Уліс  Джэймс Джойс

Уліс

Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
103.69 МБ
— Справа рухаецца, — кажа Грамадзянін. — Кібенімацеры тых набандычаных англасраксаў зь іхнім дудуканьнем.
Ну, тут Дж. Дж. пачынае строіць прасьветніка й кідаць пра розныя пункты погляду й трэба ўлічваць факты й прыгадайце тую штуку Нэльсана, глядзець у тэлескоп сьляпым вокам, і нельга абвінавачваць агулам цэлую нацьпо, а Блюм яму падключае як можа пра памяркоўнасьць ды папярдоўнасьць ды іхнія калёніі ды іхнюю цывілізацыю.
— Іхнюю сыфілізацыю, вы хацелі сказаць, — заюшыла Грамадзяніна. — Да д’ябла іх! Хай іх лясьне між вочы перуном нездагадлівага Бога, тых тугавухіх курвельскіх вырадкаў! Hi музыкі, ні мастацтва, ні літаратуры, ні каліўца ў іх. Усё, што ў іх ад цывілізацыі, яны ўкралі менавіта ў нас. Гамзаты вывадак байструкоў!
— Сям’я эўрапейскіх народаў, — кажа Дж. Дж...
— Яны ніякія не эўрапейцы, — валіць Грамадзянін. — Я быў ў Эўропе з Кэвінам Іганам Парыскім. Нідзе ў Эўропе ні сьледу іх, ні іхняе мовы, хіба што ў cabinet d'aisance20.
А Джон Уайз кажа:
— Як многа красак нічый не аблашчыць пагляд.
А Лэнэхан, які крыху кумекае ў тым квакамоўі:
— Conspuez les Anglais! Perfide Albion!21
20Прыбіральня (франц.).
21Пагарда ангельцам! Крывадушны Альбіён! (франц.).
Мовіў ён і падняў сваёй вялізнай, шэрхлай, мускулістай і магутнай даланёй рог цёмнага, моцнага, пеністага элю й, гукнуўшы баявы кліч свайго кляну Lamh Dearg Abu22, асушыў яго за згубу сваіх ворагаў, племені магутных і харобрых герояў, што ўладараць над морамі й засядаюць на алебастравых тронах, маўклівыя, бы неўміручыя багі.
— Што табе сталася? — пытаю я Лэнэхана. — У цябе выгляд, быццам ты абмяняў вала на кала.
— Залаты Кубак, — кажа ён.
— А хто выйграў, містэр Лэнэхан? — пытае Тэры.
— Рэкляма, — адказвае той. — Дваццаць да аднаго. Абсалютны аўтсайдэр. А іншых не было відаць на даляглядзе.
— А кабылка Баса? — пытае Тэры.
— Яшчэ не дабегла, — кажа Лэнэхан. — Усе мы накрыліся. Бойлан паставіў на Булаву, што я яму нараіў, два фунты, за сябе й за адну знаёмую даму.
— Я й сам паставіў паўкроны, — кажа Тэры, — на Цынфандэла, мне містэр Флін падказаў. Конік лорда Хаўарда дэ Уолдэна.
— Дваццаць да аднаго, — кажа ён яшчэ раз. — Вось такое бывае жыцьцё на высранцы. Рэкляма, — кажа, — ухапіла пірагі й печы не заставіла. Слабасьць, тваё ймя — Булава.
Тут ён падыходзіць да бляшанкі па бісквітах, што Боб Доран пакінуў, і глядзіць, ці няма чаго паесьці ў крэдыт, а стары зьвягуніска за ім, цікуе свайго шанцу, разявіўшы тую паршывую пашчу. На Грамніцы бабуля пазірае на паліцы.
— Нічога з хрэнам, дзіцятка, — кажа яму.
— Трымай хвост абаранкам, — кажа Джо. — Булава выйграла б тыя грошы, калі б ня тая другая сучка.
А Дж. Дж. з Грамадзянінам далей мазгуюць наконт законаў і гісторыі, і Блюм, вядома, тры грошы дакідвае.
— Некаторыя людзі, — кажа Блюм, — у чужым воку згледзяць сучок, а ў сваім палена ня бачаць.
— Raimeis23, — кажа Грамадзянін. — Як кажуць, сьляпому акуляраў не падшукаеш, калі разумееце, што я маю на ўвазе. Куды падзеліся нашы дваццаць мільёнаў ірляндцаў, якіх мы сёньня павінны мець замест чатырох, нашы страчаныя калены? А нашы ганчары, нашы ткачы, найлешпыя ў цэлым сьвеце? A наша сукно, якое яшчэ ў Рыме прадавалі ў часы Ювэнала, і наш кужаль, і наша адамашка з кроснаў Антрыму, і нашы карункі зь
22Перамога Чырвонай Руцэ (ірлян.).
23Лухта (ірлян.).
Лімэрыку, нашы гарбаваныя скуры, і белае алавянае пікло з-пад Балібоку, і наш гугеноцкі паплін, які ў нас яшчэ з часоў Жакара зь Ліёну, і нашы шаўковыя тканіны, і фоксфардзкі туід, і крэмавы гіпюр з кармэліцкага манастыра ў Нью Рос, нічога падобнага ў цэлым сьвеце нямаш! Дзе грэцкія купцы, што праплывалі Геркулесавыя Слупы, сёньня Гібралтар, захоплены ворагам чалавецтва, і плылі ў Уэксфард, на кірмаш у Кармэн, гандляваць золатам і тырыйскай пурпурай? Пачытайце сабе Тацыта й Пталемэя, ці хоць бы Гіралда Камбрэнскага. Віно, футры, мармур з Конэмары, срэбра з Тыпэрары, непараўнанае зь ніякім іншым, і нашы коні, што славяцца па сёньняшні дзень, ірляндзкая запражная парода, а за права лавіць рыбу ў нашых водах гішпанскі кароль Філіп гатовы быў плаціць нам мыта. Хто вылічыць, колькі нам тыя ангёльскія заразы вінаватыя за наш зруйнаваны гандаль, за нашы зруйнаваныя дамоўкі? А тыя рэчышчы Бараў і Шэнану, якіх ня хочуць паглыбіць, пакідаючы нам мільёны акраў балота й імшараў, каб мы павыміралі ад сухотаў.
— Неўзабаве мы застанемся бязь лесу, як у Партугаліі, — кажа Джон Уайз, — або на нейкім Гэлгаляндзе, дзе стаіць адзінюсенькае дрэўка. Калі толькі ня возьмуцца за пасадку лесу. Лістоўніца, яліна, усе зь сям’і хваёвых зьнікаюць на вачох. Я вось чытаў справаздачу лорда Кэслтаўна...
— Трэба іх ратаваць, — кажа Грамадзянін, — магутны ясень у Голуэі, і каралеўскі вяз у Кілдары, сорак футаў у камлі й карона на ладны акр. Ратаваць дрэвы Ірляндыі для будучых ірляндзкіх пакаленьняў, на чароўных узвышшах Эйрэ, О!
— Эўропа глядзіць на вас, — кажа Лэнэхан.
Вярхоўе й нізоўе шышкоўнага й лістоўнага сьвету ўсяе Лесаляндыі прысутнічала ў той надвячорак еп masse24 на зашлюбінах кавалера Жана Візэ дэ Налана, вялікага першага галоўнага ахоўніка Ірляндзкіх Нацыянальных Лясоў, зь міс Ялінкай Шышкевіч з Сасновай Даліны. Ценю ўрачыстасьці прыдалі сваёй прысутнасьцю ледзі Крылатка Вязоўская, місіс Бэла Бяроза, місіс Груша Калючэня, місіс Арэхва Ляшчынская, міс Ляўра Бабкова, міс Пушынка Дзьмухавец, місіс Паляна Схаваная, місіс Арабінія Малая, місіс Лаза Вінаградная, міс Дзераза Паўзун, міс Галінка Букоўская, міс Хварасьціна Ядпаўчонак, міс Алівія Млосная, місіс Лучына Смалянская, міс Асіна Дрыготкая, міс Ліпа Мядунская, місіс Сьцябліна Сухая, міс Бузіна Чорная, міс Асака О’Мімоза-сан, місіс Ліяна Закручаная, сяброўкі міс Ахапка Сучча й міс Абярэмка Патычча, міс Брушніца Кісьлюк, міс
24 Тут: густа (франц.).
Суніца Бараўчанка, міс Грацыя Таполя, міс Глярыяна Пальма, місіс Хваіна Падрубная, місіс Калода Дубовая й місіс Гадзюка Падкалодная з Каралеўскай Дубровы. Маладая, якую да шлюбу адводзіў яе бацька, Сук-Шышкевіч з Пруткіх Каранёў, выглядала надзвычай чароўна ў пышным туалеце зь зялёнага мэрсэрызаванага шоўку на падбіўцы зьмяркальна-шэрага адценьня, з шырокім шмарагдавым пасам і трыма радамі фальбонаў крыху цямнейшага тону, а ўсю гэтую камбінацыю дапаўнялі шлейкі і ўстаўкі на бёдрах пад жалудовую барву. Дружкі маладой, міс Пінія й міс Туя, таксама з радзіны Шышкевічаў, былі ў дасканала дапасаваных туалетах такіх самых тонаў, з вытанчанай ружавай выпусткай на плісаваных складках, матывы якой капрызна паўтараліся на нэфрытна-зялёных токах, аздобленых эгрэткамі з бледна-каралевых пёраў чаплі. Сэньёр Фаўніска Флёра, засеўшы за арганам, паказаў сваё славутае майстэрства, выконваючы на заканчэньне вянчальнай службы, як дадатак да прадпісанай канонамі музыкі, песьню ’’Дрывасек, спыні свой зьдзек” у знакамітай новай аранжацыі. Калі маладыя, атрымаўшы папскае багаславенства, пакідалі касьцёл Сьвятога Фіякра Баравога, іх гарэзьліва абсыпалі градам арэхаў, жалудоў, ляўровай лістоты, вярбовых коцікаў, лазы, ягадаў вастралісту, галінак амялы й ядлаўцовых атожылкаў. Містэр і місіс Візэ Шышкевіч Налан правядуць свой мядовы месяц у Чорным Лесе.
— I мы глядзім на Эўропу, — кажа Грамадзянін. — Калі яшчэ тыя падбрэхавічы былі шчанюкамі, мы ўжо гандлявалі з Гішпаніяй і з французамі й з флямандцамі, гішпанскія караблі плавалі ў Голуэй зь півам, зь віном па віннацёмным моры.
— I паплывуць яшчэ, — кажа Джо.
— I з дапамогай Сьвятой Багамаці зноў паплывуць, — паўтарае Грамадзянін, ляпаючы сябе па сьцягне. — Нашы апусьцелыя порты зноў ажывуць, Куінстаўн, Кінсэйл, Голуэй, Блэксод Бэй, Вэнтры, што ў графстве Кэры, Кілібэгс, трэці велічынёй порт ва ўсім сьвеце, суцэльны лес мачтаў, караблі роду Лінчаў з Голуэю, і Кавана О’Рэйліх, і дублінскіх О’Кэнэдзіх, а граф Дэсмонд падпісваў дамову з самім Карлам Пятым. Так, паплывуць, і мы яшчэ ўбачым, як першы ірляндзкі збраяносец барозьніць моры з нашым уласным сьцягам на мачце, а ня з той плаксівай гарфай Генры Тудара, о не, з найстарэйшым сьцягам правінцый Дэсмонд і Тамонд, тры залатыя кароны на блакітным полі, тры сыны Мілезія.
I глушыць свой кухаль да дна. Моуа25. Страшны як пшык у духоўцы. Вучыць бацьку, адкуль дзеці бяруцца. Хай бы ён рызыкнуў з гэтым сваім пустабрэхам выйсьці перад народам у Шэйнаголдэне, туды ён і нос сунуць баіцца, яму там Молі Магуаер даўно ўжо нарыхтвала алавяны пачастунак за тое, што ён выгнаў арандатара, а дабро сабе заграбастаў.
— Уга, вы толькі паслухайце, — кажа Джон Уайз. — Чаго яшчэ вып’еш?
— Таго, што каралеўская кавалерыя, — кажа яму Лэнэхан, — калі сьвяткуе перамогу.
— Палоўку з разбаўкай, Тэры, — кажа Джон Уайз. — Гэй, Тэры! Ты заснуў?
— Умомант, сэр, — адказвае Тэры. — Малую віскі й бутэлечку піва. Даю, сэр.
Павіс над той газэтнай ашмоцінай з Олфам, шукае смачнейшых кавалкаў, а гасьцей забыўся абслугоўваць. Абразок са спаборніцтва ў разьбіваньні лабоў, адзін аднаго стараецца гваздануць чэрапам, ідзе на яго, прыгнуўшы галаву, як бык на вароты. I яшчэ адзін: Як спалілі чорнага зьвера ў Амаха, Джорджыя. Банда герояў у каўбойскіх капелюшох смаліць да апошняга ў чорнага самбу, павешанага на дрэве, у таго ўжо язык на барадзе, а спадысподу раскладзенае вогнішча. Дальбог, ім яшчэ не хапае ўтапіць яго ў моры, пасадзіць на электрычнае крэсла й расьпяць, каб ужо былі ўпэўненыя ў посьпеху.
— А што скажаш пра змагарны флёт, — пытае Нэд, — які трымае нашых ворагаў на ланцугох?
— Я вам пра яго што-нешта скажу, — кажа Грамадзянін. — Гэта пекла на зямлі, вось што. Пачытайце ў газэтах тыя сэнсацыі, як лупцуюць дубцамі на навучальных караблёх у Портсмуце. Нейкі тып апісвае за подпісам ’’Агіджаны”.
I давай нам апавядаць пра цялесныя пакараньні, як шыхтуецца каманда, афіцэры, контр-адміралы ў сваіх трохкутніках, і пастар са сваёй пратэстанцкай бібліяй, словам, усе, хто прысутнічае пры пакараньні. Прыводзяць бедачыну, дзецюка, які скуголіць за мамуляй, і прывязваюць яго пластом да гарматнага ляфэту.
— Адбіўную й тузін мацнейшага, — кажа Грамадзянін, — так гэтую справу называў стары разбойнік сэр Джон Бэрэсфорд, ну а цяперашнія набожныя ангельчыкі называюць гэта сьцябаньнем портак.