Уліс  Джэймс Джойс

Уліс

Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
103.69 МБ
Потым яна ўставіла зрок на вялікую афішу Марыі Кэндал, чароўнай субрэткі, і, млява адкінуўшыся, пачала крамзоліць у нататніку шаснаццаткі й вялікія эсы. Гарчычныя валасы й падружаваныя шчокі. Ці ж яна прыгожая, га? Тое, як яна задзірае свой ашмотак сукенчыны. Цікава, ці ён сёньня прыйдзе на танцы. Калі б намовіць тую краўчыху, каб мне зрабіла плісаваную спаднічку, як у Сюзі Нэгл. Яны падаюць покатам. Шэнан і ўсе тузы зь яхт-клюбу вачэй зь яе ня зводзілі. Спадзяюся, ён не затрымае мяне тут да сёмай.
Тэлефон рэзка пазваніў у яе каля вуха.
— Алё. Так, сэр. He, сэр. Так, сэр. Пазваню ім па пятай. Толькі гэтыя два, сэр, у Бэлфаст і Лівэрпул. Добра, сэр. Дык я магу йсьці па шостай, калі вы ня вернецеся. Чвэрць па. Так, сэр. Дваццаць сем і шэсьць. Я яму скажу. Так: адзін, сем, шэсьць.
Яна накрэмзала на канвэрце тры лічбы.
— Містэр Бойлан! Алё! Сюды заходзіў і шукаў вас той джэнтльмэн са ’’Спорту”, містэр Лэнэган, так. Сказаў, што a чацьвёртай будзе ў Ормандзе. He, сэр. Так, сэр. Я пазваню ім па пятай.
Два ружовыя твары адвярнуліся ў бляску маленькай паходні.
— Хто там? — спытаўся Нэд Лэмбэрт. — Гэта Кроты?
— Рынгабэла й Кросхэйвэн, — адазваўся голас чалавека, які намацвае прыступку.
— Здароў, Джэк, гэта ты? — сказаў Нэд Лэмбэрт, прывітальна падымаючы сваю гнуткую рэйку пад міготкае скляпеньне. — Хадзі сюды. Зважай на тыя прыступкі.
Запалка ў паднятай руцэ сьвятара дагарэла доўгім лагодным полымем і ўпала. Яе апошняя іскрынка сканала ля іхніх ног; ахінула іх сьпёртае паветра.
— Як цікава! — азваўся ў змроку голас са стараннай вымовай.
— Так, сэр, — ажыўлена падхапіў Нэд Лэмбэрт. — Мы з вамі стаімо ў гістарычнай залі нарадаў абацтва сьвятой Марыі, дзе шаўковісты Томас аб’явіў бунт у 1534 годзе. Гэта самае гістарычнае месца ва ўсім Дубліне. О’Мэдэн Бэрк зьбіраецца ў бліжэйшы час нешта пра яго напісаць. Да вуніі тут разьмяшчаўся стары Ірляндзкі Банк, і першая жыдоўская сьвятыня таксама тут была, пакуль яны не збудавалі сваю сынагогу на Адэлайд-роўд. Джэк, ты тут ніколі раней ня быў, што?
— He, Нэд.
— Ён ехаў па Дэймс-уок, — сказаў голас са стараннай вымовай, — калі мне памяць ня хібіць. Палац Кілдараў стаяў на Томас-корт.
— Так, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Дакладна так, сэр.
— Калі вы будзеце мець ласку, — сказаў сьвятар, — то, магчыма, наступным разам дазволіце мне...
— Безумоўна, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Прыходзьце з фотаапаратам, калі вам захочацца. Я загадаю, каб забралі гэтыя мяхі з вокнаў. Вы можаце здымаць адсюль, або адсюль.
Ён хадзіў у слабым сьвятле, пастукваючы сваёй рэйкай па гурбах мяхоў са збожжам і па адкрытых мясцох на падлозе.
3 выцягнутага аблічча павісьлі над шахматнай дошкай барада й позірк.
— Я вам моцна абавязаны, містэр Лэмбэрт, — сказаў сьвятар. — Ня буду забіраць у вас дарагога часу...
— Заўсёды рады вас тут бачыць, сэр, — сказаў Нэд Лэмбэрт. — Заходзьце, калі вам захочацца. Скажам, на наступным тыдні. Вам відаць?
— Так, так. Да пабачэньня, містэр Лэмбэрт. Прыемна было пазнаёміцца з вамі.
— Мне таксама, сэр, — адказаў Нэд Лэмбэрт.
Ён правёў наведніка да выхаду й там шпурнуў сваю рэйку між калёнаў. Разам з Дж. Дж. О’Молаем яны бязь сьпеху прайшлі ў абацтва сьвятой Марыі, дзе вазакі загружалі на фургоны мяхі з альгаробай і пальмавай мукою для О’Конара, Уэксфард.
Ён стаў прачытаць візытоўку, якую трымаў у руцэ.
— Правялебны Х’ю К. Лаў, Рэткофі. Цяперашні адрас: СэнтМайклс, Солінс. Мілы малады чалавек. Ён мне сказаў, што піша кніжку пра Фіцджэралдаў. Добра падкаваны ў гісторыі, дальбо.
Дзяўчына паволі зьнімала са спадніцы прысталую сьцябліну.
— А я падумаў, што вы плянуеце новую порахавую змову, — сказаў Дж. Дж. О’Молай.
Нэд Лэмбэрт хруснуў пальцамі.
— Божа! — усклікнуў ён. — Я забыўся расказаць яму пра герцага Кілдарскага, пасьля таго як той падпаліў катэдральны сабор у Кэшле. Ведаеш гэтую гісторыю? Халерна мне прыкра, што я гэта зрабіў, кажа ён, але прысягаюся перад Богам, я думаў, што архіяпіскап быў у сярэдзіне. Хоць яму магло б не спадабацца. Што? Божа, усё роўна яму раскажу. Гэта быў вялікі герцаг, Фіцджэралд Мор. Усе яны мелі гарачыя галовы, тыя Джэралдайны.
Коні, каля якіх ён праходзіў, нэрвова турзануліся ў папушчанай вупражы. Ён ляпнуў па стракатым клубе, што ўздрыгваў блізу яго, і крыкнуў:
— Но-о, сынок!
Павярнуўшыся да Дж. Дж. О’Молая, ён запытаўся:
— Ну, Джэк, што там? Які клопат? Пачакай хвілінку. Трымайся.
Разявіўшы рот й моцна адхіліўшы ўзад галаву, ён зьнерухомеў, а потым гучна чыхнуў.
— Ап-чхі! — сказаў ён. — А каб цябе!
— Гэта пыл ад мяхоў, — ветліва заўважыў Дж. Дж. О’Молай.
— He, — выдыхнуў Нэд Лембэрт, — гэта я падхапіў... халодная ноч паза... каб цябе ліха... ноч пазаўчора... і там шалела такая пройма...
Ён падрыхтаваў хустачку для падыходу...
— Я быў... сёньня ранкам... бедны малы... як жа яго звалі... Ап-чхі!.. Матухна нябесная!
Том Рочфард узяў верхні дыск са стосіку, які прыціскаў да свае вішнёвае камізэлькі.
— Бачыце? — сказаў ён. — Дапусьцім, цяпер шосты нумар. Кладу сюды, гляньце. Нумар, Які Йдзе Цяпер.
Ён усунуў для іх дыск у левую шчыліну. Дыск сьлізгануў уніз па жалабку, хвілю якую пакалыхаўся й зьнерухомеў, падміргнуўшы ім: шэсьць.
Юрысты коліпшіх часоў, напышлівыя, у аратарскіх позах, сузіралі, як Рычы Гулдынг прайшоў з падаткавай управы ў цывільны суд з папкай Гулдынга, Коліса і Ўорда, і чулі, як ад
адміральцейскага аддзяленьня каралеўскага суда да апэляцыйнага суда прашамацела падстараватая асоба жаночагу полу зь недаверлівай усьмешкай сваіх устаўных зубоў і ў чорнай шаўковай спадніцы прасторнага памеру.
— Бачыце? — сказаў ён. — Гляньце, апошні, што я ўсунуў, ляжыць там зьверху: Нумары, Якія Закончыліся. Ціск. Рычаг, бачыце?
Ён паказаў ім стосік дыскаў, што нарастаў з правага боку.
— Спрытна прыдумана, — сказаў Насаты Флін, шмыгаючы носам. — Значыць, хто спазьніўся, можа пабачыць, які цяпер нумар і якія ўжо закончыліся.
— Бачыце? — сказаў Том Рочфард.
Ён усунуў дыск для сябе: і назіраў, як ён сасьлізгвае, калышацца, падміргвае, запыняецца: чатыры. Нумар, Які Йдзе Цяпер.
— Я зь ім зараз пабачуся ў ’’Ормандзе” — сказаў Лэнэхан, — і закіну яму слоўка. За добры ўчынак ліхім ня плоцяць.
— Зрабі так, — сказаў Том Рочфард. — Скажы яму, што я буяню ад нецярплівасьці...
— А я йду спаць, — рэзка перабіў ім МакКой. — Калі вы абодва пачынаеце...
Насаты Флін нахіліўся над рычагом, пасопваючы.
— Але як яно тут дзейнічае, Томі? — спытаўся ён.
— Траляля, — сказаў Лэнэхан. — Бывайце пакуль што.
Ён пайшоў за МакКоем цераз малюсенькі квадрацік Кэмптан-корту.
— Ён герой, — сказаў ён папросту.
— Я ведаю, — азваўся МакКой. — Ты гэта пра канал.
— Канал? — сказаў Лэнэхан. — Ды гэта было ў лазе.
Яны мінулі мюзык-хол Дэна Лаўры, дзе з афішы ўсьміхалася ім размаляванай усьмешкай Марыя Кэндал, чароўная субрэтка.
Ідучы ходнікам Сайкмор-стрыт каля мюзык-холу ’’Эмпайр”, Лэнэхан распавёў МакКою, як было з цэлай справай. Адзін з тых лазаў быў нібы халерная газавая труба, і той бедачына завяз у ім, ужо напалову затхнуўшыся ад каналізацыйнага духу. А Том Рочфард адразу, як стаяў у сваіх букмэйкерскіх строях, так і спусьціўся, толькі абвязаўшыся вяроўкай. I хай я скрозь зямлю правалюся, яму нейк удалося абкруціць вяроўкай таго бедачыну, і абодвух выцягнулі наверх.
— Геройскі ўчынак, — сказаў ён.
Перад ’’Дэльфінам” яны спыніліся й прапусьцілі карэтку хуткай дапамогі, якая галёпам памчалася па Джэрвіс-стрыт.
— Сюды, — сказаў ён, кіруючы направа. — Загляну да Лайнама пабачыць уступныя стаўкі на Булаву. Колькі там будзе на тваім залатым з ланцужком?
МакКой зіркнуў у змрочную кантору Маркуса Тэрцыюса Мозэса, потым на гадзіньнік О’Ніла.
— Па трэцяй, — сказаў ён. — А хто джакей?
— 0. Мэдэн, — адказаў Лэнэхан. — А кабылка як агонь.
Стоячы на Тэмпл-бар, МакКой далікатна сьпіхнуў наском бананавую скурку з ходніка ў канаву. Хто-небудзь будзе вяртацца ў поцемках пад мухай, пакаўзьнецца й скруціць шыю.
Брама рэзыдэнцыі адчынілася, даючы праезд кавалькадзе віцэ-караля.
— Адзін да аднаго, — сказаў Лэнэхан, вярнуўшыся. — Я тамака наткнуўся на Бэнтама Лаенса, ён ставіў на нейкую халерную клячу, што яму хтосьці нараіў, аніякага шанцу. Сюдою.
Яны падняліся па прыступках і прайшлі пад Аркадай Гандляроў. Цёмнасьпінная фігура перабірала кніжкі на латку вулічнага гандляра.
— А вунь і ён, — паказаў Лэнэхан.
— Цікава, што ён купляе, — сказаў МакКой, азіраючыся.
— ’’Леапольда, альбо Блюм у крапіве”, — сказаў Лэнэхан.
— Ён зьвіхнуўся на распродажах, — сказаў МакКой. — Днямі мы зь ім ішлі па Ліфі-стрыт, і ён купіў за два шылінгі кніжку ў нейкага старога. Адны гравюры ў ёй вартыя былі ўдвая, зоркі, месяц, камэты з доўгімі хвастамі. Нешта пра астраномію.
Лэнэхан расьсмяяўся.
— Я табе раскажу файную гісторьпо пра хвасты камэтаў, — сказаў ён. — Толькі пяройдзем на сонца.
Яны перайшлі жалезны мост і пайшлі па набярэжнай Уэлінгтана ўздоўж парапэту.
Спадарыч Патрык Алойзіюс Дыгнам выйшаў з крамы Мангана, колішняй Фэрэнбаха, несучы паўтары хунты сьвіных катлетаў.
— Была вялікая гасьціна ў Глэнкры, у калёніі для малалетніх, — ажыўлена пачаў Лэнэхан. — Ведаеш, штогадовы банкет. Парад накрухмаленых кашуляў. Прысутнічаў лорд-мэр, тады ім быў Вэл Дылан, і сэр Чарлз Камэран, Дэн Даўсан сказаў прамову, а потым быў канцэрт. Бартэль д’Арсі сьпяваў, і Бэн Долард...
— Я ведаю, — перабіў МакКой. — Мая там раз сьпявала.
— Сапраўды? — сказаў Лэнэхан.
Картачка Кватэра бяз мэблі зноўку зьявілася на ваконнай раме нумару 7 на Эклс-стрыт.
Ён замоўк, але адразу хрыпата разрагатаўся.
— Ды пачакай, дай мне расказаць, — сказаў ён. — Дэлэхант з Кэмдэн-стрыт забясьпечваў стол, а твой адданы слуга быў за галоўнага падчашага. Быў таксама й Блюм з жонкай. Напіцца паставілі ўдосталь: партвэйн і херэс, і курасо, і ўсяму мы аддалі належнае шанаваньне. Гульнулі шаленавата. Пасьля вадкасьцяў пайшлі цьвёрдыя целы. Халодны філей навалам, і паштэты...
— Я ведаю, — сказаў МакКой. — У тым годзе, калі мая там была...
Лэнэхан сардэчна ўзяў яго пад руку.
— Ды чакай жа, дай мне расказаць, — паўтарыў ён. — Пасьля ўсяе гэтае гасьціны мы яшчэ зьелі паўночны сьняданак, а калі адчалілі, была ўжо шабанаццатая гадзіна тае раніцы, што йдзе пасьля ночы. Дадому вярталіся дзівоснай зімовай ноччу каля гары Фэзэрбэд. Блюм і Крыс Калінан былі на адным баку карэты, а я зь ягонай жонкай — на другім. Мы пачалі сьпяваць прысьпеўкі й дуэты: Вось, ужо першы промень сьвітаньня. А яна добра загрузілася тым дэлахантавым партвэйнам. I кожны раз, як тая халерная калясьніца хібанецца, яна валіцца проста на мяне. Чортава забава! А ў яе ладная парачка, дай ёй Божа здароўя. Во такія.