Уліс  Джэймс Джойс

Уліс

Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
103.69 МБ
Ён выцягнуў на цэлы локаць перад сабой акругленыя далоні, зморшчыў бровы:
— А я ўвесь час падтыкаў пад яе плед і папраўляў ёй боа. Ведаеш, што маю на думцы?
Ягоныя рукі малявалі ў паветры буйныя акругласьці. Ад асалоды ён заплюшчыў вочы, падаўся ўсім целам дапераду й салодка цвыркнуў.
— Карацей, мой малы стаў на зважай, — сказаў ён з уздыхам. — А яна кабыла наравістая, шчырая праўда. А Блюм паказваў Крысу Калінану й возьніку розныя зоркі й камэты на нябёсах: вялікую мядзьведзіцу, і Гэркулеса, і дракона, і ўсю тую іншую драбязу. А я, дальбог, зусім заблудзіўся, так бы мовіць, у млечным шляху. Ён ведае іх усе навылёт, кажу табе. Урэшце яна запрыкмеціла недзе ў чорта на пазадворках такую малую-малюпасенькую. I пытаецца: А вунь тая, Польдзі, што за зорачка? Прыперла Блюма ў катуху, і ня пікнеш. Вунь тая, піак? кажа Крыс Калінан, ды яна ня болей, як малы ўтык іголкі. Ну, тут ён лучыў амаль у самую кропку.
Лэнэхан затрымаўся і ўсьпёрся на парапэт, заходзячыся ціхім сьмехам:
— Я заслаб, — выдыхнуў ён.
Бледны твар МакКоя, заўсьміхаўшыся на міг, прыняў паважны выгляд. Лэнэган рушыў далей. Ён прыўзьняў сваю капітанку й хуткім рухам пачухаў патыліцу. У сонечным бляску ён скоса зірнуў на МакКоя.
— Гэты Блюм — чалавек культурны й бывалы, — сказаў ён сур’ёзна. — Ён ня першы сустрэчны з тых паспалітых... ведаеш... Ёсьць нешта ад мастака ў нашага старога Блюма.
Містэр Блюм ляніва гартаў бачынкі ’’Страшэнных прызнаньняў Марыі Монк”, потым ’’Шэдэўру” Арыстотэля. Кручкаваты разьлезлы шрыфт. Уклейкі: дзеці клубком у крывавачырвоных улоньнях, нагадваюць каровіну пячонку на бойні. Мноства такіх як яны ў гэты момант па ўсім сьвеце. I ўсе штурхаюць галоўкамі каб вылезьці. У кожнай хвіліне недзе нараджаецца дзіця. Місіс Пюрфой.
Ён адклаў абедзьве кніжкі й зірнуў на трэцюю: ’’Аповесьці з гета” Леапольда фон Захер-Мазоха.
— Гэтую я чытаў, — сказаў ён, адсоўваючы яе.
Гандляр кінуў на прылавак два томікі.
— Вось гэта добрая парачка, — сказаў ён.
Цераз прылавак тхнула цыбуляй зь ягонага гнілога рота. Ён нагнуўся, набраў кучу кніжак у ахапак, прыціснуў іх да свае расшпіленае камізэлькі й панёс за брудную заслону.
На мосьце О’Конэла шматлікія асобы маглі ўбачыць паважную паставу й зыркае ўбраньне містэра Дэніса Дж. Маджыні, настаўніка танцаў і інш.
Містэр Блюм, застаўшыся адзін, разгледзеў назвы кніжак: ’’Прыгожыя тыранкі” Джэймса Лоўбэрча. Вядома, якога гэта сорту. Была ў мяне? Так.
Ён разгарнуў кніжку. Так і думаў.
Жаночы голас за бруднай заслонай. Паслухай: Мужчына.
He: ёй такое ня вельмі падабаецца. Калісьці ўжо ёй прыносіў.
Ён прачытаў іншую назву: ’’Слодыч грэху”. Болей у яе гусьце. Пабачма.
Разгарнуўшы дзе папала, ён прачытаў:
— Усе піыя даляры, якія даваў ёй муж, яна выдавала ў крамах на раскошныя сукні й дарагія забаўкі. Дзеля яго! Дзеля Рауля!
Так. Гэта. Тут. Пабач.
— Яе вусны зьліліся зь ягонымі ў пажадлівым апантаным пацалунку, а ягоныя рукі пачалі лашчыць яе буйныя ктталты пад лёгкім дэзабілье.
Так. Бяры. Канец.
— Ты спазьнілася, — вымавіў ён хрыпатым голасам, працінаючы яе падазроным позіркам. Прыгожая жанчына скінула абшыты сабалямі плашч, паказваючы свае пышныя плечы і ўзьнёслыя акругласьці. Няўлоўная ўсьмешка блукала па ідэальных абрысах яе вуснаў, калі яна спакойна павярнулася да яго.
Містэр Блюм прачытаў яшчэ раз: Прыгожая жанчына.
Цеплыня мякка хлынула на яго, зьняможваючы ўсё цела. Цела ў патармошаных строях падатліва ўступае. Бялкі вачэй наліваюцца. Ягоныя ноздры растапырыліся, вынюхваючы здабычу. Вільгаць намашчаных грудзей (дзеля яго! дзеля Рауля!). Цыбульны дух поту пад пахамі. Асьлізласьць рыбінага клею (узьнёслыя акругласьці!). Крануцца! Сьціснуць! Зьмяць! Сярністы памёт ільвоў!
Маладосьць! Маладосьць!
Падстараватая асоба жаночага полу, ужо ня першай маладосьці, выйшла з гмаху суду лорда-канцлера і з судоў каралеўскага, акцызнага й цывільнага, паслухаўшы ў першым справу аб прызнаньні поўнай адсутнасьці памяці ў Потэртана, у адміральцейскім аддзяленьні другога, пры адсутнасьці аднаго з бакоў, справу ўзбуджаную ўласьнікамі ’’Ледзі Кэрнс” супроць уласьнікаў баркі ’’Мона”, і ў апэляцыйным судзе — адтэрмінаваньне справы Харві супроць Акіянскай Страхавальнай Суполкі.
Паветра ў кніжнай крамцы здрыганулася ад макротнага кашлю, які ўскалыхнуў брудную заслону. Высунулася сівая нерасчасаная галава гаспадара зь непаголеным, пачырванелым ад кашлю, тварам. Ён груба адхаркнуў і выплюнуў макроту на падлогу. Потым наступіў на свой плявок ботам, расьцёр падэшвай і пахіліўся, паказваючы голае цемя зь мізэрнымі валаскамі.
Містэр Блюм сузіраў.
Стараючыся авалодаць расхваляваным дыханьнем, ён сказаў:
— Я вазьму вось гэтую.
Прадавец падняў вочы, загноеныя ад устарэлай прастуды.
— ’’Слодыч грэху”, — сказаў ён, паляпваючы па кніжцы. — Добрая рэч.
Службовец ля дзьвярэй аўкцыённай залі Дылана зноў патрос званочкам, двойчы, і агледзеў сябе ў прытрушаным крэйдай люстры на туалетным століку.
Дылі Дэдал, слухаючы на ходніку, пачула гукі званочка й выкрыкі аўкцыянэра ўсярэдзіне. Чатыры й дзевяць. Вось прыгожыя фіранкі. Пяць шылінгаў. Мілыя фіранкі. Новыя каштавалі б дзьве гінэі. Пяць шылінгаў, хто дасьць болей? Ідуць за пяць шылінгаў.
Службовец падняў званочак і патрос ім:
— Дзынь!
Удар гонгу, які абвяшчаў апошняе кола, прышпорыў сапернікаў. У гонках на паўмілі Дж. Э. Джэксан, У. Э. Уайлі, Э. Монра і X. Т. Гахан, хібаючы выцягнутымі шыямі, бралі віраж каля Унівэрсытэцкай бібліятэкі.
Містэр Дэдал, пашчыпваючы доўгі вус, выйшаў з-за рогу Ўільямс-роў. Запыніўся каля свае дачкі.
— Табе ўжо час, — сказала яна.
— Выпрастайся, дзеля любові Госпада Ісуса, — сказаў містэр Дэдал. — Ты перакрыўляеш свайго дзядзьку Джоні, клярнэтыста, з галавою ў плячох? Божа засмучоны!
Дылі паціснула плячыма. Містэр Дэдал, паклаўшы свае далоні на іх, адагнуў іх назад.
— Трымайся проста, дзеўка, — сказаў ён. — Ты дачакаесься крывога хрыбта. Ці ведаеш, як ты выглядаеш?
Ён раптоўна зьвесіў галаву ўніз і дапераду, наставіў плечы гарбом і апусьціў ніжнюю сківіцу.
— Перастань, бацьку, — сказала Дылі. — Людзі на цябе глядзяць.
Містэр Дэдал выпрастаўся й зноў пашчыпаў свой вус.
— Ты дастаў грошы? — запыталася Дылі.
— Адкуль мне дастаць грошы? — сказаў містэр Дэдал. — У Дубліне ніхто не пазычыць мне ні шэлега.
— Ты крыху дастаў, — сказала Дылі, паглядаючы яму ў вочы.
— А ты адкуль ведаеш? — запытаўся містэр Дэдал, хітравата глянуўшы на яе.
Містэр Кэрнан, задаволены атрыманым заказам, сьмела крочыў па Джэймс-стрыт.
— Я ведаю, — сказала Дылі. — Ты цяпер быў у Скоч-хаўзе?
— He, я там ня быў, — сказаў містэр Дэдал з усьмешкай. — Гэта манашкі навучылі цябе такой нахабнасьці? Бяры.
Ён даў ёй шылінг.
— Пабачым, ці зможаш зрабіць зь ім нешта разумнае, — сказаў ён.
— Я думаю, ты дастаў пяць, — сказала Дылі. — Дай мне больш.
— Пачакай, — пагрозьліва прамовіў містэр Дэдал. — Ты што, як і ўсе астатнія, так? 3 часу, як памерла ваша бедная маці, вы сталі зграяй нахабных шчанюкоў. Але ж чакайце! Размова з вамі ў мяне будзе кароткая. Гэта ж разбой у белы дзень! Я ад вас хутка пазбаўлюся. Вам напляваць, калі б я выпруціў ногі. Ён памёр. Той чалавек зь верхняй кватэры памёр.
Ён адвярнуўся й пайшоў ад яе прэч. Дылі хутка дагнала яго й тузанула за плашч.
— Ну, чаго яшчэ? — сказаў ён, запыняючыся.
Службовец пазваніў сваім званочкам у іх за плячыма.
— Дзынь!
— Ядры тваю бразгатлівую душу! — усклікнуў містэр Дэдал, паварочваючыся да яго.
Службовец, ухапіўшы заўвагу, трасянуў звонкім язычком званочка, але слабей:
— Дрынь!
Містэр Дэдал пільна прыгледзеўся да яго.
— Гляньце, — сказаў ён. — Гэта павучальна. Цікава, ці ён дазволіць нам пагутарыць.
— Ты ж дастаў больш, бацьку, — сказала Дылі.
— Я пакажу вам малую штуку, — паабяцаў містэр Дэдал. — Я з вамі ўсімі расквітаюся так, як Ісус расквітаўся з жыдамі. Глядзі, вось усё, што я маю. Я пазычыў два шылінгі ў Джэка Паўэра й выдаў два пэнсы, каб пагаліцца на паховіны.
Ён з раздражненьнем выцягнуў жменю медзякоў.
— А ты ня можаш пашукаць грошай яшчэ дзе-небудзь? — спыталася Дылі.
Містэр Дэдал падумаў і кіўнуў галавою.
— Паспрабую, — сказаў ён з сур’ёзнай мінай. — Я ўжо шукаў на О’Конэл-стрыт уздоўж той канавы. А зараз паспрабую ўздоўж гэтай.
— Ты ўсё жартуеш, — крыва ўсьміхнулася Дылі.
— Бяры, — сказаў містэр Дэдал, даючы ёй два пэнсы. — Купі сабе шклянку малака й булачку ці што-небудзь такое. Я неўзабаве буду дома.
Ён схаваў астатнія манэты ў кішэню й рушыў ісьці.
Кавалькада віцэ-караля выехала з брамы Парку, пачціва вітаная паліцыянтамі.
— Я ўпэўненая, што ў цябе ёсьць яшчэ шылінг, — сказала Дылі.
Службовец зазваніў гучней.
Містэр Дэдал адыходзіў пасярод звону, мармычучы пад нос манежна выпучанымі губамі:
— Манашачкі! Мілыя істоткі! О не, яны нічога ня зробяць! О не, яны сапраўды нічога такога! Няўжо гэта сястрыца Моніка!
Містэр Кэрнан, задаволены заказам, які атрымаў дая фірмы Пулбрука й Робэртсана, сьмела крочыў па Джэймс-стрыт, кіруючы ад сонечнага гадзіньніка да Джэймс-гэйт уздоўж кантораў Шэклтана. Знакаміта разыграў перад ім. Як маецеся, містэр Крымінс? Першаклясна, сэр. Я баяўся, што вы можаце аказацца ў другой вашай установе ў Пімліка. Як ідуць справы? Ідуць паціхутку. Прыгожае маем надвор’е. Так, сапраўды. Для вёскі карысна. A то фэрмэры ўсё наракаюць. Я б выпіў кілішачак вашага дасканалага джыну, містэр Крымінс. Малую порцьпо джыну, сэр. Так, сэр. Які жахлівы выпадак з тым выбухам на ’’Генэрале Слокуме”. Жахлівы, жахлівы! Тысяча ахвяраў. Сэрца крывёй абліваецца. Мужчыны дратавалі нагамі жанчын і дзяцей. Сапраўдная дзікасьць. А што яны кажуць, якая была прычына? Самазапаленьне: выявіліся скандальныя акалічнасьці. He было ніводнае ратавальнае лодкі ў спраўнасьці, і ўсе пажарныя шлянгі былі дзіравыя. Я не магу зразумець аднаго, як гэта інспэктары маглі выпусьціць такі параплаў... Во, цяпер вы гаворыце дарэчы, містэр Крымінс. Ведаеце, чаму? Падхаборылі. Няўжо праўда? Ніякага сумліву. Падумаць толькі. А яшчэ кажуць, іпто Амэрыка — гэта краіна вольных людзей. Я думаў, што толькі ў нас справы дрэнь.
Я ўсьміхнуўся яму. Амэрыка, сказаў я, спакойна, як бы нічога не бывала. А што гэта? Сьмецьце, вымеценае з усіх краінаў, Ha­waii не выключаючы. Ці ж няпраўда? Гэта факт.