Уводзіны ў археалогію
Браян М. Фэйган
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 272с.
Мінск 1996
РАЗДЗЕЛ 7
РАСКОПКІ
Звычайная яма ў зямлі, якая ў шэрагу іншых выдатных мясцін, магчыма, з’яўляецца найменш яскравай і цікавай, можа прыцягваць увагу на працягу доўгага часу.
П.Г.Водхауз. 1919.
Сучасныя археалагічныя раскопкі — гэта дакладная навука, патрэбная людзям. Яе мэта — адкрыццё археалагічных помнікаў і іх зместу з найбольшай дакладнасцю. У гэтай главе апісваюцца асноўныя правілы раскопак і некалькі праблем, з якімі археолагам даводзіцца сутыкацца падчас працы ў полі. Аднак трэба ўлічваць, што на кожным помніку ўзнікаюць свае характэрныя праблемы, якія патрабуюць карэкціроўкі асноўных правілаў, пералічаных у гэтым раздзеле.
ПРАЦЭС АРХЕАЛАГІЧНАГА ДАСЛЕДАВАННЯ
У свой час археолагі скіроўвалі болыпую частку сваіх намаганняў на раскопванне адзінкавых помнікаў. Яны выбіралі перспектыўны помнік, раскопвалі яго і вывучалі знойдзеныя артэфакты без клопату пра навакольнае асяроддзе. Сёння ж археолагаў хвалююць культурныя і экалагічныя сістэмы, узаемаадносіны паміж людзьмі і іх натуральнае асяроддзе. 3 новымі патрабаваннямі да навуковых метадаў у археалогіі больш увагі надаецца вывучэнню мясцовасці са спецыфічнымі, праблемна-арыентаванымі перспектывамі.
Рэгіянальная археалогія — болып складаны працэс, чым простае вывучэнне помніка. 3-за таго, што падчас даследаванняў узнікаюць праблемы, якія часта цалкам заблытваюцца групамі спецыялістаў розных дысцыплін, неабходна стварэнне падрабязнага сістэматычнага планавання. Планы ствараюцца па пэўных правілах і дзейнічаюць як праваднік
па агульным даследчым праекце. У вядомай ступені планы — гэта бягучы графік, які ствараецца і для кантралявання слушнасці вынікаў даследавання, і для таго, каб максімальна павялічыць эфектыўнасць выкарыстання грашовых сродкаў, людзей і часу.
Даследчыцкі план падзяляе працэс даследавання на некалькі пэўных этапаў. Гэтыя этапы паслядоўна і ўважліва плануюцца, бо на кожным з іх выконваюцца пэўныя функцыі. Усе разам гэтыя этапы фарміруюць паслядоўнасць даследаванняў і падзяляюць бягучы графік на некалькі стадый. Але гэта не азначае, што такія сгадыі абавязкова ў строгім парадку ідуць адна за адной. Некаторыя могуць быць выкананы адначасова. Планы могуць стварацца па правілах, але яны павінны быць дастаткова гнуткімі і рухомымі, каб іх можна было прыстасаваць як да зменлівых абставін у полі, так і да індывідуальных патрэб. Таксама яны павінны ўзгадняцца з патрабаваннямі кожнага ўдзельніка праекта і злучацца з усімі карыснымі вынікамі даследаванняў для канчатковай публікацыі.
Археалагічнае даследаванне плануецца па наступных асноўных этапах:
Пастаноўка задачы. Вызначаецца праблема, правяраецца магчымасць яе выканання і вельмі ўважліва даследуецца поўная падрыхтоўка праекта. Папярэдняе даследаванне асабліва важнае, бо яно дае магчымасць удакладняць даследчыя пытанні. Завершаны план уключае не толькі вызначэнне праблемы даследавання, але і фармуляванне спецыфічных мэтаў, выбар метадаў, якія можна выкарыстаць, і спецыфічных гіпотэз, якія трэба праверыць. На гэтым этапе таксама вызначаюцца прыметы фактаў, якія групе даследчыкаў неабходна разгледзець, каб праверыць свае гіпотэзы. Аднак планы павінны быць дастаткова гнуткімі, каб не скоўваць даследаванне.
Ажыццяўленне. Капіталаўкладанні — вечная праблема археолагаў. Атрыманне дазволу на працу, раскопкі, патрэбнае абсталяванне і працоўную сілу — усё гэта важныя этапы ажыццяўлення.
Накапленне фактаў адбываецца падчас палявых даследаванняў у працэсе папярэдняй разведкі тэрыторый, поўнамаштабнага абследавання ці раскопак.
Апрацоўка і аналіз. Археалагічныя матэрыялы бываюць самыя розныя — артэфакты, рэшткі ежы, будынкаў, чалавечыя шкілеты і г.д. Звычайна гэтыя знаходкі мыюцца, груба сартуюцца і ўносяцца ў вопіс перад упакоўкай для
транспарціроўкі ў лабараторыю. Пасля ўсе матэрыялы і падрабязныя запісы, малюнкі і іншыя даныя, здабытыя ў полі, аналізуюцца. Гэта этап, на якім некаторыя адметныя матэрыялы накшталт радыевугляродных узораў і крупінак пылку адсылаюцца спецыялістам для аналізу. Большасць лабараторных аналізаў уключае падрабязную класіфікацыю артэфактаў, вывучэнне касцей жывёл і іншых харчовых рэштак. Гэта — аснова для далейшай інтэрпрэтацыі фактаў (раздзелы 8,9).
Інтэрпрэтацыя. На гэтым этапе ўсё ўключаецца ў інтэрпрэтацыйны сінтэз, каб даць адказы на даследчыцкія пытанні, пастаўленыя ў першапачатковым планаванні. Антрапалагічныя і гістарычныя факты звычайна даюць найбольш паслядоўныя інтэрпрэтацыі археалагічных крыніц (раздзел 13).
Публікацыя. Даследчы праект не з’яўляецца завершаным, пакуль канчатковыя вынікі не апублікаваны ў даступнай для іншых вучоных форме. Некаторыя археолагі нядбайна ставяцца да публікацый, пры гэтым забываюць, што неапублікаваны помнік з’яўляецца сапраўды разбураным не толькі ў працэсе раскопак, але і з-за адсутнасці непарыўнай фіксацыі адкрыцця.
Даследчыцкія праекты лічацца выкананымі толькі пасля публікацыі вынікаў працы. Пасля гэтага археолаг можа ўзяцца за іншы праект аліэбо выкарыстаць вынікі гэтага як аснову для далейшых даследаванняў у тым жа рэгіёне.
ПЛАНАВЫЯ РАСКОПКІ
Раскопкі разбураюць. І'эта асноўнае іх правіла. Як аднойчы заўважыў археолаг Кент Фланнеры, археолагі знішчаюць свае інфармацыйныя крыніцы (свае помнікі), калі даследуюць іх. Культурныя пласты, якія так уважліва даследуюцца падчас раскопак, разбураюцца назаўсёды. Тое, што знаходзілася на помніку, перамяшчаецца ў лабараторыю і адрываецца ад свайгэ прасторавага і часавага кантэксту на зямлі. Гэтым археалогія вельмі адрозніваецца ад іншых дысцыплін. Хімік можа лёгка аднавіць умовы свайго эксперымента, у біёграфаў ёсць магчымасць зноў звярнуцца да архіваў, каб пераасэнсаваць складаныя падзеі ў палітычным жыцці, археалагічныя ж архівы разбураюцца падчас раскопак. Археалагічныя сляды мінулага — гэта
знаходкі з раскопаў, нераскапаныя часткі помніка, фотаздымкі, запісы і малюнкі, якія фіксуюць назіранні археолагаў для будучых пакаленняў. Адна з трагедый археалогіі заключаецца ў тым, што шмат з даступных археалагічных фактаў былі знойдзены з дапамогай далёка не навуковых метадаў. Нашы інфармацыйныя архівы ў лепшым выпадку недакладныя. Апроч таго, этычныя правілы археалогіі патрабуюць, каб для здабычы істотнай навуковай інфармацыі праводзіліся раскопкі мінімальнага маштабу.
Аматар скарбаў разбурае помнік у пошуках каштоўных знаходак і не пакідае дакументаў. Археолагі таксама разбураюць помнікі, але інакш: яны ствараюць архівы археалагічнай інфармацыі, якія фіксуюць кантэксты аб’ектаў, перавезеных у лабараторыю. Нягледзячы на тое, што археолагі разбураюць помнік, яны ствараюць банк інфармацыі, архіў, да якога могуць звярнуцца іх паслядоўнікі і праверыць вынікі іх дзейнасці. Археолагі маюць адказны абавязак: зафіксаваць і растлумачыць значэнне пластоў, будынкаў, рэшткаў ежы і артэфактаў на помніках і апублікаваць вынікі для наступных пакаленняў. Без дакладнай фіксацыі і грунтоўнага апублікавання атрыманых вынікаў раскопкі марныя. Кантракты, заключаныя на правядзенне многіх археалагічных даследаванняў у Паўночнай Амерыцы, патрабуюць сёння абавязковай і хуткай публікацыі іх вынікаў.
Яшчэ не так даўно археолагі лічылі, што перадусім, каб вырашыць звязаныя з помнікам праблемы, яго трэба раскапаць. У наш час сярод археолагаў расце разуменне таго, што раскопкі знішчаюць непрыкметныя доказы падзей мінулага, таму многія імкнуцца капаць толькі па меры неабходнасці. Той жа, хто капае без сур’ёзнай увагі да фіксацыі і ўсіх іншых складнікаў працэсу раскопак, займаецца недаравальным вандалізмам.
Усе сучасныя раскопкі маюць дасканала распрацаваны даследніцкі праект. Ён найчасцей мае рэгіянальны, а не звязаны з канкрэтным помнікам накірунак (раздзел 3). Даследніцкі праект ствараецца, каб адказаць на спецыфічныя пытанні і атрымаць максімум інфармацыі з мінімальным разбурэннем абмежаваных археалагічных рэсурсаў. Вядома, такі праект гнуткі, яго можна заўсёды змяніць, мадыфікаваць пасля праверкі гіпотэз, няслушных доказаў, сцвярджэнняў альбо ўдакладненняў у выніку новых звестак, атрыманых з практычных раскопак.
План ствараецца, каб яшчэ больш пашырыць самі рас-
копкі. Канчатковыя матэрыялы нават месячных раскопак на помніку сярэдняй прадукцыйнасці — гэта мноства чарапкоў, каменных прылад, касцей жывёл і іншых знаходак, вымытых, рассартаваных і спакаваных яшчэ ў полі. He абыходзіцца тут і без малюнкаў, камп’ютэрных дыскет, якія ўтрымліваюць каштоўную статыстычную інфармацыю, а таксама слайдаў, фотаздымкаў і соцень палявых запісаў, зробленых удзельнікамі экспедыцыі на працягу доўгіх дзён практычнай працы. У гэты ж час адбіраюцца для далейшага аналізу радыевугляродныя ўзоры і ўзоры глебы. Прэснаводныя перламутраўкі і фрагменты драўнянага вугалю пакуюцца для адпраўкі спецыялістам-даследчыкам. Каб прааналізаваць запісы з месячных раскопак, трэба як мінімум шэсць месяцаў. Дзеля гэтага трэба параўнаць і супаставіць усё, што змяшчаецца ў тузінах скрыняў, сотнях аркушаў запісаў і безлічы камп’ютэрных дыскет,— толькі так можна рэканструяваць тое, што адбывалася на гэтым помніку. Даследніцкі праект раскопак пастаянна пераглядаецца, каб вызначыць будучы накірунак раскопак і пракантраляваць будучыя шматмесячныя аналізы і інтэрпрэтацыі. Мінуліся тыя часы, калі помнік раскопвалі толькі таму, што ён «добра выглядае».
Арганізацыя нават невялікіх раскопак патрабуе ўважлівай падрыхтоўкі на стадыі стварэння даследніцкага праекта. Прывядзем класічны прыклад такой падрыхтоўкі на Сярэднім Захадзе. Ілінойскія археолагі Сцюарт Струвер і Джэймс Браўн правялі шмат палявых сезонаў на раскопках помнікаў Костэра ў нізіне Ілінойскай ракі Валлі. Тут на адным помніку знаходзіцца 12 паселішчаў, найранейшае з якіх датуецца прыблізна 5100 г. да н.э. Костэр — помнік з вялікім культурным пластом. Канчаткова гэтае паселішча было пакінута каля 1000 г. н.э. пасля таго, як у гэтай зручнай мясцовасці жылі шматлікія пакаленні індзейцаў. Такі факт даў Браўну і Струверу выключную магчымасць даследаваць зменлівасць культуры мясцовых жыхароў на працягу больш як 6000 гадоў. Але перад імі стаялі вялікія арганізацыйныя праблемы. Костэр дасягае ў глыбіню больш за 9 м, і кожны з яго 12 культурных гарызонтаў аддзелены ад суседняга пластом чыстай глебы. Браўну і Струверу пашанцавала ў тым, што яны працавалі на кожным жылым узроўні гэтага вялікага помніка, як на асобных раскопках.