Уводзіны ў геаграфію  Юрый Андруховіч

Уводзіны ў геаграфію

Юрый Андруховіч

Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
88.94 МБ
ЮРЫЙ АНДРУХОВІЧ
Уводзіны ў геаграфію
Мінск Логвінаў 2006
УДК 821.161.3-8
ББК 84.3 Укр
A 65
Пераклад зроблены паводле выданьняў:
Юрій Андруховнч. Екзотнчні птахн і рослннн. Івано-Франківськ, 1997.
Юрій Андруховнч. Рекреаціі. Романн.
Квів, 1997.
Юрій Андруховнч. Дезоріентація на місцевості. Івано-Франківськ, 1999.
Юрій Андруховнч. Пісні для мертвого півня.
Івано-Франківськ, 2004.
Плерома, 3’98. Івано-Франківськ, 1998.
Андруховіч, Ю.
A 65 Уводзіны ў геаграфію : паэзія, проза, эсэістыка / Юрый Андруховіч : Пер. з украінск. М. Шоды й А. Хадановіча. — Мн.: Логвінаў, 2006. — 438 с.
ISBN 985-6701-88-0.
УДК 821.161.3-8
ББК 84.3 Укр
Пераклад Андрэй Хадановіч, Марына Шода Рэдактары Юрась Бушлякоў, Андрэй Хадановіч
Карэктар Надзея Шакун
Макет Віктар Корзун (VivaFutura)
© Юрый Андруховіч, 2006
© Андрэй Хадановіч, Марына Шода, пераклад, 2006
ISBN 985-6701-88-0
Зьмест
I.
Пастух Пустай, паэт, баронскі сын, 11
Казак Ямайка, 13
Яхідна, 15
3 цыклю “Крымінальныя санэты”
Літасьць, 16
Стрэл, 1 7
3 цыклю “Ліпеньскія нататкі падарожніка”
(Рэчка), 18
(Дух), 19
(Забыцьцё), 20
Пошукі вертаграду, 21
3 кнігі “Песьні для мёртвага пеўня”
And everybody fucks you, 23
And the third angel sounded, 24
Seven eleven, 25
II.
Самойла зь Нямірава, прыўкрасны разбойца, 29
Рэкрэацыі, 43
Авэ, “Крайсьлер”! Тлумачэньні відавочнага, 167
III.
Уводзіны ў геаграфію, 195
Маскавіяда. Раман жахаў, 225
Індыя, 433
Юрый Андруховіч (1960) паэпі, раманіст, эсэіст, адзін зь лідэраў сучаснай украінскай літаратуры. Аўтар кніг паэзіі “Неба і плошчы” (1985), “Серадмесьці” (1989), “Экзатычныя птахі й расьліны’’ (1991), "Маскульт" (сумесна з Андрыем Бондарам і Сяргіем Жаданом, 2003) і “Песьні для Мёртвага Пеўня" (2004), аповесьці “Рэкрэацыі" (1992), раманаў “Маскавіяда” (1993), “Пэрвэрзія” (1996) і “Дванаццаць абручоў” (2004), кніг эсэістыкі “Дэзарыентацыя на мясцовасьці” (1999) і “Мая Эўропа" (сумесна з Анджэем Стасюком, 2000). Патрыярх паэтычнай групы “Бу-Ба-Бу”, якую ў 1987 годзе заснаваў разам зь Віктарам Небараком і Аляксандрам Ірванцом.
Пастух Пустай, паэт, баронскі сын
Міхайла Пустай апавядальнік і казачнік, лемка з Усходнеславацкага краю. Быў пастухом грамадзкіх козаў. Зь яго вуснаў запісана шмат казак, сярод іх і “Баронскі сын у Мэрыцы”, што вельмі перагукаецца з “Падарожжамі Сындбада”.
а за першым морам мэрыка з плюшам а за іншым морам мэрыка зь цёрнам каб душы ня драпаць як з дому рушым у жалезны панцыр яе загорнем
у мэрыканскіх нетрах скарбаў цудоўных ну а ты і ў сьвяты ў старым куртатым
п
лахманы табе залатаў дзядоўнік а ты зноў на слуп на пацеху катам
паўміралі козы пайшлі мо ў вырай
дзе быў статак пустка ой кепска будзе дыяманцік добры ў нябёсах вырый каб ня тдк сувора судзілі людзі
бо за першым морам мэрыка зь мёду а за іншым морам мэрыка з воску вунь камэта ў небе шукае броду
і баліць сьвятло ў сутарэньнях мозгу
бо яму так цесна між гэтых мэрык хоць каменны бераг але ж ён твой бераг і расьце зь яго хваравітай чарэшняй водгук раны заўтрашняй
боль недарэчны
вязка мне казка
даўка мне траўка
едка мне кветка
мелка мне елка
горка мне зорка цяжка мне пташка ліпка мне рыбка суха мне сука
Казак Ямайка
о колькі мой косю ў сьвеце бывае цудаў-дзівосаў глядзеў бы покуль ня вып’юць вачэй крумкачы
а мала направа багама-мама налева край хмарачосаў і пальмы гожай падковай як выйду ўначы
з бунгала
ой мора ж маё ад суму ўсе выцьвілі шаравары якога лысага чорта зь якіх апраметных фаўн ды кінулі нас о мора твае касары карсары хоць шчыльнымі йшлі радамі і бацька крычаў:
на фрытаўн!
а там трынаццаць касьцёлаў і вечна вайна
з амурам а шчэ трынаццаць камораў дзе золата-срэбра
старое дзяўчаты нібы ліяны нячутна растуць за мурам і хочацца ім каханьня а іх у чорныя строі
цяпер во жлукцім сівуху на пару зь піратам джэкам
кажу яму схамяніся пакайся кажу паскуда няўжо калі ты эўропа то ўжо ня ёсьць чалавекам якога хрэна прадаўся за трыццаць гнілых эскуда
•
а джэк на выбрыкі майстра папугу трымае ў кайстры
заломвае рукі ў горы (і мне калі не ў гуморы) а як зарыдае ўголас квітнеюць астры піястры to be or not to be кажа i булькае I’m sorry
нявольніцу кажа маю са скураю бы какава
купі шызакрылы голуб маркотна ж без гаспадыні гароду сеяць ня трэба прыцмоквае ён ласкава гарод на ёй прарастае
тытунь ананасы дыні
наплодзіш кажа казацтва навучыш песьняў
сьпярша
ды толькі ў ярмо не даецца шыя мая душа
бо залятаю ў думках к матчынаму ўзьбярэжжу ой косю няверны мой косю апостале мой хама выйду ў трысьнёг цукровы
дудку ямайскую зрэжу душа падымецца з хмарай
ды ўжо мяне і няма
Яхідна
Мы вяртаемся, выдмы засеяўшы сьмерцю: сонцу падлу паліць агідна.
Ды зачынены горад, праказы ня сьцерці, быццам зубы шчэрыць яхідна.
Покуль нас не было й кроў лілася ў пустыні, не было відно той ракі дна, на слупох і крыніцах, як соль на хусьціне, праступіла таўро: яхідна.
Мы згубілі сябе ў агаранскім паходзе.
Годзе ворагаў біць наўскід нам.
Дый у родныя дзьверы нам стукацца годзе, бо ў айчыне служаць яхіднам.
Ясны панны завянуць у вежах каменных, перастаркі любяць фрыгідна, памірае юнацтва ў зьнякроўленых венах, ажывае ў вачах яхідна.
Вунь яна, што адкладвае яйкі-стагодзьдзі, дзе гандляр крычыць зьненавідна, дзе ахвяры і каты жывуць у лагодзе, дзе натоўп сычыць, як яхідна.
Што магу я? Хрыпае сурма нада мною.
Я паўсьвету прайшоў, магчыма.
Mary босы ісьці за тваёю труною, ясна панна, старая айчына.
3 цыклю “ Крымінальныя санэты”
Літасьць
Спачатку была жарсьць, нож быў пазьней... Старызьнік Міся а чацьвертай ранку зарэзаў панну Касю, лесьбіянку (як сам ён думаў што ж, яму відней).
Ён папісаў ёй чэрава й гарлянку, аж ашалеў, разьюшаны сугней. Яна ж яму: “Хоць рэж, хоць лагадней, тваёй ня буду прысягала Янку”.
(Той акурат сядзеў за згвалтаваньне.)
I вось, яго апошняе каханьне сустрэла нож, схаваны пад крысом.
Мілосьць напраўду цуд, мяркуйце самі: што пачалося літасьцю й сьлязамі, за хвілю стане лютасьцю зь лязом.
Стрэл
Ты прапаўзеш нячутна, нібы вуж, між залатымі люстрамі ўстановы. Папраў букет і ўсьмешку Казановы і сам сабе скамандуй: крокам руш
у кабінэт, дзе мэта вашай змовы. Цябе чакае падла воч ня мруж, а рэвальвэр свой выхапіўшы з руж, адваж дарунак дзевяціграмовы.
Ты станеш шасьцікрылым сэрафімам, а ён пачне хіліцца над кілімам, паваліць кандэлябр... Спаўненьне мар.
Ты скінеш элегантныя пальчаткі: спрыяньне зор, удзячныя нашчадкі... і ціхенька пазумквае камар.
3 цыклю “Ліпеньскія нататкі падарожніка”
(Рэчка)
Да рэчкі сышоўшы, ваду мы кранулі рукамі.
Так любім у ліпені цела вады, што ўцякае між пальцаў.
Было сто млыноў там, сто колаў было млынавых і зялёныя ціхія плёсы, дзе рыба лавілася ў рукі.
Чарот, нібы царства, дзяржавы лілеяў усё было рэчкаю.
Цёплыя сховы ў пяску, нібы нашыя й нібы ня нашыя, стылі да ранку.
Колькі нас не збылося, пераходзячы мост па-над Полтваю, колькі, перайшоўшы праз мост, назаўсёды прапала ў гушчарніку правага берагу?..
(Дух)
Дазволь мне кружыць над табою.
Я ведаў Ёсіфу Кун‘, я ведаў шчэ колькі жанчын. Сабачы Рынак вітаў мяне брэхам сабачым, а мнішкі з вуліцы Сакрамэнтак хаваліся ў нішах.
Ніводнага разу ня выгнаў мяне Макалёндра, бо меў я заўсёды і грошы, і розум.
Пакажы мне свой горад. Я прагну ісьці вунь за тымі дзяўчатамі ў сукнях чырвоных.
Я прагну званіць
вунь з тых тэлефонных кабінаў.
Я прагну набраць нумар Ёсіфы Кун
і пачуць,
як яна прамаўляе:
“Дазволь мне кружыць над табою”.
* Ёсіфа Кун манашка і паэтка (XVIII cm.), аўтарка кніжачкі вершаў “Львоўскія прыўкрасныя аколіцы ”, напісаных нямецкаю мовай.
(Забыцьцё)
Так, нібы брама ўваход.
Ёсьць гарады, у якія няможна ўвайсьці цераз браму.
Ёсьць гарады, у якія няможна ўвайсьці.
Ключ вялікі прыносяць, шукаюць, куды яго ўставіць, ды брамаў няма, рассыпаецца варта нашчэнт. Сем вятроў раскашуюцца ў залях, на плошчах.
Прымесьці адкрытыя на ўсе чатыры бакі, вырастае зялёная й пругкая варта.
“Замарстынаў, Кульпаркаў, Кляпараў”, пералічваеш ты ледзь ня ўголас, ды ніяк не згадаеш, як звалася дрэва, да якога яна ўжо ня ходзіць...
Пошукі вертаграду
Яшчэ трохі і ты звар’яцееш ад шчасьця прадзірацца праз гэтыя нетры. “Суніцы, ты паўтараеш, маліны, парэчкі, ажыны, ляшчына, агрэст!” і зноў, як заклён, спачатку.
Спужаныя птушкі, крыху пакружыўшы, сядаюць табе на плечы.
Паўзуць угару мурашы стаўбурамі тваіх ног.
Яшчэ трохі і ты затрымціш ад асалоды паміраць у гэтых нетрах, гладзячы цёплых лісіцаў, што перабягаюць табе сьцяжынку, яшчэ трохі і ты пераступіш...
Мяжы вертаграду ня ўбачыць.
Магчыма, яе й няма, хоць стары Пётра стаіць, нібы пудзіла, і адганяе ад саду ўсякую навалач, прагную пакаштаваць яблыкаў...
Тваё кружэньне калісьці выявіцца недарэчным.
Пакідаючы на вострых галінках рэшткі кашулі й скуры, ты прасьлізьнеш-такі ў найгусьцейшы хорам паветра й сьвятла!..
Як і калісьці, ты будзеш шаптаць, нібы заклён: “Бузіна, каліна, чарніцы, шыпшына, бэз!” пазнаючы кожны прожылак на лістох, кожную ягаду й пяшчынку бо ўсяму ёсьць свая назва, яка на зямлі, так і на небе...
3 кнігі “Песьні для мёртвага пеўня”
And everybody fucks you
Дзяўчаты былі ня надта прыгожыя й маленькія, але адна сказала другой: “Прапануюць працу на фірме.
Сакратаром-рэфэрэнтам, абавязковае веданьне кампутара.
Сто баксаў у месяц і ўсе цябе трахаюць”.
Сто баксаў у месяц, падумаў я.
I ўсе цябе трахаюць.
Гэта плюс ці мінус, як гэта разумець, падумаў я. I ў якім сэнсе, падумаў я, няўжо ў даслоўным, можа, у пераносным?
I ў якім сэнсе было б лепей?
У даслоўным? У пераносным?
Я меў над чым задумацца, а цягнік мчаў сабе далей, і колы выбівалі, як дурныя, адно й тое самае, адно й тое самае:
Сто баксаў у месяц!
I ўсе цябе трахаюць, трахаюць!
Сто баксаў у месяц!
I ўсе цябе трахаюць, трахаюць!
Сто баксаў у месяц!
I ўсе цябе трахаюць, трахаюць!
And the third angel sounded
Адзін зь недабітых y дзевяноста першым спаткаў мяне, ушчэнт дабітага, сярод начнога Львова.
Начны Львоў збольшага належыць ім я, мабыць, адзіны, хто пра гэта ведае. Ён таксама хацеў піва, як выявілася, п’яны марадзёр, удзельнік баявых падзеяў і г.д. “Брат! казаў ён мне. Брат! Піва кончілась, ты представляеш? Піва кончілась, жена ушла!” Я ня ведаў, што ў сьвеце бывае такая роспач. Мне ўсё чулася нешта пра трэцюю частку водаў і палын.