Уводзіны ў археалогію  Браян М. Фэйган

Уводзіны ў археалогію

Браян М. Фэйган

Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 272с.
Мінск 1996
88.26 МБ
Працы Дэвіда Фрыдэла і Лінды Чыл па касмалогіі майя — выдатны прыклад даследаванняў такога роду. Каб вызначыць значэнні сімвалаў, звязаных з палітычнай уладай, яны карысталіся зменамі ў выявах і іерогліфах майя. Напрыклад, рэлігійны сімвалізм грамадства майя ў 100 годзе да н.э. абапіраўся на рух ранішняй і вячэрняй зоркі Венеры аднсх:на ўсходу і захаду сонца. Людзі любой супольнасці майя маглі вызначыць і пацвердзіць свае ўяўленні аб космасе, проста глянуўшы на неба. 3 цягам часу касмалогія майя пашыралася і ўдакладнялася. Спачатку імёны правіцеляў не былі прадметам культу. Магчыма, пастаяннае публічнае пакланенне ўладзе перад манументам не лічылася неабходным. Пасля 200 г. н.э. стратэгія правіцеляў майя цалкам змянілася. Яны ўзаконілі новыя правілы аб радаслоўных, публічных цырымоніях і манументах. Многае было аб’яўлена часткай працэсу ўстанаўлення ўлады, якая атаясамлівалася з божай уладай у космасе майя. Фрыдэл і Чыл лічылі, што легенда аб продках-блізнятах — Венеры і Сонцы — стварала пераканаўчы вобраз існавання ўскосных крэўных сувязей паміж рознымі радаводамі, супольнасцямі і ўсімі, хто верыў у гэты міф. Гэтым мелася на ўвазе, што, паколькі блізняты выйшлі з аднаго чэрава і маюць аднолькавую кроў, дык і ўсе майя — адной крыві і маюць аднолькавае паходжанне.
Гэтае даследаванне майя паказала, што нельга разглядаць рэлігію і рытуал паасобку, а толькі як неад’емную частку сацыяльнай арганізацыі, эканамічнага жыцця і палітычнай сістэмы. Ідэі і вераванні — гэта аснова рэлігіі, яны адлюстроўваюцца ў шматлікіх з’явах чалавечага жыцця, асабліва ў мастацтве і архітэктуры. Кожнае грамадства мае ўласную мадэль будовы сусвету, сваю першасную веру. Гэтыя палажэнні тлумачацца вернікам праз тэалогію і рытуалы. Рытуаламі называюць больш ці менш стандартныя рэлігійныя дзеянні, якія часта звязаны з пэўнай парою года — жніва, сяўбы і інш. Іншыя абрады выконваюцца па меры неабходнасці. Сярод такіх можна назваць шлюбы, пахаванні і г.д. Некаторыя грамадствы, напрыклад старажытныя егіпцяне і майя, рэгулярна складалі календары рэлігійных падзей і астранамічных цыклаў. Гэтыя рэгулярныя цырымоніі выконвалі важныя функцыі не толькі па аб’яднанню грамадства, але, напрыклад, у пераразмеркаванні прадуктаў, у рэгуляванні колькасці папуляцыі праз дзетазабойства ці яшчэ падчас цырымоніі рытуальнага назапашвання багацця, калі дзялілі лішкі быкоў. Рэлігійныя перажыванні ў асноўным эмацыянальныя, часта яны звышнатуральныя і выклікаюць пачуццё страху. Рэлігія ўздзейнічае на людзей праз свяшчэнныя пісанні, пастулаты і каштоўнасці. Яна дае святое багаславенне, якое зыходзіць ад святых патрабаванняў грамадства, каб выклікаць прадказальныя пачуцці ў людзей. Такія прадказанні зыходзяць ад цэнтральнай рэлігійнай улады і ўстанаўліваюць парадак спакойнага жыцця ў грамадстве. У Месапатаміі рэлігійная ўлада магла стаць свецкай. Інстытуты і асобы, якія мелі дачыненне да свяшчэнных пісанняў, маглі быць асвечаны, бо яны атаясамліваліся са святымі палажэннямі, якія ляжалі ў аснове вераванняў грамадства. Грамадствы станавіліся больш складанымі, што патрабавала стабільнай урадавай сістэмы для задавальнення патрэб розных сацыяльных груп.
Рэлігійныя вераванні не матэрыяльныя, пра іх можна даведацца толькі па храмах, рытуальных прыналежнасцях і творах мастацтва. Калі адзінай даступнай крыніцай інфармацыі аб рэлігіі з’яўляюцца археалагічныя знаходкі, няма сэнсу разглядаць яе асобна. Аднак калі глядзець на рэлігію і рытуалы як на неад’емную частку грамадства, цесна звязаную з любымі праявамі чалавечай дзейнасці, ёсць надзея, што можна будзе ўбачыць рытуальныя і рэлігійныя артэфакты ў кантэксце цэлага грамадства.
Напрыклад, у даліне Оахака ў Мексіцы паміж 1400 і 1150 гг. да н.э. у мясцовых паселішчах з’явіліся сціплыя храмы, пабудаваныя з цэглы-сырцу і земляных пліт. У іх рэдка сустракаюцца трубы з перлавіц і бубны з чарапахавых панцыраў, якія збіралі на ўзвышшах узбярэжжа. Імі карысталіся падчас публічных цырымоній у такіх пабудовах. Гліняныя статуэткі танцораў у касцюмах і масках, у якіх яны былі падобныя да фантастычных ісгот і жывёл, а таксама гліняныя маскі таксама з’явіліся ў гэты час. Другі рэлігійны артэфакт — востры спінны хрыбет рыбіны — меў важнае значэнне ў Мексіканскім заліве. Ім рабілі праколы падчас рытуальнага пускання крыві. Іспанцы апісалі, як прадстаўнікі ацтэкскай знаці нанасілі сабе раны нажамі, рыбінымі касцямі альбо хрыбтамі, што азначала збавенне ад грахоў, якое прадпісвалася іх рэлігіяй. Археолаг Кент Флэнэры лічыў, што існавалі тры ўзроўні рэлігійных цырымоній: самапусканне крыві, танцы родавых груп, якія рвалі сямейныя сувязі і публічныя абрады ў цырыманійных пабудовах, у якіх удзельнічалі жыхары некалькіх паселішчаў.
Якасць вывучэння рэлігій залежыць ад наяўнасці культавых артэфактаў і храмаў, а таксама ад дакладнасці даследчага праекта. Вывучэнне нематэрыяльных сацыяльных арганізацый і рэлігійных вераванняў і абрадаў будзе найбольш Іэфектыўным, калі разглядаць іх як неад’емную частку ўсяго грамадства, цесна звязаную з усімі відамі яго дзейнасці. Абрады, якія ўсталёўваюць рэлігійную веру, адлюстроўваюцца ў архітэктуры і мастацтве, у наяўных культавых артэфактах альбо ў іх адсутнасці ў археалагічных крыніцах. Яны могуць даць каштоўную інфармацыю аб дагістарычнай рэлігіі пры наяўнасці добра прадуманага даследчага праекта.
Гэтымі і іншымі шляхамі археолагі стараюцца разгадаць складаны і такі малазразумелы светапогляд старажытных людзей. Аднак сёння мы павінны звярнуць сваю ўвагу і на іншую, не менш значную археалагічную праблему — устанавіць адносіны паміж археалагічнымі крыніцамі і нашай уласнай пастаянна зменлівай рэчаіснасцю.
РАЗДЗЕЛ 12
МІНУЛАЕ I СУЧАСНАСЦЬ
Археалагічныя крыніцы — сучасныя; яны існуюць са мною сёння, і любая выснова, якую я раблю, абапіраючыся на іх, — гэта сучасная выснова.
Льюіс Р. Бінфард. 1983.
У гэтым раздзеле разглядаецца адно з найскладанейшых і супярэчлівых пытанняў археалогіі — узаемаадносіны паміж сучасным і мінулым. У трэцім і шостым раздзелах звярталася ўвага на тое, што працэсы ўтварэння помніка адыгрываюць значную ролю ў вызначэнні сутнасці знойдзенай археалагічнай крыніцы. Археалагічныя крыніцы — статычныя, у той час як сучаснасць пастаянна зменлівая і дынамічная. Як жа ў такім выпадку вывучаць узаемаадносіны паміж статычным і дынамічным, паміж мінулым і сучаснасцю? Рашэнне гэтай супярэчлівасці ёсць пытанне найвялікшай значнасці для археалогіі, а таксама для большасці даследаванняў, якія заснаваны на меркаванні, што калі артэфакт сёння выкарыстоўваюць пэўным чынам, то і тысячагоддзі таму ім карысталіся таксама.
Такія даследаванні асноўваюцца на палажэнні, што ўзаемаадносіны паміж мінулым і сучасным маюць два бакі: па-першае, мінулае знікла і даведацца аб ім можна толькі праз сучаснае — праз даследаванне археолагамі мінулага; па-другое, дакладнае веданне мінулага неабходна для разумення сучаснага.
ТЭОРЫЯ СЯРЭДНЯГА РАДЫУСА
Вывучаючы культурныя змены, археолагі імкнуцца праз сучаснасць зразумець мінулае. Пры гэтым яны выкарыстоўваюць тры ўзаемазвязаных падыходы:
этнаархеалогію — вывучэнне сучасных грамадстваў;
эксперыментальную археалогію — сучасныя кантра-
ляваныя эксперыменты па аднаўленню старажытных тэхналогій і прадметаў матэрыяльнай культуры;
тэорыю сярэдняга радыуса — метады, тэорыі і ідэі, якія могуць прымяняцца ў працы над любым перыядам і ў любым месцы зямнога шара дзеля тлумачэння таго, што мы атрымалі ў выніку адкрыцця, раскопак ці аналітычных разважанняў аб мінулым.
Тэрмін «тэорыя сярэдняга радыуса» — гэта ходкі археалагічны выраз, некалі запазычаны ў сацыялогіі. Ён адлюстроўвае сутнасць тэорыі, якая сфарміравалася, калі археолагі пачалі імкнуцца запоўніць разрыў паміж тым, што рэальна адбывалася ў мінулым, і тым, што сёння можна ўбачыць з археалагічных крыніц. Спробы такога збліжэння пачаліся яшчэ ў XIX ст. Каб зразумець і растлумачыць даўняе мінулае, археолагі выкарысгоўвалі і кантраляваныя эксперыменты з выкарыстаннем старажытных тэхналогій, і назіранні за існуючымі грамадствамі. Мы ўспрымаем сучаснасць як дынамічны, пастаянна зменлівы працэс, а мінулае для нас статычнае, яго дынамічныя элементы даўно зніклі. Бінфард і іншыя вучоныя даследавалі Разецкі камень. Гэта дазволіла выкарыстаць назіранні за статычным мінулым, каб зрабіць пэўныя вывады аб яго даўно зніклай дынаміцы. Іншымі словамі, тэорыя сярэдняга радыуса забяспечвае вучоных канцэптуальнымі палажэннямі для тлумачэння спосабаў вырабу артэфактаў і іншых матэрыяльных з’яў з археалагічных крыніц.
Далёка не ўсе археолагі згодныя з тым, што археалагічныя факты не з’яўляюцца галоўнай крыніцай ведаў пра чалавечую дзейнасць. Яны даказваюць, што ўзаемаадносіны паміж чалавечай дзейнасцю і матэрыяльнай культурай ва ўсе часы і ў любым месцы ёсць археалогія. Дыскусіі па гэтым пытанні працягваюцца, але можна ўпэўнена сказаць, што этнаархеалогія, эксперыментальныя даследаванні, а таксама аналогіі дапамагаюць вырашыць важныя задачы даследаванняў мінулага.
ЖЫВОЕ МІНУЛАЕ
Мы жывём у свеце, населеным надзвычай разнастайнымі чалавсчымі грамадствамі. Яшчэ сто гадоў таму многія з гэтых грамадстваў жылі так, як і іх дагістарычныя продкі. Але аднойчы заведзены і тысячагоддзямі нязменны парадак
сяўбы і жніва, жыцця і смерці, чаргаванне перыядаў харчавання з перавагай прадуктаў то жывёльнага, то расліннага паходжання адступае перад надыходам заходняй цывілізацыі з яе тэхналагічнымі перавагамі. Сёння няшмат грамадстваў жывуць па-ранейшаму традыцыйна. Некаторыя зніклі. Тасманцаў не стала праз 70 гадоў пасля заваявання іх белымі; індзейцы Ц’ера дэль Фуэга зніклі ў 1950-я гады. Апошні каліфарнійскі індзеец Ішы з племені паляўнічых-збіральнікаў жыў на сваёй роднай зямлі ў перадгор’і Паўночнай Каліфорніі да 1911 года. Ён бачыў, як белыя пасяленцы знішчылі яго супляменнікаў. Ацалелыя індзейскія народы басейна Амазонкі паступова знікалі, бо на іх землях ажыццяўляліся шырокамаштабныя камерцыйныя праекты.
Антрапалогія традыцыйна даследавала грамадствы, якія не адносіліся да заходняй цывілізацыі, а таксама народы, якім трэба было шмат праз што прайсці, каб прыстасавацца да жыцця ў XX ст. Невыпадкова антраполагі сачылі за тым, як гэтыя людзі прыстасоўваюцца да новых абставін і часта сгановяцца звычайнай меншасцю ў індустрыяльных гарадах. Але археолаг даследуе чалавечую культуру мінулага з XIX ст., калі многія грамадствы, даследаваныя антраполагамі, вымерлі ці былі асіміляваны. Яны сталі часткай археалагічных крыніц. Усе гэтыя грамадствы, якія жылі яшчэ не так даўно, пакінулі пасля сябе калекцыі артэфактаў, шэраг помнікаў, узоры паселішчаў. Ацалелыя да нашых дзён традыцыйныя культуры паляўнічых-збіральнікаў альбо земляробаў вельмі хутка знікаюць з-за наступу заходніх тэхналогій, пластмасавых вырабаў, прадуктаў харчавання, прызначаных для прыгатавання ў мікрахвалевых печах, і індывідуальнай стэрэаапаратуры.