Уліс
Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
Стань і перакінься словам: можа, пра паховіны. Сумная справа зь бедным Дыгнамам, містэр О’Рорк.
Паварочваючы ў Дорсэт-стрыт, ён бадзёра паздароўкаўся празь дзьверы:
— Добры дзень, містэр О’Рорк.
— Добры дзень і вам.
— Цудоўнае надвор’е, сэр.
— Анягож.
Адкуль у іх грошы бяруцца? Прыяжджаюць рыжымі прыслужнікамі з графства Літрым, палошчуць шклянкі й зьліваюць недапіткі ў пограбе. I раптам, глядзі ды любуйся, ужо квітнеюць, як Адам Фіндлэйтэр або Дэн Тэлан. Улічы яшчэ канкурэнцьпо. Усёагульная смага. Неблагая галаваломка: прайсьці Дублін і не наткнуцца на карчму. Адкласьці няма як. Можа, з п’яных? Паставіць тры, а палічыць за пяць. Ды колькі таго? Шылінг тут,
шылінг там, дробка й яшчэ трошкі. А можа, пры гуртавых заказах? Хітруюць рука ў руку з прыежджымі агентамі гуртавікоў. Абрэжаш у шэфа, а вяршок разьдзелім, згода?
Колькі гэта дало б за месяц на портэры? Скажам, дзесяць барылак напою. Скажам, узяў сабе дзесяць працэнтаў. Або й болей. Пятнаццаць. Ён праходзіў перад народнай школай Сьвятога Язэпа. Вісусава гамэрня. Вокны наросьцеж. Сьвежае паветра дапамагае запамінаць. Або песенькі. Абэвэ гадуе ёйжазэ ікалы монао перастаў уфхаця шчэюя. Гэта хлопцы там? Так, Ініштарк, Інішарк, Інішбофін. Вывучаюць сваю гагаграфію. Маю. Гара Блюма.
Ён спыніўся перад вітрынаю Длугача, разглядваючы маткі падвараных кілбасак, вэнджаных кілбасаў, чорных і сьветлых. Пятнаццаць памножыць на. Лічбы бляклі ў ягонай галаве непадрахаваныя: незадаволены, ён дазволіў ім пацьмянець. Ільсьняныя маткі, панабіваныя мясам, кармілі ягоны пагляд, і ён супакойна ўдыхваў цеплаваты пах зваранай і востра прыпраўленай сьвіной крыві.
Нырка сочыла згусткамі крыві на пасудзіну з узорам у вярбовыя галінкі: апошняя. Ён стаяў каля прылаўка за суседавай служанкай. Возьме яе ці не? Яна купляла паводле сьпісу, што трымала ў руках. Парэпаныя: ад мыцьця з содай. I паўтары хунты кілбасак Дэні. Ягоны позірк спачыў на моцных клубах. Вудс ягонае прозьвішча. Цікава, чым ён займаецца. Жонка ўжо стараватая. Сьвежая кроў. Кавалерам уваход забаронены. Пара дужых рук. Выбівала дыван на вяроўцы. Лупіла ў яго, што трэба. Яе перакрыўленая спадніца пагойдваецца за кожным ударам.
Тхаравокі сьвінамясьнік, адхапіўшы скрутак кілбасак, згартаў іх паплямленымі пальцамі, кілбаскаружовымі. Вось ядранае мяса, як у ялавічкі, адкормленай у аборы.
Ён падняў адзін лісток з нарэзанага стосіку. Узорная гаспадарка ў Кінэрэце, над Тыбэрыядзкім возерам. Можна паставіць ідэальную зімовую санаторыю. Мозэс Монтафіёра, я так і flyMay. Гаспадарскі дом, навокал мур, за смугою пасьвіцца жывёла. Ён адсунуў лісток ад сябе: цікава: пачытаць дакладней, за смугою пасьвіцца жывёла, шамаціць лісток. Маладая белая цялушка. Тыя раніцы на жывёльным рынку: рыкаюць быкі ў загарадзях, значаныя авечкі, паданьне-шлёпаньне памёту, гадоўцы ў падбітых ботах брыдуць па ўгноеным подсьціле, ляпаюць жывёлу па сьпеламясістых агузках, вось першасортная штука, неабадраныя пруткі ў руках. Ён цярпліва трымаў адсунуты лісток, утаймоўваючы пачуцьці й волю, лагодны скораны позірк
застыў у адным пункце. Перакрыўленая спадніца пагойдваецца, а яна луп дый луп.
Сьвінамясьнік выхапіў два лісткі са стосіку, загарнуў першасортныя кілбаскі, скрывіў чырвоны лыч.
— Вось вам, паненка.
Дзёрзка ўсьміхаючыся, яна працягнула яму манэту ў тоўстай жмені.
— Дзякую паненцы. Шылінг і іры пэнсы рэшты. А вам, калі ласка?
Містэр Блюм хутка паказаў. Дагнаць і пайсьці за ёю, калі далёка не адыйдзецца, сьледам за рухавымі кумпякамі. Прыемны абразок з самога ранку. Пасьпяшай, каб цябе халера. Касі каса, пакуль раса. Яна, прыпыніўшыся на сонцы перад крамай, ляніва патэпала направа. Ён уздыхнуў, выпусьціўшы паветра носам: яны ніколі не разумеюць. Парэпаныя ад соды рукі. I закарэлыя пазногці на нагах. Пашкуматаная карычневая валасяніца сьцеражэ подступаў да яе. Джала непавагі запякло яму ў грудзях слабой задаволенасьцю. Іншаму: нейкі паліцыянт пасьля службы ціскаў яе на Эклс-лэйн. Тыя любяць, калі ёсьць за што патрымацца. Першасортная кілбаска. Ох, прашу вас, містэр Паліцыянт, я заблудзілася ў цёмным лесе.
— Тры пэнсы, калі ласка.
Ягоная далонь прыняла вільготную пухкую залозу й сунула яе ў бочную кішэню. Потым дастала з кішэні нагавіцаў тры манэты й паклала іх на гумовую прышчаватую падкладку. Яны леглі, былі тут жа палічаныя й тут жа апушчаныя, адаа за адной, у шуфлядку касы.
— Дзякую, сэр. Да наступнага разу.
Лісіныя вочы падзякавалі яму, бліснуўшы дапытлівым агеньчыкам. Ён, вагнуўшыся на міг, адвёў позірк. He: лепш не: іншым разам.
— Да пабачэньня, — сказаў ён, адыходзячы.
— Да пабачэньня, сэр.
Hi сьледу. Зьнікла. Якая розьніца?
Ён вяртаўся паўз Дорсэт-стрыт, засяроджана чытаючы. Агэндат Нэтаім: плянтатарская суполка. Набыць ад турэцкага ўраду разьлеглыя пясчаныя дзялянкі й абсадзіць эўкаліптавымі дрэвамі. Даюць знакаміты цень, паліва й будаўнічы матэрыял. Апэльсінавыя гаі й неабсяжныя гарбузовыя бахчы на поўнач ад Яфы. Вы плоціце восем марак, і вам засаджваюць дунам зямлі аліўкамі, апэльсінамі, мігдаламі ці лімонамі. Аліўкі таньнейшыя: апэльсінам трэба штучнае паліваньне. Штогод атрымліваеце пасылку з плёнам. Запісваюць вас у кнігу суполкі ў якасьці па-
жыцьцёвага ўласьніка. Можаце заплаціць гатоўкаю дзесяць, a астатняе ў гадавых ратах. Бляйбтройштрасэ, 34, Бэрлін, В. 15.
Нічога ня выйдзе. Але штосьці ў гэтым ёсьць.
Ён паглядаў на жывёлу, засмужаную ў срэбнай сыіякоце. Пасрэбраныя запыленыя аліўкі. Доўгія спакойныя дні: дагляданьне дасьпяваньне. Аліўкі, хіба, кладуць у слоікі, га? У мяне яшчэ трохі засталося ад Эндруса. Молі выплёўвала. Цяпер увайшла ў смак. Апэльсіны ў абгортачнай паперы пакуюць у скрынкі. Цытрусы таксама. Цікава, ці той бедачына Цытрон усё яшчэ жыве на Сэнт-Кэвін-парэйд. I Масьцянскі са старой цытрай. Прыемныя вечарыны мы тады праводзілі. Молі ў плеценым крэсьле Цытрона. Прыемна ўзяць, халодны васковы плод, патрымаць у руцэ, паднесьці да носа, удыхнуць водар. Вось так: цяжкі, салодкі, дзікі водар. Заўсёды такі самы, з года ў год. Ідуць па высокай цане, Мойзэль мне казаў. Арбютэс-плэйс, Плізэнтсстрыт: мілая даўняя часіна. Ён казаў, мусяць быць безь ніводнае хібы. Праходзяць увесь той шлях: Гішпанія, Гібралтар, Міжземнае мора, Левант. Шарэнгі скрынак на прыстані ў Яфе, клерк адкрэсьлівае іх у гросбуху, грузчыкі ў зашмальцаваных паркалёх валочаць. Вунь той як жа яго выходзіць з. Цікава, сустрэну яго сёньня яшчэ раз? Палівачка. Каб наклікаць дождж. Як у небе, так і на зямлі.
Воблака пачало закрываць сонца, паволі, штораз болей, цалкавіта. Шэрае. Далёка.
He, ня так. Бясплодны край, голая пустэльня. Вулканічнае возера, мёртвае мора: бяз рыбы, бяз водарасьцяў, глыбокая западзіна ў зямлі. Вецер не ўскалыхне тых хваляў, мэталічнашэрых, завешаных атрутнай імглою водаў. Назвалі тое ападам сярністага дажджу; гарады на раўніне: Садом, Гамора, Эдом. Усе мёртвыя ймёны. Мёртвае мора ў мёртвай зямлі, сівой і старой. Старой цяпер. Яна нарадзіла найстарэйшае, першапачатковае племя. Згорбленая старая перайшла вуліцу каля Кэсыды, заціскаючы ў кіпцюрох невялікую пляшку. Найстарэйшы народ. Бадзяўся далёка па ўсёй зямлі, зь няволі ў няволю, размнажаўся, паміраў, нараджаўся паўсюды. А яна ляжыць там. Болей ужо ня можа нараджаць. Мёртвая: старэчая: сівая запалая пізда сьвету.
Спустошанасьць.
Сівы жах працяў ягонае цела. Склаўшы лісток і сунуўшы яго ў кішэню, ён павярнуў у Эклс-стрыт, засьпяшаўся дадому. Халодны алей поўз у ягоных жылах, марозячы кроў: гады пакрывалі яго карузлым салоным плашчом. Ну, але цяпер я тут. Хто зранку ўстаў, таму благое ў вачох. Устаў зь левай нагі. Трэба зноў пачынаць практыкаваньні паводле Сэндава. Стойку
на руках. Брудныя бурыя будыніны з цэглы. Нумар восемдзесят далей пустуе. Чаму яно так? Ацэнены ўсяго на дваццаць восем. Таўэрс, Батэрсбі, МакАртур: усе вокны першага паверху пазаклейваныя афішамі. Пляйстар на хворым воку. Удыхнуць цёплую пару з чайніка, дымок з патэльні, шыплівае масла. Пабыць каля яе буйнага, нагрэтага ў пасьцелі, цела. Так, так.
Імклівы сонечны бляск надбягаў ад Барклі-роўд, жвава, у лёгкіх сандалях: ясьнеў ходнік. Бяжыць, яна бяжыць мне насустрач, дзяўчына з залацістымі валасамі на ветры.
Два лісты й паштоўка на падлозе ў сенцах. Ён нахіліўся й падняў. Місіс Мэрыян Блюм. Хуткі рытм ягонага сэрца адразу запаволіўся. Сьмелы почырк. Місіс Мэрыян.
— Польдзі!
Увайшоўшы ў спальню, ён прыплюшчыў вочы й рушыў у цёплых жоўтых поцемках да яе ўскудлачанае галавы.
— Каму лісты?
Ён глянуў на іх. Молінгар. Мілі.
— Ліст мне ад Мілі, — сказаў ён, зважаючы на свой голас, — а табе паштоўка. I яшчэ ліст.
Ён паклаў паштоўку й ліст на саржавую капу каля згібу яе каленяў.
— Табе шторы падняць?
Падцягваючы шторы лёгкімі потузамі, да паловы, ён згледзеў цераз плячо, як яна зірнула на ліст і сунула яго пад падушку.
— Гэтулькі хопіць? — запытаўся ён, адварочваючыся.
Яна чытала паштоўку, прыўзьняўшыся на локцю.
— Пасылку ўжо атрымала, — сказала яна.
Ён чакаў, пакуль яна адклала паштоўку й паволі скруцілася клубком са смачным позяхам.
— Пасьпяшайся з гарбатай, — сказала яна. — А то зусім засохну.
— Чайнік ужо кіпіць, — паведаміў ён.
Аднак ён яшчэ марудзіў, апаражняючы крэсла: паласатая ніжняя спадніца, пакамячаная брудная бялізна: узяўшы ўсё ў ахапак, перанёс у ногі ложка.
Калі зыходзіў па кухоннай лесьвіцы, яна аклікнула:
— Польдзі!
— Што?
— Выпары імбрычак.
Кіпеў напэўна: пара валіла з носіка. Ён выпарыў і спаласнуў імбрычак, засыпаў чатыры поўныя лыжачкі гарбаты й, перахіліўшы чайнік, заліў кіпенем. Адставіўшы заварку нацягнуць, ён зьняў чайнік з агню й, уціснуўшы патэльню ў вугальны жар,
глядзеў, як коўзаецца й распускаецца на ёй кавалак масла. Калі ён адгортваў нырку, прагна мяўкнула каля яго кошка. Даваць ёй зашмат мяса, дык перастане лавіць мышэй. Кажуць, яны не ядуць сьвініны. Кошэр. Бяры. Ён кінуў ёй пакрываўленую абгортку й апусьціў нырку ў распушчанае шыпучае масла. Перцу. Ён узяў дробку з вышчарбленага кілішка для яйка, пацерушыў кругам.
Потым ён расьпячатаў ліст, кінуў вокам па ўсёй бачынцы. Дзякую — новы бэрэт — містэр Коклэн — пікнік над возерам Оўл — малады студэнт — прыморскія красуні Буякі Бойлана.