Уліс
Джэймс Джойс
Памер: 403с.
Беласток 1993
Герта была не дачка, а сапраўдны скарб, быццам другая Maui ў сям’і, быццам анёл-ахоўнік, залатое сэрцайка. Калі ў маці прыходзілі тыя жахотныя мігрэні, ажно галаву расколвала, хто ж як ня Герта заўсёды націраў ёй лоб мэнтолавай палачкай, хоць ёй і не падабалася, што маці нюхае табаку, і гэта было адно-аднюткае, ад чаго ў іх узьнікалі спрэчкі, нюхаць табаку. Усе выхвальвалі яе пад нябёсы за ветлівыя адносіны да іншых. Менавіта Герта заўсёды адключала газ нанач, і Герта павесіла на сьценцы ў адным месцы, дзе яна не забывалася пасыпаць хлёркай кожныя два тыдні, калявдар з абразком ’’Ідылічныя дні”, што ім падараваў містэр Тані, цукернік. На тым абразку малады джэнтльмэн, апрануты пад тадышнюю моду, у дзівотным капелюшы, ахвяроўваў сваёй даме сэрца букет кветак праз ваконныя краты, з галянтнай манэрай тае колішняе часіны. Адразу відаць, што за гэтым нейкая гісторыя. I як прыгожа зладжаныя колеры! Яна ў белым з аблеглай мяккай тканіны, у далікатнай позе, а кавалер у строі шакаляднага колеру, арыстакрат да апошняе рысачкі. Часта, заходзячы туды дзеля вядомай прычыны, яна задумліва спаглядала на іх і, падкасаўшы рукавы, краналася ўласных рук, белых і мяккіх, як у той, і раздумвала пра тую часіну таму што яна адшукала ў слоўніку вымаўленьня Уокэра які застаўся аддзядулі Гілтрапа што значыць ідылічны.
Блізьнюкі цяпер гулялі самым братэрскім і вартым пахвалы чынам, да таго часу, калі юны Джэкі, які й на самай справе быў неўгамонны шалапут, ад гэтага нікуды не ўцячэш, знарокам ударыў мяч нагой з усяе моцы ў кірунку аброслых водарасьцямі скалаў. Ясная справа, што бедны Томі адразу выказаў гарачае абурэньне, але, на шчасьце, джэнтльмэн у чорным, які сядзеў там у самоце, адважна кінуўся на ратунак і перахапіў мяч. Абодва супернікі зь вялікім гамам запатрабавалі сваю ўлюбёную цацку назад, і, каб пазьбегчы далейшых ускладненьняў, Сісі Кэфры зьвярнулася да таго джэнтльмэна, кіньце яго мне, калі ласка. Джэнтльмэн прыцэліўся мячом раз і другі й пусьціў яго па пяску ў кірунку Сісі, але ён адкаціўся па спадзе й запыніўся ля малой калюжыны пры скале, якраз пад спадніцай Герты. Блізьнюкі зноўку ўсчалі гоман, і Сісі папрасіла таўхануць яго да іх, хай сабе за яго змагаюцца, дык Герта адвяла ножку, хоць ёй жадалася, каб той дурнаваты мячык ня скочваўся да яе, і спрабавала ўдарыць па ім, але схібіла, і Эда зь Сісі расьсьмяяліся.
— Раз ня выйшла, паспрабуй другі, — сказала Эда Бордман.
Герта ўсьміхнулася ў знак згоды й прыкусіла губку. Яе шчокі пацягнуліся далікатным ружам, але яна пастанавіла ім паказаць і таму падцягнула трохі спаднічку, няшмат, але так, каб ня вадзіла, і, добра прыцэліўшыся, шпарка смальнула мяч, так што ён адляцеў далёка-далёка, а абодва блізьнюкі далі цягу за ім уніз па гальцы. Вядома, гэта была чыстая зайздрасьць, адно каб зьвярнуць увагу джэнтльмэна, які назіраў наводдаль. Яна адчула, як хлынуў гарачы румянец і палыхнуў на ейных шчоках, a гэта заўжды быў сыгнал трывогі ў Герты МакДаўэл. Дагэтуль яны абмяняліся паглядамі чыста выпадковага характару, але цяпер яна рызыкнула паглядзець даўжэй з-пад свайго новага капялюшыка, і той твар, што стрэў яе позірк у летнім сутоньні, падаўся ёй бледным і дзіўна напружаным, з адбіткам самоты, яшчэ ніколі ёю ня бачанай.
Праз адчыненыя вокны касьцёла выплывалі кадзільныя духмянасьці, і разам зь імі духмяныя ймёны тае, што была зачатая бяз плямы першароднага грэху, судзіна духоўная, маліся за нас, судзіна дастойная, маліся за нас, судзіна невымоўнай набожнасьці, маліся за нас, о таемная ружа. I былі там нядоляй прыгнечаныя сэрцы, і гаротнікі, што гарбеюць дзеля хлеба надзённага, і шматлікія, што блудзілі ды ў аблуду ўвайшлі, і вочы іхнія абмываліся вільгацьцю скрухі, але разам з тым і ясьнелі надзеяй, бо паведаў ім правялебны айцец Х’юз тое, што сказаў Бэрнард, вялікі сьвяты, у сваёй славутай мальбе да Марыі: Прачыстая Дзева ўладу заступніцтва трымае, і не чувана спрадвеку ніколі, каб яна пакінула бяз долі тых, што ейнай магутнай абароны благалі.
Блізьнюкі зноўку бестурботна гарэзьнічалі, бо ж прыкрасьці дзяцінства так мімалётныя, як летнія дожджыкі. Сісі забаўляла малютку Бордмана, ажно той кігікаў ад уцехі, пляскаючы ў дзіцячыя далонькі ў паветры. Ку-ку! усклікала яна з-за будкі возіка, а Эда пыталася, а куды ж дзелася наша Сісі, і тады яна раптам выстаўляла галаву й гукала: га!, а той маленькі чалавечак, кажу вам, увесь лекацеў ад захапленьня. А потым яна стала прасіць яго: скажы тата.
— Скажы тата, малютка. Скажы та та та та та та та.
I малютка стараўся як мог, бо ўсе казалі, што дзіцянё дужа разумнае было, як на свае адзінаццаць месяцаў, і такое вялізьненькае, здаровенькае, такі каханюткі камячок, і ўсе без ваганьня прызнавалі, што вырасьце зь яго нехта значны.
— Ая я я ая.
Сісі выцерла яму роцік сьлінячком і хацела яго пасадзіць пасапраўднаму, і каб гаварыў та та та, але як толькі яна яго
расшпіліла, так і войкнула, сьвяты Дыянізі, ён жа мокры да нітачкі, трэба хутчэй перавярнуць пад ім падвойны пледзік другім бокам. Вядома ж, ягоная немаўлячая вялікасьць упарцілася як магла супроць гэтых туалетных працэдураў, што й давяла да агульнага ведама:
— Уааа куаааакуааа уаааа.
I дзьве вялікія круглыя чароўныя сьлязіны пакаціліся долу па ягоных шчочках. Дарма было супакойваць яго, ну чаго ты, чаго ты, малютка, ці гаварыць яму пра гаў-гаў або пыр-пыр, але Сіс, вынаходлівая як заўжды, сунула яму ў роцік бутэлечку з соскай, і малады паганін неўзабаўку суняўся.
Герта маліла вышэйшую сілу, каб яны хутчэй забралі дахаты сваё пісклівае дзіцятка, ня дзейнічала б на нэрвы, зрэшты, і гадзіна была ўжо позьняя, а разам зь ім і тую блізьнячую бахурню. Яна спазірала ў морскую далеч. Від нагадваў ёй абразкі, якія вулічны мастак маляваў каляровымі крэйдамі на ходніку, як шкада, што яны там застануцца і ўсе сатруцца, вечар, плывуць аблокі, і маяк Бэйлі на Хоўце, а ты вось слухаеш музыку й даносіцца пах кадзідла, што яны паляць у касьцёле, духмяны струмень. I калі яна так сузірала, сэрцайка ейнае зайшлося трапятаньнем. Так, гэта на яе менавіта ён глядзеў, і ў позірку ягоным было неразгаданае значэньне. Ягоныя вочы апякалі яе, як быццам хацелі пранізаць яе навылёт, прачытаць тайну ейнай душы. Яны былі цудоўныя, тыя вочы, незвычайна вымоўныя, але ці можна было даверыцца ім? Людзі бываюць такія дзівотныя. Яна адразу зразумела, што ён чужаземец, у яго былі цёмныя вочы й бледнае разумнае аблічча, жывая фатаграфія Марціна Харві, моднага актора, калі б ня тыя вусы, але яны ёй заўсёды падабаліся, бо яна не звар’яцела ад тэатру, як Уіні Рыпінгам, якая нават прапанавала, каб яны абедзьве аднолькава апраналіся, таму што так у п’есе, але зь яе месца нельга было ўгледзець, які ў яго нос, арліны ці, можа, зьлёгку retrousse1. Ён быў у жалобе, гэта яна таксама адразу заўважыла, і на ягоным твары была адлюстраваная аповесьць смутку й пакуты. Яна б аддала ўсё на сьвеце, каб толькі дазнацца, якая была дзеля гэтага прычына. Ягоны пагляд быў такі пільны, неадрыўны, і ён бачыў, як яна ўдарыла па мячу, так што, мабыць, мог згледзець і бліскучыя сталёвыя спражкі на пантофліках, калі яна будзе ў задумёнасьці пакалыхваць імі вось так, наскамі ўніз. Яна была задаволеная, што прадчуваньне падказала ёй апрануць гэтыя празрыстыя панчохі, тады быў подум, што ёй можа
2Кірпаты (франц.).
сустрэцца Рэгі Ўайлі, але цяпер усё гэта ўжо ў мінулым. Перад ёю быў той, пра каго яна гэтулькі марыла. Толькі ён цяпер меў значэньне, і радасьць была на яе абліччы, таму што яна інстынктыўна адчувала, што ён і ёсьць той яе непаўторны. Усім сваім дзявоцка-жаноцкім сэрцам яна імкнулася да яго, да нарачонага сваіх мрояў, бо ў адно імгненьне яна зразумела, што гэта якраз ён. I калі ён пакутаваў, калі перад іншымі ня быў так грэшны, як іншыя перад ім, і калі б нават, калі б нават ён сам быў грэшнікам, злым чалавекам, гэта яе не спыніла б. Калі нават ён пратэстант або мэтадыст, яна лёгка яго перахрысьціць, калі толькі ён шчыра яе пакахае. Бываюць раны, якія выгаіць можа толькі бальзам сэрца. Яна была сапраўднай жанчынай, не такой, як цяперашнія ветрагоньніцы бязь сьледу жаноцкасьці, якіх ён ведаў да гэтага часу, як тыя раварысткі, у якіх усё напаказ, чаго ў іх няма, і яна горача прагнула даведацца ўсяго, прабачыць усё, калі б толькі здолела яго закахаць у сябе, прымусіць яго забыцца пра мінулае. I тады, мажліва, ён далікатна абняў бы яе й, як сапраўдаы мужчына, моцна прытуліў бы да сябе яе гнуткае цела, і кахаў бы яе дзеля яе самой, сваё адзінае дзяўчо.
Прыстанішча грэшнікаў. Суцяшальніца засмучоных. Ora pro nobis?. Слушна сказана было, што той, хто моліцца да яе зь верай і настойлівасьціо, ніколі ня будзе пакінуты або адрынуты; і слушна называюць яе прыстанішчам і прытулкам гаротных, бо ў яе самое сэрца пранізалі сем бедаў. Герта жыва ўяўляла сабе ўсю сцэну ў касьцёле, расьсьветленыя вітражы ў вокнах, сьвечкі, кветкі й блакітныя харугвы брацтва Багаслаўлёнай Дзевы, a пры алтары айцец Конрай дапамагае каноніку О’Ханлану, прыносіць і адносіць розныя рэчы, апусьціўшы вочы долу. Ён выглядаў амаль як сьвяты, і ў ягонай спавядальні заўсёды было так ціха й чыста й цемнавата, і рукі ў яго зусім як белы воск, а калі б яна калі-небудзь стала дамініканскай сястрой у тым іхнім белым убраньні, то, можа, ён прыходзіў бы ў манастыр на навэну сьвятога Дамініка. Таго разу, калі яна сказала яму на споведзі, што ў яе тое, і пачырванелася па самыя вушы са страху, што ён гляне на яе, ён ёй сказаў, каб яна не турбавалася, гэта быў папросту голас прыроды, і ўсе мы падуладныя законам прыроды ў нашым зямным жыцьці й няма ў тым аніякага грэху бо гэта паходзіць ад жаночай натуры ўстаноўленай Богам так ён сказаў і нават наша Багаслаўлёная Дзева сказала арханёлу Габрыелю хай тое будзе са мною паводле Твайго Слова. Ён быў такі добры, такі
набожны, што яна часта-часта думала й абдумвала, ці не зрабіць яму падарунак, покрыўку на імбрычак, абшытую рушам, з вышытым квяцістым узорам, або гадзіньнік, хоць гадзіньнік у іх быў, яна яго бачыла на камііікавай паліцы, белазалацісты з канарэйкай, якая выскоквае са свае маленькае хаткі абвясьціць гадзіну, гэта было тады, калі яна зайшла наконт кветак дзеля саракагадзіннага пакланеньня, бо ж нялёгка выбраць падарунак, можа, альбом з каляровымі відамі Дубліну або яшчэ нсйкіх іншых мясьцінаў.