Уводзіны ў археалогію  Браян М. Фэйган

Уводзіны ў археалогію

Браян М. Фэйган
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 272с.
Мінск 1996
88.26 МБ
Усе гэтыя новыя падыходы да мінулага — рэакцыя на адчуванне, што сучасная археалогія стала вельмі грубай. Яна адышла ад сваёй сапраўднай ролі ў сучасным грамадстве. Можна сказаць, што гэта значыць, што археолагі сталі болып крытычна ставіцца да свайго месца ў разуменні інтэлектуальнага развіцця заходняй навукі.
БУДУЧЫНЯ
Эвалюцыйная археалогія
Дзе знаходзіцца будучыня? Археолагі дакладна не ведаюць адказу на гэта пытанне. Зразумела, што і эвалюцыйная тэорыя і экалогія маюць вялікае значэнне ў вывучэнні культурных змен і складаных грамадстваў. Многія археолагі лічаць эвалюцыйную тэорыю карыснай. Так, адзін з перспектыўных будучых кірункаў археалагічнай тэорыі — гэта перагляд палажэнняў эвалюцыйнай тэорыі ў дачыненні да археалогіі.
Homo sapiens sapiens — істота культурная, і яго культурныя здольнасці з’яўляюцца прадуктам эвалюцыі, у якой важную ролю адыгрывае натуральны адбор. Для археолагаў самым значным з’яўляецца адказ на пытанне, ці могуць адны і тыя ж эвалюцыйныя працэсы па-рознаму ўплываць на сутнасць паводзін чалавека? Іншымі словамі, ці залежыць чалавечая культура ад яго біялагічных каранёў і ці трэба ў сувязі з гэтым улічваць асаблівасці біялогіі чалавека пры вывучэнні яго паводзін?
Постпрацэсуалісты лічаць, што культура незалежная ад біялогіі і што паводзіны чалавека абумоўлены культурай. Такім чынам, на іх думку, эвалюцыйная тэорыя непры-
датная ў якасці шляху да разумення чалавечых паводзін. Тэорыя эвалюцыі трымаецца на палажэнні, што натуральны адбор уплывае на культуру праз устанаўленне некаторых рэпрадуктыўных пераваг. Так, мысленне і дзеянні развіваліся з дапамогай натуральнага адбору, таму што ў людзей, якія самі развіваюцца, ёсць пастаянная неабходнасць прыстасоўвацца. У выніку гэтых працэсаў чалавек імкнецца думаць і дзейнічаць толькі пэўным чынам і ні ў якім разе не інакш. Такім чынам, з’яўляецца тэндэнцыя да падабенства ў думках і дзеяннях сярод вельмі розных чалавечых грамадстваў з вельмі рознымі інстытутамі і вераваннямі. Археолагі, якія прытрымліваюцца гэтага пункту погляду, лічаць, што натуральны адбор вымушае людзей скоўваць іх думкі і дзеянні, што тое, як людзі сябе паводзяць, можна зразумець праз разуменне тых абмежаванняў, якія скоўвалі чалавечы інтэлект за гады доўгай эвалюцыі. Але варта памятаць, што асяроддзе, у якім развіваўся чалавечы розум, вельмі моцна адрозніваецца ад таго, у якім ён жыве сёння і ў якім жыў некалькі апошніх тысячагоддзяў.
3 эвалюцыйным падыходам шчыльна звязана паняцце адаптацыі. Адаптацыя закранае марфалагічныя, пазнаваўчыя і паводзінскія асаблівасці арганізма, павялічваючы шанцы на выжыванне і размнажэнне як асобнага індывідуума, так і ўсяго біялагічнага віду ў цэлым. Але гэта яшчэ не значыць, што ў выніку адаптацыі ўсе паводзінскія асаблівасці ўвесь час ці ў любым асяроддзі мяняюцца. Як такія змены паспрыялі захаванню і размнажэнню людзей у мінулым, трэба яшчэ прадэманстраваць, і такая дэманстрацыя патрабуе сур’ёзнай аргументацыі. Адна справа выявіць доказы, скажам, развіцця палявання на марскіх млекакормячых, і зусім іншая — паказаць, што гэтае развіццё адбылося ў выніку пэўных сацыяльных змен — напрыклад, павелічэння прэстыжу.
Адаптацыя — гэта працэс, і задача археолагаў — даследаваць доўгатэрміновыя культурныя працэсы ў іх часавым развіцці. Такія працэсы з’яўляюцца сродкам, з дапамогай якога арганізм паступова засвойвае пэўныя ўзоры паводзін, што маюць для яго функцыянальнае значэнне. Мы засяродзім сваю ўвагу на ўласцівых дагістарычнаму чалавеку асаблівасцях пазнаваць свет і прымаць пэўныя рашэнні, на тых працэсах, якія дапамагалі людзям прыстасоўвацца да пастаянна зменлівага асяроддзя і ўплывалі на іх лад жыцця і размнажэнне. Вывучэнне на аснове
археалагічных крыніц таго, што кіравала людзьмі пры прыняцці імі тых ці іншых рашэнняў,— даволі цяжкая задача, у немалой сгупені таму, што кожнае чалавечае грамадства і яго жыхары жылі ў акружэнні складанай сістэмы сімвалаў. Рабіць пэўныя высновы пра тую ці іншую сімвальную сістэму на аснове археалагічных крыніц гэтак сама цяжка, як пазнаць сябе ў шэдэўрах мастацтва каменнага веку. I ўсё ж у рэальнасці дзейнасць чалавека мае тэндэнцыю адлюстроўваць экалагічныя рэаліі і абапіраецца на інфармацыю аб яго рэальным навакольным асяроддзі і яго практычных патрэбах, што яму дазваляюць выжыць.
Эвалюцыйны падыход да археалогіі разглядае адаптацыю як працэс, у якім кожная асоба мае магчымасць творча пераасэнсоўваць рэаліі і дзейнічаць у адпаведнасці з гэтым пераасэнсаваннем. Адаптацыя — рухаючая сіла, якая змяняе сацыяльнае і фізічнае асяроддзе. Самым відавочным прыкладам такога працэсу з’яўляюцца прадстаўнікі племя хоі-хоі, пастухі буйной рагатай жывёлы, якія жылі на мысе Добрай Надзеі, самай паўднёвай кропцы Афрыкі ў XV ст. Хоі-хоі былі супольнасцю індывідуумаў, кожны з якіх выконваў дакладную прызначаную яму задачу ў шырокім коле аоавязкаў гэтага грамадства. Як супольнасць яны распаліся ў выніку еўрапейскай каланізацыі ў XVII ст. Галоўнай прычынай распаду было тое, што кожны чалавек вельмі хутка вырашыў распрадаць гадаваных ім кароў дзеля імгненнай выгады. Далёкія вынікі гэтага праявіліся ўжо праз пакаленне: здольнасці да вывядзення новага статка былі страчаныя, як страчана і асноўная крыніца багацця ў грамадстве, дзе буйная рагатая жывёла была асноўным паказчыкам прэстыжу і адаптацыі. Карацей кажучы, у цэнтры працэсу чалавечай адаптацыі знаходзяцца паводзіны чалавека, якія адлюстроўваюць гэты працэс, a ён адказвае за вялікую культурную разнастайнасць як у мінулым, так і ў сучаснасці. Багатая разнастайнасць чалавечых грамадстваў з’яўляецца вынікам узаемадзеяння паміж універсальнымі псіхалагічнымі схільнасцямі чалавецтва і выключнымі абставінамі, якія прымушаюць кожнага прыстасоўвацца да розных сацыяльных, экалагічных і гістарычных сітуацый. Ніхто не можа растлумачыць наяўнасць вялікіх падабенстваў і разнастайнасці паміж старажытнымі 1 сучаснымі грамадствамі.
Найбольш карысным у звалюцыйнай археалогіі, звязанай са зменамі ў часе, з’яўляецца засяроджванне ўвагі
на людзях як актыўных асобах, якія пастаянна рэгулююць свае паводзіны ў адпаведнасці са зменамі ў сацыяльным і фізічным асяроддзі. Гэтыя асобы — людзі, здольныя да творчага мыслення з выдатнымі чалавечымі якасцямі. Розум — гэта рухаючая сіла культурных змен, вынаходніцтва новых спосабаў вытворчасці і навучання чалавека ў працэсе адаптацыі. Чалавечыя веды, безумоўна, абмежаваныя, існуюць праблемы, якія людзі не могуць вырашыць, працэсы, якія вышэй за чалавечае разуменне, і памылкі, якія мы можам рабіць з-за разумовай блытаніны. Гэтыя абмежаванні садзейнічаюць супрацоўніцтву людзей у вырашэнні складаных праблем — напрыклад, калі яны шукаюць спосаб, як за адзін раз злавіць найбольшую колькасць бізонаў.
Гэта форма эвалюцыйнай археалогіі патрабуе развіцця новай метадалогіі, якая б была інтэгравана з эвалюцыйнай экалогіяй і гуманнай псіхалогіяй, а таксама са спосабамі ўстанаўлення сувязяў паміж паводзінамі і абавязкова абагульненымі дадзенымі з археалагічных крыніц. Шмат новых і часам сакрэтных падыходаў будуць характарызаваць наступны этап эвалюцыйнай археалогіі, усё — ад камп’ютэрнага мадэлявання да разлікаў кошту і мэтазгоднасці гэтых даследаванняў. Часта біёлагі і археолагі сутыкаюцца з адной праблемай: як узнікаюць і стабілізуюцца біялагічныя альбо культурныя віды?
Археалагічныя даследаванні абмежаванняў
«Нягледзячы на тое, што археолагі не могуць з дапамогай сваіх першасных даных зразумець чалавечыя паводзіны альбо вывучаць чалавечыя думкі, археалогія з’яўляецца цікавай навукай»,— піша канадскі археолаг Брус Трыгер. Гэта асноўнае складанае пытанне сучасных тэарэтычных дыскусій. Трыгер і іншыя лічаць, што працэсуальны падыход можа дазволіць лепш разумець даныя археологіі, але без разумення таго, што менавіта чалавечая дзейнасць з’яўляецца прычынай узнікнення археалагічных крыніц, карысці ад гэтага не будзе.
Сёння многія археолагі лічаць, што існуе нашмат больш варыяцый чалавечай дзейнасці, чым лічаць працэсуальныя археолагі. Інакш кажучы, чалавечыя паводзіны не такія правільныя, як гэтага хацелася б многім даследчыкам культурнай эвалюцыі. Культурнае развіццё ў розных рэгіёнах адбываецца дастаткова сістэмна. Напрыклад, у развіцці
земляробства і вёскі на Блізкім Усходзе і ў Цэнтральнай Амерыцы перыядычныя працэсы, якія з’яўляюцца прычынай і следствам, урэшце ўплываюць на эвалюцыю падобных форм паводзін чалавека, нават у аддаленых рэгіёнах. Мы шмат чаго не ведаем пра прыроду культурных і сацыяльных сістэм. Ці ўплывае змена ў адной падсістэме на ўсе іншыя, як лічаць многія археолагі? Сёння немагчыма сказаць, што гэта менавіта так.
Людзі прыстасоўваюцца не да таго фізічнага свету, які існуе ў рэальнасці, а да таго, які яны ўспрымаюць у залежнасці з узроўнем свайго культурнага развіцця. Такім чынам, здольнасць чалавека асэнсоўваць і ўпарадкоўваць сваё культурнае ўспрыманне адыгрывае істотную ролю ў спосабах узаемадзеяння людзей адно з адным і з асяроддзем. Іншымі словамі, постпрацэсуалісты маюць рацыю, калі лічаць, што чалавечы розум адыгрывае важную ролю ва ўсіх аспектах чалавечай дзейнасці. Бясспрэчна, нягледзячы на тое, што матэрыялістычныя падыходы могуць даць шмат інфармацыі пра жыццё ў старажытнасці і пра тое, як эканоміка і матэрыяльная культура ўплываюць на палітычнае, сацыяльнае і інтэлектуальнае жыццё, мы ўсё ж ведаем яшчэ недастаткова пра абмежаванні, якія ўплываюць на паводзіны чалавека. Брус Трыгер лічыць, што трэба б было разглядаць паводзіны чалавека як «прадукт узаемадзеяння паміж здольнасцю асобных чалавечых істот прадбачыць некаторыя вынікі іх дзейнасці і рознымі відамі рэальных і мяркуемых абмежаванняў, якія нельга не ўлічваць».
Такія абмежаванні могуць быць знешнімі. Працэсуальныя археолагі зрабілі значныя даследаванні экалагічных, тэхналагічных і эканамічных абмежаванняў, якія ўздзейнічаюць на чалавечыя грамадствы: доказы гэтых важных доследаў — змены ва ўзорах паселішчаў у Мексіканскім басейне і рост месапатамскай цывілізацыі. Але на дзейнасць чалавека ўплываюць і шматлікія пазаэканамічныя і пазаэкалагічныя фактары — напрыклад, фізічныя абмежаванні цела чалавека і яго мозга. Такім чынам, можна казаць не тое, што асяроддзе ўплывае на культурныя змены, a што яно абмяжоўвае дзейнасць чалавека. Урэшце асноўныя сістэмныя даследаванні пераканаўча засведчылі, што існуе толькі абмежаваная колькасць альтэрнатыўных спосабаў здабываць інфармацыю і прымаць пэўныя рашэнні. Гэта абмяжоўвае колькасць сацыяльных і палітычных арганізацый, жыццяздольных у чалавечых грамадсгвах. Напрык-