Уліс
Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
наклейваў ва ўсіх прыбіральнях. Цяперака ўжо не відаць. Поўная таямніца. Д-р Гай Фрэнкс. He каштавала яму ні шэлега як настаўніку танцаў Маджыні які сам рэклямаваўся. Знайшоў людзей парасклейваць або расклейваў сам употайкі калі забягаў расшпіліць прарэз. Начны рыскун. Месца якраз адпаведнае. ЛЯПЛЮ АБВЕСТКІ БЕЗ ДАЗВОЛУ. ЛЯЧУ ШАНЦЫ БЕЗ УКОЛУ. Нейкі даўжнік добра нашпігаваны пігулкамі.
А калі ён..?
Ох!
Га?
He... He.
He, не. Ня веру. Ён тады б напэўна не?
He, не.
Містэр Блюм рушыў далей, падняўшы свой растрывожаны пагляд. Ня трэба пра гэта думаць. Па першай. На гадзіньніку партовай управы шар унізе. Час па Дансінку. Захапляе тая кніжачка сэра Робэрта Бола. Паралякса. Ніколі дарэшты ня мог уцяміць. А вунь сьвятар. Можна было б запытацца ў яго. Пар гэта грэцкае: паралеля, паралякса. Мне там усіх коз яна сказала пакуль я не растлумачыў ёй пра перасяленьне. Ну й лухта!
Містэр Блюм усміхнуўся Ну й лухта да двух вокнаў партовай управы. Зрэшты, яна мае рацыю. Гэта толькі важныя назовы звыклых рэчаў дзеля гучнасьці. Дасьціпнай яе не назавеш. Бывае й грубіянская. Можа выбаўтаць, што ў мяне на думцы. А ўсё ж я ня ўпэўнены. Вось яна прыдумала, што ў Бэна Доларда голас бас-барылтон. Ногі ў яго як барыліцы, а й сьпявае ён быццам у бочку. Чым жа яно не дасьціпнае? Калісьці далі яму мянушку Біг Бэн. Hi ў палове таго досьціпу, што назваць яго бас-барылтонам. Абжорлівы як альбатрос. Мог умалаціць цэлы ялавічны філей. I ахвотнік на піва Баса ён быў магутны. Барылка Баса. Бачыш? усё пасуе.
Уздоўж вадасьцёкавай канавы паволі рухаўся насустрач яму ланцужок людзей, апранутых у белае, на кожным рэклямная дошка з зыркабарвовымі палоскамі наўскрыж. Распродаж. Падобныя да таго сьвятара сёньня раніцай: істота грэшная скарыся, істота грэшная стрывай. Ён прачытаў барвовыя літары на іхніх пяці высокіх белых капелюшох: Н. Е .L. Y. 'S. Уіздам Хілі. Y, замарудзіўшы ззаду, выцягнуў з-пад свае доіпкі лусту хлеба, сунуў у рот і пачаў жаваць, не спыняючы хады. Наша галоўная страва. Тры шылінгі на дзень, хадзі ўздоўж канаваў, вуліца за вуліцай. Каб скура з касьцей ня зьлезла, хлеб і сёрбанка. Яны не ад Бойла: не: людзі МакГлэйда. Гэтым гандлю не раскруціш. Я яму прапанаваў зашклёную павозку, а ў ёй дзьве шыкоўныя
дзяўчыны пішуць лісты, вакол сшыткі, канвэрты, прамакаткі. Ручаюся, што гэта прыцягнула б увагу. Шыкоўныя дзяўчыны нешта пішуць і гэта адразу кідаецца ў вочы. Кожнаму да сьмерці рупіла б даведацца, што яна там піша. Уталопісься ў нішто й адразу абступае цябе чалавек дваццаць. Сунуць нос. Жанчыны таксама. Цікаўнасьць. Саляны слуп. Зразумела, адмовіўся, бо ня ён першы прыдумаў. Або я яшчэ прапанаваў пляшачку на атрамант з падманлівай плямай з цэлюлёіду. А ў яго ідэі наконт рэклямы ня лепшыя за тую абвестку паштэту Сліві пад нэкралёгамі, аддзел халоднага мяса. Вам ня трэба іх лізаць. Чаго? Нашых канвэртаў. Здароў! Джонс, куды йдзеш? Ня маю часу, Робінсан, бо бягу набыць адзіную надзейную атрамантавую гумку Кансэл, што прадаецца Хілі й С-кай, Дэйм-стрыт, 85. Добра што разьвязаўся з гэтым збродам. Пякельнаю намогай было зьбіраць уплаты ў тых манастырох. Манастыр Транквіла. Там была мілая манашка, сапраўды прыемны твар. Каптур пасаваў да ейнай малой галоўкі. Сястра? Сястра? Я ўпэўнены, што ў яе было нешчасьлівае каханьне, па вачох было відаць. Вельмі няёмка разьлічвацца з такой жанчынай. Тае раніцы я памяшаў ёй у малітвах. Але яна была рада сутыкнуцца з вонкавым сьветам. У нас вялікі дзень, казала. Сьвята Божай Маці Кармэльскай. Таксама прыемная назва: карамэль. Яна ведала, думаю, што ведала, мяркуючы па тым як. Калі б выйшла замуж, зьмянілася б. Здаецца, у іх сапраўды было тугавата з грашмі. Але пры ўсім тым смажылі на найлепшым масьле. Тлушч ім забаронены. Мне робіцца блага паеўшы тлуста. Яны любяць падмасьлівацца знутры й звадворку. Молі яго каштавала, падняўшы вуальку. Сястра? Пэт Клэфі, дачка лямбардніка. Кажуць калючы дрот прыдумала нейкая манашка.
Ён перасек Уэстморлэнд-стрыт, калі побач прашкандыбала S з апострафам. Крама з роварамі ’’Ровэр”. Тыя гонкі сёньня. Колькі з таго часу? У тым годзе, калі памёр Філ Гіліган. Мы жылі на Заходняй Ломбард-стрыт. Чакай, я быў у Тома. Пасаду ў Хілі я атрымаў, калі мы пажаніліся. Шэсьць гадоў. Дзесяць гадоў таму: ён памёр у дзевяностачацьвёртым, так, слушна, вялікі пажар у Арнота. Вэл Дылан тады быў лорд-мэрам. Абед у Глэнкры. Райца Робэрт О’Рэйлі выліў сабе ў крупнік партвэйн пакуль далі сыгнал і давай Боббоб хлябтаць за здароўе свайго нутранога райцы. Заглушыў цэлы аркестар. За тое што мы ўжо дасталі хай Бог нас. Мілі была яшчэ малая. А Молі апранула тую слонавашэрую сукенку з вышытымі жабкамі. Мужчынскага крою, гузікі сама абцягнула. Яна не любіла яе бо я павярэдзіў нагу ў шчыкалатцы калі апранула яе першы раз на пікнік пад
гарой Шугарлаф. Нібыта сукенка вінаватая. Старому Гудвіну папэцкалі цыліндар чымсьці клейкім. Мухам таксама пікнік. Потым яна ўжо не насіла такіх сукенак. Аблягала яе як улітая, і ў плячох і ў клубох. Тады толькі што пачынала паўнець. Таго дня мы елі пірог з трусяцінай. Усе любаваліся ёю.
Шчасьлівыя дні. Болей шчасьлівыя чымсьці цяпер. Утульны пакой з чырвонымі шпалерамі ад Докрэла, шылінг і дзевяць пэнсаў рулён. Купаньне Мілі вечарамі. Я купіў амэрыканскае мыла: бузіновае. Вада ў ванначцы прыемна пахла. Сьмешна выглядала, уся намыленая. I зграбнютка. Цяпер фатаграфія. У беднага таты было атэлье дагератыпаў, ён мне апавядаў. Спадчынная схільнасьць.
Ён ішоў ускраем ходніка.
Струмень жыцьця. Як жа звалі таго тыпа што выглядаў на сьвятара й праходзячы заўсёды касавочыў на нас? Слабыя вочы, жанчына. Наймаў у Цытрона на Сэнт-Кэвін-парэйд. Пэн яксьці там. Пэндэніс? Памяць хібіць. Пэн..? Праўда, колькі гадоў мінула. Ну але калі ён ня мог успомніць як называецца майстар дзённай зьмены якога бачыць штодня.
Тэнар называўся Бартэл д’Арсі, ён толькі што пачынаў. Праводзіў яе дадому з рэпэтыцый. Ганарысты тып з падфарбаванымі вусамі. Даў ёй тую песьню ’’Вятры веюць з поўдня”.
Вятрыска быў тае ночы калі я зайшоў па яе на сход лёжы наконт лятарэйных білетаў пасьля канцэрту Гудвіна ў ратушы ці то ў банкетнай ці то ў дубовай зале. Ён і я ззаду. Лісток зь яе нотамі вырвала ў мяне з рук і шпурнула на агароджу гімназіі. Добра яшчэ што не. Гэткая дробязь можа папсаваць ёй усё ўражаньне ад вечару. Паперадзе прафэсар Гудвін пад руку зь ёю. На хісткіх нагах, горкі выпівоха. Ягоныя разьвітальныя канцэрты. Абсалютна апошні выступ на сцэне. Быць можа на месяц, быць можа назаўжды. Памятаю, як яна сьмяялася на ветры, укрыўшыся ў пастаўлены каўнер. А памятаеш той подзьмух на рагу Харкарт-роўд? Фрруу! Паддзёр усе ейныя спадніцы, боа ледзь не задушыла старога Гудвіна. Але ж і парумянела ад ветру. А памятаеш як вярнуліся дадому, разграблі вугольле ў камінку й падсмажылі ёй на вячэру кавалкі бараніны зь яе ўлюбёным кісла-салодкім сосам. Падагрэлі ром. Ад камінка мне было відаць як яна расшнуроўвае гарсэт у спальні. Белы.
Зь мяккім шэлестам гарсэт упаў на пасьцель. Заўсёды цёплы ад яе цела. А яна заўсёды любіла выблытвацца з яго. Потым сядзела амаль да другой, выймала шпількі з валасоў. Мілі ўхутаная ў сваім ложачку. Шчасьлівы. Шчасьлівы. Тае ночы...
— О, містэр Блюм, як маецеся?
— О, як маецеся, місіс Брын?
— Няварта наракаць. Як там Молі? Век цэлы яе ня бачыла.
— Знакаміта, — весела адказаў містэр Блюм. — A Muri, ведаеце, атрымала пасаду ў Молінгары.
— He кажэце! Гэта ж вялікая справа для яе!
— Так, яна там у аднаго фатографа. Усё йдзе як з маслам. A як там ваіпы гадунцы?
— За стол сілком саджаць ня трэба, — адаазала місіс Брын.
Колькі іх у яе? Поблізу ніводнага.
— Я бачу, вы ў чорным. У вас не...
— He, — сказаў містэр Блюм. — Я якраз вярнуўся з паховінаў.
Увесь дзень будзе ўсплываць, як бачу. Хто памёр, калі й ад чаго? Чапляцца, як злы шэлег.
— Ох, гора ты нашае, — сказала місіс Брын. — Спадзяюся, гэта ня быў блізкі сваяк?
Чаму б ня выклікаць ейнага спачуваньня?
— Дыгнам, — сказаў містэр Блюм. — Мой стары сябра. Бедачына, памёр зусім неспадзявана. Здаецца, сэрца недамагала. Паховіны былі сёньня раніцай.
Паховіны півае назаўтра Пакуль праз жыта шпарка йдзеш, Трамтам тумтум, Трамтам...
— Як сумна траціць старых сяброў, — мэлянхалічна вымавілі жаноцкія вочы місіс Брын.
Ну, цяпер пра гэта досыць. Толькі спакойна: муж.
— А ваш пан і ўладар?
Місіс Брын узьняла свае вялікія вочы на неба. Усё ж яны ў яе яіпчэ засталіся.
— Ах, і слоў шкада, — сказала яна. — Гадзюкі, і тыя павінны яго асьцерагацца. Цяпер ён сядзіць вунь там са сваімі кодэксамі, шукае закон супроць зьняславы. Сэрца мне надарваў. Пачакайце, зараз вам пакажу.
Гарачая пара зь цялячага расолу й дух свежасьпечанай руляды з павідлам плылі з кавярні Гарысана. Ад цяжкога абедняга паху містэра Блюма паказытала ў горле. Каб добра сьпячы, трэба масла, найлепшая мука, цукар з Дэмэрары, інакш з гарачай гарбатай адразу вычуюць. Ці можа гэта ад яе? Басаногі хлапчук-вулічнік стаяў ля кратаў, удыхваючы пахі. Прытупляе кусьлівы голад такім чынам. Гэта яму прыемнасьць ці пакута?
Абед за пэнса. Нож і відэлец прымацаваныя да стала ланцужком.
Адкрывае торбачку, пацёртая скура, шпілька ад капелюша: трэба асьцярожна з такімі рэчамі. Корпаецца. Адкрытая. Грошы. Калі ласка, бяры. Кідаюцца чортам, калі згубяць хоць шасьціпэнсавік. Пякельны скандал. Муж дапікае. Дзе тыя дзесяць шылінгаў, што я табе даў у панядзелак? Корміш братаву сям’ю, ці што? Зацухмоленая хустачка, пляшачка ад лякарства. Упала нешта, таблетка. Што яна там?..
— Цяпер, пэўна, маладзік, — сказала яна. — Тады зь ім заўсёды кепска. Ведаеце, што было сёньня ўночы?
Яе рука перастала корпацца. Вочы глядзелі на яго пільна, расшыраныя трывогай, але з усьмешкай.
— Што? — спытаўся містэр Блюм.
Няхай гаворыць. Глядзі ёй проста ў вочы. Веру табе. Даверся мне.
— Разбудзіў мяне ўночы, — сказала яна. — Яму прымроіўся сон, сонны кашмар.
Нястраў.
— Сказаў, што па лесьвіцы падымаецца пікавы туз.
— Пікавы туз! — зьдзівіўся містэр Блюм.
Яна выняла з торбачкі складзеную надвое паштоўку.
— Прачытайце, — сказала яна. — Ён дастаў яе сёньня зранку.
— Што гэта? — спытаўся містэр Блюм, узяўшы паштоўку. — Пр. др.?