Уводзіны ў археалогію  Браян М. Фэйган

Уводзіны ў археалогію

Браян М. Фэйган
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 272с.
Мінск 1996
88.26 МБ
лад, адзінадушныя рашэнні, характэрныя для невялікіх грамадстваў, могуць прымацца толькі групамі, якія налічваюць не больш за 300 чалавек. А вось там, дзе ў адной групе жыве больш за 1500 чалавек, без прымусу не абысціся. Увогуле, чым большае грамадства, тым яно складанейшае і тым больш бюракратычныя яго ўрадавыя інстытуты. Існуе толькі абмежаваная колькасць жыццяздольных сацыяльных і палітычных структур, якія чалавечыя грамадствы могуць прыстасаваць да сваіх патрэб. Гэта і тлумачыць надзвычайнае падабенства асноўных інстытутаў у такіх розных цывілізацыях, як, напрыклад, шумеры і майя, што жылі ў розных кутах свету.
Унутраныя абмежаванні таксама ўздзейнічаюць на паводзіны чалавека. Гэта датычыцца ведаў, вераванняў, каштоўнасцей і іншых умоўных звычак. Усе яны вельмі розныя ў кожнай культуры. Тым не менш, некаторыя з іх могуць існаваць у грамадсгвах, якія знаходзяцца за тысячы міль адно ад другога. Напрыклад, у двух вельмі далёкіх грамадствах можа развівацца апрацоўка бронзы, якая заснавана на агульных палажэннях тэхналагічнага ноў-хаў, але культурны кантэкст гэтых ведаў будзе вельмі розны, як, напрыклад, у цывілізацыі шанг у Кітаі і культуры мачыка на ўзбярэжжы Перу. Некаторыя звычаі — напрыклад, агульная практыка ўздымаць правадыра ці караля на ўзвышша альбо прыпадабненне яго сонцу — існавалі шмат у якіх мясцінах. Гэта не азначае, што яны звязаны паміж сабой, як лічылі раннія дыфузіяністы, але яны адлюстроўваюць больш-менш універсальныя чалавечыя ўяўленні.
У адпаведнасці з гэтым чалавечыя культуры — гэта гістарычная з’ява, якую падштурхнулі да жыцця і знешнія і ўнутраныя ўплывы. Наша здольнасць карыстацца сваім уяўленнем і прымаць прадуманыя рашэнні адыгрывае вялікую ролю ва ўвядзенні любых навацый. У нашай культуры існуе вялікая колькасць ідэй і сацыяльных каштоўнасцей, якія ці падштурхоўваюць, ці стрымліваюць новаўвядзенні. Інакш кажучы, інфармацыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, складае большую частку тых ведаў, якія патрэбны чалавеку для таго, каб дзейнічаць у адпаведнасці з эканамічнымі і сацыяльнымі рэаліямі. Кожнае пакаленне псраасэнсоўвае гэтую інфармацыю і культурныя абмежаванні, якія спадарожнічаюць ёй, каб па-свойму адлюстраваць рэальнасць. Менавіта такія працэсы відазмянілі чалавечыя грамадствы і часам садзейнічалі ўзнікненню новых сацыяльных інстытутаў.
Культурныя традыцыі дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя, але адначасова з’яўляюцца і тою сілай, якая можа выступаць супраць новаўвядзенняў. Апроч таго, традыцыі — гэта аснова інтэлектуальнай інфармацыі, якая пастаянна змяняецца ад пакалення да пакалення. Традыцыі маюць такі ж значны ўплыў на дзейнасць чалавека, як і экалагічныя фактары. У адпаведнасці з такім падыходам асоба — гэта чалавек, які адчувае патрэбу ў пэўных зменах і робіць дзеля іх ажыццяўлення адпаведныя крокі. Такім чынам і знешнія і ўнутраныя абмежаванні чалавечых паводзін аднолькава важныя і ўзаемадапаўняюць адны адных на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Экалагічныя і іншыя знешнія фактары могуць быць культурна апасродкаваны, але яны не залежаць ад дзейнасці чалавека, што дазваляе іх зразумець з пункту погляду эвалюцыйнай тэорыі і падобных да яе абагульненняў. Культурныя традыцыі — унутраныя абмежаванні — значна больш ідыясінкратычныя і значна радзей бываюць выпадковымі. Гэта ўскладняе працэс прывядзення чалавечай гісторыі ў эвалюцыйную сістэму, бо, нягледзячы на знешнія аомежаванні, шмат культурных змен выпадкова адбываюцца ў пасгаянна зменлівых абставінах без уліку на культурных традыцый. Тое, што чалавечая культура адкрыта для далейшага вывучэння, стварае патрэбу ў яе ўпарадкаванні, каб можна было зразумець усю яе разнастайнасць. Праз вывучэнне асобных культурных традыцый археолагі могуць тлумачыць адметныя рысы культур, на што ніколі не маглі спадзявацца даследчыкі эвалюцыі і культурныя эколагі.
Брус Трыгер лічыць, што археолагі павінны імкнуцца вытлумачыць мінулае праз абмежаванні, якія на яго ўплывалі. Асяроддзе, тэхналогіі і абмежаванні — часткі натуральнага парадку, яны вызначаюць сацыяльную арганізацыю праз культурную сістэму. Гэтыя асноўныя фактары могуць быць растлумачаны з дапамогай тэорыі сярэдняга радыуса і этнаархеалагічных даных. Іх даследаванне трэба спалучаць з вывучэннем культурнага зместу з дапамогай удасканаленага асноўнага гістарычнага метаду, з выкарысганнем дакументаў археалогіі, лінгвістыкі і вуснай традыцыі, каб надаць культурны сэнс абагульненням тэорыі сярэдняга радыуса. Разуменне археолагамі ўсіх тых абмежаванняў, якія паўплывалі на арганізацыю старажытных грамадстваў, значна вагаецца ў залежнасці ад той ці іншай культуры. Хоць асноўны гістарычны метад можа ахопліваць шэраг тысячагоддзяў, ёсць шмат грамадстваў — як, на-
прыклад, еўрапейская цывілізацыя краманьонцаў, што існавала 2000 гадоў таму,— якія будуць заўсёды вядомыя нам галоўным чынам паводле аказанага на іх знешняга ўплыву. Гэта, безумоўна, не значыць, што археолагі страцілі надзею калі-небудзь зразумець паводзіны вельмі старажытных чалавечых грамадстваў. Проста яны ясна ўспрымаюць абмежаванні, накладзеныя на іх беднасцю археалагічных даных. Разам з тым яны імкнуцца зрабіць археалогію больш з’арыентаванай на чалавека, а не той безасабоваю навукай, якою шмат у чым была ранняя працэсуальная археалогія.
Дыскусіі вакол новай, больш гуманнай археалогіі толькі пачынаюцца, але можна прадказаць, што на месца палярных і супярэчлівых поглядаў, якія так характэрны нашай дысцыпліне сёння, прыйдуць больш усеабдымныя падыходы да трактоўкі мінулага.
РАЗДЗЕЛ 14
АРХЕАЛОГІЯ Ў БУДУЧЫМ
Ворыўнае земляробства, якое за апошнія гады набыло непамерныя маштабы, пагражае знішчэннем гэтай найпрыгажэйшай даліне і ўсім помнікам, раскіданым па яе абшары.
Уільям Стакелей. 1740.
Археалогія даследуе старажытную гісторыю чалавецтва ад самага яго ўзнікнення на тэрыторыі Усходняй Афрыкі да ўзнікнення пяццю тысячамі гадамі пазней першых дзяржаўных утварэнняў у Егіпце і Месапатаміі і нашмат пазнейшых цывілізацый. Гэта складаная і шматфункцыянальная навука фактычна з’яўляецца часткай нашай рэчаіснасці. Яна раскрывае перспектывы развіцця чалавецтва на працягу больш як 2,5 млн. гадоў яго існавання і нагадвае нам, што ўсе мы, людзі, з’яўляемся часткай адной вялікай і разнастайнай сям’і. Тыя веды пра нас, якія здабывае археалогія, надзвычай важныя і дапамагаюць існаваць у нашым такім зменлівым і складаным свеце.
Тым не менш, археалогія сёння знаходзіцца ў крызісе, якому садзейнічае хваля беспадстаўных разбурэнняў і раскраданняў помнікаў старажытнасці, тых помнікаў, якія адлюстроўваюць культурную індывідуальнасць болыпасці чалавецтва.
БУДУЧЫНЯ МІНУЛАГА
Антрапалогія вывучае біялагічную і культурную эвалюцыю чалавека, якая дасягае сваёй кульмінацыі ў урбаністычнай цывілізацыі і надзвычайнай разнастайнасці сучаснага свету. Узнікненне цывілізацыі, з іншага боку, паскарае працэс і садзейнічае ўтварэнню новых, яшчэ большых глабальных грамадскіх сістэм. Мноства сучасных грамадстваў звязана паміж сабой рэлігійнымі, палітычнымі і эканамічнымі сувязямі. Напрыклад, наша заходняе грамад-
ства з яго камунікатыўнымі магчымасцямі і здольнасцямі накарміць нашмат большую, чым раней, колькасць людзей дасягнула самых аддаленых куточкаў свету з адзінай мэтай эканамічнага і духоўнага панавання. Вынікі гэтага валадарства для многіх грамадстваў аказаліся драматычнымі.
Палінезійскі народ быў адкрыты заходнім светам у XVIII ст. Праз сто год ад яго застаўся толькі цень. Палінезійцы жорстка эксплуатаваліся, а многія былі закатаваны да смерці. Мільёны амерыканскіх індзейцаў загінулі ад экзатычных хвароб, занесеных еўрапейцамі. Некалькі плямёнаў аўстралійскіх абарыгенаў здолелі часткова захаваць сваю старажытную культуру. Пры іншых абставінах гэтым супольнасцям пагражала знішчэнне альбо асіміляцыя ў іншае культурнае асяроддзе, у якім яны былі б у лепшым выпадку людзьмі другога гатунку. Толькі ў 1960—1970-х гадах некаторым з іх пашчасціла дасягнуць незалежнасці, і яны, як усе этнічныя групы ці нацыі, якія нядаўна здабылі незалежнасць, пачалі імкнуцца аднавіць сваю самабытнасць у вельмі змененым навакольным свеце.
Нацыяналізм, як нам здаецца, з’яўляецца вызначальнай рухаючай сілай апошняга дзесяцігоддзя. На нацыянальную ідэю ў сваёй палымянай барацьбе за незалежнасць абапіраюцца шмат якія этнічныя меншасці і «маладыя» нацыі. Сапраўднай сенсацыяй на Захадзе стала кніга Алекса Хэлея «Карані», у якой падрабязна распавядаецца пра тое, як ён знайшоу свае радавыя карані ў Заходняй Афрыцы. Аднак для многіх людзей і гэта з’яўляецца праблемай. Іх непісьменныя грамадствы ў працэсе развіцця і палітычнага самавызначэння страцілі нават свае вусныя літаратурныя традыцыі. Так здарылася, напрыклад, з аўстралійскімі абарыгенамі, таіцянамі, амерыканскімі індзейцамі і сотнямі іншых плямёнаў. У гэтых людзей выпрацаваўся свой, асабісты погляд на гісторыю і культуру свайго народа. I ён можа адрознівацца ад прапанаванага археолагамі. Мы павінны паважаць гэтыя погляды, але пры гэтым не забываць, што ісціна, якая грунтуецца на фактах, можа прыйсці да іх толькі дзякуючы археалагічным раскопкам. Асноўная наша задача, такім чынам, заключаецца ў тым, каб захаваць па магчымасці ўсе помнікі, якія належаць да загінуўшых культур.
Археалагічныя раскопкі ў такіх выпадках з’яўляюцца адзінай крыніцай ведаў. Там, дзе яшчэ існуюць «бе/іыя іілямы» гісторыі, патрэбна пільная ўвага археолагаў. Зра-
зумела, толькі пры ўмове мэтазгоднасці і поўнай законнасці археалагічнага даследавання.
Надзвычай хуткі тэмп развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі ў апошнія гады прывёў да масавага знішчэння слядоў мінулага. Тысячы старажытных паселішчаў амерыканскіх індзейцаў былі затоплены падчас будаўніцтва гідраэлектрастанцый, заняты раллёй, разбураны гарнаруднай прамысловасцю, загінулі пад наступам гарадскога і іншага будаўніцтва. Садзейнічаюць разбурэнню помнікаў і так званыя «паляўнічыя на скарбы». Верагодна, мы — апошняе пакаленне амерыканцаў, якому яшчэ пашчасціла ўбачыць помнікі некранутымі. Чарльз Мак-Гімсей, выкладчык Арканзаскага універсітэта, прыйшоў да высновы, што археалагічных помнікаў у нас засталося няшмат. Так, у штаце Лос-Анжэлес іх усяго 5% ад ранейшай колькасці. Акрамя таго, усе яны належаць да розных гістарычных эпох. Нягледзечы на тое, што ў апошнія гады ў Паўночнай Амерыцы прымаецца шмат законаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры, рэальная пагроза знішчэння ўсё яшчэ існуе. Разам з помнікамі знікае і унікальная гістарычная інфармацыя, заключаная ў артэфактах, знойдзеных тут. Працэс знішчэння помнікаў — гэта своеасаблівы генацыд не толькі супраць жывых, але і супраць памерлых.