бо пакуль для таго, хто кіруецца асцярожнасцю і няспешнасцю, час і абставіны складаюцца так, што яго манера кіравання ім
адпавядае, ён будзе жыць у дастатку, але ж калі час і абставіны зменяцца, ён пацерпіць крах, бо не змяніў свайго ладу дзеяння. А чалавека, настолькі прадбачлівага, каб умець прыстасавацца да такіх зменаў, нідзе не знайсці, бо, па-першае, ён проста не можа адступіцца ад закладзенага ў яго прыродай, а па-другое, няздольны пераканаць сябе сысці з дарогі, рухаючыся па якой, заўсёды забяспечваў свой дабрабыт. I таму, калі настае час напорыстых дзеянняў, чалавек асцярожны не ўмее сябе перабудаваць і разараецца, а калі б ён мяняў свой прыродны характар адпаведна часу й абставінам, яго ўдача была б нязменнай.
Папа Юлій II ва ўсіх сваіх справах дзейнічаў з напорам, і час ды абставіны настолькі спрыялі такому яго ладу дзеянняў, што ён заўжды дабіваўся поспеху. Успомніць хоць бы яго першы паход на Балонью, яшчэ за жыццём мэсэра Джавані Бэнтывольё. Венецыянцы глядзелі крыва, гішпанскі кароль таксама, з Францыяй вяліся яшчэ перамовы, тым не менш папа са звычайнай сваёй гарачнасцю і напорам выступіў сам. I гэтае выступленне прымусіла застыць у нерашучасці ўсіх, і венецыянцаў, і гішпанцаў, — першых ад страху, другіх ад таго, што яны марылі аб’яднаць пад сваёй уладай усё Неапалітанскае каралеўства; што да французскага караля, то ён адступіўся таксама, бо, убачыўшы, што папа ўжо рушыў, і жадаючы мець з ім хаўрус, каб аслабіць венецыянцаў, палічыў немагчымым адмовіць яму ў войсках, не нанёсшы яўнай абразы. Такім чынам сваёй напорыстаю выправай Юлій дамогся таго, чаго пры ўсёй чалавечай абачлівасці не дамогся б ніводзін іншы пантыфік, бо калі б ён не выступіўз Рыму, а як усякі іншы галава Касцёла, пачаўчакаць, пакуль усе рашэнні будуць прынятыя і ўсе пытанні ўладжаныя, яму нічога не ўдалося б, таму што французскі кароль знайшоў бы тысячу адгаворак, каб не ўдзельнічаць, а астатнія — тысячу довадаў, каб запалохаць. Я не буду спыняцца на іншых ягоных
дзеяннях, якія былі ўсе такога самага кшталту і ўсе мелі поспех; праз кароткасць знаходжання на папскім пасадзе ён не паспеў паспытаць няўдач, але калі б насталі часы, якія патрабавалі б асцярожнасці ў дзеяннях, гэта немінуча прывяло б да яго згубы, бо ён ніколі не адышоў бы ад таго ладу паводзінаў, да якога меў прыродную схільнасць.
Такім чынам, я раблю выснову, што, паколькі фартуна зменлівая, а чалавек у сваіх паводзінах закасцянелы, шчаслівы ён бывае толькі тады, калі яны стасуюцца між сабою, калі ж паміж імі разлад — тут і шчасцю канец. Пры гэтым я такі мяркую, што лепш быць напорыстым, чым асцярожным, бо фартуна — жанчына, і калі хочаш, каб яна падпарадкавалася, яе трэба біць і пыняць. I як мы бачым, якраз такім яна паддаецца хутчэй, чым тым, хто дзейнічае халодна. Таму таксама яна, як жанчына, заўжды туліцца да маладых, бо ў іх менш асцярожнасці, больш гарачнасці і яны загадваюць ёй з большаю дзёрзкасцю.
Раздзел XXVI
Заклік узяць італію ў свае рукі I ВЫЗВАЛІЦЬ ЯЕ АД ВАРВАРАЎ
Цяпер, калі я пераглядаю ўсё вышэй напісанае і разважаю сам-насам, ці настаў у Італіі час вітаць сёння новага гаспадара і ці ёсць у ёй глеба, якая дазволіць таму, хто надзелены дальнабачнасцю і высокімі вартасцямі, надаць ёй такую форму, якая паслужыць яму на славу і будзе на карысць паспалітаму люду, мне пачынае здавацца, што для новага гаспадара збег абставінаў сёння настолькі спрыяльны, што я не ведаю часу, які быў для гэтага болей прыдатны. I як я пісаў, калі ў даўніну народу Ізраіля неабходна было апынуцца ў егіпецкім рабстве, каб Майсей засведчыў усе свае вартасці, персам — трапіць у прыгнёт да мідзян, каб Кір паказаў сваю душэўную веліч, афінянам — страціць адзінства, каб Тэсей праявіў сваю доблесць, то сёння дзеля таго, каб італьянскі дух раскрыў сваю высокую вартасць, Італія мусіла дайсці да такой крайнасці, што аказалася ў большым рабстве, чым былі габрэі, у большым прыгнёце, чым былі персы, у болыпай раз’яднанасці, чым былі афіняне, і няма ў ёй цяпер ні галавы, ні парадку, яна разбітая, спляжаная, пашматаная, патаптаная і змучаная ўсімі магчымымі бедамі. I хоць нядаўна, здаецца, узнікла іскра, калі можна было палічыць, што вось ён — той, прызначаны Богам дзеля яе вызвалення, але неўзабаве ягоны лёс абарваўся на самай вяршыні яго здзяйсненняў. I зноў Італія, пакінутая на парозе смерці, чакае, калі прыйдзе той, хто зможа загаіць яе раны, пакладзе канец разрабаванню Ламбардыі, вызваліць ад пабораў Неапалітанскае каралеўства і Таскану і вылечыць яе застарэлыя, гнойныя язвы. Мы бачым, як яна моліць Бога паслаць ёй таго, хто вызваліць яе ад лютасці
і бязэцнасці варвараў. Бачым, як гатова яна і згодна стаць пад адзіным сцягам, хай толькі знойдзецца той, хто яго падыме. I не бачым, на каго ў нашыя дні яна можа спадзявацца больш, чым на ваш слаўны род*, які, дзякуючы сваім вартасцям і багаццю, міласцю Бога й Царквы, чый пасад ён сёння займае*, можа стаць на чале гэтага вызвалення. А здзейсніць яго будзе не надта цяжка, калі перад вачыма ў вас будуць жыццё і ўчынкі тых, каго я памянуў. I хоць людзі яны былі рэдкія і незвычайныя, тым не менш яны былі людзі, і абставіны ў кожнага з іх былі не такія спрыяльныя, як цяпер, бо іх справы былі не справядлівейшыя, не лягчэйшыя, і Бог быў да іх не прыхільнейшы, чым да вас. Цяперашняя ж справа найсправядлівейшая: «lustum enim est bellum quibus necessarium, et pia arma ubi nulla nisi in armis spes est»1.1 ўмовы для яе найспрыяльнейшыя, а дзе спрыянне вялікае, там цяжкасці вялікімі быць не могуць, асабліва калі наследаваць тым, каго я прапанаваў у якасці ўзору. Больш за тое, нам былі засведчаныя незвычайныя, небывалыя знакі Божыя: мора расступілася, прамяністы воблак паказаў шлях, скала вывергнула ваду, манна ўпала з неба — усё спалучылася, каб паспрыяць вашай велічы. Цяпер справа за вамі. Бог рабіць усё сам не будзе, бо не хоча забраць у нас свабодную волю і пазбавіць той часткі славы, што нам належыць.
I нічога дзіўнага, калі ніводзін з памянёных мной італьянцаў не зрабіў таго, што, як можна спадзявацца, здзейсніць ваш род, і калі пры столькіх пераваротах у Італіі і пры столькіх ваенных выправах заўжды ўзнікала, што ўсе вайсковыя вартасці ў іх
1 «Бо тая вайна справядлівая, якой нельга пазбегчы, і тая зброя святая, калі ні на што, апроч зброі, надзеі няма». Ціт Лівій, «Гісторыя ад заснавання горада», IX; I.
і страчваюцца. Так выходзіла ад таго, што старыя парадкі былі ўжо ні на што не прыдатныя, а каб знайсці новыя, ніводнага ўмельца не аказалася. А нішто не надае столькі гонару чалавеку, які сам упершыню прыходзіць да ўлады, як увядзенне ім новых законаў і ўсталяванне новых парадкаў. I калі такія новаўвядзенні засведчваюць сваю грунтоўнасць і ў іх адчуваецца веліч, ініцыятара чакаюць пашана і ўсеагульнае захапленне, а Італія якраз уяўляе сабою багаты матэрыял для любых рэформаў. Кожны член яе цела поўны высокімі вартасцямі, ды, на жаль, іх не хапае ў галовах. Зірніце на італьянцаў у двубоях і бойках з невялікай колькасцю ўдзельнікаў, наколькі яны вышэй за іншых у сіле, спрыце, увішнасці. А як толькі даходзіць да вайсковых бітваў, яны самі на сябе не падобныя. I ўсё гэта ідзе ад слабасці военачальнікаў: хто ўмелы, той не паслухмяны, пры гэтым кожны лічыць сябе ўмелым, ды толькі не знаходзіцца нікога, хто сваімі вартасцямі і ўдаласцю ўмеў бы ўзвысіцца над астатнімі так, што ўсе яму саступілі б. У выніку за дваццаць апошніх гадоў ва ўсіх войнах, што адбыліся за гэты час, кожны раз, калі войска цалкам складалася з італьянцаў, яно праяўляла сябе найгоршым чынам. Сведкамі гэтаму былі спачатку Таро, потым Александрыя, Капуя, Генуя, Вайла, Балонья, Мэстры*.
Калі ж ваш слаўны род пажадае наследаваць тым выбітным постацям, якія сталіся ратаўнікамі сваіх айчынаў, то перш за ўсё іншае яму спатрэбіцца ў якасці сапраўднага падмурку ўсякаму пачынанню стварыць сваё ўласнае войска, без якога ён не зможа мець ні адданейшых, ні надзейнейшых, ні лепшых жаўнераў. Але які б добры ні быў кожны з іх паасобку, разам яны стануць яшчэ лепшымі, калі ўбачаць, што на чале войска стаіць уладар, які праяўляе да іх павагу і клопат. Вось чаму неабходна менавіта такое войска, бо толькі яно, увабраўшы ўсю італьянскую доблесць, зможа даць адпор чужаземцу. I хоць швейцарская
і гішпанская пяхоты лічацца грознымі, тым не менш абедзве яны маюць заганы, а значыць, пэўная трэцяя сіла павінна не толькі перад імі ўстояць, але і перамагчы. Гішпанцы, напрыклад, не могуць супрацьстаяць кавалерыі, а швейцарцы адчуваюць страх перад пяхотай, якая, сышоўшыся ў бойцы, адказвае ім іхняй жа ўпартасцю. Так, мы ўжо бачылі (і як падказвае досвед, убачым яшчэ), што гішпанцы не могуць супрацьстаяць французскай конніцы, а швайцарцы могуць быць разбітыя гішпанскай пяхотай. I хоць непасрэдна назіраць апошняе яшчэ не даводзілася, аднак прыкладам можа служыць бітва пад Равэнай*, у якой гішпанская пяхота сышлася з нямецкімі дружынамі, упарадкаванымі на ўзор швейцарскіх: іспанцам тады ўдалося, карыстаючыся цялесным спрытам і прыкрываючыся сваімі шчытамі, пранырнуць пад доўгімі дзідамі і, аказаўшыся недасяжнымі, напасці на немцаў, якія нічым не маглі даць ім рады, і калі б не ўдарыла конніца, іх пасеклі б усіх учыстую. Такім чынам, ведаючы заганы аднаго і другога войска, трэба стварыць новае — такое, якое супрацьстаяла б конніцы і не баялася б пяхоты, а дасягаецца гэта пераўзбраеннем і перабудовай парадкаў. I ўсе такія новаўвядзенні працуюць на веліч і славу новаму ўладару.