Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
Чатыры гадзіны ў аўтобусе, нават калі ён “Ікарус”, гэта вялікая пакута, асабліва цяпер, калі ўсе амаль павар’яцелі зьлятаюцца, быццам крумкачы, у гэты Чартопаль, дарога забітая аўтамабілямі, аўтобусамі і ўсе са сьцягамі, і ўсе на Чартопаль, нейкая крэйзуха, дый усё, Мартафляк задрымаў ля мяне, як дзіця, сапе паціху сабе ў кудлатую бараду, цяпер ён вельмі падобны да Астапчыка, яшчэ й сумняецца, ці ягоны гэта сын, дурылка, а барада ў яго быццам прыклееная вялікае дзіця, боўдзіла, другагоднік у школе жыцьця.
Надзея ўкраінскай паэзіі, Мартафляк Растыслаў, трыццацігадовы беспрацоўны, бацька дваіх дзяцей, бацька дваіх маіх дзяцей, мой муж, Мартафляк Растыслаў, схільны да паўнаты й алькагалізму, выпівака, валацуга, любячы бацька, папулярны грамадзкі дзяяч, кандыдат у дэпутаты, бліскучы суразмоўнік, ідэал жанчынаў старэйшага веку, уважлівы сын, Мартафляк Растыслаў, аматар камфорту й гарачых ваннаў, начны валацуга, рэстаранны леў, мара студэнтак з музвучэльні, маё найбольшае дзіця, эгаіст і баязьліўца,
шляхетны рыцар, галантны кавалер, пяшчотны каханак, млявы й самазакаханы каханак, нарцысічны каханак, бездапаможны каханак, залаты каханак, фантастычны каханак, промень у маім целе, о Мартафляк!
Я ніколі б ня ехала зь ім у той Чартопаль, калі б ён сам так не настойваў. Нават ультыматум паставіў калі я ня еду, ён сьмяротна напіваецца ў тым Чартопалі, да ўсрачкі, да “белачкі”, удзень і ўначы, будзе піць усё запар, ванітаваць і зноў піць, аж покуль яго не прывязуць дадому амаль мёртвым. Ен ведае, чым можна мяне шантажаваць, кляты кацяра, я мусіла ехаць, хлусіць дзецям, быццам прыеду праз паўгадзіны, цяпер аж сэрца заходзіцца, як згадаю пра малога ён так глядзеў, быццам усё зразумеў, але я сапраўды мусіла ім хлусіць і ехаць, бо гэтае дзіва, гэтае гаўно абавязкова выканала б сваю пагрозу й напілося б як апошняя сьвіньня, бо ён вельмі фанабэрыцца, што ўва ўсім трымаецца слова, як бы ня так, гэта толькі яно так трындзіць, а насамрэч толькі і ўмее, што напівацца.
Але няўжо ж яму так патрэбна, каб я ехала? Няўжо яму нецікава ехаць безь мяне? Там, ясная рэч, будзе купа ўсялякіх вандроўных шлёндраў, што-што, а партнэрку ў ложку на гэтым сьвяце Уваскрасаючага Духу знайсьці прасьцей за ўсё, можа, нават прасьцей, чым пляшку, штопраўда, ён занадта нарцысічны, каб за імі ўвіхацца, але няўжо яму так патрэбная я й менавіта там? Я трохі баюся такой прывязанасьці, гэта ж ужо сем год прайшло, як ён посуд пабіў на вясельлі, а ўсё мацней прывязваецца да мяне, улазіць у мяне, хаваецца ў мяне, загортваецца клубочкам, як эмбрыён, і сьпіць, сьпіць, сьпіць і тут, у аўтобусе, сьпіць таксама, галава ў мяне на плячы, маё ж
ты сэрцайка, куль бязвольны, няздатны сабе дзеўку зьняць, Мартафляк Растыслаў, расквітаючы геній, нудны інтэлектуал, балаболка, падарунак нябёсаў, рэдкасны дыямант, надзея згасаючага шляхетнага роду, пазбаўлены спадчыны граф, алькагольны маньяк, прыстасаванец, афіцыйны паэт, біч Божы, рука д’ябла.
Найгоршае тое, што я загадзя ведаю, як яно ўсё там будзе, у Чартопалі. Тая самая кампанія Грыць і Нямірыч, і лавэлас Хомскі, гомскі, з сваімі прэтэнзіямі, тыя самыя жарты, тыя самыя вершы, ну хіба што гэтае пудзіла прачытае нешта новае, купа прыхільнікаў, аўтографы, адзін бязглузьдзейшы за другі, начная попіўка ў гатэлі, пасьля Грыць засьне пад сталом, Нямірыч і Хомскі пойдуць па бабах, тады прылезе з сваімі камплімэнтамі й пляшкаю Паўло, мы пратрындзім амаль да ранку пра нейкую нячыстую сілу ці пра Ўкраіну, заўсёды тое самае, Мацапура ўсё ніяк не зьліняе, нарэшце я ня вытрымаю й таксама засну, тады ён нарэшце зьбярэцца, а Мартафляк пачне шукаць, ці не засталося чагосьці ў пляшках, будзе зьвінець посудам, булькатаць у ваньне, паліць, нарэшце ляжа каля мяне, і мы пяць хвілін пакахаемся, нарэшце і ён засьне, а праз тры гадзіны ўжо трэба ўставаць, праграма сьвята вельмі насычаная, і ўсе жадаюць Мартафляка, галава будзе трышчэць, вочы пачырванеюць, ах, як усё гэта вядома, звычайна, гэтыя сьвяты, гэтае Ўваскрашэньне Духу, гэтая паражнеча...
Зрэшты, хлопцы яны таленавітыя, шчырыя, непрадажныя, гонар нацыі, дзеці новага часу, трыццацігадовыя паэты, кожны лічыць, што ён пуп зямлі, а насамрэч толькі сэксуальная незадаволенасьць і распаленае самалюбства я ж гэта усё ў іх прачытваю, рухі нэрвовыя, вочы блішчаць,
кожная міні-спаднічка правакуе ўнутраную буру, ногі як такія ня маюць значэньня, ды хіба яны ў іх разьбіраюцца, усе іх уяўленьні пра жанчынаў скрыўленыя й паталягічныя, такіх лекаваць трэба, асабліва гэтага Хомскага зь яго дамскімі варыянтамі, Хомскі-гомскі, той самы, што на дні нараджэньня ў Алексы пераапрануўся курваю, падмаляваўся, пабліскваў сьцёгнамі ў сетчатых панчохах, танчыў зь Нямірычам танга, а пасьля абвясьціў, што дае “стрып”, калыхаючыся пад бясконцае тэхна, пачаў распранацца, самае цікавае, што ён і сапраўды меў станік, я ўжо заплюшчыла была вочы, бо гэты дурань мог і сапраўды распрануцца дагала, але ён выцягнуў з майтак гэты самы, што праўда, гумовы, нехта яму з Амэрыкі прывез, напоўнены вадою, і пачаў усіх паліваць, а пасьля кінуў ім у дзяўчат, якія аж млелі ад перанапружаньня, дэбіл.
Сьпі спакойна, Мартафляча, муж мой, да Чартопаля, дзе мы добра пазабавімся, яшчэ ня менш за паўгадзіны, я сюды часта езьдзіла ў дзяцінстве з бацькамі, дарогу ведаю амаль на памяць, вось ужо бачная Маляваная Скала, за ёю аквэдук, кажуць, сапраўды старажытнарымскі, пасьля будынак-музэй Лянкаронскіх у гатычным стылі (якая там ажына на схілах, гусьцейшай я не сустракала!), сьпі спакойна, горы выратуюць нас, мы пражывем яшчэ сто год і памрэм у адзін дзень, бо іначай ты ня вытрымаеш і сап’есься ці на тым сьвеце, ці на гэтым, якая розьніца, ты паўсюль знойдзеш сабе выпіўку, я цябе ведаю, гэта для цябе замяняльнік крыві, па тваіх жылах струменіць алькаголь, табе зь ім цёпла й добра, ты як у хмарах гойдаесься, парэжаш палец а замест крыві гарэлка, і гэта нармальна, гэта генэтыка, іншым ты ня можаш быць, зь іншай жонкай
ты ўжо даўно павесіўся б, але табе пашчасьціла, дурню, што я ня іншая, а я, пане мой, уладару, каханы сужэнча.
Заўсёды ўздрыгваеш у сьне немавед чаму, часам крычыш, вось і цяпер скалануўся як ачмурэлы, вечна нейкае жахоцьце сьніцца яму, але ён амаль ніколі не памятае, што менавіта, нейкія дзяды зь мяхамі й паліцамі, ну што ты вылупіўся на нас, хлопча, няўжо ж я яшчэ падабаюся дваццацігадовым, глядзіць, адкрыта разглядае, добры хлопчык, тоненькі, у вышыванцы й джынсах, залатое валосьсе, глыбока пасаджаныя вочы, зграбны, як Бог. Але гэта ўжо занадта, панічу, я ўсёткі з мужам еду, ён хоць і сьпіць, але ж побач. Калі б у мяне адняць гэтых сем гадоў, дык я, можа, і падтрымала б гэтую гульню з табою гульню поглядаў, вачэй, намёкаў, бо ты ж прыгажун, напэўна студэнцік, ня маеш месца, бядача, стаіш у праходзе, сумуеш, дый разглядаеш замужніх жонак, юны донжуан, спакусьнік, чарацінка, суцэльная флейта, мабыць, з камсамолу выйшаў, запісаўся ў Саюз Незалежнай Украінскай Моладзі ці яшчэ куды, вунь і чырвона-чорны значак на месцы, а фрызура, як у Дэвіда Боўі, плэйбойчык-пачатковец, такое яно далікатнае, мабыць, і голіцца не часьцей, чым раз на два тыдні, Мартафляк таксама быў такі, калі мы пазнаёміліся, ого, гэта ўжо пераходзіць межы, ну чаго ты ідзеш сюды, мы ж разам едзем, няўжо ж ты ня бачыш, самае сьмешнае, што Мартафляк нават не прачнецца, нават не прыраўнуе, яму зноў сьніцца нейкая д’ябальшчына старыя дзяды ў лахманах, пракажоныя манахі, багна, чорны сабака з вышчэранаю крываваю пашчаю, вось так, ну што ты скажаш, раз ужо да мяне падышоў, то кажы
што-небудзь, а не ўсьміхайся дурнавата, я таксама магу пасьміхацца й досыць прывабліва...
- Я прашу прабачэньня, гэта пан Мартафляк?
Ах, вось яно што! Пазнаў майго мужа! А я, дурніца старая, паверыла тваім вачам хіба ж так глядзяць на жанчынаў. Ну, цяпер пачне прасіць аўтограф, выказваць сваё захапленьне на шчасьце, мы пад’яжджаем ужо, вунь першыя ўжо чартопальскія вілы за акном: дзікі вінаград, каменныя сьцены, сьцягі на вежах і горы, што навісаюць над вузкімі вулачкамі.
Так, гэта ён, хлопчыку, гэта Растыслаў Мартафляк, якога ты так шануеш, ты сапраўдны фан майго мужа, дык павінен прынамсі руку пацалаваць той, што мые шкарпэткі твайго ідала й гатуе яму суп, і ня сьпіць, калі ён бадзяецца да ранку п’яны ў таварыстве ўсялякіх сумнеўных палітыкаў і каапэратараў, а пасьля, покуль ён увесь дзень адсыпаецца, яна засынае на працы й бяжыць па дзяцей у сад з надзеяю, што ўвечары засьпее яго дома, але яго зноў няма, бо ён мусіць да капейкі прамантачыць схаваны ганарар, а ты на яго молісься, як на сьвятога, бедны хлопчыку.
- Дык пан Мартафляк будзе чытаць свае вершы на сьвяце Уваскрасаючага Духу?
Канечне, будзе, куды ён падзенецца, каб ён ды не чытаў сваіх геніяльных вершаў гэта была б нацыянальная трагедыя ці нешта горшае быць у Чартопалі й не пацешыць свайго самалюбства прынароднаю мастурбацыяй, чытаньнем вершаў ці ўрыўка з раману ў вершах, які ён, слова гонару, не закончыць ніколі, я ж яго ведаю, але ўсё роўна будзе надзімаць шчокі, расказырыцца, як паўлін, пад гучныя авацыі, кветкі ўсё адно падарыць (дакладней аддасьць) мне такі бліскучы й безадмоўны, з калматаю барадою.
Што ж, ты задаволены, хлопчыку, можаш ісьці, не забудзь набыць квіток на вечар паэзіі, іначай не атрымаеш свайго кайфу ад майго мужа, гэтага сьпячага прарока, які ўсё яшчэ сапе, хаця мы ўжо зварочваем на аўтастанцыю, Божа, колькі аўтобусаў, час яго будзіць, пятнаццаць да восьмай, а восьмай сустракаемся з усімі на Рынку, а ён усё сыііць, пяхцер няшчасны, мех з гаўном, аракул, будучыня нацыі, парожні жбан, пудзіла, шчасьце маё, бацька маіх дзяцей, радасьць майго цела, мой заваёўнік, мой цуд, мой вечны аргазм, мы ўжо прыехалі, выходзь, Росьціку.
Ехаць “крайсьлерам-імпэрыялам” даваеннага ўзору па горнай шашы гэта вялікая прыемнасьць. Можна сьмела абганяць увесь гэты саўдэпаўскі аўтапаток, што плыве да Чартопаля і, вырваўшыся ў лідэры, прыбыць на сьвята першым. Адчуваеш сябе вольным чыкагаўскім гангстарам трыццатых гадоў, якога клапатлівыя апекуны вязуць у Рыўеру, каб там ціхенька прышыць у адным зь люксавых гатэляў. Ад такой думкі на сэрцы робіцца цёпла й трывожна.