Уліс  Джэймс Джойс

Уліс

Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
103.69 МБ
— Ды не, — кажу. — Толькі каб ён ня ўзяў мае нагі за ліхтарны слуп.
Той паклікаў сабаку да сябе.
— Ну, што з табою, Гары? — кажа яму.
I давай яго курхаць і штурхаць, і гаманіць да яго па-ірляндзку, а той стары пархавец яму адказвае гыркатам, і опэра з дуэтам у іх выходзіць. Такога гыркату век не пачуеш, як яны між сабой наладзілі. Хто-небудзь, каму няма чым заняцца, хай бы напісаў у газэты, pro publico bono12, каб на такіх сабакаў накладалі наморднікі. Гырчыць, хрыпіць, вочы набеглі юхай ад смагі й з морды шаленства капае.
Усе тыя, хто цікавіцпа распаўсюджаньнем чалавечай культуры сярод нашых ніжэйшых супляменьнікаў (а імя ім — легіён), не павінны прапусьціць па-за ўвагай сапраўды неверагодную праяву кінантропіі, засьведчаную знакамітым рыжым ірляндзкім сэтэрам-ваўкадавам, вядомым раней пад sobriquet13 Гарыоўн, але нядаўна шырокім колам сяброў і знаёмых перайменаваным на Оўна Гары. На памянёную праяву, вынік шматгадовага прыручваньня ласкай і дакладна абдуманай дыетнай сыстэмы, складаецца, апрача іншых дасягненьняў, і дэклямацыя вершаў. Найвыдатнейшы з нашых жывых спэцыялістаў па фанэтыцы (імя ягонае ня выцягнуць з нас і абцугамі!) прыклаў шмат намаганьняў дзеля таго, каб зрабіць параўнаўчы аналіз дэклямаваных вершаў, і прыйшоў да выснаву, што йснуе паражальнае іх падабенства (курсыў наш) да рунічнай паэзіі старажытных кельцкіх бардаў. Мы гаворым тут ня столькі пра тыя дзівосныя любоўныя песьні, зь якімі пазнаёміў сьвет кнігалюбаў аўтар, укрыты пад мілагучным псэўданімам Тонкай Крохкай Галінкі, але хутчэй за ўсё пра тыя больш рэзкія й асабістыя ноты (як указвае нехта С. У. К. у цікавым паведамленьні, што мільганула ў адным зь вечаровых выданьняў), якія чуваць у сатырычных выказваньнях знакамітага Рафтэры, а таксама Донала МакКонсідайна, ня згадваючы ўжо болып сучаснага лірыка, што цяперашнім часам апынуўся ў цэнтры зацікаўленьня публікі. Ніжэй мы прапануем адзін урывак, перакладзены на нашу мову выдатным навукоўцам, імя якога ў сучасны момант мы не маем права выдаць, хоць мы і ўпэўненыя, што чытач зможа дашукацца ў
12Дзеля грамадзкага дабрабыту (лац.).
13Мянушка (франц.).
некаторых мясцовых алюзіях большага, чымсьці адно падказкі. Мэтрычная сыстэма сабачага арыгіналу, якая нагадвае адмысловыя алітэрацыйныя й ізаскладовыя правілы валійскага энгліну, надзеленая значна большай ступеньню ўскладнёнасьці, але мы спадзяемся, наш чытач ня зможа не прызнаць, што агульны дух данесены добра. Можа, належыць тут дадаць, што эфэкт непамерна ўзмацняецца, калі верш Оўна чытаць паволі й невыразна, тонам, які нагадвае прыдушаны заюшаны гыркат.
Праклён за праклёнам Шпурляю з адчаю, Каб скрутам скруціла Цябе, Барні Кірнан, Вады піць ні глытка Hi з рук, ні з гляка, Кішкі жарам паляць, Тыя брагу смаляць.
Ды тут ён сказаў Тэры прынесьці сабаку вады й, хай мяне немарасьць, як той стаў хлябтаць, за мілю было чуваць. А Джо яго пытае, ён ня супраць, калі паўтарыць.
— He адмоўлюся, — кажа, — a chara, каб ты не падумаў, што крыўду якую хаваю.
Дальбог, ён не такі тупы, на якога выглядае. Носіць сваю сраку з аднаго бару ў другі з сабакам старога Гілтрапа, і ўсё паварочвае, быццам яго пачаставаць самы вялікі гонар, за кошт выбаршчыкаў і падатнікаў. Гасьціна дла чалавека й зьвера. A Джо да мяне:
— А ты як, можаш яшчэ аднаго?
— А качка можа плаваць? — пытаю яго.
— Паўтары нам, Тэры, — кажа Джо. — А вы ўпэўненыя, што не жадаеце нічога з асьвяжальных вадкасьцяў? — кажа да Блюма.
— He, дзякую, — кажа той. — На самай справе я зайшоў сюды, каб спаткацца з Марцінам Канінгамам, ведаеце, наконт тае страхоўкі бедачыны Дыгнама. Марцін мяне прасіў зайсьці ў закладную кантору. Рэч у тым, што ён, Дыгнам, аддаў сваю страхоўку ў заклад і не паведаміў страхавальную кампанію, а ў такім выпадку, у сьвятле закону, крэдытор-закладнік ня можа нічога атрымаць.
— Вось табе й на! — рагоча Джо. — Неблагая штука, калі б стары Шэйлак тут абмахнуўся. Ды ў такім разе шанцуе ягонай жонцы?
— Што ж, — кажа Блюм, — гэта ўжо справа яе паклоньнікаў.
— Якіх нібыта паклоньнікаў? — пытае Джо.
— Я хацеў сказаць, законьнікаў, — папраўляецца Блюм.
I пачынае мясіць пра закладное заканадаўства й выносіць прысуд як лорд-канцлер у трыбунале й інтарэсы ўдавы й быў створаны фонд а з другога боку Дыгнам быў вінаваты нейкую суму Брыджмэну й калі цяпер жонка ці ўдава апратэстуе права крэдытора-закладніка аж ледзь мне мазгоў не зьвіхнуў тым закладным заканадаўствам. Ён сам павінен радавацца, што не патрапіў пад заканадаўства як махляр і валацуга, на ягонае шчасьце, сябрук у судзе выручыў. Прадаваў нейкія ліпавыя білеты ці іншыя квіты пад выглядам Вугорскай каралеўскай лятэрэі з прывілеем ад банку. Кажу вам як на споведзі. Вы хіба ізраэлітаў ня ведаеце! Вугорская каралеўская махлярэя з прывілеем.
Тут устае Боб Доран і, хістаючыся, падыходзіць і просіць Блюма перадаць місіс Дыгнам, што ён спачувае ейнай бядзе й яму горка што ня быў на паховінах і перадайце ёй што ён сказаў і кожны хто толькі ведаў яго скажа што ніколі не было дабрэйшага й сумленьнейшага чымсьці наш бедны Ўіл нябожчык перадайце ёй. Ажно загікаўся ад свае мазгавое натугі. I цісьне Блюму руку з трагічнай лыпай перадайце ёй. Дай руку, браце дарагі. Я адзін нягоднік, ты другі.
— Дазволю сабе на спадзеў, — сказаў ён, — што я не абражу нашага знаёмства (якое, як ні сьціплым падалося б у разуменьні часу, аднак грунтуецца, асьмелюся верыць, на ўзаемнай пашане), наважыўшыся прасіць у вас гэтага фавору. А калі я, насупор жаданьню, пераступіў межы сьціпласьці, дык няхай сама шчырасьць маіх пачуцьцяў паслужыць выбачэньнем мае сьмеласьці.
— Зрабеце ласку, — мовіў субяседнік. — Я поўнасьцю пахваляю тыя матывы, што кіруюць вашым памкненьнем, і не пашкадую высілкаў дзеля выкананьня вашай дарукі, суцяшаючы сябе думкай, што як ні журботная яе прычына, то ўжо сама выява вашага даверу да мяне разбавіць горыч гэтай чары. •
— Тады дазвольце мне паціснуць вашу руку, — сказаў ён. — Я пэўнюся спадзевам, што шляхотнасьць вашага сэрца ляпей за мае марныя словы падыктуе вам выразы, якімі перадаць пакуту так бязьлітасную, што калі б я паддаўся гэтаму пачуцьцю, яно пазбавіла б мяне дару мовы.
I на тым распускае ветразі й рушае, намагаючыся трымаць курс проста. А пятай, і ўжо набраклы. Аднаго разу вечарам ледзь яго не пасадзілі, пашэнціла, што Пады Леонард ведаў таго
паліцыянта 14A. Заліў вочы ў патаемцы на Брайд-стрыт пасьля гадзіны закрыцьця ды пусьціўся ў блуд зь дзьвюма шлюшкамі, іхні альфонс стаяў на варце, а ён хлебча портэр з гарбатных кубкаў. Назваўся перад шлюхамі, нібыта ён француз, Жазэф Манюо, і давай ганіць каталіцкую рэлігію, а сам жа, яшчэ хлопчыкам, прыслужваў на імшы ў касьцёле Адама й Евы, ажно вочы плюшчыў ад набожнасьці, і пра тое, хто напісаў новы запавет і стары запавет, і ўсё іх мацаў і цацаў. Абедзьве шлюхі канаюць са сьмеху, пачысьцілі ў яго, ёлупня, кішэні, і віскаюць і хіхікаюць. Як там твой запавет? Ці ён у цябе ня надта запавеціўся? Добра, што Пады якраз тудою праходзіў, скажу вам. A паглядзець на яго ў нядзелю, як ён са сваёй жоначкай-распусьніцай у касьцёле, яна, верцячы азадкам, цупае галоўным праходам, пантофлікі лякірованыя, я як жа, на грудзях фіялкі, прылізаная як кошка, строіць зь сябе панюсю. Сястрычка Джэка Муні. А тая старая прастытутка, яе мамуся, здае нумары парачкам з вуліцы. Джэк яму ўставіў мазгі па-свойму. Сказаў, што калі ён не зажэніць сваіх грахоў, то жывое гаўно зь яго выб’е.
Тэры, значыць, прыносіць тры кухлі.
— Калі ласка, — кажа Джо, частуючы нас. — Калі ласка, Грамадзянін.
— Sian leat14 — адказвае той.
— За тваю фартуну, Джо, — кажу. — Тваё здароўе, Грамадзянін.
Божухна, а той ужо болей за палову махнуў. Трэба мець не абы фартуну, каб яго паіць.
— А каго наш даўгяла хоча прапіхнуць у лорд-мэры, Олф? — пытае Джо.
— Аднаго твайго сябру, — адказвае той.
— Нанана? — пытае Джо. — Члена?
— Імёнаў не называем, — кажа Олф.
— Я так і думаў, — кажа Джо. — Я толькі што бачыў яго зь яшчэ адным паслом, з Уільямам Філдам, на сходзе жывёлагадоўцаў.
— Ёпад доўгавалосы, — кажа Грамадзянін, — бурлівы вулкан, пястун усіх краін ды ідал сваёй уласнай.
I Джо пачынае Грамадзяніну пра яшчур, жывёлагадоўцаў і прыняцьцё адпаведных захадаў, Грамадзянін гэтыя захады пасылае на пазадворкі, а Блюм выскоквае зь сернымі ваннамі для лекаваньня каросты ў авечак, і пра пойла ад кашлю ў цялятак, і пра гарантаваны сродак на здубянелы язык. Бо калісьці пра-
14Бывай здаровы (ірлян.).
цаваў у скуралупні. Швэндаўся з нататнікам і алавіком, блытаўся ўсім пад нагамі, пакуль Джо Каф не пачаставаў яго высьпяткам пад запечак за тое, што ён высалапіўся на якогась гадоўцу. Містэр Усявед. Усіх вывучыць куры даіць. Сікун Бэрк казаў, бывала, у тым гатэлі ягоная жонка вочы выплаквае перад місіс О’Даўд, сьлёзы ліе струменямі на свой тлушч васьміцалёвы. Ён ей і задніцы ня дасьць спакойна падцерці, усё чапляецца, мітусіцца й вучыць, што як трэба рабіць. А што ў цябе сёньня ў праграме? Ага. Гуманныя адносіны. Бо ж бедныя жывёліны пакутуюць, і экспэрты сьцьвярджаюць, і найлепшым зь вядомых сродкаў, які не спрычыняе болю жывёле, і далікатна ўціраць ручкай у хворае месца. Дальбог, зь ягонымі рукамі толькі куры мацаць.
Куд-куд-кудах. Ко-ко-ко. Вось наша курачка, Чорная Ліза. Яна нам нясе яйкі. Калі яна зьнясе яечка, вельмі цешыцца. Кудах. Ко-ко-ко. I тут прыходзіць добры дзядзька Леа. Ён совае сваю руку пад Чорную Лізу й выймае яечка. Куд-куд-куд-кудах. Ко-ко-ко.
— Як бы там ні было, — кажа Джо, — Філд і Нанэці сёньня выбіраюцца ў Лёндан і паставяць запыт у Ніжняй Палаце.
— Вы ўпэўнены, — пытае Блюм, — што райца выяжджае? Так выйшла, што мне трэба пабачыцца зь ім.
— Паштовай лодкай сёньня ўвечары, — кажа Джо.
— Вось не шанцуе, — кажа Блюм. — Мне вельмі трэба. Можа, толькі містэр Філд выяжджае? Я ня мог пазваніць. He. Вы ўпэўнены?
— Нанан таксама выяжджае, — кажа Джо. — Ліга даручыла яму паставіць заўтра запыт пра таго камісара, што забараніў ірляндзкія спартовыя гульні ў парку. Як табе гэта падабаецца, Грамадзянін? Sluagh па h-Eireann15.
Містэр МыкХлевін (Малтыфарнэм, нацыяналіст): У сувязі з запытам майго паважанага сябра, дэпутата з Шылелы, я б хацеў спытацца глыбокапаважанага калегу, ці сапраўды ўрад даў распараджэньне аб тым, каб памянёную жывёлу рэзалі, нягледзячы на адсутнасьць мэдыцынскага пацьверджаньня яе паталягічнага стану?