Уводзіны ў археалогію
Браян М. Фэйган
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 272с.
Мінск 1996
Раней археолагі засяроджвалі сваю ўвагу ў асноўным на прыкметных помніках, тых, якія без цяжкасці можна знайсці. Але зараз, калі многім помнікам пагражае небяспека пад уздзеяннем індустрыялізацыі, яны спяшаюцца выявіць як мага больш дагістарычных мясцін. Як правіла, вынікі гэтых пошукаў заносяцца ў інвентарны вопіс археалагічных крыніц, размешчаных на вызначанай тэрыторыі. У выпадку, калі якая-небудзь з гэтых тэрыторый была ўзарана альбо забудавана, усе складанасці кантролю за існаваннем археалагічных помнікаў у гэтай зоне кладуцца на плечы археолагаў. Часу, аднак, застаецца мала, фінансы таксама абмежаваныя. Усё, што могуць зрабіць даследчыкі ў такой сітуацыі,— гэта вызначыць ступень прасторавага размяшчэння археалагічных помнікаў, каб потым даследаваць выбраную тэрыторыю больш дэталёва. Такія тэрыторыі вызначаюцца за кошт старанна распрацаванага даследчыцкага праекта і разнастайных ведаў, якія садзейнічаюць такому вызначэнню. Шчыльнасць размяшчэння помнікаў у гэтых мясцовасцях з’яўляецца асновай для абагульнення ад эталонных тэрыторый да больш шырокіх рэгіёнаў. Надзейнасць абагульненняў правяраецца шляхам устаноўленых статыстычных метадаў. Вышэйадзначаны спосаб археалагічнага даследавання, які часта называецца прадказальнай мадэллю, яшчэ адносна новы і часткова спрэчны. Ён дапушчальны як метад падліку буйнамаштабных разбурэнняў археалагічных помнікаў у выніку прамысловай дзейнасці. Археолагі не могуць спыніць разбурэння кожнага помніка, які знаходзіцца ў небяспецы. Самае лепшае, што яны могуць зрабіць,— гэта садзейнічаць прыняццю пэўных законаў па ахове помнікаў. I толькі некаторыя з іх могуць быць раскапаныя перад далейшым разбурэннем, а некаторыя — узноўлены дзеля прагрэсу.
Усе археолагі адказныя за захаванне нашай спадчыны —каштоўных археалагічных крыніц. Археолагі Паўночнай
Амерыкі ўсё больш намаганняў прысвячаюць захаванню помнікаў, імкнуцца стрымаць працэс памяншэння археалагічных крыніц. Такая дзейнасць называецца аховай культурных рэсурсаў і ўключае ў сябе не толькі выяўленне і даследаванне помнікаў, але і ўплывае на прыняцце адпаведных рашэнняў, якія датычацца далейшага іх лёсу.
Відавочна, што дакладныя карты і запісы — вельмі істотная рэч для археалагічных пошукаў. А выяўленне месцазнаходжання помнікаў бяссэнсава, калі не зрабіць ніякіх высілкаў для вызначэння іх сутнаці і ўзросту. Ніхто не мае такіх сродкаў, каб раскапаць усе помнікі, пазначаныя ў даследаванні. Але ў малавядомых мясцовасцях рэпрэзентыўныя калекцыі з паверхні выяўленых помнікаў надзвычай важныя. Артэфакты, знойдзеныя на паверхні аднаго з іх, могуць раскрыць нам гісторыю яго заснавання, а таксама жыццядзейнасці, якія некалі мелі тут месца. Калекцыі з паверхні помніка могуць даць значна менш інфармацыі, чым поўнае яго даследаванне, паколькі верхні пласт артэфактычных залежаў можа быць пашкоджаны ў выніку разграблення, эрозіі, выветрывання глебы альбо норамі грызуноў. Помнік мог засяляцца людзьмі неаднаразова. Акрамя таго, тут маглі быць сканцэнтраваны розныя тыпы чалавечай дзейнасці, напрыклад, паляванне, вытворчасць каменных прылад. Кожны аб’ект, узяты з паверхні такога тыпу помніка, павінен заняць у калекцыі адпаведнае месца, згодна старанна складзенага плана. Але і пасля гэтага сабраныя на паверхні помніка калекцыі ніколі не заменяць археалагічных раскопак.
ДЫСТАНЦЫЙНАЕ ЗАНДЗІРАВАННЕ
Каб даследаваць мінулае, усё больш і больш археолагаў звяртаецца да сучасных прыбораў і тэхналогій. Некаторыя з іх з’яўляюцца прыхільнікамі так званай «неразбуральнай археалогіі». Маецца на ўвазе археалагічнае даследаванне без раскопак і збірання калекцый артэфактаў. Апошнія, на думку гэтых вучоных, толькі прыносяць непапраўную шкоду помніку. Галоўная роля ў гэтых даследаваннях адводзіцца дыстанцыйнаму зандзіраванню, да якога адносяцца аэрафотаздымка, разнастайныя радыёлакацыйныя і магнітныя ўстаноўкі.
Аэрафотаздымка
Вывучэнне археалагічных помнікаў сёння немагчыма без ужывання тэхналогіі аэраздымкаў. Аэрафотаздымка дазваляе паглядзець на мінулае зверху. Помнікі могуць быць сфатаграфаваны з усіх бакоў у розны час і ў розную пару года. Многія помнікі, якія амаль не пакінулі слядоў на паверхні зямлі, адкрыты дзякуючы аналізу аэрафотаздымкаў. Большасць зямлянак і іншых складаных збудаванняў былі зруйнаваныя ў выніку ворыва ці эрозіі, аднак іх першапачатковая планіроўка даволі выразна прачытваецца з паветра. Узыход і захад сонца можа пакідаць вялікія цені на зямлі, падкрэсліваючы рэльеф ужо амаль зніклых валоў альбо равоў; рысы помніка паўстаюць у касых яго промнях. Гэту з’яву часам называюць ценявымі помнікамі.
У некаторых мясцовасцях археалагічныя помнікі можна вызначыць па розніцы ў колеры глебы і ўрадлівасці раслінных культур на асобных яе частках. Такія прыкметы цяжка заўважыць на паверхні зямлі, але з вышыні іх, як правіла, добра відаць. Рост ураджайнасці і колер сельскагаспадарчых культур моцна залежыць ад колькасці вільгаці, якую расліны выцягваюць з глебы і субглебы. Калі культурны пласт быў павялічаны за кошт вырытых равоў і ям, у далейшым запоўненых ці, напрыклад, калі пры фарміраванні штучных валоў і курганоў была выкарыстана дадатковая глеба, то рост ураджайнасці на помніках такога тыпу даволі высокі. I наадварот, у тых месцах, дзе культурны пласт быў выдалены і неўрадлівая зямля аказалася ля самай паверхні альбо пад добрай глебай, у якой знаходзяцца неарганічныя матэрыялы, такія, як брукаваная вуліца, то ў гэтым выпадку расліннасць будзе не вельмі густой. Такім чынам, цёмныя адзнакі засеянай зямлі могуць быць археалагічнымі равамі ці ямамі, а святлейшыя лініі — пабудовамі.
Большасць нашай планеты ўжо была адзнята з вышыні 24 тыс. футаў ваеннымі фатографамі. Гэты вопыт быў выкарыстаны археолагамі для вывучэння аддаленых тэрыторый накшталт даліны Віру ў Перу. Група археолагаў пад кіраўніцтвам Гордана Віллей пазначыла 315 помнікаў на тапаграфічнай карце гэтай даліны. Большасць з іх складалі каменныя будынкі ці сельскагаспадарчыя тэрасы, іншыя — рэшткі курганоў, якія на фотаздымку праявіліся ў выглядзе невялікіх узгоркаў. Выкарыстоўваючы аэраздымкі, Віллей з’эканоміў час, адведзены на даследаванне.
У выніку ён змог дакладна вызначыць многія помнікі, перш чым адправіцца ў поле. Пасля наведання вышэйадзначаных паселішчаў была складзена вельмі цікавая гісторыя развіцця розных тыпаў помнікаў у даліне Віру на працягу тысячагоддзя. Гэта быў вынік узаемадзеяння палявых вышукаў і аэрафотаздымкаў.
У апошнія гады стала магчымым выкарыстанне розных прыбораў паветранага дыстанцыйнага зандзіравання з тым, каб папоўніць каштоўныя вынікі чорна-белых фотаздымкаў. Інфрачырвоная трохслаёвая плёнка, адчувальная да зялёнага, чырвонага і інфрачырвонага колераў, выяўляе сонечнае выпраменьванне, адлюсграванае ў бліжэйшым краі электрамагнітнага спектра; некаторыя з сонечных промняў проста нябачныя для няўзброенага вока. Разнастайныя адлюстраванні культурных і прыродных структур праяўляюцца на плёнцы ў выглядзе адрозных ад звычайных «памылковых» колераў. Пышны рост расліннасці ў далінах якой-небудзь ракі выяўляецца ў ярка-чырвоным колеры. Гэтыя варыяцыі чырвонага дапамаглі прасачыць дробныя падземныя крыніцы, якімі кожную вясну карысталіся дагістарычныя людзі на паўднёвым захадзе Амерыкі. Ужыванне археолагамі даных інфрачырвоных выпраменьванняў можа вывесці іх да адкрыцця раней невядомых стаянак і вёсак старажытных паляўнічых.
Сканіраванне зямной паверхні з самалёта і спадарожніка
У некаторых мясцовасцях багатая вегетацыя перашкаджае археалагічным вышукам, як, напрыклад, на землях майя. На працягу многіх гадоў археолагаў здзіўляла, як народу майя ўдавалася пракарміць сябе. Да канца не выяўленым засталося месцазнаходжанне некаторых іх гарадоў і рэлігійных цэнтраў. Вучоныя прыйшлі да думкі, што насельніцтва майя існавала за кошт ляднага земляробсгва. Гэта сістэма выкарыстоўваецца яшчэ і сёння: людзі спачатку выкарчоўваюць і спальваюць лес, а затым апрацоўваюць зямлю на працягу трох-чатырох гадоў перад тым, як пакінуць яе і рушыць на новыя некранутыя дзялянкі. Тым не менш, зараз ужо вядома мноства помнікаў, дзе насельніцтва было намнога больш, чым магла яго забяспечыць такая прымітыўная сельскагаспадарчая сістэма. Шэраг археалагічных даследаванняў і раскопкі пацвердзілі,
што майя ўмелі асушаць балоты і выкарыстоўвалі ірыгацыю, аднак буйнамаштабная разведка аказалася немагчымай у зарасніках джунгляў.
Найбольш вядомым прыборам для сканіравання паверхні з'яўляецца матрычны фарміравальнік выяўленчага сігналу, які выкарыстоўваецца самалётамі, спутнікамі і нават касмічнымі караблямі. Адна з яго разнавіднасцей — гэта SLAR (бартавая радыёлакацыйная станцыя бакавога агляду). Ён пранізвае тэрыторыю па абодва бакі ад шляху самалёта і выкарыстоўвае прыборы, якія вычэрчваюць пульсуючыя лініі ў форме пэўных вобразаў, не залежна ад таго, прысутнічаюць ці не на паверхні зямлі адпаведныя цёмныя плямы.
Група археолагаў скарыстала спецыяльную сенсорную сістэму, здольную глыбока працяць тэрыторыю, пакрытую шчыльным лесам. Скрозь пласты глею і каранёвыя зараснікі былі выяўлены і занесены на карту старажытныя дарогі, маставыя і іншыя зробленыя чалавекам пабудовы, нябачныя на паверхні. Археолагі адкрылі для сябе нечаканыя і вялікія вартасці радара, сканструяванага НАСА (Нацыянальны камітэт па аэранаўтыцы і даследаванню касмічнай прасторы) для ўлоўлівання сігналаў з Месяца, a таксама радыёлакатара са штучнай апертурай (радар, выкарыстаны для эксперыменту з майя быў на самай справе зроблены для зандзіравання паверхні Венеры). У палётах над далінай майя, якія ажыццяўляліся ў 1978 і 1980 гг. былі выкарыстаны чорна-белая і каляровая інфрачырвоныя плёнкі. Калі ўся адкрытая нерухомасць была пазначана на тапаграфічнай карце, яна праявілася не толькі ў выглядзе плям, якія ўтваралі гарадскія пагоркі і пабудовы, але і ў выглядзе няправільнай формы рашоткі з шэрых ліній унутры забалочаных тэрыторый. Паблізу большасці з іх ужо знаходзіліся вядомыя помнікі. Гэтыя лініі сустракаліся як у форме лесвіцы, так і ў крывалінейным варыянце і дакладна адпавядалі абазначэнням на мясцовасці сістэмы каналаў у Мексіканскай даліне. Далейшае выкарыстанне радара, як лічаць даследчыкі, дазволіць даказаць, што вялікія запасы ежы ў майя ўтвараліся за кошт сельскагаспадарчай дзейнасці на асушаных балотах, а таксама развітай сістэмы апрацоўкі зямлі, сляды якой сёння цяжка заўважыць на яе паверхні. Тым не менш радыёлакацыйны метад з’яўляецца яшчэ даволі эксперыментальным.