Уладар  Нікало Мак’явэлі

Уладар

Нікало Мак’явэлі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 134с.
Мінск 2008
27.38 МБ
Але пяройдзем да Камода, які, будучы сынам і законным спадкаемцам Марка, меў усе магчымасці лёгка ўтрымліваць імперскую ўладу. Яму дастаткова было проста ісці па слядах свайго бацькі, што задаволіла б і народ, і жаўнераў, але, маючы бязлітасны і хіжы характар і жадаючы задаволіць сваю сквапнасць за кошт народа, ён пачаў дагаджаць вайскоўцам, папускаючы ім у распусных забавах, а з іншага боку, не дбаў і пра свой гонар, часта апускаючыся да таго, што біўся на арэне з гладыятарамі, і чынячы іншыя непрыстойнасці, якія мала стасаваліся з імператарскай годнасцю, што ўрэшце прынізіла яго ў вачах жаўнераў. Ненавідны адным і пагарджаны другімі, ён стаў ахвяраю змовы і быў забіты.
Цяпер застаецца разгледзець якасці Максіміна. Чалавекам ён быў у найвышэйшай ступені ваяўнічым, і вайскоўцы, якім надакучыла млявасць згадванага вышэй імператара Аляксандра, забілі яго і ўзвялі на трон Максіміна. Але ўтрымаўся ён пры ўладзе нядоўга, бо выклікаў пагарду і нянавісць па дзвюх прычынах: па-першае, таму што быў вельмі нізкага паходжання і раней пасвіў авечак у Фракіі (што было ўсім вядома і ў вачах кожнага выстаўляла яго нікчэмнасцю), а па-другое, таму што, узяўшы ўладу, безупынку адкладаў свой прыезд у Рым, каб прыняць імперскі пасад, і за гэты час паспеў праславіцца як жорсткі тыран, учыніўшы праз сваіх прэфектаў шмат зверстваў у Рыме і іншых месцах Імперыі. У выніку, калі яго нізкароднасць пачала ўжо абураць усіх, а страх перад ягонымі зверствамі паўсюдна абудзіў нянавісць, першай паўстала Афрыка, потым Сенат з усім рымскім насельніцтвам, і нарэшце да змовы далучылася ўся Італія. Сюды ж трэба дадаць і ягонае войска, якое вяло тады аблогу Аквілеі*: жаўнерам, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі і ніяк не маглі ўзяць горад, ужо апрыкрала Максімінава лютасць, і калі яны ўбачылі, колькі ў імператара ворагаў, то перасталі яго баяцца і самі забілі.
Я не хачу разглядаць тут Гэльягабала, Макрына і Юліяна, якія, будучы поўнымі нікчэмнасцямі, пратрывалі нядоўга. Але, падводзячы рысу развагам, скажу, што сучасныя ўладары маюць у сваім праўленні на адну цяжкасць менш, бо не абавязаныя неяк адмыслова дагаджаць вайскоўцам. Праўда, яны мусяцьтакі мець да іх паважнае стаўленне, але тут лёгка даць рады, бо ніводзін з цяперашніх уладароў не мае нейкіх сталых войскаў, здаўна прывязаных да кіраўнікоў ці ўрадаўтых ці іншых правінцыяў, як гэта было ў Рымскай Імперыі. I калі ў тыя часы больш даводзілася дагаджаць вайскоўцам, а не народу, бо вайскоўцы ўяўлялі большую сілу, то цяпер усе ўладары, за выключэннем турэцкага і егіпецкага султанаў, мусяць дагаджаць больш народу, а не вайскоўцам, бо цяпер большаю сілу ўяўляе народ. Турэцкага султана я выключаю таму, што ён увесь час утрымлівае пад рукой дванаццаць тысяч пехацінцаў і пятнаццаць тысяч коннікаў, ад якіх залежыць бяспека і моц ягонай імперыі, і таму вымушаны, адклаўшы ўбок усе іншыя ўпадабанні, перадусім клапаціцца пра іх прыхільнасць. Падобная сітуацыя і ў Егіпецкім султанаце, дзе ўсё знаходзіцца ў руках вайскоўцаў і султан, не зважаючы, зноў-такі, на народ, вымушаны захоўваць іх прыхільнасць. Але трэба заўважыць і тое, што Султанат адрозніваецца ад усіх іншых дзяржаваў, бо ўлада ў ім падобная да хрысціянскага пантыфікату і не можа лічыцца ні спадчыннаю, ні новай, паколькі не перадаецца ад былога ўладара ягоным сынам, робячы іх гаспадарамі дзяржавы, а ўручаецца таму, каго са свайго кола абірае на гэтую пасаду аўтарытэтны сход. А паколькі гэта старадаўні звычай, то такую ўладу нельга называць і новай, бо яна не звязаная ні з якімі з тых цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца новыя ўладары, і хоць сам уладар там прыходзіць новы, але дзяржаўны лад застаецца стары, і падданыя прымаюць яго, усё адно як бы ён быў уладаром спадчынным.
Але вернемся да асноўнае тэмы. Паразважаўшы над вышэйсказаным, кожны, бадай, убачыць, што галоўнай прычынаю краху згаданых мною імператараў былі нянавісць або пагарда, якія яны выклікалі, і тады кожнаму стане ясна, чаму ў той час як адны з іх дзейнічалі адным чынам, а другія цалкам адваротным, — толькі па адным сярод іх з кожнага боку выпаў шчаслівы лёс, а ўсе астатнія скончылі сумна. I сталася гэтак таму, што Пэртынакс і Аляксандр дарма хацелі прыпадобніцца да Марка — гэта было для іх небяспечна, бо яны былі гаспадарамі новымі, а Марк — спадчынным, і гэтак сама пагібельна для Каракалы, Камода і Максіміна было прыпадабняцца да Сэвэра, бо яны не валодалі дастатковымі вартасцямі, каб ісці па яго слядах. 3 гэтага вынікае, што новаму ўладару ў новай дзяржаве нельга імітаваць дзеянняў Марка, гэтак сама як і няма патрэбы наследаваць дзеянням Сэвэра, але ён павінен узяць ад Сэвэра ўсё патрэбнае, каб усталяваць сваю ўладу, а ад Марка — усё слаўнае і прыдатнае, каб яе захаваць, калі дзяржава ўжо стане стабільнаю і трывалай.
Раздзел XX
Ці ЕСЦЬ КАРЫСЦЬ У КРЭПАСЦЯХ I ШМАТ У ЧЫМ ІНШЫМ, ШТО ЗВЫЧАЙНА РОБЯЦЬ ЎЛАДАРЫ
Дзеля бяспечнага ўтрымання ўлады адны ўладары раззбройвалі сваіх падданых, другія падтрымлівалі паміж рознымі землямі зваду, адны знарок стваралі самі сабе ворагаў, другія стараліся заваяваць прыхільнасць тых, каму напачатку, па прыходзе да ўлады, не давяралі, адны ўзводзілі крэпасці, другія іх разбуралі і нішчылі. I хоць даць дакладную ацэнку ўсім гэтым спосабам немагчыма, пакуль не ведаеш канкрэтных абставінаў у дзяржавах, дзе прымаліся такія рашэнні, я, тым не менш, разгледжу прадмет у тых агульных рысах, у якіх ён сам мне гэта дазволіць.
Па-першае, не было ніколі, каб новы ўладар раззбройваў падданых; хутчэй наадварот, знаходзячы іхбяззбройнымі, ён іх заўсёды ўзбройваў, бо тыя, каго ты ўзброіў, робяцца тваім войскам: хто выклікаў падазронасць — прысягаюць табе на вернасць, хто быў верны — умацоўваюцца ў сваёй вернасці, і такім чынам усе робяцца тваімі прыхільнікамі. I хдць узброіць усіх падданых немагчыма, тым не менш, калі ты, узбройваючы адных, ставіш іх у прывілеяванае становішча, то з астатнімі можаш абыходзіцца з большай бяспекаю: усведамляючы розніцу ўстаўленні, першыя будуць сябе адчуваць перад табой абавязанымі, а другія даруюць, палічыўшы, што так і павінна быць, калі больш заслуг мае той, хто жыве ў большае небяспецы і мае больш абавязкаў. Калі ж ты пачнеш з раззбраення, дык толькі абразіш падданых, паказаўшы, што праз сваю баязлівасць ці падазронасць ставішся да іх з недаверам, а як адно, так і другое спараджае нянавісць. Паколькі ж заставацца бяззбройным ты ўсё адно не зможаш, то будзеш вымушаны звярнуцца да наёмнага войска, а чаго яно 86
вартае, было ўжо вышэй сказана; і нават калі яно будзе добрае, то ўсё адно ім не будзе настолькі, каб абараніць цябе ад магутнага ворага ці ад няверных падданых. Таму, як я казаў, новыя ўладары заўжды стваралі ў новых дзяржавах уласнае войска. Прыкладамі гэтага поўніцца ўся гісторыя. Але ж калі ўладар набывае новую дзяржаву і ў якасці правінцыі далучае яе да старой, то ў новай дзяржаве падданых належыць раззброіць — за выключэннем тых, каторыя пры далучэнні былі тваімі прыхільнікамі, але і іх паступова і пры кожным зручным выпадку трэба пазбаўляць волі і распешчваць, ведучы да таго, каб усе войскі ў тваёй дзяржаве складаліся толькі з тваіх жаўнераў, якія жылі б у межах старых тваіх уладанняў побач з табою.
Нашыя продкі, тыя, каго ўважалі за мудрацоў, мелі прыказку, паводле якой Пістою трэба ўтрымліваць звадамі, а Пізу — крэпасцямі, і ў сувязі з гэтым падсілкоўвалі разыходжанні паміж рознымі падпарадкаванымі ім землямі, каб лягчэй імі валодаць. Можа быць, у той час, калі Італія знаходзілася ў пэўнай раўнавазе, такі метад і быў добрым, але не думаю, што яго можна параіць у якасці рэцэпта сёння, бо не лічу, што раскол увогуле здольны прынесці штось добрае, хутчэй наадварот — калі горад падзелены звадамі, то пры набліжэнні ворага яму наканаванае паражэнне, бо слабейшая партыя заўсёды перакінецца да знешняе сілы, а мацнейшая адна даць рады не зможа.
Думаю, венецыянцы кіраваліся якраз такімі згаданымі мною довадамі, калі, падтрымліваючы ў падпарадкаваных гарадах барацьбу гвэльфаў і гібэлінаў*, хоць і не дапускалі між імі кровапраліцця, але ўвесь час падагравалі іх звады, каб гараджане, занятыя ўнутранай варажнечай, не аб’ядналіся супраць іхсаміх. Але ж, як цяпер бачна, усё павярнулася не так, як яны чакалі, бо адразу пасля разгрому пры Вайле* адна з тых партыяў набралася смеласці і скінула ва ўсіх тых гарадах венецыянскую
ўладу. Азначыць, выкарыстанне такіх метадаў сведчыць пра слабасць уладара, бо ў моцнай дзяржаве падобнае раздзяленне ніколі не будзе дазволенае, паколькі можа даваць карысць хіба толькі ў мірны час, дазваляючы з яго дапамогай прасцей кіраваць падданымі, а як прыходзіць вайна, такая палітыка засведчвае поўную сваю памылковасць.
Несумненна, уладары набываюць веліч, перамагаючы цяжкасці і перашкоды, што чыняцца перад імі, і таму, калі фартуна жадае ўзвялічыць уладара, асабліва новага, якому больш, чым спадчыннаму, трэба здабываць сабе славу, яна ставіць на яго шляху ворагаў, якія строяць супраць яго падкопы, і такім чынам яму даецца падстава ўсіх іх адолець і па прыступках, якія ствараюць яму самі гэтыя ворагі, узняцца яшчэ вышэй. Таму многія лічаць, што мудры ўладар пры зручным выпадку мусіць сам умела падаграваць супраць сябе пэўную варожасць, каб, беручы над ёй зверхнасць, яшчэ больш узвышаць сваю веліч.
Бывае, уладары, асабліва новыя, пераконваюцца, што людзі, якім яны не давяралі на пачатку свайго ўладарання і якіх лічылі падазронымі, аказваюцца больш адданымі і больш карыснымі, чым тыя, што адразу прысягаліся ў вернасці. Пандольфа Пэтруччы*, уладар Сіены, кіраваў сваёю дзяржавай, пакладаючыся больш на тых, каму некалі не давяраў, чым на ўсіх астатніх. Але сфармуляваць нейкія агульныя правілы тут немагчыма, бо ўсё мяняецца ў залежнасці ад абставінаў. Скажу толькі, што заручыцца прыхільнасцю тых, хто напачатку быў ворагам, уладару заўсёды надзвычай лёгка, калі дзеля захавання становішча ім самім неабходна яго падтрымка. I яны будуць служыць яму тым болей аддана, што будуць усведамляць патрэбу сваімі справамі перамяніць негатыўную думку, якая пра іх была склалася. I такім чынам яны будуць заўсёды карыснейшыя ўладару, чым тыя, хто, адчуваючы сябе ў поўнай бяспецы, служыць, не надта рупячыся аб справе.