Уліс  Джэймс Джойс

Уліс

Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
103.69 МБ
— Гэта што за бардак? — сказаў ён. — Я ж ёй казаў прыйсьці па восьмай.
— Гарбату можам піць і без малака, — сказаў Стывэн. — У шафцы ёсьць лімон.
— А пайшоў ты разам са сваімі парыскімі заквасамі, — адказаў яму Бык Маліган. — Я хачу малака з Сэндыкаву.
Хэйнс, вярнуўшыся ад дзьвярэй, спакойна паведаміў:
— Тая жанчына з малаком якраз надыходзіць.
— Багаславі цябе Госпад! — усклікнуў Бык Маліган, падхапіўшыся з крэсла. — Сядай. Налі сюды гарбаты. Цукар у торбачцы. He магу ўжо больш калупацца ў гэтай праклятай яечні.
Ён замашыста парэзаў смажаніну на паўміску й павышлёпваў яе на тры талеркі, прыгаворваючы:
— In nomine Paths et Filii et Spiritus Sancti5.
Хэйнс сеў i пачаў наліваць гарбаты.
— Кладу кожнаму па два кавалкі, — сказаў ён. — Але ж і моцную ты гарбату заварваеш, Маліган.
Наразаючы хлеб тоўстымі скібкамі, Бык Маліган адазваўся прымільным голасам старой жанчыны:
— Як стану я гарбату варыць, то як завару, казала старая мамуля Гроган. А як стану я ваду спускаць, то як спушчу!
— Дальбог, гэта гарбата, — сказаў Хэйнс.
Бык Маліган не пераставаў наразаць і прымільвацца:
— Гэтак ужо ў мяне павялося, місіс Кахіл, кажа яна. А місіс Кахіл ёй: Авой, пані, гполькі хай вас Бог сьцеражэ рабіць адно й другое ў тую самую пасудзіну.
На кончыку нажа ён паднёс кожнаму зь бяседнікаў па тоўстай скібцы хлеба.
— Гэта фальклёр, — сказаў ён вельмі паважна, — у тваю кніжку, Хэйнс. Пяць радкоў тэксту й дзесяць бачынак зносак пра народ і рыбагоў з Дандраму. Надрукаванае сёстрамі-паркамі ў годзе вялікага ветру.
Ён павярнуўся да Стывэна й, прыўзьняўшы бровы, запытаўся ў яго голасам надга зацікаўленым:
— Можа, прыпомніце, браце, дзе згадваецца пасудзіна мамулі Гроган — у ’’Мабінагіёне” ці ва ўпанішадах?
— Сумняваюся, — паважна адказаў яму Стывэн.
— Праўда? — працягваў Бык Маліган тым самым тонам. — A то чаму, калі ласка?
— Мне здаецца, — сказаў Стывэн, не пакідаючы ежы, — што яна не йснуе ні ў ’’Мабінагіёне”, ні па-за ім. А сама мамуля Гроган, як можна здагадвацца, даводзіцца сваячкай Мэры Эн.
Твар Быка Малігана задаволена заўсміхаўся.
5У ймя Айца й Сына й Сьвятога Духа (лац.).
— Цудоўна, — вымавіў ён манэрным, салодкім галаском, паказваючы белыя зубы й задаволена міргаючы вачыма. — Вы так мяркуеце? Абсалютна цудоўна.
Потым, неспадзявана нахмарыўшы аблічча, ён узяўся заядла рэзаць хлеб, завываючы сіплым рыплівым голасам:
На старую Ганну Мэры He зважае ні халеры, Ды, задзёршы свой прыпол...
Запхнуўшы рот яечняй, ён пачаў жаваць і вуркатаць. Зацямняючы прахон дзьвярэй, увайшла жаночая постаць. — Малако, сэр.
— Заходзьце, пані, — сказаў Маліган. — Кінч, давай збанок. Старая жанчына падыйшла, запыняючыся каля Стывэна.
— Прыгожы ранак, сэр, — сказала яна. — Слава Богу.
— Каму? — зірнуўшы на яе, запытаўся Маліган. — Ах, безумоўна!
Стывэн працягнуў руку за сябе й дастаў з шафкі малочнік.
— Нашы астраўляне, — мімаходзь кінуў Маліган Хэйнсу, — даволі часта згадваюць зьбіральніка крайняе плоці.
— Колькі, сэр? — спыталася старая.
— Адну кварту, — адказаў Стывэн.
Ён назіраў, як яна налівала ў мерку, а адтуль у збанок, тлустае белае малако, не сваё. Старыя паморшчаныя цыцкі. Яна наліла яшчэ адну мерку й дабаўку. Старая й неразгаданая, прыбыла з ранішняга сьвету, быць можа, як вястунка. Наліваючы малако, захвальвала яго. Досьвіткам, на сакавітым поплаве, яна ўжо сядзела на кукішках каля цярплівае каровы, як вядзьмарка на мухаморы, і яе павыкручваныя пальцы рупіліся пры цыркаючым вымі. Мычаньнем вітала яе знаёмую постаць роснашаўковістая жывёла. Бедная старая, краса папасу: імёны, прысвоеныя ёй у даўнюю часіну. Бабулька-вандроўніца, ніжэйшая форма несьмяротных, якая служыць свайму заваёўніку й бестурботнаму спакусьніку, іхняя супольная наложніца, вястунка таямнічай раніцы. Служыць ці папракаць — ён ня ведаў, аднак грэбаваў дабівацца ейнай прыхільнасьці.
— Сапраўды прыгожы, пані, — сказаў Бык Маліган, наліваючы малако ў кубкі.
— Скаштуйце, сэр, — сказала яна.
Ён адпіў глыток, паслухаўшы яе просьбы.
— Калі б мы ўсе жылі на такой здаровай ежы, — зычнавата прамовіў ён да яе, — тады б у нашай краіне не было гэтулькі
гнілых зубоў і гнілых вантробаў. А мы жывем на балоце, марна харчуемся, а нашы вуліцы заваленыя сьмецьцем, конскім памётам і харкавіньнем сухотнікаў.
— А вы не на дохтара вучыцеся, сэр? — спыталася старая.
— Так, пані, — адаазаў Бык Маліган.
Стывэн слухаў у пагардлівым маўчаньні. Яна хіліць старую галаву перад зычным голасам свайго кастаправа, свайго знахара; на мяне не зьвяртае ўвагі. Перад голасам, які яе выспаведае й памажа ў магілу ейныя астанкі, апроч жаночага нячыстага лона, створанага зь цела мужчыны не на боскае падабенства, у здабычу гаду. I перад гэтым зычным голасам, які прымушае яе маўчаць зь няцямнымі разьбеганымі вачмі.
— Вы разумееце, што ён гаворыць? — спытаўся ў яе Стывэн.
— Вы гэта па-француску гаварылі, сэр? — спыталася старая ў Хэйнса.
Хэйнс зьвярнуўся да яе з даўжэйшай прамовай, больш упэўненай.
— Па-ірляндзку, — падказаў Бык Маліган. — Вы па-гаэльску кумекаеце?
— Я й дадумлівалася з гукаў, што гэта па-ірляндзку, — сказала яна. — А вы ня з захаду, сэр?
— Я ангелец, — адказаў Хэйнс.
— Ён ангелец, — сказаў Бык Маліган, — і ён думае, што мы ў Ірляндыі павінны гаварыць па-ірляндзку.
— Вядома, павінны, — пагадзілася старая. — Мне й самой сорамна, што я не гавару на нашай мове. А разумныя людзі кажуць, што гэта вялікая мова.
— Вялікая — замалое слова для яе, — сказаў Бык Маліган. — Яна абсалютна цудоўная. Налі нам яшчэ гарбаты, Кінч. Вып’еце кубак?
— He, дзякую вам, сэр, — сказала старая, насоўваючы на руку дужку бітона й зьбіраючыся йсьці.
— А рахунак маеце? Маліган, трэба было б заплаціць, што ты скажаш?
Стывэн зноў напоўніў кубкі.
— Рахунак, сэр? — запыталася яна, прыпыняючыся. — Ну, гэта будзе сем дзён па паўкварты па два пэнсы значыць сем разоў па два гэта шылінг два пэнсы ды тыя тры дні па кварце па чатыры пэнсы гэта будзе тры кварты значыць шылінг і там шылінг і два разам будзе два й два, сэр.
Бык Маліган уздыхнуў і, паклаўшы ў рот акраец, тоўста пашмараваны з абодвух бакоў маслам, выцягнуў ногі ўперад і пачаў абшукваць кішэні нагавіцаў.
— Заплаці й зрабі прыемную міну, — сказаў яму Хэйнс з усьмешкай.
Стывэн напоўніў трэці кубак, зьлёгку афарбаваўшы лыжачкай гарбаты густое, тлустае малако. Бык Маліган выцягнуў з кішэні флярын, пакруціў яго ў пальцах і выкрыкнуў:
— Цуд!
Ен пасунуў флярын па стале да старой жанчыны, прыгаворваючы:
— Я ўсё аддаў, што даць мог. Ты не прасі ў мяне больш.
Стывэн паклаў манэту ў яе нясквапную руку.
— Будзем вінаватыя два пэнсы, — сказаў ён.
— Няма сьпеху, сэр, — адказала яна, беручы манэту. — Няма сьпеху. Усяго вам добрага, сэр.
Яна пакланілася й выйшла, адпраўленая ў дарогу прачуленым засьпевам Быка Малігана:
— Сэрца маё, я б усклаў
Сьвет ля тваіх любых ног.
Ён павярнуўся да Стывэна й сказаў:
— Сур’ёзна, Дэдал. У мяне з постам. Зьлётай у свой школьны балаган і прынясі нам крыху граша. Сягоньня барды мусяць піць і баляваць. Ірляндыя спадзяецца, што ў гэты дзень кожны выканае свой абавязак.
— Гэта мне нагадвае, — сказаў Хэйнс, — што сёньня я павінен наведацца ў вашу нацыянальную бібліятэку.
— Найперш паплаваем, — сказаў Бык Маліган.
Ён павярнуўся да Стывэна й ветліва запытаўся:
— Ці не сягоньня якраз, Кінч, дзень твайго месячнага абмываньня?
А потым растлумачыў Хэйнсу:
— Гэты нячысты бард займеў правіла мыцца раз на месяц.
— Уся Ірляндыя абмываецца Голфстрымам, — сказаў Стывэн, паліваючы хлеб цурком мёду.
3 кутка, у якім ён нятуга падвязваў шалікам адкрыты каўнер свае тэніскі, прамовіў Хэйнс:
— Я складу зборнік тваіх показак, калі дазволіш.
Сказана да мяне. Мыюцца, ваньняцца, шаруюцца. Джала грэху. Сумленьне. Пляма ўсё яшчэ тут.
— Тое аб расколатым люстэрку пакаёўкі, як сымбалі ірляндзкага мастацтва, гучыць халерна добра.
Бык Маліган, таўхануўшы Стывэна нагой пад сталом, цёплым тонам сказаў:
— Пачакай, Хэйнс, яшчэ пачуеш ад яго пра Гамлета.
— Ды я сур’ёзна, — працягваў Хэйнс, зьвяртаючыся да Стывэна. — Я пра гэтае й думаў, калі ўвайшла тая бедная старая істота.
— Ці зарабіў бы я нешта на гэтым? — пацікавіўся Стывэн.
Хэйнс расьсьмяяўся й, зняўшы мяккі шэры капялюш з крука, на якім быў падвешаны гамак, сказаў:
— Вось гэтага я ня ведаю.
Нясыіешлівым крокам ён рушыў да дзьвярэй. Бык Маліган перагнуўся над сталом да Стывэна й груба, напорыста папракнуў:
— Ты ўлез у справу з капытамі. Навошта ты гэтак сказаў?
— А што? — спытаўся Стывэн. — Заданьне ў тым, як раздабыць грошы. У каго? У яго або ў малочніцы. Я думаю, тут роўныя шанцы.
— Я вярзу яму кучу лухты наконт цябе, — ушчуваў Бык Маліган, — а ты вылазіш са сваім вашывым позіркам спадылба ды панурымі езуіцкімі жарцікамі.
— Я занадта не спадзяюся, — адказаў Стывэн, — ні на яе, ні на яго.
Бык Маліган трагічна ўздыхнуў і паклаў руку Стывэну на плячо.
— Толькі на мяне, Кінч, — сказаў ён.
I неспадзявана зьмененым тонам дадаў:
— Богам і праўдаю сказаўшы, я й сам лічу, што ты маеш рацыю. На якуіо трасцу, акрамя гэтага, яны патрэбны? Чаму ты не разыгрываеш іх, як я? Пайшлі яны ўсе да д’ябла. Трэба нам выбірацца з гэтага балагану.
Ён устаў, паважна расьперазаўся й зьняў свой халат, мовячы пакорлівым голасам:
— Зьдзерлі з Малігана ягоныя строі.
Апаражніўшы кішэні на стол, ён сказаў:
— Вось табе твая смаркатка.
I, надзяваючы пругкі каўнерык ды наравісты гальштук, угаворваў іх і папракаў, а зь імі й зблытаны гадзіньнікавы ланцужок. Ягоныя рукі нырнулі ў куфэрак і шнарылі там, а сам ён голасна патрабаваў сабе чыстую хустачку. Джала грэху. Божа, хопіць толькі апрануцца для свае ролі. Мне трэба бардовыя пальчаткі й зялёныя чаравікі. Супярэчнасьць. Ці я пярэчу сабе? Добра, я пярэчу сабе. Ветралётны Малахі. Зь ягоных гаманлівых рук вылецеў мяккі чорны набой.
— А во твой капялюш у стылі Лацінскага Кварталу, — сказаў ён.
Стывэн падхапіў яго й надзеў на галаву. Ад парога клікнуў іх Хэйнс:
— Калегі, вы не йдзяце?
— Я гатовы, — адказаў Бык Маліган, ідучы да дзьвярэй. — Выходзь, Кінч. Здаецца, ты даеў пасьля нас усё.
Пакорліва й паважна ён пераступіў парог, мовячы ледзь не са смуткам: