Уводзіны ў археалогію  Браян М. Фэйган

Уводзіны ў археалогію

Браян М. Фэйган
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 272с.
Мінск 1996
88.26 МБ
лабараторных аналізаў, а не пры саміх раскопках. Тым не менш, яны дазваляюць убачыць, якім чынам людзі на працягу доўгага часу выкарысгоўвалі розныя віды малюскаў, напрыклад вустрыц.
АБРАДАВЫЯ I ІНШЫЯ СПЕЦЫФІЧНЫЯ ПОМНІКІ
Сярод найбольш вядомых у свеце помнікаў ёсць некалькі абрадавых цэнтраў. Гэта і піраміды ў даліне Гіза ў Егіпце, і абрадавы цэнтр майя ў Капане, Гандурас. Большасць абрадавых помнікаў вельмі вялікія, і іх гэтак жа цяжка раскопваць, як і ўзгоркі. Тэаціхуакан у Мексіканскай даліне, вядома, не проста абрадавы цэнтр. Гэта яшчэ і вялікі горад, які квітнеў паміж 200 г. да н.э. і 750 г. н.э. Каб высветліць сапраўднае прызначэнне гэтага помніка, даследчыкі былі вымушаны ажыццявіць не толькі вялікія прасторавыя раскопкі, якія дапамаглі рэканструяваць піраміды і буйныя пабудовы, але і складанае картаграфаванне і даследаванне паверхні ў спалучэнні з дробнамаштабнымі раскопкамі. Ажыццяўляючы гэтую даследчыцкую праграму, Рэнэ Мілан і іншыя археолагі нанеслі на карту больш за 12,5 квадратных міль Тэаціхуакана. Уся гэтая тэрыторыя была даследавана з дапамогай паверхневага агляду і нязначных раскопак. Перад даследчыкамі стаяла задача скласці агульную карціну горада, які вельмі хутка развіўся ў вялікі рэлігійны і абрадавы цэнтр.
Пры вывучэнні розных спецыфічных помнікаў — месцаў гандлю, каменаломняў, абрадавых цэнтраў, дый увогуле любых іншых — галоўнае пытанне, якое стаіць перад даследчыкамі — гэта здабыча артэфактаў з дапамогай раскопак. Але ці з’яўляюцца здабытыя ўзоры сведчаннем некалі развітога тут гандлю, скажам, меднымі ўпрыгожаннямі ці марскімі перлавіцамі? Або вострыя марскія іглы, знойдзеныя за сотні міль ад марскіх берагоў у руінах з выгляду храмавых пабудоў, мелі ў Мексіцы рэлігійнае прызначэнне? На такія пытанні можна адказаць толькі ўважліва прасачыўшы прасторавыя сувязі.
ПАХАВАННІ I МОГІЛКІ
Пахаванні людзей — звычайная археалагічная знаходка. Яна адлюстроўвае вечную цікавасць чалавецтва да тагасветнага жыцця. Самыя першыя чалавечыя пахаванні пачалі рабіць неандэртальцы больш за 70 тыс. гадоў назад. 3 таго часу большасць чалавечых грамадстваў з асаблівай увагай ставілася да пахаванняў. Пахаванні рабіліся з простым або шыкоўным магільным начыннем, якое павінна было суправаджаць свайго ўладара ў замагільным жыцці.
Людзі хавалі памерлых і ў асобных неглыбокіх склепах у сутарэнні свайго жытла, і на спецыяльных могілках, і ў пячорах, і ў збанах пасля крэмацыі, і ў вялізных пахавальных курганах. У некаторых пахаваннях можна знайсці толькі цела, у іншых — некалькі пацерак ці гліняных гаршкоў. Каралеўскія асобы хаваліся з усімі сваімі рэгаліямі: правіцелі дынастыі Шан у Кітаі — са сваімі калясніцамі, першыя асобы ранняга Ура Халдзейскага — з усім дваром, а прадстаўнікі высакародных радоў майя — са сваімі трафейнымі скарбамі.
Пры даследаванні групы пахаванняў на адных і тых жа могілках можна паводле начыння вызначыць прыналежнасць кожнага памерлага да розных сацыяльных класаў. Так, побач з простымі людзьмі можа не быць нічога, а купцы ці святары могуць быць пахаваныя з пэўнымі артэфактамі, якія адпавядаюць іх статусу ў грамадстве. Народы Адэны і Хоўпвэла ў Паўночнай Амерыцы ў часы росквіту іх цывілізацыі 2000 гадоў назад шмат клапаціліся аб замагільным жыцці. Паводле размяшчэння іх пахаванняў, а таксама па культавых рэчах і ўпрыгожаннях, якія знаходзяцца побач з нябожчыкам, можна пэўным чынам вызначыць нават сацыяльную арганізацыю іх грамадства (раздзел 10). Апроч таго, пахаванні — выдатная крыніца інфармацыі пра ўпрыгожанні, знешнасць, адзенне людзей, бо часта нябожчыкі хаваліся з тымі рэчамі, якія яны насілі пры жыцці. Фізічныя характарыстыкі антрапалагічнага матэрыялу могуць даць каштоўныя даныя пра ўзрост, харчаванне, пол, хваробы і старажытную медыцыну.
Як раскопваюцца пахаванні? Калі раскопваюцца вялікія могілкі ці адзінкавае пахаванне, кожны шкілет і ўсе звязаныя з ім магільныя ўпрыгожанні і рэчы патрабуюць аднолькавага падыходу. Любое пахаванне ўяўляе сабой
адзінае цэлае. Яно мае і ўнутраныя сувязі — з рэчамі, якія ў ім знаходзяцца, і знешнія — з іншымі пахаваннямі на розных узроўнях. Першае, што робяць падчас раскопак пахавання, — гэта ідэнтыфікуюць яго ці па надмагіллю, ці па групе камянёў, ці па абрысах магілы, якія можна вызначыць паводле змены колеру навакольнай глебы. Калі абрысы магілы вызначаны і ў ёй знойдзены асобныя косці, перадусім фіксуецца асноўная схема пахавання. Пасля адкрываюцца косці пальцаў на руках і нагах і іншыя маленькія косці. Косці застаюцца ляжаць на месцы, але вялікая ўвага надаецца і таму, каб не змяніць становішча ніводнага ўпрыгожання ці магільнага прадмета. Калі шкілет раскрыты і вычышчаны на месцы пахавання, схема пахавання і магільных прадметаў фіксуецца замалёўкамі і фотаздымкамі. Пасля гэтага шкілет збіраюць, костачка за костачкай, і пакуюць у спецыяльную скрыню з алебастру і металічных стужак.
Раскопкі пахаванняў здаюцца вельмі рамантычнымі. На справе ж яны звязаныя не толькі з тэхналагічнымі праблемамі, але ўздымаюць і вельмі значныя этычныя пытанні. На працягу доўгіх гадоў археолагі выпадкова раскопвалі пахаванні індзейцаў і дагістарычныя магілы па ўсім свеце. Некаторыя з іх былі нават пахаваннямі людзей з вядомым радавым ці гістарычным паходжаннем. У наш час і аўстралійскія абарыгены, і амерыканскія індзейцы энергічна выступаюць супраць раскопак і разбурэнняў старажытных пахаванняў. I яны маюць на тое падставы. Яны пытаюцца, чаму іх продкаў трэба раскопваць і выстаўляць у музеях* Шмат якія грамадствы, што захаваліся да нашага часу, захоўваюць моцныя эмацыйныя і рылігійныя сувязі са сваімі продкамі. I раскопкі іх рэшткаў зневажаюць іхнія рэлігійныя пачуцці. Сёння ўсё часцей гучаць патрабаванні перазахоўваць чалавечыя рэшткі, якія знаходзяцца ў музеях, асабліва тыя, якія маюць дакументаванае сведчанне іх прамых гістарычных сувязяў з сучаснымі амерыканскімі індзейцамі. Нядаўняе федэральнае заканадаўства патрабавала ад Смітсанаўскага інстытута вярнуць чалавечыя астанкі, якія захоўваюцца ў музеі, гістарычным нашчадкам, калі такую роднасць можна пацвердзіць навуковымі данымі. Шмат якія штаты ўжо маюць ці разглядаюць падобныя заканадаўствы. I археолагі і антраполагі разам сочаць за развіццём гэтых падзей з цікавасцю. Яны спрабуюць пераканаць, што бясцэнная навуковая інфармацыя пра раннюю біялогію
чалавека, пра дагістарычныя хваробы і іншае будзе згублена для навукі. Спрэчкі і далёкія да завяршэння дыскусіі вядуць да сутыкнення навукоўцаў з мясцовым народанасельніцтвам і навукі з традыцыйнай рэлігіяй. Безумоўна, любыя раскопкі чалавечых рэшткаў павінны кіравацца павагай да пачуццяў карэнных абшчын амерыканскіх індзейцаў. Але яшчэ пакаленне таму ўвага на такія пачуцці амаль не звярталася.
РАЗДЗЕЛ 8
СІСТЭМАТЫЗАЦЫЯ МІНУЛАГА
Парадак ёсць найпершы Боскі закон.
Аляксандр Поўп. «Нарыс пра чалавека»
ВЯРТАЮЧЫСЯ 3 поля
Археолагі праводзяць нашмат болей часу ў сваіх лабараторыях, чым на раскопках ці ў археалагічных вышуках. На сарціроўку, абазначэнне, класіфікацыю і аналіз знаходак, зробленых нават на кароткачасовых раскопках, яны вымушаны траціць доўгія месяцы. Археалагічны атрад вяртаецца з поля з багажом скрыняў і мяхоў, неадсартаваных каменных прылад, фрагментаў керамікі, кавалкаў касцей жывёл і іншых рэчаў. У кардонных пакунках ляжаць асабліва каштоўныя чалавечыя шкілеты, пробы радыеактыўнага вугалю і глебы для спецыяльнага даследавання. Некалькі дзён перад пачаткам непасрэдна даследчай працы з матэрыяламі траціцца проста на ўпарадкаванне гэтай безлічы скрыняў у лабараторыі. I толькі калі на сталах нарэшце нічога не застаецца, пачынаецца доўгая праца па апісанню і арганізацыі ўсіх знаходак, якая доўжыцца да пачатку новых раскопак.
Напачатку каманда лабараторных даследчыкаў — а звычайна гэта студэнты выпускных курсаў і маладыя спецыялісты, якія працуюць пад вопытным кіраўніцтвам,— размяркоўвае ўсе знаходкі на даволі шырокія групы. Глебу і радыеактыўны вугаль адразу адпраўляюць на экспертызу. Косці жывёл, насенне і іншыя рэшткі ежы аддзяляюцца ад артэфактаў і перадаюцца супрацоўнікам, якія спецыялізуюцца на ідэнтыфікацыі такіх знаходак. Вытворныя артэфакты размяркоўваюцца па вялікіх класах, напрыклад, фрагменты керамікі вылучаюцца асобна ад каменных прылад, металічныя вырабы — ад упрыгожанняў з перлавіц і г.д. Кожны пакунак і скрыня пазначаюцца і строга кантралююцца. Падпісаныя адпаведным чынам, яны павінны
дакладна ўказваць на трохмернае размяшчэнне знаходкі ў часе і прасторы згодна з яе месцазнаходжаннем у раскопе. Толькі пасля гэтага ўсё будзе падрыхтавана да грунтоўнай класіфікацыі і ўпарадкавання артэфактаў. У дадзеным раздзеле мы апісваем некаторыя метады, пры дапамозе якіх археолагі стараюцца вырашаць гэтыя складаныя задачы.
КЛАСІФІКАЦЫЯ, ТАКСАНОМІЯ I СІСТЭМАТЫЗАЦЫЯ
Яад уплывам навакольнай рэчаіснасці мы вымушаны ў сваім жыцці класіфікаваць і сартаваць безліч рознай інфармацыі і ў т.л. матэрыяльных рэчаў. Мы ўпарадкоўваем сталовае начынне: нажы, відэльцы, лыжкі,— і кожны з гэтых прадметаў мае сваё прызначэнне і захоўваецца ў асобным аддзяленні кухоннай шуфляды. Мы адрозніваем дарогі паводле іх пакрыцця, памераў і колькасці развязак. Класіфікацыя цягачоў намі разглядаецца асобна ад класіфікацыі прычэпаў. Гэтаксама, калі мы класіфікуем артэфакты, традыцыі і культуры, мы вызначаем адрозненні паміж імі. Большасць еўрапейцаў ядуць рыс відэльцам, тады як кітайцы і прадстаўнікі некаторых іншых азіяцкіх народаў карыстаюцца пры гэтым адмысловымі палачкамі. Але ёсць і такія, хто лічыць, што дзеля гэтай мэты найболып прыдатная лыжка. Розных варыянтаў можа быць безліч. Але канчатковы выбар найчасцей залежыць ад заведзенага культурнага ўжытку, а не ад функцыянальнай зручнасці.
Кожны чалавек «класіфікуе і праводзіць адрозненні», бо гэтага вымагаюць законы мовы і абстрактнага мыслення. Але археалагічная класіфікацыя зусім не падобная да звычайнай. Яна выступае ў якасці даследчага метаду. У залежнасці ад таго, якая даследуецца праблема, археолаг можа праводзіць і розную класіфікацыю. Напрыклад, археолаг, што займаецца дагістарычнай эпохай, вывучае, якім чынам мянялася арнаментацыя керамічнага посуду на Паўднёвым Захадзе на працягу 500-гадовага перыяду. Праведзеная ім пры гэтым класіфікацыя будзе залежаць не толькі ад характару вырабленых людзьмі рэчаў, але і таго, якую праблему ён хоча даследаваць. Як і што класіфікаваць, абумоўлена самім зместам пытанняў, якія даследчык ставіць перад сабой у дачыненні да наяўных у яго даных.