• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уліс  Джэймс Джойс

    Уліс

    Джэймс Джойс

    Памер: 403с.
    Беласток 1993
    103.69 МБ
    — Ты ў нас строга непітушчы? — пытае Джо.
    — Паміж дзьвюма чарачкамі ў рот ні кроплі, — кажу.
    — Тады, можа, аддамо шанаваньне аднаму нашаму сябру? — пытае Джо.
    — Якому ж гэта? — кажу. — Ён, можа, ужо ў Божага Джона зьвіхнуўся, бедачына.
    — Ад уласнага трунку? — кажа Джо.
    — Ага, — кажу. — Віскі з содай стукнула па мазгох.
    — Заглянем да Барні Кірнана, — кажа Джо. — Мне трэба пабачыцца з Грамадзянінам.
    — Тады йдзем да міленькага Барні, — кажу. — А што цікавага на сьвеце чуваць?
    — Hi зыку, — кажа Джо. — Я вось быў на сходзе ў ’Тарадзкім Гербе”.
    — А гэта пра што? — кажу.
    — Жывёлагадоўцы наконт яшчуру, — кажа Джо. — Хачу пра гэта сказаць Грамадзяніну пару палкіх слоў.
    I такім чынам, гамонячы пра сёе й тое, абыходзім мы зь ім казармы Лінэнхол і прастуем пазадворкамі каля суда. Неблагі ён чалавек, той Джо, калі у кішэні ў яго пабразгвае, толькі руку дам адсекчы, што такога зь ім ніколі не бывае. Так, а мне з галавы не вылазіў той кляты спрытнюга Гераты. Разбой сярод белага дня. За гандаль безь ліцэнзіі, кажа.
    У Інісфайл чароўнай край ляжыць. Дзівосны край, зямля сьвятога Мічэна. I пасярод яго высіцца вежа, бачная ўсім лю-
    дзям здалёку. Магутныя нябожчыкі там сьпяць, як бы жывыя сном заснуўшы, ваяўнікі і прынцы славы неабсяжнай. I мілыя душы там воды шапаткія, і рыбныя струмені, дзе гулі водзяць пікша й масьлюк, ліманда й палтус, камбала звычайная й дзівотная, плотка, сайда ды ласось, і сярмяжны рыбін люд уперамесь, ды й іншыя насельнікі воднага каралеўства, ліку якіх нікому не зьлічыць. Пад подыхам лагодных вецяркоў з усходу й захаду велічныя дрэвы калышуць першасортную сваю лістоту, духмяная сыкамора, ліванскі кедар, узьнёслы плятан і гойны эўкаліпт, ды іншыя аздобы ляснога сьвету, якімі гэны край надзелены зусім няблага. Там гожыя дзяўчаты, засеўпіы ля падножжа гожых дрэваў, песьні пяюць найпрыгажэйшыя ды забаўляюцца ўсялякімі прыгожымі прадметамі, а ў прыклад, залатымі зьліткамі й срэбнымі рыбкамі, бачуркамі сялёдкі й поўнымі нератамі вугроў, маладымі траскамі й кашолкамі ласосевай малечы, пурпуровымі кляйнотамі мора й свавольнымі казюркамі. I славутыя рыцары з усіх бакоў імчаць да іх у залёты, ад Элбаны да Сліўмаргі, непараўнаныя прынцы зь непераможнага Манстэру й справяддівага Конахту, з шаўковых раўнінаў Лэнстэру, з краіны Круахана й з пыіпнай Армы, і з шляхотнай акругі Бойл, прынцы, сыны каралёў.
    I высіцца там раскошны палац, крыштальны купал якога сьвеціць мараходам, што барозьняць пространі мора ў ладзьдзях, адмыслова дзеля таго змайстраваных, і купіцца там усялякі статак і кормнае быдда і першыя плады тае зямлі, і О’Конэл Фіцсайман бярэ зь іх даніну, важак і нашчадак важакоў. У велічэзных палукашох туды йдзе першы плён палёў, мяхі капусты, простай і каляровай, уежнай і ўлежнай, абярэмкі шпінату, марынаваныя ананасы, дыні, гурбы памідораў, пучкі хвігаў, кучы бручкі, круглая бульба, кошыкі цыбулін, пэрлаў зямлі, кашолкі грыбоў, кабачкі, рэпа, віка, ячмень, і чырвоныя зялёныя жоўтыя карычневыя ружовыя салодкія вялікія кіслыя сьпелыя яблыкі й лубянкі трускавак і рашоты агрэсту, сакавітага й махнатага, і суніцаў, годных прынцаў, і малінаў проста з куста.
    Я яго асьцерагаю, кажа, і яшчэ раз перасьцерагаю. А ну, выйдзі сюды, Гераты, ты закаранелы разбойніку зь вялікай дарогі!
    I туды ж кіруюцца незьлічоныя чароды племянных авечак, і завадзкіх бараноў, і яркаў, і ягнятаў, і шэрых гусей, і маладых бычкоў, і дыхавічных кабылак, і бязрогіх цялятак, мэрыносаў, авечак на мяса, цельных цялушак ад Кафа, забракаваных недамеркаў, сьвінаматак і бэконных сьвіней і самых адборных сьвіней іншых разнародных разнароднасьцяў сьвінога роду, цялушак з графства Энгус і завадзкіх бычочкаў зь бездакорнай
    радаслоўнай, мясных быкоў і ўдойных кароваў-рэкардзістак; і безупынна там чуваць тупат і гыгат, іржаньне й бляяньне, мык і рык, рохканьне, чмяканьне й хрумстаньне сьвіней, авечак і цяжкакапытнага быдла з паплавоў Лашу й Рашу й Карыкмайнсу, з абалонных лугоў Тамонду й недаступных хрыбтоў Мак-Гілікады-Рыкс, зь берагоў велічнага бяздоннага Шэнану й з прыветлівых спадаў паселішча роду Кіяр, вымёны іх набраклі ад малака звышдастатку; і там жа грувасьцяцца бачуркі й кадушкі масла, клінкі сыру, баранія сьцягнякі, корабы збожжа, сотні й тысячы яек, усялякіх памераў і на доўгасьць прадоўжных, колеру агату й крэйды.
    Значыць, завярнулі мы да Барні Кірнана, і там, як і належыцца, у куце сядзіць Грамадзянін у важнай дыскусіі з самім сабою, а той ягоны паршывы сабачыска, Гарыоўн, пры ім, і чакаюць, калі й што перападзе ім у сухое горла.
    — Вось ён, — кажу, — разваліўся як мядзьведзь у бярлозе, зь неразлучным кухлем над кучай папераў, і шчыруе дзеля вялікае справы.
    Тут непрыкаяны брахуніска як загырчыць, ажно мурашы па скуры забегалі. Было б дабрадзействам для грамадзтва, калі б хто яго ўзяў і нарэшце прыдупіыў. Мне апавядалі, што тут ён аднаго разу пашкуматаў на шматачкі порткі паліцыянту, які прыйшоў з позвай наконт ліцэнзіі.
    — Стой, хто йдзе? — гукае ён.
    — Спакойна, Грамадзянін, — кажа Джо. — Тут свае.
    — Праходзьце, сябры, — кажа ён.
    I потым трэ вока даланёй і пытае:
    — Што вы мяркуеце пра абставіны цяперашняга часу?
    Гуляе ў такога Роры з гор. Але тут, каб я сеў, Джо аказаўся на вышыні.
    — Я думаю, акцыі падымаюцца, — кажа ён, гладзячы па разрэзе сваіх порткаў.
    А Грамадзянін ляпае сябе па калені й мовіць:
    — Чужыя войны, вось усяму прычына.
    А Джо на гэта, калупаючы пальцам у кішэні:
    — Усё тыя расейцы, што прагнуць тыраніі.
    — Слухай, — кажу яму я, — ты ўжо кінь тут балбатаць, Джо. У мяне смага такая, што за паўкроны не прадаў бы.
    — Назаві марку, Грамадзянін, — кажа Джо.
    — Віно нашай айчыны, — кажа той.
    — Ну, а ты? — Джо да мяне.
    — Далучаюся да вышэй памянёнага, — кажу.
    — Значыць, тры квартачкі, Тэры, — кажа Джо. — А як старое сэрцайка, Грамадзянін?
    — У найлепшым стане, a chara1, — кажа той. — Ну як, Гары? Наша возьме? Га?
    I хапае тое старое сабарно за карак, ды так, што яшчэ трошкі, і журы зь яго выйшлі б.
    Фігура, што сядзела на велічэзным валуне ў падножжа круглай вежы, уяўляла сабою шыракаплечага стромкагрудага моцначленнага сьмелавокага рыжавалосага густарабаціністага калматабародага вялікаротага шыраканосага доўгагаловага нізкагалосага голакаленнага магутнарукага валасатаногага барвоватварага жылістамускулістага героя. У плячох ён мерыў колькі добрых сажііяў, а калені ягоныя, падобныя дзьвюм скалістым кручам, як і ўсё астатняе цела, бачнае воку, пакрытыя былі калючым рыжаватым зарасьнікам, які колерам і пругкасьцю нагадваў дзікі цёран (Ulex Europeus). Ноздры з шырэннымі крыламі, адкуль вытыркалі пучкі валасоў таго ж рыжаватага колеру, былі нагэтулькі ўмяшчальнымі, што ў іхнім пячорным змроку палявы жаваранак бяз цяжкасьці зьвіў бы сабе гняздо. Вочы, у якіх сьляза з усьмешкай вечна спрачаліся за першынство, дасягалі памеру адборнага качана капусты. Магутны струмень гарачага духу мерна вырываўся зь ягоных бяздонных грудзей, і гэтак жа разьмераныя магутныя гулкія ўдары ягонага велізарнага сэрца раскатамі ўстрасалі грунт, прымушаючы ўздрыгваць па самую вяршыню высозную вежу, і яшчэ болып высозныя сьцены пячоры.
    На ім была доўгая шата без рукавоў, са скуры толькі што асьвежаванага быка, якая свабодна спадала яму да каленяў, быццам кільт, і была перахопленая ў поясе апярэзкай, сплеценай са сьцёблаў трысьнягу й саломы. Пад гэтай шатай ён меў порткі з аленевай скуры, груба сшытыя жыламі. Споднія члены ахоўвалі высокія балбрыганскія гетры, фарбаваныя пурпуровым лішайнікам, а ступні былі абутыя ў дублёнкі з каровінай скуры, зашнураваныя дыхаўкай тае ж жывёлы. На падпярэзцы віселі морскія каменьчыкі, якія пабразгвяпі пры кожным поруху ягонай велічнай постаці; на іх груба, але з паражальным майстэрствам былі выразаныя выявы кланавых апекуноў, шматлікіх старажытных герояў і гераіняў Ірляндыі: Кухуліна, Кона Ста Бітваў, Найла Ад Дзевяці Заложнікаў, Браена Кінкорскага, Малахіі Вялікага, Арта МакМора, Шэйна О’Ніла, айца Джона Мэрфі, Оўэна Рова, Патрыка Сарсфілда, Рыжага Х’ю О’Донэла,
    'Мойдружа (ірлян.).
    Рыжага Джыма МакДэрмата, Согарта Оўэна ОТроні, Майкла Дваера, Фрэнсі Хігінса, Генры Джоя МакКрэкэна, Галіята, Гарацыё Ўітлі, Томаса Конэфа, Пэг Уофінгтан, Вясковага Каваля, Начнога Капітана, Капітана Бойката, Дантэ Алігіеры, Хрыстафора Калюмба, сьв. Фурсы, сьв. Брэндана, маршала МакМагана, Карла Вялікага, Тэабалда Вулфа Тона, Мацеры Макавеяў, Апошняга з Магіканаў, Ружы Кастыліі, Сапраўднага Голуэйца, Чалавека Які Разьбіў Банк у Монтэ-Карла, Абаронцы Варотаў, Жанчыны Якая He, Бэнджаміна Франкліна, Напалеона Банапарта, Джона Л. Салівэна, Клеапатры, Вернай Каханай, Юлія Цэзара, Парацэльса, сэра Томаса Ліптана, Вільгэльма Тэля, Мікэлянджэла Хэйса, Магамэта, Ламэрмурскай Нарачонай, Пётры Эрэміты, Пётры Ашуканца, Чарнявай Разалін, Патрыка В. Шэкспіра, Браена Канфуцыя, Морта Гутэнбэрга, Патрыцыя Вэляскэса, Капітана Нэма, Трыстана й Ізольды, першага Прынца Валіі, Томаса Кука й Сына, Харобрага Дзецюка Жаўнера, Адданага Пацалункам, Дыка Тэрпіна, Людвіга Бэтховэна, Бяляначкі, Клыпянды Хілі, Энгуса Слугі Божага, Далімаўнту, праспэкту Сыдні, мыса Хоўт, Валэнтайна Грэйтрэйкса, Адама й Евы, Артура Ўэлслі, боса Крокэра, Герадота, Пакаці Гарошка, Буды Гаўтамы, ледзі Гадайвы, Лілеі Кіларні, Бэйлора Злае Вока, каралевы Сабы, Экі Нэгла, Джо Нэгла, Алесандра Вольты, Джэрэмі О’Донавана Росы, Дона Філіпа О’Салівэна Біра. Побач зь ім спачывала завостраная дзіда з часанага граніту, а ля самых ног прылёг люты зьвер сабачага роду, чыё перарывістае дыханьне паказвала на тое, што ён панурыўся ў неспакойны сон; здагадка гэтая знаходзіла пацьвярджэньне ў хрыпатых погырках і сутаргавых уздрыгах, якія пан час ад часу ўтаймоўвай супакаяльнымі ўдарамі магутнай мачугі, груба вырабленай з палеалітычнага каменя.
    Значыць, Тэры прыносіць тры пінты, а Джо ўсё стаіць, і тутака мне зіркачы палезьлі на лоб, калі ўбачыў, як ёй вымае з кішэні гінэю. Калі ня верыце, пабажуся. Гожанькі кругленькі савэрэн.
    — Там яшчэ шмат такіх, адкуль гэты, — кажа ён.
    — Нябось, абакраў банку для бедных у касьцёле? — пытаю.
    — Сумленным потам-мазалём, — кажа ён. — Гэта мне той разважлівы тып намякнуў.