Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
цемрадзі й сьпешцы пераблытаў з цэхінамі. Заканчэньне гэтай гісторыі чытачу ўжо вядомае гарадзкі суд і банкет Нямірыча зь сябрамі ў карчме Макальёндры.)
У прамежку паміж забойствам старога караіма Ісаковіча ды абрабаваньнем валаскай дыпляматычнай місіі на чале з баярынам Георгіцам, што рушыла ў стан швэдзкага караля ўвосень 1615 г., везучы каштоўныя паперы наконт трансыльванскай спадчыны, Самойла Нямірыч аддаўся навукам і мастацтву. У 1614 г. ён надрукаваў у Дрэздэне лацінаю вершаваны трактат “Пра лекаваньне макам і прыроду канапель”, высока ацэнены сучасьнікамі, але, на жаль, незваротна страчаны сёньня. Шмат музыцыраваў, падарожнічаў па ваколіцах Львова на вынайдзеным ім самім правобразе сёньняшняга ровара, зрэдзьчасу паляваў і пісаў палемічныя лісты супраць уніяцкага біскупа Іпація Пацея.
Абрабаваньне валаскіх паслоў сталася найгаласьнейшаю справай з удзелам Нямірыча, калі ня браць пад увагу ўжо вядомую нам гісторыю з згвалтаваньнем маладзіцы й пляцкамі, што скончылася для Нямірыча вежаю. Зладзіўшы засаду ў славутым сваёй непраходнасьцю Чорным лесе, які тады пачынаўся амаль што ад Галіча й Тысьмяніцы на ўсходзе й цягнуўся зь нязначнымі прагалінамі ажно да Мюнхэну на захадзе, Нямірыч з таварыствам падпільнавалі там валаскі абоз і, сустрэўшы іх сьлёзацечным газам, дамагліся таго, каб баярын, іншыя паслы, а таксама ахоўнікі ляглі тварамі ўніз проста на разьбітую восеньскую дарогу й ня рухаліся. Напоўніўшы свае саквы валаскімі дукатамі, тапазамі, амэтыстамі й таемнымі паперамі, што былі запячатаныя ў вялікай скрыні з гарэхавага дрэва, інкруставанай пэрламутрам і слановаю косьцю, і пазьдзіраўшы з паслоў футры
й шаўкі, Нямірыч ды яго сябры зьніклі ў нетрах Чорнага лесу. Партугальскі нэгр Жаэліньё прыхапіў быў яшчэ дзевяцігадовага паганятага мулаў, які яму страшна спадабаўся, але неўзабаве памёр ад злоўжываньняў. Таямнічыя дыпляматычныя паперы Нямірыч спрытна вярнуў трансыльванскаму двару, патрабуючы за іх дваццаць тысяч швайцарскіх франкаў, але князь Ракоцы не выявіў асаблівага энтузіязму наконт такой дамоўленасьці, і прыйшлося пагадзіцца адно на восем з паловаю тысяч.
Да гэтага моманту кароль і сэйм Рэс Публікі ўжо тройчы абвяшчалі Нямірыча інфамісам (пазбаўленым грамадзянскага гонару ды шляхецтва) і двойчы банітам (пазбаўленым усякіх правоў ды абароны з боку дзяржавы й грамадзтва). Гэта значыла, што першы-лепшы ў якую заўгодна хвіліну мог яго ўкаюкаць і ня нёс бы за гэта ніякай адказнасьці перад законам, а нават заслужыў бы падзяку Яго Каралеўскай Міласьці. Аднак ахвочых атрымаць такую падзяку штосьці ня надта было відаць, і Нямірыч дзёрзка шпацыраваў сабе па пляцы Рынак у залацістым кунтушы ды ў суправаджэньні бездакорных галаварэзаў Шулермана, Жаэнільё й выключанага з калегіюму за ананізм і вальнадумства бурсака Інакенція Сыльвестра Коцкага (Яцэк Барадаўка таго часу ўжо ў Сечы, дзе неўзабаве стане гетманам, скінуўшы Сагайдачнага, аднак пад Хоцінам паплоціцца за гэта галавою, давёўшы яко гетман слаўнае Войска Нізавое Запароскае ледзьве не да поўнага развалу).
Апошнюю баніцыю Нямірычу абвесьцілі за г. зв. “справу пра зьвярынец”. Гісторыя гэтая мае вельмі калярытны экзатычны прысмак. У траўнічэрвені 1616 г. на Пагулянцы спыніўся вандроў-
ны бэстыярый некага Мікельаньёла Рамана (пад гэтым імем хаваўся ад інквізыцыі вядомы фальшываманэтнік і атрутнік Густаў Зупэ, што, дарэчы, паходзіў зь Цюрынгіі): чатырнаццаць клетак усякага індыйскага зьвяр’я, а менавіта: ільвоў, пантэраў, лемураў, носаі аднарогаў, жырафаў, антылопаў, рачных коней гіпапатамаў, павіянаў, зэбраў, яхіднаў, вампіраў, інкубаў ды інш. Штодня, а асабліва ў нядзелю найвышэйшае львоўскае панства сыходзілася на зялёную Пагулянку, дзе можна было за параўнальна высокую плату падзівіцца на ўсю гэтую дзівосную фаўну, ад якой, напраўду, добра-такі сьмярдзела. Адной нядзелі Hgмірыч зь сябрамі, як віхор наляцеўшы на бэстыярый, паадчынялі ў ім усе клеткі ды павыпускалі някормленых зьвяроў на волю. Пры гэтым загінуў партугальскі нэгр Жаэліньё, якога растаптаў выпушчаны ім самім насарог, да якога ён, стары лавэлас і заафіл, цалкам неабачліва спрабаваў заляцацца. Перапалоханыя, ледзь жывыя грамадзяне кінуліся ўроссып, а выпушчаныя зьвяры, пазагрызаўшы дзе-каго й спатоліўшы першы голад, памчалі вуліцаю Леніна (цяпер Лычакоўская) уніз, да цэнтру, і неўзабаве цалкам акупавалі апусьцелы горад, забаўляючыся ў кветніках, фантанах ды манастырскіх садох і ласуючыся асобнымі мінакамі. Уладар зьвярынцу Мікельаньёла (ён жа Густаў Зупэ) шалеў ад роспачы, і тут Нямірыч запрасіў зь яго тысячу сыцылійскіх дукатаў задатку. Наступнага дня ўвесь бэстыярый напраўду вярнулі ў клеткі. Выкарыстоўваючы бразыльскую атруту курарэ, якая была куплена наконадні ў аптэцы ван дэр Вандэна на Гетманскіх валах, Нямірыч ды яго хеўра паўсыплялі ўсіх гэтых монстраў трапнымі стрэламі з лукаў, і калі зьвяры паснулі, іх прывезьлі на Пагулянку. Гэта адна
вэрсія, але ёсьць яшчэ іншая, згодна зь якой зьвяры самі пакорліва вярнуліся ў клеткі, лагодна й рахмана скарыўшыся музыцы, якую Нямірыч выканаў ім на падоўжнай флейце. Як бы там ні было, але Зупэ ўсё-ткі выплаціў усю рэшту дукатаў Нямірычу і таго самага дня разам з усім караванам сьпешна выехаў з Львова. Усе як адзін дукаты выявіліся фальшывымі, і ў ноч на 22 чэрвеня Нямірыч ды яго хлопцы дагналі шэльму з гуртом на Вялікім Шаўкоўнічным шляху, дзе парубалі ўсіх да аднаго, а зьвяроў разам з клеткамі спалілі.
Згаданы ўжо аптэкар ван дэр Вандэн быў у досыць шчыльных узаемных стасунках зь Нямірычам, таму што гатаваў для яго наркатычнае зельле ды пігулкі. Будучы галоўным дастаўніком опіюму для двара турэцкага падышаха й какаіну для багдадзкага каліфа, спрытны галяндзец вельмі тонка цяміў ува ўсіх гатунках кайфу. Гэта на ягоную параду Нямірыч сеў на голку й шыраўся цягам некалькіх гадоў, увадначас павыганяўшы з дому прыяцеляў ды каляжанак і журботна адасобіўшыся. Цэлымі днямі не ўстаючы з ложка, ён адчувальна схуднеў і нібы высах, вену аднак жа калоў сабе беспамылкова. Сьніў без канца каляровыя сны-містэрыі й пачытваў найнавейшую працу знанага саксонскага тэоляга Абрагама фон Ашэнбаха “Боскае Яйка, альбо Прылада на Катаваньні Грахоўныя”, спэцыяльна выпісаную з Сарбоны. Натанкі Нямірыча на палёх гэтай кнігі, яго заўвагі й падкрэсьленьні сьведчаць пра не абыякое валоданьне прадметам і пра магчымы намер пісаць палемічную працу.
Але ж праўдзіваю прычынай яго мэлянхалічнага й нават дэпрэсіўнага стану было каханьне да трынаццацігадовай Амалькі, дачкі гарадзкога ката
Стэфана Небарака. Упершыню Нямірыч убачыў яе праз краты, калі адбываў пакараньне ў вежы за вядомы зь верша Андруховіча “інцыдэнт з пляцкамі” (дарэчы, тут трэба ўсё-ткі аддаць аўтару верша належнае за па-майстэрску апісаны стан каяты й дакораў сумленьня, якія напраўду перажыў тады Нямірыч). Дзяўчынка штодня прыходзіла да татавай катавальні каля вежы насіла бацьку гарачыя абеды ў крынках, абгорнутых баваўнянымі хусьцінамі. Аднаго разу яна прысела дарогаю пасікаць у кустах наўпоблізь вежы. Вось тады й зьвярнуў на яе ўвагу Нямірыч і адразу пакахаў так, як не кахаў яшчэ ніколі й нікога. Муры яго вязьніцы былі цалкам сьпісаныя Амальчыным імем, апрача таго, абломкам чырвонай цагліны ён безьліч разоў маляваў сэрца, прабітае стралой, дзявочыя вусны, часткі цела й да таго падобнае.
Трагедыя палягала ў тым, што юная панна Амалія адрынула яго каханьне. Выйшаўшы зь вязьніцы, Нямірыч прызнаўся ёй у лісьце, прапануючы стаць ягонаю законнаю сужаніцай. Да ліста ён дадаў свой шэдэўральны акрасанэт “Амалія Небарака”. Аднак дзяўчына ў даволі рэзкай форме адказала, што ніколі не падумае пайсьці замуж за такога разбойцу й распусьніка, што яна наагул паходзіць з шанаванай прыстойнай сям’і, годнасьць якой значна паменшылася б у вачох усяго Львова ад такога ганебнага альянсу, да таго ж яна даўно й верна кахае свайго нарачонага рэзьнікавага сына Петруся за тое, што ён кучаравы й вясёлы з натуры ды як ніхто ўмее начыніць кашаю крывяныя кішкі. Наступнага ж вечара Самойла Нямірыч падпільнаваў у Кульпарку рэзьнікавага Петруся й выпусьціў зь яго кішкі, але гэта не дапамагло, бо Амалія да канца дзён сваіх хадзіла ў жалобе, зьберагаючы вернасьць нарачонаму і ў ягоны гонар давекаваўшы ў дзеўках усё жыцьцё.
Паступова даходзячы да высновы пра марнасьць усіх высілкаў і намаганьняў нешта палепшыць у гэтым бязглуздым сьвеце, Самойла Нямірыч зрабіўся бязьдзейным і замкнёным. Караючы багатых і авалодваючы іхным дабром, ён толькі пераразьмяркоўваў, але гэта не ратавала незаможнага ад незаможнасьці, галоднага ад голаду. Кабеты аддаваліся яму часьцяком і ахвотна, але не таму, што кахалі яго за розум і сэрца, а таму, што пераважна ён іх задавальняў. Яго навуковыя ды мастацкія працы наагул не былі зразумелыя сучасьнікам, раз-пораз іх спальвалі на загад інквізыцыі альбо маскоўскага цара. Яго бліскучыя, артыстычна выкананыя злачынствы выклікалі адно чарговыя асуджэньні, неразуменьне, чарговую інфаміцыю ці баніцыю, чарговы вырак суду й тэрмін увязьненьня, але ніколі не рабіліся аб’ектам сур’ёзных эстэтычных досьледаў і прыдзірлівага маральнага разбору, чаго так прагнуў няшчасны Самойла. Яму давялося да рэшты выпіць горкую чару трагізму ўсіх вялікіх: неадпаведнасьць таму часу, у які іх закінула Божая Воля.
Але гаркота чары Нямірыча падвойная: не толькі час, але й месца. Бо ён меў няшчасьце быць украінцам і жыць ва Ўкраіне пазбаўленай уласнай дзяржаўнасьці, юрыспрудэнцыі, уласнай гісторыі, нарэшце, уласнага нацыянальнага злачыннага сьвету. У Амэрыцы ён мог бы зрабіцца прэзыдэнтам, у Рыме папам, ці прынамсі, кардыналам, у Ангельшчыне Робін Гудам, у Нямеччыне Бісмаркам. А ва Украіне ён змог быць адно бандытам і пагромнікам. Напраўду, сьвятая ісьціна ў тагачаснай польскай прыказцы: “На Русі хоць езуітаў пасей, усё адно зладзеі народзяцца!”
Самойла Нямірыч пастрыгся ў манахі 18 кастрычніка 1619 г. і пад імем брата Тэадозія нячут-
на давекаваў у кельлі Пачаеўскай лаўры. Пасьля сьмерці, якая настала ў студзені 1632 г. ад невядомай начной хваробы, цела яго не пачало гнісьці й на пяты дзень, захоўваючы былую пругкасьць ды цяпло, пачало пахнуць мальвамі. Аднак жа ён ня быў кананізаваны, бо так і не знайшлося нідзе яго пасьведчаньня пра нараджэньне. Паступова перасталі верыць у сам факт ягонага існаваньня.