• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уводзіны ў археалогію  Браян М. Фэйган

    Уводзіны ў археалогію

    Браян М. Фэйган

    Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
    Памер: 272с.
    Мінск 1996
    88.26 МБ
    Кювье памыляўся, бо доказы існавання чалавечых істот у болып раннія часы былі літаральна ў яго перад вачыма. Ужо ў 1600 г. у цэнтры Лондана былі знойдзены косці слана і каменная сякера. Але ніводзін аўтарытэтны вучоны не ўспрыняў гэтага сур’ёзна, як і шматлікія іншыя знаходкі. Уніфармісцкія тэорыі знайшлі добрае абгрунтаванне ў геалогіі ў 1830 г., калі французскі мытны афіцэр Бушэ дэ Пэрт пачаў раскопваць выкапнёвыя рэшткі на залатаносным беразе ракі Сома ля Абэвіля ў Сярэдняй Францыі. Ён быў вельмі здзіўлены, калі знайшоў тузін каменных сякер побач з касцямі даўно вымерлых жывёл, падобных да гіпапатама. Дэ Пэрт заяўляў, што гэтыя прылады былі зробленыя людзьмі задоўга да біблейскага патопу, але навукоўцы толькі смяяліся з яго, бо знаходкі былі не падобныя на каменныя прылады працы і косці насарогаў, мамантаў, пячорных мядзведзяў, знойдзеныя ў схаваных пластах пячоры Брыксхама ў Паўднёва-Заходняй Англіі ў 1858 г. Нарэшце гэтымі знаходкамі зацікавілася навуковая грамадскасць. Сумненняў болып не было, і геолагі і археолагі Брытанскай класічнай школы ў 1859 г. перасяклі Ла-Манш, каб праверыць знаходкі Пэрта. «Каменныя сякеры Амьена і Абэвіля здаюцца мне несумненнымі творамі мастацтва, як шэфілдскі [стальны] нож»,— напісаў адзін усхваляваны эксперт.
    У тым жа 1859 г. убачыў свет нарыс Чарлза Дарвіна «Паходжанне відаў», які з’явіўся цэнтральнай навуковай
    працай XIX ст. Вучоны выклаў тэорыю і механізм эвалюцыі, а таксама тэарэтычна абгрунтаваў, што чалавечая гісторыя пачалася не 6000 гадоў таму, а задоўга да гэтага. Сам Дарвін мала казаў пра ўзнікненне чалавека, але меркаванне, што людзі паходзілі ад чалавекападобных малпаў, шакіравала многіх адданых віктарыянцаў. «Дарагі мой, дазвольце мне спадзявацца, што гэта не так»,— усклікала адна ўражаная маці. Вакол эвалюцыі разгарнуліся дыскусіі, пачаўся доўгі шлях пошуку чалавечых продкаў, які доўжыцца і па сённяшні дзень.
    У 1857 г. чалавек, які працаваў у Германіі на каменаломні неандэртальскай пячоры побач з Дзюсельдорфам, дастаў з-пад зямлі незвычайны чэрап. Ён быў з навіслымі бровамі, зусім не падобны на анатамічныя чарапы, якія бачылі раней. Многія даследчыкі выказвалі думку, што гэта чэрап сучаснага пустэльніка ці нават аднаго з напалеонаўскіх салдат. Але вядомы віктарыянскі біёлаг Томас Гекслі лічыў інакш. Ён даследаваў чэрап і пасля параўнання яго з сучаснымі чарапамі людзей і шымпанзэ даказаў, што гэты выкапнёвы чэрап мае некалькі рысаў малпачалавека. Гэта быў першы навуковы доказ таго, што людзі прайшлі некалькі эвалюцыйных стадый ад чалавекападобных малпаў. У наступныя дзесяцігоддзі пошукі так званага «адсутнага звяна» ў ланцугу паміж чалавекападобнымі малпамі і людзьмі, выклікалі ўсеагульную цікавасць. Нават сёння адкрыццё рэшткаў старажытных людзей выклікае хваляванне, а тыя, хто іх зрабіў, набываюць славутасць. Райманд Дарт выклікаў міжнародны фурор, калі абвясціў пра адкрыццё прымітыўнага аўстралапітэка (паўдневы малпачалавек) у Паўднёвай Афрыцы ў 1924 г. Рычард і Мэры Лікі шукалі рэшткі чалавека ў Алдувайскай цясніне ў Танзаніі болып за чвэрць стагоддзя, перш чым у 1959 г дасталі з-пад зямлі цудоўны чэрап аўстралапітэка. Яго ўзрост складаў 1 мільён 750 тысяч гадоў. Жорсгкія дэбаты вакол эвалюцыі чалавека адбываюцца і цяпер гэтак жа бурна, як і ў Дарвінаўскія часы, і людзі гэтаксама цікавяцца жыццём старажытнага чалавека.
    АДКРЫЦЦЁ СТАРАЖЫТНЫХ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙ
    Старажытныя егіпцяне
    Ужо з часоў Грэцыі і Рыма археолагі меркавалі, што найстаражытнейшая цывілізацыя ў свеце ўзнікла на беразе Ніла, у Егіпце. Старадаўнія егіпцяне лічыліся крыніцай мудрасці і медыцынскіх ведаў. Тут знаходзіліся вытокі ўсіх інсгытутаў цывілізацыі. Але іх дасягненні заставаліся таямніцай да таго часу, пакуль Напалеон Банапарт не наведаў Егіпет у 1798 г. Напалеон з разуменнем ставіўся да навукі і таму паўсюль вазіў за сабой сорак вучоных, каб зафіксаваць усё, што можна было даведацца пра Егіпет, як старажытны, так і сучасны. Вучоныя (салдаты называлі іх «напалеонаўскімі асламі») былі ўражаныя тым, што ўбачылі і знайшлі. На працягу шасці гадоў яны рабілі замалёўкі, даследавалі, збіралі калекцыі і складалі захапляючыя допісы пра экзатычную цывілізацыю, падчас існавання якой былі створаны храмы, якія нідзе не мелі аналагаў — ні ў Грэцыі, ні ў Італіі. Сярод гэтых знаходак быў і знакаміты Разецкі камень з трохмоўным надпісам, які даў магчымасць таленавітаму французскаму лінгвісту Жану Франсуа Шампальёну расшыфраваць у 1822 г. старажытныя егіпецкія іерогліфы. Гэтае навуковае адкрыццё дазволіла даведацца пра многія сакрэты нільскай цывілізацыі, але ў той жа час яно адкрыла шлях іншым наведнікам Егіпта — рабаўнікам пірамід.
    Егіпецкія старажытнасці былі настолькі экзатычныя і каштоўныя, што ў Еўропе за іх прапаноўвалі велізарныя грошы. Толькі што ўтвораныя Брытанскі музей і Луўр у Парыжы спаборнічалі між сабой за сенсацыйныя экспанаты. Добра арганізаваныя і жорсткія рабаўнікі пірамід, накшталт Джавані Белзоні, атабарыліся на Ніле. На працягу трох гадоў Белзоні рабаваў Егіпет з канца ў канец. Ен расшукаў папірусныя манускрыпты ў грабніцах мумій, знайшоў пустую піраміду фараона Сеці I ў даліне Царэй, непадалёк ад Фіваў, і быў першым, хто трапіў унутр магутнага храма Абу Сімбэл. Высокі, надзвычай моцны і прывабны мужчына, Белзоні, паводле ўспамінаў сучаснікаў, быў «экспертам» з ломам, вагамі і порахам і меў вельмі высокую кваліфікацыю для рабаўніка пірамід пачатку XIX ст. Белзоні пакінуў Егіпет у 1819 г. адразу пасля жорсткіх раз-
    борак з непрыяцелямі, якія скончыліся перастрэлкай. Ён выставіў некаторыя са сваіх знаходак у Лондане і урэшце загінуў падчас пошукаў ля вытокаў ракі Нігер у Заходняй Афрыцы.
    Рабаўнікі пірамід і проста злодзеі бесперашкодна раз’язджалі па Егіпце яшчэ амаль да канца XIX ст. Здараюцца такія выпадкі і цяпер. Аднак расшыфроўка іерогліфаў Жанам Франсуа Шампальёнам садзейнічала ўзнікненню новай, зусім іншай катэгорыі наведнікаў Ніла — акадэмічных вучоных. Напрыклад, Джон Гардынэр Вілкінсон правёў тут дзесяць гадоў, перапісваючы надпісы на старажытных егіпецкіх пірамідах. Ён напісаў выдатны, насычаны дэталямі трактат пра паўсядзённае жыццё старажытных егіпцян. Гэта даследаванне адкрыла для еўрапейцаў яркі, напоўнены радасцю свет, які, тым не менш, быў занадта кансерватыўны, глыбока рэлігійны, абумоўлены верай у замагільнае жыццё. Уся сучасная егіпталогія заснавана на працах Шампальёна і яго паслядоўнікаў, а таксама на большасці навуковых метадаў археалагічных даследаванняў Ніла канца XIX ст., закладзеных англійскім археолагам Фліндэрсам Петры і іншымі.
    Асірыйцы і шумеры
    «Ён працягне сваю руку і разбурыць Асірыю,— пагрозліва вяшчаў у Старым Запавеце прарок Сафоній,— і ператворыць Ніневію ў разваліны, сухое месца, падобнае да пустыні». Выпадковым і адважным падарожнікам з Еўропы, калі яны траплялі на зямлю паміж Тыграм і Еўфратам (сучасны Іран), сапраўды здавалася, што страшнае прароцтва збылося. Усё, што засталося ад Ніневіі, асірыйскага горада на рацэ Тыгр,— толькі некалькі занядбаных курганоў, заваленых абломкамі цэглы, ды малавыразных запісаў у Святым Пісанні.
    У 1840 г. французскі ўрад адправіў Поля Эміля Бота паслом у невялікі горад Мосул, які знаходзіўся непадалёк ад руін Ніневіі. Аднак сапраўдная яго мэта заключалася ў тым, каб раскапаць Ніневію. Бота не меў археалагічнага вопыту і не разлічваў даследаваць Ніневію настолькі глыбока, каб выявіць што-небудзь сапраўды вартаснае. Ён з цікавасцю выслухаў расказ аднаго з мясцовых жыхароў, які з захапленнем апісваў багацці, што знаходзіліся пад яго домам на Карсабадскім узвышшы — прыкладна за 22,5 км
    ад Мосула. Пасол адправіў яго і яшчэ некалькі чалавек на разведку. Праз тыдзень той вярнуўся і расказаў пра незвычайныя сцены, пакрытыя разнымі малюнкамі дзіўных жывёл. У Бота аж дыханне заняло ад здзіўлення, калі ён убачыў гэтыя барэльефы: крылатыя жывёлы з чалавечымі галовамі, працэсіі доўгабародых людзей і інш. На раскопкі ён наняў болып за 300 чалавек, якія ўрэшце выявілі палац асірыйскага валадара Саргона. Велізарны будынак з мноствам пакояў быў упрыгожаны напышлівымі рэльефамі, якія распавядалі пра манаршыя перамогі.
    Прайшло пяць гадоў. Малады, няўрымслівы англічанін Аўстэн Генры Лэярд распачаў раскопкі асірыйскага горада Німруда, які знаходзіўся непадалёк ад Ніневіі, уніз па цячэнні Тыгра. У першы ж дзень ён знайшоў два асірыйскія будынкі і хутка трапіў у шыкоўныя палацы. Гэта было якраз тое, пра што ў асяроддзі археолагаў хадзілі легенды. Даследчык Німруда, а потым і Ніневіі, Лэярд працаваў з большым поспехам, чым яго папярэднік Бота. Глыбокім падземным тунелем ён прайшоў у палацавыя пакоі. Тут Лэярд уважліва прыгледзеўся да «прадстаўнічых выяў асірыйскіх цароў... якія здаваліся жывымі настолькі, што было няцяжка ўявіць, быццам яны сышлі са сцяны, каб спытаць у няпрошанага госця, навошта ён парушыў іх спакой». Лэярд праводзіў свае даследаванні з невялікай групай людзей і выглядаў у іх асяроддзі як правадыр племені. Ён арганізоўваў вяселлі, разбіраў спрэчкі і назіраў за раскопкамі на працягу ўсяго дня, пасля чаго да позняй ночы занатоўваў свае думкі на паперы. Малады археолаг быў выдатным пісьменнікам. Яго кнігі пра Ніневію выдаюць і зараз. Адкрыцці Лэярда выклікалі сенсацыю ў Еўропе. Сярод шматлікіх знаходак былі цікавыя барэльефы з выявамі царскага палявання на львоў, а таксама фрызы, якія распавядалі пра святкаванне перамогі пры іудзейскім горадзе Лахішы, пра якую ўзгадвае Стары Запавет. Людзі Лэярда раскапалі нават вапнавыя пліты ля ўваходу ў палац цара Сенахерыба, на якіх засталіся сляды яго калясніцы.
    Найвялікшае адкрыццё Лэярда адбылося ў Ніневіі, дзе ён цалкам раскапаў царскую бібліятэку. Мноства гліняных таблічак ляжалі глыбока пад зямлёю на падлозе спецыяльнага пакоя. Лэярд абгарнуў іх саф’янам, каб яны захаваліся на драўляным пароме, расклаў па карзінах і адправіў уніз па рацэ. Прайшла чвэрць стагоддзя, перш чым нават невялікая колькасць таблічак была расшыфраваная. Але і гэта стала сенсацыяй. У 1872 г. малады перакладчык
    клінапісу Джордж Сміт, які ўвогуле ніколі не быў у Месапатаміі, выявіў таблічку, якая распавядала пра фараона Насісадра. Фараон застаўся жывы пасля вялікай паводкі, якую паслаў Бог людзям за грахі. Ён змайстраваў вялікі карабель і плаваў на ім вакол гары. Пасля ён выпусціў на волю птушак, каб вызначыць, ці ёсць дзе-небудзь сухое месца. Уся гэтая гісторыя вельмі нагадвала біблейскую пра Вялікі Патоп. Семнаццаць радкоў, аднак, адсутнічалі, і Сміт выправіўся на іх пошукі ў Ірак. Цяжка паверыць, але не прайшло і пяці дзён, як ён знайшоў адсутныя фрагменты ў адвале, што застаўся пасля раскопак Лэярда. Тыя, хто верыць у гістарычныя карані Бібліі, безумоўна, заінтрыгаваныя таблічкамі, якія распавядаюць пра патоп. Але вучоных больш цікавіла, ці не з’яўляюцца яны сведкамі існавання яшчэ больш ранняй цывілізацыі, чым асірыйская, і ці не перанялі асірыйцы гэтую легенду з ранейшых крыніц. У 1877 г. другі французскі дыпламат Эрнэст дэ Сарзэк раскапаў старажытны горад Тэлах у Паўднёвай Месапатаміі і знайшоў гліняныя таблічкі, a таксама рэшткі вялікага храма, які быў значна сгарэйшы за асірыйскія. Знаходкі Сарзэка адносіліся да шумерскай цывілізацыі, самай старажытнай сярод адукаваных грамадстваў, але не ранейшай за егіпецкую. Цэлы шэраг доўгатэрміновых раскопак у іншых шумерскіх гарадах, такіх, як Ніпур ці Ур Халдзейскі (1890—1930 гг.), аднавілі шматлікія дэталі існавання гэтай ваяўнічай цывілізацыі і рэшткі невялікіх гарадоў-дзяржаў, якія квітнелі 5000 гадоў таму назад паміж Тыграм і Еўфратам.