Уводзіны ў археалогію  Браян М. Фэйган

Уводзіны ў археалогію

Браян М. Фэйган
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 272с.
Мінск 1996
88.26 МБ
Для класіфікацыі матэрыялаў, аб’ектаў і з’яў шмат у якіх навуках, і ў тым ліку ў археалогіі, выкарыстоўваецца адмысловая сістэма, якая называецца таксаноміяй. У біялогіі, батаніцы, геалогіі і некаторых іншых навуках таксаноміі з’яўляюцца надзвычай складанымі і строгімі сістэмамі. Яны былі распрацаваныя ў канцы XIX — пачатку XX стст. Сёння большасць з іх ужо састарэла і не падыходзіць да сучасных навуковых стандартаў. Археалогія ў адрозненне ад іх стварыла сваю ўласную таксаномію са спецыяльнай тэрміналогіяй і паняццямі, якія адлюстроўваюць самыя розныя культурныя традыцыі. Англійскія археолагі, напрыклад, ужываюць тэрмін «культуры», паўночнаамерыканскія вучоныя — «фазы», а французы — «цывілізацыі». Усе гэтыя тэрміны ў асноўным маюць аднолькавае значэнне, за выключэннем невялікіх адрозненняў, абумоўленых культурнымі традыцыямі і рознымі палявымі ўмовамі.
Сістэматызацыя, па сутнасці, з’яўляецца сродкам размеркавання рэчаў па катэгорыях як асновы для даследавання археалагічных і іншых працэсаў. Маецца на ўвазе вылучэнне адзінкі класіфікацыі ў межах адной навуковай дысцыпліны. Біёлагі класіфікуюць чалавечыя істоты згодна з сістэмай класіфікацыі, створанай Карлам Лінеем у XVIII ст. Чалавечыя істоты групуюцца ў царстве жывёл у класіфікацыйную іерархію, якая бярэ пачатак ад класа млекакормчых і завяршаецца субвідам Homo sapiens sapiens. Гэтая біялагічная класіфікацыя абапіраецца на эмпірычна выбраныя адзінкі, кожная з якіх дакладна вызначана і ўзаемадзейнічае з другой. Археолагі выкарыстоўваюць сістэматызацыю ў асноўным такім самым чынам, але іх класіфікацыйныя сістэмы шчыльна спалучаюцца з праблемамі, якія яны даследуюць.
МЭТЫ КЛАСІФІКАЦЫІ
Як ужо адзначалася, класіфікацыя ў археалогіі залежыць ад тых праблем, якія на дадзены момант даследуюцца. Такім чынам, можна вылучыць чатыры асноўныя мэты класіфікацыі:
1.	Арганізацыя даных ва ўпарадкаваныя групы. Гэты крок з’яўляецца часткай папярэдніх аперацый па адбору даных і ў агульных рысах уяўляе сабой працэс размеркавання знаходак па відах матэрыялаў (камень, косці і г.д.),
а таксама аддзялення артэфактаў ад рэшткаў ежы. Гэтае папярэдняе ўпарадкаванне патрабуе далейшай, нашмат больш дэталёвай класіфікацыі.
2.	Апісанне тыпаў. Пры выяўленні індывідуальных рысаў (атрыбутаў) у сотнях артэфактаў альбо кластэрах артэфактаў археолагі групуюць іх шляхам вылучэння агульных атрыбутаў па некалькіх гюднасных тыпах. Гэтыя тыпы ўяўляюць сабой варыянты асобна вылучаных асацыяцый атрыбутаў. Яны з’яўляюцца найболын эканамічным спосабам апісання вялікай колькасці артэфактаў. Якія атрыбуты неабходна вылучаць — залежыць ад мэты тыпалагічнага даследавання.
Артэфактычныя тыпы (так археолагі час ад часу называюць археалагічныя тыпы) засноўваюцца на пэўным крытэрыі, які археолагі выбіраюць як найбольш адпаведны для вывучэння старажытных прылад працы і тэхналогій. Артэфактычныя тыпы з’яўляюцца паўнавартасным навуковым метадам класіфікацыі малых і вялікіх калекцый дагістарычных прылад і пабочных прадуктаў, якія застаюцца пасля іх вырабу.
3.	Значэнне ўзаемасувязі паміж тыпамі. Апісанне тыпаў абумоўлівае пэўную іерархію, якая выяўляе ўзаемасувязі паміж артэфактамі. Гэтыя ўзаемасувязі вынікаюць, у прыватнасці, з выкарыстання тых ці іншых матэрыялаў, тэхналогій і функцый.
Тры адзначаныя вышэй задачы з’яўляюцца асноўнымі для гісторыка-культурных даследаванняў (гл. раздзел 13). Археолагі-практыкі могуць ужываць класіфікацыю для вывучэння калектыўных змен у археалагічных крыніцах.
4.	Вывучэнне калектыўных змен у археалагічных крыніцах. Такое даследаванне часта спалучаецца з сярэднестатыстычным вывучэннем існуючых культурных сістэм.
ТЫПАЛОГІЯ
Тыпалогія — гэта сістэма археалагічнай класіфікацыі, заснаваная на выяўленні тыпаў. Гэта пошук пэўнай структуры, якая звязвала б розныя аб’екты ці розныя прызнакі, якімі гэтыя аб’екты вызначаюцца. Пошук такіх структур набыў новы сэнс і значна ўскладніўся з таго часу, як археолагі пачалі ўжываць камп’ютэрную тэхналогію і разнастайныя статыстычныя метады.
Першапачаткова археалагічная тыпалогія размяркоўвае
аб’екты і іх уласцівасці адвольна. Памятаю, шмат год таму я працаваў у Кембрыджскай археалагічнай лабараторыі і вывучаў асновы класіфікацыі каменных прыладаў працы. Наш выкладчык паклаў перад намі шэраг ашэльскіх ручных сякер, выдатнейшых помнікаў, выяўленых у могільніках на рацэ Тэмза. Ён раздзяліў іх па розных катэгорыях. «Гэта — востраканечныя сякеры, гэта — авальныя, гэта — авальныя з падвоеным канцом, а вось гэтыя — язычковыя, з канцом у форме языка»,— аб’явіў выкладчык. Адзін з нас заўважыў, што некаторыя сякеры з катэгорыі востраканечных мелі форму, далёкую ад узорнай. I праўда, адна ці дзве з іх былі авальныя. «I ўсё ж гэта востраканечныя ручныя сякеры»,— прамовіў выкладчык упэўнена, пераканаўчым тонам. Адвольнасць яго класіфікацыі была відавочнай, нагадваючы тую, якой карыстаецца, напрыклад, калекцыянер паштовых марак. Гэта было ўсё адно, як быццам гэтыя дагістарычныя ручныя сякеры былі выраблены паводле стандартаў нейкай безаблічнай каменедрабільнай машыны. Пры гэтым знікала сама магчымасць даследаваць першапачаткова непрыкметныя праявы мастацтва першабытнага чалавека і яго манеры жыцця, якія цікавяць археолагаў нашмат больш за простую класіфікацыю.
Тыпалогія дае магчымасць падабраць аб’ектыўныя крытэрыі аналізу для двух і больш узораў артэфактаў, каб параўнаць іх. Адабраныя для даследавання ўзоры могуць паходзіць з розных помнікаў альбо з розных пластоў аднаго помніка. Тыпалогія — гэта класіфікацыя дзеля стварэння магчымасці параўнання.
Археалагічная класіфікацыя
Як мы ўжо адзначалі, археалагічная класіфікацыя — гэта ўпарадкаванне даных згодна з іх фармальнымі характарыстыкамі. Але якім чынам археолагі праводзяць гэтае ўпарадкаванне?
Тыпалогія заснавана на археалагічнай «канцэпцыі тыпаў», якая, дарэчы, з’яўляецца найбольш супярэчлівай у археалогіі.
Фармальна тып можа быць вызначаны як група ці клас узаемазвязаных даных, якія адрозніваюцца ад іншых груп адным або некалькімі прызнакамі. Большасць даследчыкаў сёння лічыць, што тыпы ідэнтыфікуюцца камбінацыямі атрыбутаў, якія характарызуюць і выдзяляюць з шэрагу
іншых пэўны артэфактычны тып. Задача канчатковага даследавання — арганізаваць даныя такім чынам, каб выявіць аднароднасць ці раз’яднанасць розных груп артэфактаў і пацвердзіць іх узаемасувязь або адасобленасць.
Атрыбуты — гэта фізічныя характарыстыкі, па якіх адзін артэфакт адрозніваецца ад другога. Пры распрацоўцы той ці іншае тыпалогіі археолагі даследуюць сотні асобных фрагментаў, кожны з якіх вызначаецца мноствам толькі яму ўласцівых атрыбутаў. Любы асабліва нічым не адметны артэфакт можа быць апісаны па яго атрыбутах. Так, напрыклад, фамільны куфаль можа характарызавацца выгнутай ручкай, якая ідзе ад венчыка да донца, кантовымі сценкамі, роўным закругленым венчыкам і памерамі, якія паказваюць, колькі ён можа ўтрымліваць піва. Ён можа быць выдзьмуты з тоўстага чыстага шкла (таўшчыню, дарэчы, можна дакладна вымераць). Такім самым чынам у кожнага артэфакта — будзе брыльянтавы пярсцёнак ці дагістарычны керамічны сасуд — можна выявіць шмат разнастайных атрыбутаў. Дапусцім, што на лабараторным стале раскладзена калекцыя з 50 фрагментаў керамікі, якія характарызуюцца чорным маляваным арнаментам. Восем з іх маюць чырвоныя палоскі на шыйцы, дзесяць — круглыя налепы па ўсёй паверхні і г.д. Асобныя фрагменты могуць уяўляць аскепкі пасудзін з ярка-чырвонай гліны, змяшанай для большай вогнетрываласці з парашком марскіх перлавіц. Другія могуць быць кавалкамі пасудзін з тоўстым венчыкам, вылепленым з накладнога жгута перад самым абпальваннем ці мець перакрыжаваны арнамент, нанесены на сырую гліну нажом, і г.дЛюбая з пералічаных асаблівасцей ужо ёсць атрыбут, прытым даволі дакладны. Аднак толькі некаторыя з іх будуць выкарыстаны для класіфікацыі артэфактаў: калі браць пад увагу іх усе, то класіфікацыя зробіцца немагчымай, бо для ідэнтыфікацыі артэфактаў давядзецца ўлічваць бясконцую колькасць атрыбутаў. Такім чынам, археолагі даследуюць толькі тыя атрыбуты, якія, на іх погляд, з’яўляюцца найбольш паказальнымі пры вырашэнні класіфікацыйнай задачы без дапамогі камп’ютэра. Усе атрыбуты ўмоўна можна падзяліць на групы:
фармальныя атрыбуты — гэта такія ўласцівасці прадмета, як форма, памеры і асноўныя яго кампаненты. Натуральна, яны павінны быць дакладнымі;
стылістычныя атрыбуты складаюцца з колеру, дэкору, характару паверхні і г.д.;
тэхналагічныя атрыбуты — усё, што датычыць уласцівасцяў
матэрыялу, з якога выраблены той ці іншы артэфакт, a таксама сродкаў і спосаоаў, выкарыстаных пры яго вырабе.
Адбор неабходных атрыбутаў і наступны за ім працэс археалагічнай класіфікацыі разлічаны на шматгадзіннае лабараторнае даследаванне вялікай колькасці артэфактаў, дзе кожны вывучаецца індывідуальна. Сучасныя археолагі ставяцца з недаверам да колькасных метадаў пры апісанні і параўнанні артэфактаў, а таксама пры выяўленні і апрацоўцы атрыбутыўных дадзеных. Але перад гэтай невялікаю кнігай не стаіць задача аспрэчваць той ці іншы археалагічны метад. Атрыбутыўная класіфікацыя ў асноўным абапіраецца на камп’ютэрнае даследаванне вялікай колькасці артэфактаў. Статыстычныя тыпалогіі звычайна маюць справу з цэлымі групамі атрыбутаў. Археолаг карыстаецца данымі статыстычных даследаванняў для падзелу калекцыі артэфактаў на катэгорыі. Гэты метад дазваляе выявіць найбольш значныя групы артэфактаў, але на само іх разгрупаванне могуць уплываць шмат якія крытэрыі. Напрыклад, група бронзавых мячэй, аб’яднаных паводле формы і памераў клінка, можа быць падзеленая яшчэ на некалькі груп у залежнасці ад паходжання матэрыялу і прапорцый медзі і свінцу, выкарыстаных пры іх вырабе. Іншыя метады, знаёмства з якімі выходзіць за рамкі гэтай кнігі, маюць справу з цэлымі артэфактамі. Яны выяўляюць падобныя рысы ва ўсіх магчымых парах аб’ектаў калекцыі, каб вызначыць іерархію розных груп артэфактаў.
На апошнім этапе даследавання колькасныя метады дапамагаюць археолагам вызначыць сярод мноства адзінак артэфактаў найбальш характэрныя і рэпрэзентатыўныя, якія дакладна перадаюць мінулае чалавека. Некаторыя з гэтых метадаў правяраюць аб’ектыўнасць навуковых высноў і дазваляюць зрабіць заключэнне адносна ўзаемадзеяння розных варыянтаў атрыбутыўных даных. У сувязі з гэтым выкарыстанне іх пры археалагічнай класіфікацыі лічыцца абавязковым.