• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уводзіны ў геаграфію  Юрый Андруховіч

    Уводзіны ў геаграфію

    Юрый Андруховіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 438с.
    Мінск 2006
    88.94 МБ
    Анёл у футболцы з трэцім нумарам ішоў па небе са сваёй дурнаватаю дудкай.
    Мы абняліся, нібы за хвілю апынемся перад
    Судзьдзём. Перапрашаю, арбітрам.
    Seven eleven
    У міжнародным цягніку Чарнаўцы Пярэмышль, на перагоне паміж Франкоўскам і Львовам, каламійскія гастарбайтэры й гастарбайтэркі уголас падлічваюць
    учорашнія самалёты над Амэрыкай.
    Адзінаццаць самалётаў, цэлых адзінаццаць!
    Я ў думках далучаюся, у думках загінаючы пальцы.
    Першыя два разьяблі World Trade Center, яшчэ два ўрэзаліся ў будынак Пэнтагону. Маем чатыры.
    Пяты ўпаў у лясох Пэнсыльваніі.
    (Ці не пад тымі хвоямі, якія я апошні раз абдымаў у чэрвені?)
    Яшчэ адзін на Чыкага.
    Плюс адзін на Лос-Анджэлес.
    Маем сем. Але дзе іншыя чатыры?
    Яшчэ лётаюць? Зьбітыя?
    Альбо выбухнулі ў небе? I як там Лас-Вэгас?
    I дзе быў Малдэр, і што рабіла Скалі?
    I чаму Брус не закрыў сабой ніводнай кабіны пілётаў, з адзінаццаці ніводнай?
    I чаму ані Мэл, ані Чак, ані іншыя, ужо ня кажучы пра Ніккейджа ці Арнольда,
    не ўмяшаліся ў афэру, сьцякаючы крывёй, за паўсэкунды да катастрофы
    разьбіўшы капсулу, павярнуўшы рычаг, дацягнуўшыся кончыкамі пальцаў да дэтанатара?..
    Найстрашнейшае калі героі бясьсільныя.
    Найсумнейшае, калі ратавальнікі не ратуюць.
    Божа, уратуй хоць Ты:
    і гэтую дзіцячую Амэрыку, і ўсіх нас, што ў дарозе, і тых, што дома, і нават тых вар’ятаў...
    Калі гэта ўваходзіць у Твае намеры.
    Пераклаў Андрэй Хадановіч
    Самойла зь Нямірава, прыўкрасны разбойца
    Самойла (Самуэль) Нямірыч, гэты недарэчна забыты й заўчасна згаслы парастак на дрэве нашага нацыянальнага бандытызму, зьвяртае на сябе ўвагу насамперш стылістычна. Стылістыка ягоных злачынстваў грунтуецца на абсалютнай свабодзе. Таму нават пра найжахлівейшыя зь яго забойстваў ды рабункаў можна сьмела казаць, што выкананыя яны зь не абы-якім эстэтычным пачуцьцём і робяць уражаньне вольнай натхнёнай творчасьці.
    Да нашых часоў жыцьцё гэтага падольскага шляхціча, які найяскравейшую частку дзён сваіх зямных прамарнаваў у Львове 1610-х гадоў, амаль
    што не апісанае нашымі, аднойчы ўжо расстралянымі, гістарыёграфамі. Тое ж, што ёсьць ва Ўладзіслава Лазінскага ў "Prawem і lewem” (альбо, у перакладзе, “Шабляю й граматаю”), напісана занадта тэндэнцыйна і з польскім ухілам: Нямірыч непрыемны аўтару ўжо тым, што ён не каталік і не паляк. Апрача таго, ён паходзіць з тых самых Нямірычаў, зь якіх і будучы палкоўнік Войска Нізавога Нямірыч Юрко, бязьлітасны герой кампаніі 1648-1649 гг., паэт, філёзаф, ерэтык. (Нямірычы наагул досыць ахвотна пераходзілі ў арыянства, што, зрэшты, характэрна тым часам ня толькі для іх, але й для такіх старадаўніх украінскіх сем’яў, як Патоцкія, Вішнявецкія альбо Цітаміры.)
    Што да верша, які напісаны нібыта пра Самойлу Нямірыча ды ад яго імя й апублікаваны ў кніжцы “Экзатычныя птахі й расьліны” Ю. Андруховіча, дык трэба ведаць, што аўтар ня даў сабе працы хоць колькі-небудзь паглыбіцца ў мінуўшчыну й вывесьці хоць які неадназначны ды павучальны гістарычны тып. Зьмест верша гэта, уласна, занадта вылучаны, выдраны з жыцьцёвага кантэксту й гіпэртрафаваны т. зв. “інцыдэнт з пляцкамі”, які напраўду меў месца ў біяграфіі нашага героя, але, зрэшты, цалкам выпадковы й нехарактэрны. Да таго ж, Андруховіч дазволіў сабе некалькі значных недакладнасьцяў і лексычных неадпаведнасьцяў: у прыватнасьці, баба, якая прадавала на Рынку гэтыя злашчасныя пляцкі й якую наш герой насампраўдзе згвалціў стоячы й прынародна, зацягнуўшы ў падворак дому Кампіянаў і прыпершы тварам да сходаў каменнай балюстрады, увадначас пасьпяхова адбіваючыся ад дванаццаці чаляднікаў старога Кампіяна ды яшчэ некалькіх бамбізаў з магістрату, дык вось, баба гэтая, што, паводле чутак, пасьля да канца сваіх
    дзён дзякавала Богу за такую прыемную неспадзяванку, якая дала ёй магчымасьць хоць раз у жыцьці спазнаць праўдзівага мужыка, баба гэтая ў вершы выступае чамусьці як “дзяўчынка”, “дзяўчо”. Пэўна, адно для таго, каб кінуць цень амаральнасьці ды распуснасьці на геройскі шляхетны акт Самойлы Нямірыча. Апрача таго, ужываньне Андруховічам у сваім вершы такіх словаў, як “шыза” альбо “дэбіл”, выдае суцэльную й дрымучую неабазнанасьць аўтара ў моўных рэаліях слаўназнанай эпохі.
    А зараз мы лічым неабходным апавесьці ўсю праўду пра гэтую малазнаную нашчадкам выдатную асобу, каб ліквідаваць такім чынам яшчэ адну “белую пляму” ў акіяне нацыянальнай гісторыі ды вызвольнай барацьбы.
    Самойла Нямірыч селіцца на Кракаўскім прадмесьці Львова ў 1610 г. Дакладная дата яго нараджэньня застаецца невядомаю, але мы з пэўнасьцю ведаем, што на той час (прыбыцьцё ў Львоў) ён мае трохі больш за дваццаць гадоў. Ён выдатна фэхтуе ды езьдзіць конна, з густам апранаецца, купляючы дарагія тканіны й сукні выключна ў вэнэцыянскіх ды генуэскіх гандлёўцаў, прыахвочваецца да херэсу, мальвазіі, добрай музыкі й мадэры. Неўзабаве яго дом ператвараецца ў прытулак для арыгіналаў, выгнаных з усіх куткоў Старога Сьвету: гэта, пераважна, вядомыя інфамісы й вычварэнцы, цыркавыя блазны, забойцы, філёзафы, акультысты, знакамітыя альхімікі, садаміты, пратэстанты, вогнепаклоньнікі, ліліпуты й рабаўнікі. Вольны час мінае ў бяседах, песьнях ды рэлігійных дыскусіях. Амаль штодзень Нямірыч у таварыстве сваёй хеўры ідзе паходам па слаўназнаных гарадзкіх вінарнях, дзе з прыемнасьцю ды ў ахвоту жартуе: паліць з мушкета па пляшках і пясочных гадзіньніках, прыбівае цьвікамі
    бароды наведнікаў да прылаўкаў, ламае ім рукі, ногі, насы, вытрасае залатыя й срэбныя манэты з іхных пераабцяжараных кішэняў, паказвае ім свой голы зад, б’е вокны й люстры, топіць магістрацкага радцу Шчапюрскага ў чане, дзе запарваецца кава, а судзьдзю Галомбка у прыбіральні, выбівае вочы найбольшым нахабам, ламае ім рэбры, мочыцца ў іхнае піва, прымушае жэрці ўласнае лайно, голасна сьпявае й прытанцоўвае і да т. п.
    Сучасны чытач з пэўным незразуменьнем і нават дакорам паставіцца да такіх праяваў жыцьцёвай моцы й здаровай духоўнай энэргіі, таму варта тут сказаць колькі словаў пра тагачасныя звычаі. Забойства альбо наагул які-колечы гвалт, паводле дзейнай тады Канстытуцыі 1577 г., не лічылася чымсьці надта асаблівым і супрацьпраўным. Тагачасныя юрысты ставіліся да злачынстваў, якія імі разглядаліся, хутчэй па-філязофску, чым з гледзішча права, зь вялікім дадаткам гумару, іроніі ды хрысьціянскай міласэрнасьці да парушальнікаў. Тэрміны вязеньня былі надзвычай кароткачасовыя й збольшага ўмоўныя. Так, за забойства шляхцічам роўнага яму шляхціча (а шляхцічы таго часу складалі ладных тры чвэрці ўсяго насельніцтва Рэс Публікі) належала год і тры тыдні адседзець у замкавай вежы, заплаціўшы пры гэтым дзьве тысячы залатых у скарбніцу, за тое самае забойства, але з затрыманьнем забойцы “in ricenti” (“на гарачым”) кара падвойвалася: два гады й шэсьць тыдняў вежы ды чатыры тысячы грашовай аплаты. (Чамусьці затрыманьне “на гарачым” лічылася фактарам абцяжальным, маўляў, не трапляйся, дурню, а забівай разумна, каб ніхто ня бачыў.) Зрэшты, аніводны працэс пра забойства проста ня мог адбыцца, калі сям’я пацярпелага не патрапіла прытарабаніць да суду яго мёртвае цела (гэта была асаблівая юрыдычная працэ-
    дура пад назвай “прэзэнтацыя трупа”). Таму галоўнаю мэтай для кожнага дабрадзея, які намысьліў кагосьці забіць, было своечасова й надзейна схаваць цела замардаванага: кінуць з камянём на дно Полтвы, спаліць у кухоннай печы, глыбока закапаць у лесе, пасячы на драбнюсенькія кавалачкі й да т.п. Дарэчы, у выпадку з судзьдзём Галомбкам, якога Нямірыч, як ужо згадвалася, утапіў у лайне: цела судзьдзі так і не знайшлі, у сувязі з чым справу прыпынілі за адсутнасьцю ў ёй складу злачынства, а менавіта судзьдзёвага трупа.
    Забівалі лёгка, мардавалі бестурботна патаемна ды “in ricenti”, на вачох у супольнасьці, нават калі суд усё-ткі адбываўся й вырак выносіўся, дык асуджаны ня мусіў абавязкова й слухмяна садзіцца ў вежу, а найчасьцей ішоў дадому ці зь сябрамі на віно. Рэч у тым, што, хаця судовая й выканаўчая ўлады былі адасобленыя, выканаўчая, тым ня менш, нічога выканаць не магла, бо ёй заўсёды катастрафічна не ставала саміх выканаўцаў, то бок міліцыянтаў. Затое амаль што кожны падсудны прыходзіў у такім таварыстве ўзброеных да зубоў шаблямі, мячамі, ланцугамі, паліцамі, кіямі, кастэтамі, алебардамі й палашамі сябрукоў, кроўных і слуг, што адно звар’яцелы фанатык правасудзьдзя альбо самагубца наважыўся б паспрабаваць сіламоц прывесьці яго да вязьніцы спроба такая, бясспрэчна, мела б сумныя вынікі як для правасудзьдзя, так і для яго абаронцаў.
    Такім чынам, калі ў ліпені 1612 г. добрыя знаёмыя сустракаюць Нямірыча ў замарстынаўскай карчме Макальёндры ў добрым гуморы, з шклянкай херэсу ў руцэ ды з тоўстаю брудэркай у адных толькі турэцкіх панчохах поруч, дык на іхнае пытаньне, а што ён тут робіць, чуюць у
    адказ: “Гэ-гэ, адседжваю сваю вежу, панове! Забілым цяперачкі старшага Ісаковіча дый атрымалым тры тыдні і год. Мушу сядзець, бо няма на тое рады!”
    (Ісаковіч перахрышчаны караім, гандляваў падробленымі львоўскімі дыванамі, якія выдаваў за пэрсыдзкія, бо й насамрэч яны такі нічым ад пэрсыдзкіх не адрозьніваліся. Аднаго разу Нямірыч разам з найбліжэйшымі таварышамі-прайдзісьветамі Яцкам Барадаўкам, Генэкам Шулерманам і партугальскім нэграм Жаэліньё злавілі Ісаковічавага сына Захарыю ў бардэлі “Чатыры цыцкі”, дзе гэты юны караім прасаджваў татулевы набыткі, гвалтоўна сьцягнулі яго з бардэльнай руплівіцы Сусаны Валігары й пацягнулі ў віньнікаўскі лес, дзе, зьвязанага, пакінулі ў пячоры, паставіўшы на варце падсьлепаватага ліліпута Птушака. Тым часам патэлефанавалі да старога Ісаковіча, вымагаючы ў яго пяць тысяч залатых аўстрыйскіх цэхінаў, у адваротным выпадку пагражаючы расчляніць маладога Захарку на адзінаццаць роўных частак, спачатку прыслаўшы старому яго (сынаву) голаў, страўнік і чэлес. Стары Ісаковіч, прыхапіўшы куфар з цэхінамі, сьпешна рушыў у бок Чортавай скалы, дзе было дамоўлена пра сустрэчу зь Нямірычам ды ягонай камандай. Тым часам малады Ісаковіч здолеў выкруціцца з путаў (гэты нумар ён не аднойчы бачыў у вандроўных штукароў і таму лёгка яго выканаў), уходаўшы, то бок забіўшы, ліліпута ў сьне камянюкаю, і пехатою церазь лес ды Галіцкае прадмесьце накіраваўся назад у бардэль “Чатыры цыцкі”, бо яшчэ як сьлед не нагуляўся. Разьюшаныя гэтымі ўцёкамі Нямірыч ды яго хеўра зьдзіравілі старога Ісаковіча, разрадзіўшы ў яго ажно восем абоймаў. Да ўсяго іншага, яны знайшлі ў куфры зусім не цэхіны, а адно талеры, якія стары, відавочна, у