Уліс
Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
— Як ніяк, нарадзілася двое дзяцей, — кажа Джэк Паўэр.
— I на каго ён мае падазрэньні? — пытае Грамадзянін.
Кажу вам, у кожным жарце ёсьць дзелька праўды. Ён, бадай, адзін з тых двухполых мяшанцаў. Сікун распавядаў у тым гатэлі ён што ні месяц у пасьцелі з галаўным болем рыхтык бы баба з сваім пэрыядам. Ды ведаеце, што вам скажу, раз ужо так? Быў бы гэта акт Божае ласкі, калі б хто схапіў такога тыпа за порткі й баўтануў у мора акулам на сьняданак. Апраўданы сродак самаабароны, дальбог. А што, ухапіў пяць фунтаў і драпануў на ўвесь мах, не паставіўшы людзям хоць па кухліку, як і належыць чалавеку. Эх, Госпадзе, багаславі! Ды тут няма нават таго, што кот наплакаў.
— Згадаем пра міласэрнасьць для бліжніх, — кажа Марцін. — А дзе ён сам? У нас няма часу чакаць.
— Воўк у авечай скуры, — кажа Грамадзянін. — Во хто ён. Віраг з Вугоршчыны! Агасвэр, я б яго назваў! Выкляты Богам.
— А ці ў вас няма часу на кароткае асьвяжэньне, Марцін? — пытае Нэд.
28У матчыным улоньні (франц.).
— Калі толькі раз, — кажа Марцін. — Мы сьпяшаемся. Порцьпо Дж. Дж. і С.
— А ты, Джэк? Крофтан? Значыць, тры палоўкі, Тэры.
— Сьвятому Патрыку, пэўна, хочацца яшчэ раз высадзіцца ў Балінкінлары і ўзяцца павярнуць нас у хрысьціянства, — кажа Грамадзянін, — пасьля таго, як мы дазволілі вось такім апаганіць нашу краіну.
— Ну, былі здаровыя, — кажа Марцін, хапаючы сьпехам свой кухаль. — Усім тут прысутным хай Бог акажа сваю міласьць.
— Амін, — закругляе Грамадзянін.
— Акажа, я не сумняваюся, — кажа Джо.
I пад гукі асьвячанага званочка, на чале з крыжаносцам, за якім ішлі псальмісты, кадзільнікі, кадзіланосцы, чытальнікі, прыдзьвернікі, дыяканы й субдыяканы, рухалася набожная працэсія мітраносных абатаў, прыёраў, пробашчаў, манахаў і братоў жабрачых ордэнаў: манахі Бэнэдыкта Нурсійскага, картэзіянцы й камэльдаліты, цыстэрыянцы й алівэтанцы, аратарыянцы й валямбразіянцы, браты аўгустынцы, брыгітынцы, прэманстратэнзіянцы, сэрвіты, трынітарцы й дзеці сьв. Пётры Налянскага; і йшлі таксама з гары Кармэль дзеці прарока Ільлі, ведзеныя Альбэртам япіскапам і Тэрэзай Авільскай, абутыя, як і босыя; і браты бурыя й шэрыя, сыны ўбогага Францішка, капуцыны, кардэльеры, мініматы й абсэрванты й дочкі Кляры; і сыны Дамініка, браты-прапаведнікі, і сыны Вінцэнта; і манахі сьв. Вольстана; і дзеці Ігнацыя; і супольнасьць хрысьціянскіх братоў, ведзеная вялебным Эдмундам Ігнацыем Райсам. За імі йшлі ўсе сьвятыя й мучанікі, дзевы й спаведнікі: сьв. Кір і сьв. Ізыдар Араты, і сьв. Якуб Меншы, і сьв. Фокас Сынопскі, і сьв. Юліян Гасьцінны, і сьв. Фэлікс Канталіцкі, і сьв. Сымон Слупнік, і сьв. Сьцяпан Першамучанік, і сьв. Ян ад Бога, і сьв. Фэрэол, і сьв. Лігард, і сьв. Хвядот, і сьв. Вульмар, і сьв. Рычард, і сьв. Вінсэнт дэ Поль, і сьв. Марцін з Тодзі, і сьв. Марцін Турскі, і сьв. Альфрэд, і сьв. Язэп, і сьв. Дзяніс, і сьв. Карнэліюс, і сьв. Леапольд, і сьв. Бэрнард, і сьв. Тэрэнцый, і сьв. Эдуард, і сьв. Оўн Канікулус, і сьв. Ананім, і сьв. Эпанім, і сьв. Псэўданім, і сьв. Амонім, і сьв. Паронім, і сьв. Сынонім, і сьв. Лаўрэнцій О’Тул, і сьв. Язэп Дынглскі й Кампастэльскі, і сьв. Калумкіл, і сьв. Калумба, і сьв. Цэлестын, і сьв. Кольман, і сьв. Кэвін, і сьв. Брэндан, і сьв. Фрыгідан, і сьв. Сэнан, і сьв. Фахтна, і сьв. Калюмбан, і сьв. Галь, і сьв. Фэрсі, і сьв. Фінтан, і сьв. Фіякр, і сьв. Ян Нэпамук, і сьв. Тамаш Аквінскі, і сьв. Іва Брэтонскі, і сьв. Мічэн, і сьв. Герман-Язэп, і тры паіроны моладзі, сьв. Алёй-
зіюс Ганзага, сьв. Станіслаў Костка, сьв. Ян Бэрхманс, і сьв. сьв. Гэрвазій, Сэрвазій і Баніфацый, і сьв. Брайд, і сьв. Кіран, і сьв. Кэніс Кілкэнскі, і сьв. Ярлят Туамскі, і сьв. Фінбар, і сьв. Папін Балімунскі, і брат Алёйзіюс Міратворац, і брат Людвік Вайнатворац, і сьв. сьв. Ружа Лімская й Ружа Вітэрбская, і сьв. Марта Бэтанская, і сьв. Марыя Эгіпецкая, і сьв. Луцыя, і сьв. Брыгіда, і сьв. Атракта, і сьв. Дымпна, і сьв. Іта, і сьв. Мэрыян Гібралтарская, і багаслаўлёная сястра Тэрэза ад Дзіцятка Ісуса, і сьв. Барбара, і сьв. Схалястыка, і сьв. Урсула з адзінаццацьцю тысячамі дзеваў. I ўсе яны йшлі ў арэолах, німбах і славах, несучы пальмавыя галінкі, арфы, мячы й аліўныя вянкі, у шатах, на якіх вытканыя былі сьвятыя сымбалі іх служэньня, чарніліцы, стрэлы, буханкі, збаны, аковы, тапары, дрэвы, масты, немаўляты ў ночвах, ракавіны, кайстры, нажніцы, ключы, драконы, ліліі, шрот, бароды, вепрукі, лямпы, кавальскія мяхі, пчаліныя вульлі, апалонікі, зоркі, вужакі, кавадлы, баначкі з вазэлінам, званочкі, мыліцы, хірургічныя шчыпцы, аленевы рогі, чобаты, каршуны, жорны, вочы на талерцы, васковыя сьвечкі, крапільніцы, аднарогі. I калі так ішлі сваім шляхам каля калёны Нэльсана, па Генры-стрыт, Мэры-стрыт, Кэйпл-стрыт, Літл-Брытн-стрыт, сьпяваючы ўваходны антыфон на Epiphania Domini-9, што пачынаецца з Surge, illuminare30, а пасьля салодкі градуал Omnes^, дзе кажацца de Saba veniet32, тварылі шматлікія цуды, вупуджваючы д’яблаў, уваскрашаючы зь мёртвых, размножваючы рыбу, аздараўляючы нямоглых і сьляпых, адшукоўваючы ўсялякія згубленыя прадметы, тлумачачы й спаўняючы Пісаньне, багаслаўляючы й прапаведуючы. А замыкаў працэсію пад залатым полагам правялебны айцец О’Флін у суправаджэньні Малахіі й Патрыка. I калі добрыя айцы дасягнулі назначанага месца, дому Бэрнарда Кірнана й С-кі, з абмежаванай адказнасьцю, ЛітлБрытн-стрыт, 8, 9 і 10, гуртавы гандаль бакалейным таварам, вінамі й каньякамі, з ліцэнзіяй на продаж піва, віна й мацнейшых напояў для спажываныія на месцы, сьвятар пабагаславіў дом і акадзіў вокны й ваконныя вушакі й скляпеньні й перакрыцьці скляпеньняў і выступы й капітэлі й шчыты й карнізы й зубчатыя аркі й шпілі й купалы й акрапіў іхнія вязі сьвянцонай вадой і ўзьнёс малітву, каб Бог багаславіў гэты дом, як багаславіў дом Абрагама, Ізака й Язэпа, і спаслаў анёлаў Свай-
29Багаяўленьне (лац.).
30Паўстань, сьвяціся (лац.).
31Усе (лац.).
З23 Сабы прыйдуць (лац.).
го сьвятла, каб пасяліліся ў ім. I, увайшоўшы, багаславіў ежу й напоі, і ўсе сьвятыя ўторылі яму.
— Adiutorium nostrum in nomine Domini.
— Que fecit ccelum et terram.
— Dominus vobiscum.
— Et cum spiritum tuo33.
I ўсклаў ён рукі на багаслаўлёных і падзяку прынёс і маліўся, і ўсе яны так зь ім маліліся:
— Deus, cuius verbo sanctificantur omnia, benedictionem tuam effunde super creaturas istas: et prcesta ut quisquis eis secundum legem et voluntatem Tuam cum gratiarum actione usus fuerit per invocationem sanctissimi nominis Tui corporis sanitatem et animie tutelam Te auctore percipiat per Christum Dominum nostrum34.
— Мы ўсе такой думкі, — кажа Джэк.
— Тысячу ў год і штогод, — зычыць той Крофтан ці то Кроўфард.
— Добрая справа, — кажа Нэд, падымаючы кілішак віскі. — I масла на хлеб наш надзённы.
Я пазіраю, ці каму якая шчасьлівая думка ў цемя не застукала, а тут, хай на мяне згуба, зноў ён, з выглядам, быццам яго гоняць і віламі ззаду шпігуюць.
— А я, — кажа ён, — толькі што быў у судзе, вас шукаў. Спадзяюся, я не...
— He, — кажа Марцін. — Мы гатовы.
Суд нам у вочы, а кішэні ў цябе адвісаюць ад золата й срэбра. Скупы паршывы абрэзак. Хоць па адной паставіў бы. Куды, як чорт ад кадзідла! Вось вам і цэлы жыд! Нюх як у пацука ў сральні. Сто за пяць.
— Нікому не кажы, — кажа Грамадзянін.
— Прашу прабачэньня? — Блюм яму.
— Хадземце, хадземце, — падганяе Марцін, бачачы, што нешта замотваецца. — Нам ужо час.
33— Спамога наша ў імені Госпада.
— Які стварыў неба й зямлю.
— Госпад з вамі.
— I з духам тваім (лац.).
34— Божа, чыім словам асьвячаецца ўсё, багаслаўленьне Тваё спашлі на стварэньні гэтыя; дай, каб кожны, хто, аддзячыўшы Табе, паводле закону й волі Твае ўжыве яго, праз выкліканьне сьвятога імені Твайго атрымаў бы з дапамогай Тваёй здароўе цела й апеку над душою, праз Хрыста Госпада нашага (лац.).
— Нікому не кажы, — паўтарае Грамадзянін, а сам ужо аж рычыць ад заюхі. — Трымай у сакрэце.
Той кляты сабака прачынаецца й таксама выдае гырк.
— Пайшлі, да пабачэньня ўсім, — кажа Марцін.
I давай іх выпіхваць на двор, Джэка Паўэра й Крофтана ці як там яму, і таго паміж імі пасярэдзіне, а ён прыкідваецца, быццам яму няўцям, у чым гам, і ўсе яны садавяцца ў сваю задрыпаную каламажку.
— Паехаў, — кажа Марцін возьніку.
Млечна-белы дэльфін трасянуў сваёй грывай, і стырнавы, узьняўшыся на залачонай карме, паставіў надзьмуты ветразь зь ветрам. Ладзьдзя паімчала на ўсіх ветразях, паставіўшы сьпінакар на левы борт. Даспадобныя німфы атачылі чародамі з бакборту й штарборту шляхотны вадаплаў, і, прыбліжыўшыся да яго, злучалі зь ім свае бліскотныя кшталты, падобна таму, як робіць умелы калясьнік, калі прыладжвае вакол восі роўнаадлеглыя прамяні, браты адзін адному, і мацуе іх вобадам, і быстрыню прыдае ступням мужаў, якія або сьпяшаюць на збройную сечу, або спаборнічаюць аб усьмешкі пекных дамаў. I так, прыплываючы, раскладаліся яны, німфы прыхільныя, неўміручыя сёстры. I сьмяяліся, забаўляючыся ў пеністым коле, а ладзьдзя секла хвалі.
Але тут, я й кухля не пасьпеў паставіць на стол, як бачу, Грамадзянін падымаецца й дае, хітаючыся, да дзьвярэй, сапе, надзьмуты як ад вадзянкі, і шпарыць таму па-ірляндзку праклён Кромуэла й вялікую анафэму, плюецца як пакусаны, а малы Олф і Джо павісьлі на ім п’яўкамі, спрабуюць затрымаць.
— Пусьцеце мяне, — рыкае ён.
I кажу вам, ён дабраўся да тых дзьвярэй, яны яго па бакох трымаюць, і раптам як не загарлапаніць:
— Тройчы ўра Ізраілю!
Arrah, сядзі ўжо ты, дзеля Хрыста, ціхім бокам свае сракі, не рабі зь сябе відовішча цэламу гораду. Але дальбог, заўсёды знойдзецца такі блазан, што й па кашэчае гаўно палезе. Піва ў трыбухох табе скісьне ад гэтага, і толькі таго наваюеш.
А там пры дзьвярах ужо ўсе галадранцы й абцірухі з цэлага Дубліну, Марцін тузае фурмана, паганяй, Грамадзянін далей верашчыць, Джо з Олфам яму кажуць ша, а той ужо з каляскі чытае сваю лекцыю пра жыдоў, разявакі яго пад’юджваюць, давай прамову, Джэк Паўэр цягне за рукаў, каб ужо сеў і прычыніў зевы, а адзін з роталяпаў, на сьлепняку павязка, пачынае заводзіць ’’Калі б на месяц жыда пасадзілі”, а адна шлюха вішчыць:
— Гэй, кавалер! У цябе нагавіцы адчыніліся, кавалер!
А той прамаўляе: