Уліс  Джэймс Джойс

Уліс

Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
103.69 МБ
аказіі. Вунь сабачы прытулак. Стары бедачына Атос! Будзь добры для Атоса, Леапольдзе, гэта маё апошняе жаданьне. Хай будзе воля твая. Слухаемся іх, калі яны ўжо ў магіле. Перадсьмяротныя каракулі. Узяло яго за сэрца, зьнемагло. Спакойная жывёліна. У старых людзей сабакі наогул такія.
Кропля дажджу крапянула яму на капялюш. Ён падаўся назад і ўбачыў, як шэрыя пліты імгненна пакрыліся рассыпістымі цёмнымі кропкамі. Паасобку. Цікава. Як праз друшляк. Я й думаў, што пойдзе. Памятаю, мае чаравікі парыпвалі.
— Надвор’е мяняецца, — спакойна паведаміў ён.
— Шкада, што так хутка сапсавалася, — адазваўся Марцін Канінгам.
— Для вёскі трэба, — сказаў містэр Паўэр. — Вунь зноўку выходзіць сонца.
Містэр Дэдал, спазіраючы праз акуляры на заслоненае сонца, шпурнуў у неба нямы праклён.
— Няпэўнае, як дзіцячы задзік, — сказаў ён.
— Зноўку едзем.
Тугія карэтныя колы закруціліся зноў, і тулавамі спадарожнікаў лёгка хібанула. Марцін Канінгам пачаў хутчэй пакручваць кончык барады.
— Учора вечарам Том Кэрнан быў калясальны, — сказаў ён. — А Пады Леонард псракрыўляў яго на ягоных вачох.
— О, адмалюй яго, Марцін, — ажывіўся містэр Паўэр. — Зараз, Сайман, пачуеш, як ён сказаў пра ’’Юнага бунтара” ў выкананьні Бэна Доларда.
— Калясальны, — напышліва вымавіў Марцін Канінгам. — У ягоным выкананьні, Марцін, гэтая простая баляда спіалася самым пранікнёным сьпевам, які мне давялося пачуць за ўвесь прасьцяг майго жыцьцёвага досьведу.
— Пранікнёны, — сказаў містэр Паўэр са сьмехам. — Гэта ягонае ўлюбёнае слоўка. I яшчэ — рэтраспэктыўнае ўпарадкаваньне.
— Ці вы чыталі прамову Дэна Доўсана? — спытаўся Марцін Канінгам.
— Я не, — сказаў містэр Дэдал. — А дзе яна?
— У сёньняшняй газэце.
Містэр Блюм выняў газэту з кішэні за пазухай. Тая кніжка, што мушу ёй зьмяніць.
— He, не, — пасьпешна сказаў містэр Дэдал. — Потым, калі ласка.
Позірк містэра Блюма прабегся па крайняй калёнцы, разглядаючы нэкралёгі. Кэлан, Коўлмэн, Дыгнам, Фоўсэт, Лаўэры,
Наўман, Пік, гэта каторы Пік, ня той тып, што працаваў у Кросбі й Эліна? не, Сэкстан, Эрбрайт. Чорныя літары ўжо пачыналі сьцірацца на абшмулянай і пакамячанай паперы. Дзякуй Маленькай Кветачцы. Горкая страта. Зь невыказным смуткам ад ягонай. Ва ўзросьце 88 гадоў пасьля доўгай і пакутлівай хваробы. Памінальная служба на трыццаты дзень. Куінлан. Няхай Салодкі Ісус зьлітуецца над ягонай душой.
Мінуў ужо месяц, як нашую хату Пакінуў Генры і ў небе прабывае. Смуткуе сям ’я ды аплаквае страту, На стрэчу ў нябёсах надзею пірымае.
Канвэрт я парваў? Так. А куды я паклаў ліст, калі перачытаў у лазьні? Ён паляпаў па камізэлечнай кішэні. Тут, як трэба. Пакінуў Генры і ў небе прабывае. Пакуль яшчэ ня вычарпалася мне цярплівасьці.
Народная школа. Лесасклад Міда. Прыстанак рамізьнікаў. Цяпер толькі два. Дзюбаюць носам. Абапітыя, як кляшчы. Чэрапы з амаль адных касьцей. Яшчэ адзін трухам вязе кліента. Гадзіну таму я сюдою праходзіў. Рамізьнікі прыўзьнялі шапкі.
Каля трамвайнага слупа, побач з ваконцам містэра Блюма, неспадзявана выпрасталася сьпіна стрэлачніка. Ці не маглі б вынайсьці што-небудзь аўтаматычнае, каб колы самі значна выгадней? Так, але тады гэты чалавек страціць пасаду? Так, але затое нехта іншы атрымае пасаду, выконваючы тое новае вьшаходзтва?
Канцэртная заля Эншэнт. Сёньня тамака нічога. Чалавек у жарым касьцюме, з крэпам на рукаве. Няшмат смутку у гэтым. Чвэрцьжалоба. Па жончыных, мабыць.
Яны праехалі каля панурай казальніцы касьцёла Сьвятога Марка, пад чыгуначным мостам, каля тэатру Куінс: у маўчаньні. Афішы. Юджын Стрэтан. Місіс Бэндман Палмэр. А ці не пайсьці мне на ”Лію” сёньня вечарам? Я ўжо казаў, што. Або на ’’Лілею Кіларні”? Опэрная трупа Элстэр Граймс. Новы знакаміты спэктакль. Яскравыя афішы на наступны тыдзень, яшчэ вільготныя. ’’Брыстольская пацеха”. Марцін Канінгам мог бы прабіць мне ўваход у Гаеты. Давялося б яму паставіць. Што кій, што палка.
Ён прыйдзе паполудні. Яе песьні.
Капелюшы Плэстава. Мэмарыяльны фантан зь бюстам сэра Філіпа Крэмптана. Хто ён такі?
— Як маецеся? — сказаў Марцін Канінгам, прывітальна падымаючы далонь да чала.
— Ён нас ня бачыць, — сказаў містэр Паўэр. — He, бачыць. Як маецеся?
— Хто? — спытаўся містэр Дэдал.
— Буяка Бойлан, — сказаў містэр Паўэр. — Вунь там, выйшаў праветрыць чуб.
Якраз калі я падумаў.
Містэр Дэдал перахіліўся прывітацца. Зь дзьвярэй ”Рэд Бэнк” бліснуў у адказ белы дыск саламянага капеліоша: праехалі.
Містэр Блюм агледзеў пазногці на сваёй левай руцэ, потым на правай руцэ. Пазногці, так. Што яшчэ такое ў ім яны яна бачыць? Зачараванасьць. Горшага няма ў цэлым Дубліне. Гэтым і жыве. Яны часам вычуваюць, хто які чалавек. Інстынкт. Але такі тып. Mae пазногці. Папросту гляджу на іх: добра дагледжаныя. А потым адна: раздумвае. Цела ўжо спакваля мякчэе. Я б заўважыў з памяці. Гэта таму, як думаю, што скура не пасьпявае сьцягвацца, калі зь цела спадае. Але фігура застаецца. Фігура застаецца далей. Плечы. Клубы. Пульхныя. Вечарам, калі апраналася на танцы. Кашуля завязла між палоўкамі ззаду.
Ен заціснуў рукі між каленямі й, задаволены, абвёў пустым позіркам іхнія твары.
Містэр Паўэр запытаўся:
— Як маюцца справы з канцэртным турнэ, Блюм?
— 0, вельмі добра, — адказаў містэр Блюм. — Спадзяваньне на посьпех вялікае. Гэта неблагая задума, бачыце...
— А самі паедзеце?
— He, я не, — сказаў містэр Блюм. — Мне трэба зьездзіць у графства Клэр дзеля аднае прыватнае справы. Бачыце, задума ў тым, каб аб’ехаць усе галоўныя гарады. Што страціш у адным, можаш падраўняць у іншым.
— Зусім слушна, — сказаў Марцін Канінгам. — Цяпер там Мэры Андэрсан.
— А партнэры ў вас добрыя?
— Турнэ арганізуе ёй Луіс Вэрнэр, — сказаў містэр Блюм. — О так, у нас самыя вяршкі. Дж. К. Дойл і Джон МакКормак, я спадзяюся, што. Фактычна, найлепшыя.
— I Madame, — дадаў містэр Паўэр з усьмешкай. — Апошняя на згадку, але першая па парадку.
Містэр Блюм разьвёў рукі жэстам мяккай ветласьці й зноўку іх сашчапіў. Сміт О’Браен. Хтосьці паклаў букет. Жанчына.
Пэўна, гадавіна сьмерці. Жадаем вам многа шчасьлівых. Аб’яжджаючы статую Фарэла, карэта бязгучна спалучыла іхнія падатлівыя калені.
Ооў: стары ў цёмным рызмане працягваў з ходніка свой тавар: разяўляючы рот: ооў.
— Шнурооўкі, чатыры за пэнса.
Цікава, за што яму забаранілі практыку. Меў сваё бюро на Х’юм-стрыт. У тым самым доме, што Молін цёзка па прозьвішчы. Туіды, каралеўскі адвакат графства Ўотэрфорд. Цыліндар у яго застаўся яшчэ з таго часу. Рэштка колішняй прыстойнасьці. Таксама ў жалобе. Страшэнна падупаў, бедачына! Гоняць яго ў каршэнь, як паршывага сабаку. О’Калахан ледзь цягае ногі.
I Madame. Дваццаць па адзінаццатай. Устала. Місіс Флэмінг прыйшла прыбіраць. Прычэсвае валасы, падпявае: voglio е non vorrei. He: vorrei e non2. Прыглядаецца да кончыкаў валасоў, ці не раздвойваюцца. Mi trema йп росо іі\ Прыгожа ёй выходзіць гэтае tre: жаласьлівы тон. Жаўрук. Дрозд. У слове дрозд чуваць такое.
Ягоныя вочы сьлізганулі па дабрадушным абліччы містэра Паўэра. Сівая скронь. Madame: з усьмешкай. Я адказаў таксама ўсьмешкай. Усьмешка кажа болей. А можа, толькі ад ветлівасьці. Мілы чалавек. Цікава, гэта праўда пра тую ягоную ўтрыманку? Ня надта прыемнае жонцы. Але мне казалі, хто ж гэта, нібыта між імі нічога цялеснага. Можна сабе ўявіць, што тады ўсё хуткавата прыелася б. Так, гэта Крофтан сустрэў яго аднойчы надвячоркам, як ён нёс ёй хунт ялавічыны. Кім жа яна была? Бармэнкай у Джуры? Або ў Мойры, га?
Праехалі пад фігурай Вызвольніка ў шырачэзным плашчы.
Марцін Канінгам падштурхнуў містэра Паўэра.
— 3 Рувімавага калена, — сказаў ён.
Высокая чорнабародая фігура, абапіраючыся на мыліцу, прачыкільгала за рог ”Пад Сланом” Элвэры, паказаўшы ім за сьпінаю выкручаную далонь.
— У поўнай сваёй першабытнай красе, — сказаў містэр Паўэр.
Містэр Дэдал, паглядзеўшы за кульгавай фігурай, лагодна сказаў:
— Хай табе д’ябал скруціць шыю!
2Хацела б і не (італ.).
3Трохі трымціць маё (італ.).
Містэр Паўэр, заліваючыся сьмехам, засланіў твар рукою, калі карэта мінала статую Грэя.
— Усе мы туды траплялі, — агульна сьцьвердзіў Марцін Канінгам.
Ягоныя вочы сустрэліся з вачыма містэра Блюма. Прыгладзіўшы бараду, ён дадаў:
— Ну, амаль усе з нас.
Містэр Блюм загаварыў з раптоўным запалам, узіраючыся ў твары спадарожнікаў.
— Надзвычай добрая гісторыя кружыць пра Рувіма Дж. і ягонага сына.
— Пра лодачніка? — спытаўся містэр Паўэр.
— Так. Ці не надзвычайная?
— А што? — спытаўся містэр Дэдал. — Я ня чуў.
— Там была замяшаная нейкая дзяўчына, — пачаў містэр Блюм, — і ён пастанавіў выслаць яго далей ад ліха на востраў Мэн, але калі яны абодва...
— Што? -— спытаўся містэр Дэдал. — Той халерны недамераны блазьнюк?
— Так, — сказаў містэр Блюм. — Яны абодва ўжо йшлі на параплаў, а той спрабаваў утапі...
— Утапіць Вараву! — усклікнуў містэр Дэдал. — Вось шкада, што ня выйшла!
Містэр Паўэр пырснуў працяглым сьмехам, выпускаючы паветра праз заслоненыя ноздры.
— He, — сказаў містэр Блюм, — гэта сын...
Яго рэзка перабіў Марцін Канінгам.
— Рувім Дж. з сынам ішлі па набярэжнай да параплава на востраў Мэн, і той малады круцель раптам вырваўся й цераз абмуроўку баўтануў проста ў Ліфі.
— Божа мой! — усклікнуў напалоханы містэр Паўэр. — I ўтапіўся?
— Утапіўся! — выкрыкнуў Марцін Канінгам. — Ён то ўтопіцца! Лодачнік яго вылавіў бусаком за штаны й прычаліў зь ім да татулі на набярэжнай. Паўмёртвага ад страху. Паўгораду там сабралося.
— Так, — сказаў містэр Блюм. — Але самае сьмешнае...
— I Рувім Дж., — гаварыў Марцін Канінгам, — падараваў лодачніку флярын за ўратаваньне жыцьця сыну.
Прыглушаны ўздых выйшаў з-пад далоні містэра Паўэра.
— Так, падараваў, — паўтарыў Марцін Канінгам. — Гераічна. Срэбны флярын.
— Ці ж не надзвычайная гісторыя? — з запалам спытаўся містэр Блюм.
— Пераплаціў шылінг і восем пэнсаў, — суха падсумаваў містэр Дэдал.
У карэце ціха выбухнуў здушаны сьмех містэра Паўэра.
Калёна Нэльсана.
— Сьлівы, восем за пэнса! Восем за пэнса!
— Пастараймася прыняць болыл паважны выгляд, — сказаў Марцін Канінгам.
Містэр Дэдал уздыхнуў.
— Праўду кажучы, — сказаў ён, — бедачына Пады не пакрыўдзіўся б за нашы жарты. Ён сам распавёў нямала добрых.