Уліс  Джэймс Джойс

Уліс

Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
103.69 МБ
10Пра памёрлых нічога акрамя раней (лац.).
ўявіць сабе ягоныя паховіны. Як быццам нейкі жарт. Кажуць прачытаеш уласны нэкралёг пажывеш даўжэй. Дае табе другое дыханьне. Новы кантракт на жыцьцё.
— Колькі ў цябе на заўтра? — спытаўся дазорац.
— Два, — адказаў Корні Кэлэхер. — Палова адзінаццатай і адзінаццатая.
Дазорац сунуў паперыны ў кішэню. Возік перастаў каціцца. Жалобнікі, разьдзяліўшыся, асьцярожна прайшлі паміж магіламі й паставалі абапал долу. Далакопы зьнялі труну й паставілі яе носам на ўскрай, працягваючы спадысподу вяроўкі.
Хаваем яго. Мы прыйшлі пахаваць Цэзара. Ягоныя сакавіцкія або чэрвеньскія іды. Ён ня ведае хто тут ні дбае пра гэта.
Bo, а хто ж гэта будзе той цыбаты забрында ў макінтошы? Во, сапраўды хто ён, хацелася б ведаць. Дам грош за тое каб даведацца хто. Заўсёды хто-небудзь падвернецца, хто табе нават ня сьніўся. Чалавек можа ўсё жыцьцё пражыць у адзіноце. Так, можа. Але ўсё-ткі хтосьці яму патрэбны каб яго прысыпаць хоць магілу ён сабе можа выкапаць сам. Мы ўсе гэта робім. Толькі чалавек хавае. He, мурашкі таксама. Першая рэч, што ўсіх уражвае. Пахаваць памёрлых. Кажуць Рабінзон Круза жыў у сапраўднасьці. Тады відаць Пятніца пахаваў яго. Кожная пятніца хавае чацьвер калі на гэта так глядзець.
О бедны Круза Рабінзон!
Як змог пражыць ты той сэзон?
Бедны Дыгнам! Ягонае апошняе зямное ложа ў гэтай скрыні. Калі падумаеш колькі іх усіх здасца табе такім марнатраўствам дрэва. I так сточаць. А можна было б прыдумаць шыкоўны катафалк зь нейкім рухомым спадам каб зь яго ссоўваліся. Ай ды толькі будуць супрацівіцца каб іх не хавалі пасьля іншых. Моцна пераборлівыя. Пакладзеце мяне ў роднай зямлі. Камяк гліны са сьвятой краіны. Толькі маці й мёртванароджанае могуць пахаваць у адной труне. Разумею чаму. Разумею. Каб бараніць яго як мага даўжэй нават у зямлі. Дом ірляндца ягоная труна. Бальзамаваньне ў катакомбах, муміі, сэнс той самы.
Містэр Блюм стаяў наводдаль з капелюшом у руцэ і лічыў аголеныя галовы. Дванаццаць. Я трынаццаты. He. Тып у макінтошы трынаццаты. Лічба сьмерці. Адкуль жа ён выскачыў? У капліцы яго не было, магу прысягнуцца. Дурны забабон з той трынаццаткай.
Прыгожы мяккі іуід у Нэда Лэмбэрта на гарнітуры. Крыху пурпуры. У мяне быў падобны, калі мы жылі на Ломбард-стрыт.
Калісьці быў зь яго фарсун. Мяняў гарнітуры тры разы на дзень. А мой шэры трэба занесьці Мізаесу каб пераніцаваў. Ах во. Ён жа перафарбаваны. Трэба каб ягоная жонка я забыў ён нежанаты каб ягоная гаспадыня павыцягвала яму тыя ніткі.
Труна зьнікала з вачэй, мужчыны апускалі яе, раскірэчыўшыся на надмагільных апорках. Яны выпрасталіся й адступіліся: усе агалілі галовы. Дваццаць.
Паўза.
Калі б усе мы раптам сталіся кімсьці яшчэ.
У далечы закрычаў асёл. На дождж. Ды не такі ўжо асёл. Кажуць, ніколі не пабачыш мёртвага асла. Сорам сьмерці. Хаваюцца. Бедны тата таксама выехаў.
Лёгкі павеў крануў аголеныя галовы лагодным пошапам. Шапатаньне. Хлопец каля ўзгалоўя магілы трымаў вянок аберуч і спакойна ўзіраўся ў адкрытую чорную пройму. Містэр Блюм падыйшоў і стаў за самавітай фігурай дабразычлівага дазорца. Добра скроены фрак. Прыкідвае, пэўна, хто з нас будзе наступны. Што ж, гэта доўгі адпачынак. Нічога не адчуваеш. Адчуваеш толькі сам той момант. Мусіць быць пякельна непрыемны. Спачатку ня можаш паверыць. Мабыць, памылка: кагосьці іншага. Спрабуйце ў доме насупраць. Чакайце, я яшчэ хацеў. Я яшчэ не. Потым зацемнены аддзел сьмяротнікаў. Яны патрабуюць сьвятла. Вакол цябе шэпчуцца. Ці хочаце пабачыцца са сьвятаром? Потым балбатня й няцямнасьць. Трызьніш усё што скрываў усё жыцьцё. Змаганьне са сьмерцю. Сон у яго ненармальны. Адцягнеце ніжнюю павеку. Гладзяць, ці завастрыўся нос, ці адвісла сківіца, ці пажаўцелі падэшвы? Забярэце падушку хай канчаецца на падлозе раз яму наканавана. Д’ябал на той карціне сьмерць грэшніка паказвае яму жанчыну. I ён пры сконе ў адной кашулі намагаецца яе абняць. Апошняя дзея ’’Лючыі”. Ці ўжо ніколі ня ўбачу цябе? Бум! выпусьціў дух. Адыйшоў нарэшце. Людзі крыху пагамоняць пра цябе — забудуць. He забывайце памаліцца за яго. Спамінайце яго ў сваіх малітвах. Нават Парнэла. Дзень Плюшчу адмірае. А потым пойдуць яны: адзін за адным усе апусьцяцца ў яму.
Молімся цяпер за супакой ягонае душы. Спадзяемся, усё як трэба, ты ня ў пекла, а на неба. Прыемная зьмена клімату. 3 патэльні жыцьця ў агонь чысьцілішча.
А ці думае ён калі-колечы пра яму, што яго чакае? Кажуць, пра гэта думаеш тады, калі на сонцы даймуць цябе дрыжыкі. Хтосьці пераступіў церазь яе. Выклікаюць на сцэну. Зараз ты. Мая вунь там, у бок Фінгласу, закупленая дзялянка. Мама бедная мама, і малы Рудзі.
Далакопы наляглі на рыддёўкі, закідваючы труну цяжкімі грудамі гліны. Містэр Блюм адвярнуў галаву. А калі б ён увесь гэты час быў жывы? Брр! Божухна, гэта было б жахліва! He, не: ён мёртвы, безумоўна. Безумоўна мёртвы. Памёр у панядзелак. Павінны ўвесьці нейкі такі закон каб праколваць сэрца дзеля ўпэўненасьці або электрычны гадзіннік ці тэлефон у труне й нейкі брызэнтавы провад на паветра. Сыгнал бяды. Тры дні. Летам крыху задоўга. Таму лепш адразу спускаць у зямлю як толькі ўпэўніліся што не.
Гліна падала цішэй. Пачатак забыцьця. Што з вачэй, тое з сэрца.
Дазорац адыйшоўся пару крокаў і надзеў капялюш. Яму ўжо даволі. Жалобнікі акрыялі духам і адзін за адным неўпрыкмет накрывалі галовы. Містэр Блюм надзеў капялюш і ўбачыў, як мажная постаць спрытна знаходзіць сабе дарогу ў лябірынце магілаў. Спакойна, упэўненым крокам, ён перасякаў змрочныя палеткі.
Хайнс штосьці крамзоліць у нататніку. Ага, прозьвішчы. Ён жа ведае ўсіх. He: падыходзіць да мяне.
— Я запісваю прозьвішчы, — сказаў сьцішаным голасам Хайнс. — Як ваша ймя? Я ня ўпэўнены.
— На эл, — адказаў містэр Блюм. — Леапольд. I можаце яшчэ запісаць МакКоя. Ен мяне прасіў.
— Чарлс? — сказаў Хайнс, запісваючы. — Ведаю. Ён калісьці працаваў у ’’Фрымэне”.
Так, працаваў, перад тым як уладкаваўся ў трупярні ў Луіса Бэрна. Добрая думка пасьмяротная сэкцыя для лекараў. Выявіць тое што ім здаецца яны загадзя ведаюць. Ён памёр на аўторак. Змыўся. Даў драпака з аплатай за пару абвестак. Чарлі, міленькі мой. Таму ён і папрасіў мяне. Ну й добра, нікому не пашкодзіць. Я дагледзеў просьбы, МакКой. Дзякую, стары: вельмі абавязаны. Хай застаецца абавязаны: мне нічога не каштуе.
— А скажэце мне, — сказаў Хайнс, — вы ня ведаеце таго тыпа, што быў у, вунь там стаяў, апрануты ў...
Ён паглянуў навокал.
— Макінтош. Так, я яго бачыў, — сказаў містэр Блюм. — Куды ён падзеўся?
— Макінтош, — паўтарыў Хайнс, крамзолячы. — Ня ведаю, хто ён такі. Гэта ягонае прозьвішча?
Ён пайшоў сабе, разглядаючыся на бакі.
— He, — пачаў містэр Блюм, адварочваючыся спыніць яго. — Ды не, Хайнс!
Ня чуе. Га? Куды ж той прапаў? Hi сьледу. 3 усіх хто. Ці ня бачылі вы? Ка-э-эл ? Стаўся нябачным. Добры Божа, што зь ім сталася?
Сёмы далакоп падыйшоў да містэра Блюма ўзяць рыдлёўку, што ляжала побач.
— О, прабачце!
Ён жвава адступіўся.
Гліна, карычневая й сырая, ужо паказалася ў яме. Падымалася. Амаль упоравень. Курганчык сырых камякоў рос усё вышэй, рос, і далакопы паставілі свае рыдлёўкі. Усе на хвілю зноў агалілі галовы. Хлопец прыставіў свой вянок да рогу, жончын брат паклаў на ўзгорачак. Далакопы надзелі шапкі й панесьлі аблепленыя глінай рыдлёўкі на возік. Злёгку паабівалі вастрыі аб зямлю: ачысьцілі. Адзін нагнуўся й зьняў з тронка доўгі пучок травы. Другі пакінуў сваіх падсобнікаў і паволі пайшоў сабе, узяўшы на плячо сваю зброю з блакітнабліскучым вастрыём. Яшчэ іншы ва ўзгалоўі магілы зьвіваў вяроўкі, на якіх спускалі труну. Ягоная пупавіна. Жончын брат, адвярнуўшыся, паклаў нешта ў ягоную вольную руку. Маўклівая падзяка. Спачуваю, сэр: бяда. Ківок галавою. Разумею. Гэта для вас.
Жалобнікі разыходзіліся паволі, бязмэтна, зьвілістымі сьцяжынамі, час-часам прыпыняючыся прачытаць імёны над магіламі.
— Хадземце кругам, каля магілы правадыра, — сказаў Хайнс. — Маем час.
— Хадземце, — сказаў містэр Паўэр.
Яны павярнулі направа, ідучы за павольнай плыняй сваіх думак. Глухаваты голас містэра Паўэра прамовіў з трымценьнем:
— Людзі кажуць, яго зусім няма ў той магіле. Нібыта труну напоўнілі каменьнем. I што ён яшчэ вернецца.
Хайнс пахітаў галавою.
— Парнэл ня вернецца ніколі, — сказаў ён. — Ён там, прынамсі ўсё тое, што было сьмяротнае ў ім. Супакой ягоным астанкам.
Містэр Блюм ішоў самотна паўз кустоўе між засмучоных анёлаў, крыжоў, абламаных калёнаў, сямейных склепаў, каменных надзеяў, што маліліся з узьнятымі ўгору паглядамі, каля сэрцаў і рук старое Ірляндыі. Разумней было б выдаваць грошы на нешта дабрачыннае для жывых. Малецеся за супакой ягонае душы. А ці хто-небудзь і сапраўды? Прысыпалі яго й расквіталіся зь ім. Спусьцілі як вугаль у склеп. Потым памінаюць усіх гуртам, часу шкада. Дзяды. Дваццаць сёмага буду ля ягонай
магілы. Садоўніку дзесяць шылінгаў. Выполвае пустазельле. Сам ужо старэча. Згорблены крукам, чыкае сваімі нажніцамі. Блізка брамы сьмерці. Адыйшоў. Пакінуў гэты сьвет. Быццам яны па сваёй волі. Далі таўхуна, усім. Журы зь яго выйшлі. Было б цікавей, калі б тут пісалі, кім яны былі. Сякі ды такі, стальмах. Я быў каміваяжор, прадаваў коркскі лінолеум. Я выплачваў па пяць шылінгаў ад фунта. Або жанчына з гаршком. Я тушыла добрую бараніну з бульбай і цыбуляй. Эўлёгія на вясковым могільніку здаецца так называўся той верш Уордсварта або Томаса Кэмпбэла. Падаўся на вечны спачын, як кажуць пратэстанты. А стары доктар Морэн: вялікі лекар паклікаў яго да сябе. Ім гэта Божы палетак. Утулыіая прыгарадная рэзыдэнцыя. Нанава абтынкаваная й памаляваная. Ідэальнае месца, каб спакойна пакурыць і пачытаць ’’Чэрч Таймс”. Абвесткі пра шлюбы ніколі не стараюцца ўпрыгожваць. Заржавелыя вянкі на крыжох, гірлянды з бронзавай бляхі. Лепш аплачваецца за тыя самыя грошы. Хоць жывыя кветкі больш паэтычна. А такое надакучвае, ніколі ня вяне. Нічога не выражае. Сухацьветы.
На галіне таполі незварушна сядзела птушка. Як чучала. Як наш вясельны падарунак ад олдэрмэна Хупэра. Гу! Hi зварухнецца. Ведае, што тут не страляюць з рагатак. Мёртвыя зьвяры яшчэ сумней. Дурніца Мілі хавала мёртвую птушачку ў пачку ад запалак, вянок стакротак і кавалкі парцаляны на магілцы.