Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
Грыць Штундэра й Юрко Нямірыч ужо амаль з гадзіну прастаялі, галасуючы каля дарогі на выезьдзе з Каламыі, але ніводная падла не хацела спыніцца й падабраць іх, хаця ўсе трымалі курс на Чартопаль. I вось, калі запас праклёнаў ды цыгарэтаў быў вычарпаны, а пэрспэктыва спазьніцца на сьвята нарастала, як пагроза грамадзянскай вайны, зьявіўся фантастычны “крайсьлерімпэрыял” з замежнымі нумарамі, і прыемны, зь сівою бародкаю, дабрадзей у кратчатым кепі й шэрым дарожным адзеньні, ветліва прытармазіўшы, запрасіў іх сядаць. Ён казаў добраю ўкраінскаю, зрэшты, таксама даваеннага ўзору, з чаго
Нямірыч зрабіў выснову, што дабрадзей у кепі эмігрант.
Я ёсьць грамадзянін Швайцарыі, доктар мэдыцыны Попель, адрэкамэндаваўся дзядуля, калі яны рушылі, прыватная лякарня ў Люцэрне, кантон Баёна.
- Штундэра, сказаў Нямірыч.
- Нямірыч, сказаў Штундэра.
- Вельмі мне прыемна ехаць з такімі вядомымі паэтамі, ветліва агаломшыў доктар Попель.
- Вы пра нас нешта чулі? Юрко, які сядзеў наперадзе, крутнуўся да яго ўсім целам.
- Мы ведаем, што адбываецца ва Украіне, як бы растлумачыў доктар.
Тады дайце чаго-небудзь папаліць, бо ў нас скончыліся, высунуўся ззаду Грыць.
Калі ласка, і два пачкі выключна смачных цыгарэтаў “Галюаз”, вырынуўшы з магнацкае кішэні пана Попеля й на момант затрымаўшыся ў яго правай руцэ, пераляцелі ў дзіравыя кішэні вандроўных паэтаў.
- Палім спачатку твае, даставай, распарадзіўся Нямірыч, але Грыць паказаў яму кукіш, пасьля чаго абодва запалілі з сваіх пачак.
- Пане Попель, а вы часам не агент ЦРУ? пацікавіўся Юрко.
- Я ёсьць лекар-псыхіятар, пане Штундэра.
- Я Нямірыч.
- 0, прашу прабачэньня, пане Нямірыч.
- Я не Ненямірыч, а Нямірыч.
- Яшчэ раз прашу прабачэньня.
- Гэта ён так жартуе, растлумачыў Грыць, не зьвяртайце ўвагі. Вы гэтым аўто едзеце з самай Швайцарыі?
He, што вы. Толькі зь Львова. Я купіў яго сабе ў Львове.
Добрае аўто, пахваліў Грыць.
Дзякую, мне таксама падабаецца. Трохі старое.
- Пане Попель, а вы маглі б нам зрабіць запрашэньне ў Швайцарыю? пацікавіўся Юрко.
- У гэтым няма вялікай патрэбы, сказаў доктар.
- Вы хацелі сказаць, “у гэтым няма вялікай складанасьці”? паспрабаваў выправіць Грыць.
- He, я хацеў сказаць, што вам лепш паехаць у Амэрыку. Я магу зрабіць вам запрашэньні ў Амэрыку.
- Пане Попель, гэта мая другая кніжка. Я надпісаў яе для вас, Юрко аж схіліўся.
- 0, вельмі сардэчна дзякую. “Уцёкі ў Эгіпет”? Добрая назва, недзе я пра яе чуў. А вашая кніжка ў мяне ёсьць, абернуўшыся, сказаў ён Грыцьку.
- Мяне гэта цешыць, бо ў мяне яшчэ ня выйшла ніводнае кніжкі.
- Оппа! Дык я ня маю вашае кніжкі?
- Пэўна ж, што не.
- To я спадзяюся, што буду мець вашую кніжку.
- Я падарую вам свой рукапіс. У мяне тут ёсьць асобнік. Прашу.
- 0, зь вялікай прыемнасьцю. Мушу вам аддзячыць. Вось дзесяць даляраў. Гэтага не замала?
- Думаю, што не.
- Пане Попель, а вас не цікавіць разьмяшчэньне ваенных заводаў у нашай вобласьці?
- Ведаеце, не цікавіць. А вы маеце нейкія стасункі з ваеннымі заводамі?
- Ня маю ніякага.
- Мне таксама здаецца, што ня маеце. Я не
цікаўлюся гэтымі справамі. Проста еду ў Чартопаль на Сьвята Уваскрасаючага Духу. Кажуць, што гэта павінна быць нешта асаблівае. Гуцулы ў нацыянальным адзеньні, музыка, танцы розныя. Я гэта надзвычай люблю. Маю пры сабе камэру, дык змагу зьняць цэлы фільм...
Як вам жывецца ў Швайцарыі? перабіў яго Грыць.
Ведаеце, гэта нялёгка так адразу адказаць.
А вы ведалі Германа Гесэ? кінуў Юрко.
Я пазнаёміўся зь ім у апошнія гады яго жыцьця. Мы сустракаліся на канцэртах барочнай музыкі. Герман вельмі любіў старую эўрапейскую клясыку, можа, нават больш за джаз ці Бэтховэна. Ён, уласна, так і казаў, што для яго сапраўдная музыка сканчаецца на Бэтховэне.
А Фрэйда вы ведалі?
Фройда? Асабіста ня ведаў, але слухаў ягоныя лекцыі перад вайною ў Зальцбургу.
Дык вы ўжо досыць стары, пане Попель, высьветліў Грыць.
Я заўсёды выглядаю маладзейшым, чым насамрэч.
А Юнга вы ведалі?
Слухайце, я ж не магу ўсіх ведаць. Я ведаў некаторых вучняў Юнга. Хтосьці зь іх працаваў са мною ў маёй лякарні...
Фантастыка! А Джойса вы ведалі?
Я яго чытаў. Ён зрабіў на мяне велізарнае ўражаньне ў гады маёй маладосьці...
А вы яго чыталі ангельскаю?
Францускаю, потым, другі раз, нямецкаю...
А ці вядомы ў вас у Швайцарыі такі паэт, як Антоныч?
Малковіч?
He, Антоныч, Багдан-Ігар Антоныч, такі паэт?
- Ведаеце, першы раз чую, але абавязкова пашукаю яго кніжку. Гэта ваш таварыш?
- Так. Яму дваццаць сем гадоў.
- 0, дык яшчэ вельмі малады. Пэўна, таму я ня ведаю.
Грыцю, ты што замоўк? Сьпіш? Юрко паглядзеў на задняе сядзеньне.
Але Грыць ня спаў. Ён якраз намагаўся адкрыць бляшанку зь півам, якую знайшоў у салёне “крайсьлеру”.
Прашу прабачэньня, забыў вам прапанаваць, сказаў доктар, дастаючы яшчэ адну бляшанку й працягваючы яе Юрку. “Баер”. Можа, вы хочаце што-небудзь зьесьці? Я маю тут канапкі з шынкаю й эмэнтальскім сырам, трохі чыпсаў, крэкераў, таматную пасту, салямі, памараньчавы джус...
Вельмі смачна. I гэта ўсё вы тарабаніце аж з Швайцарыі? пацікавіўся Грыць праз хвіліну, перажоўваючы й глытаючы кавалак найдалікатнейшай румянай шынкі.
Ды дзе, што вы. Гэта сваякі ў Львове так мяне напакавалі ў дарогу. Кажуць, што ў Чартопале няма чаго есьці.
У вас добрыя сваякі, рэзюмаваў Нямірыч. А ў Чартопалі селіцеся ў гатэлі?
У Чартопалі ў мяне таксама сваякі. Відавочна, буду жыць у іх. Здаецца, праўда, што яны ўсе паўміралі ўжо.
Зразумела. Зьвярніце ўвагу на гэты маляўнічы камень, што навіс над дарогаю, паказаў Грыць.
Маляваная Скала, абсалютна слушна назваў доктар.
Менавіта так! Дык вы ведаеце гэтыя мясьціны? узьняў дагары бровы Юрко.
Дык я ж тут нарадзіўся...
Вось яно што! Тады вы павінны ведаць, дзе ў Чартопалі плошча Рынак, здагадаўся Грыць.
Як ня ведаць, калі там прайшло маё дзяцінства. Мой тата меў на плошчы Рынак аптэку. Я часта гуляўся там у задніх пакоях, дзе было шмат лекаў у пачках, рэторты зь нейкімі рознакаляровымі вадкасьцямі, старыя шалі, чарупіны, экзатычныя сухія расьліны, сабраныя за лета ў гарах, астралябіі, засьпіртаваныя салямандры й гадзюкі, срэбныя пярсьцёнкі, кніжкі лацінаю, градусьнікі... Я залазіў на самае дно гэтага сьвету, у якім было так ціха й спакойна, і прыслухоўваўся, як час ад часу азываўся званочак над уваходнымі дзьвярыма, прыходзіў наведнік, я чуў, як за дзьвярыма тата размаўляе зь ім, гэта былі пераважна простыя гуцулы, якія нічога не разумелі ў фармакапэі, пасьля я чуў, як ратушны гадзіньнік адбівае чарговы квадранс, і я марыў прабыць там цэлае жыцьцё, у тых пакоях, застаўленых шалямі й сьпіжовымі кандэлябрамі, запоўненых грэлкамі, клізмамі, шпрыцамі...
Прэзэрватывамі, раптам улез Нямірыч.
He прыгадваю, ці прэзэрватывамі таксама, паціснуў плячыма доктар Попель. Напэўна, гуцулы імі не карысталіся. А вы маеце праблемы з прэзэрватывамі?
Паколькі мы едзем на сьвята Ўваскрасаючага Духу, то маем, шчыра адказаў Штундэра. Там, ведаеце, будзе поўна прыўкрасных незнаёмых дзяўчатак...
0, тады прашу сабе узяць, і з той жа магічнай кішэні зьявіліся два прыстойныя “думдумы”. Гэта ня ёсьць ніякая праблема...
Што б мы бяз вас рабілі, пане Попель? пачціва ашчэрыўся Няміріч. Але вернемся да Рынку. Ці не падвезяце нас проста на яго? Там a восьмай мы сустракаемся зь сябрамі...
3 прыемнасьцю, хлопцы.
Мы запрашаем вас на заўтрашнюю вечарыну паэзіі, дзе будзем чытаць, дадаў Грыць, адначасова напаўняючы кішэні канапкамі й крэкерамі з папяровых пакецікаў.
3 прыемнасьцю прыйду. Дзякую за запрашэньне. Вельмі мне міла.
Прамінуўшы аквэдук і адразу за ім прыдарожную кавярню “Будан”, “крайсьлер” плаўна, як для сваёй камплекцыі, зрабіў апошні паварот на Чартопаль, яшчэ празь некалькі хвілінаў справа на схіле зьявілася гатычная сядзіба Лянцкаронскага.
Ня ведаю, як цяпер, загаварыў пасьля пэўнай маўчанкі Попель, але ў мае часы там, пры Лянцкаронскіх, былі выключныя ажыны. Я малым хадзіў іх зьбіраць. Там я першы раз быў з паннаю...
I адпярдолілі яе? пацікавіўся Юрко.
Прашу прабачэньня?
Ён пытаецца, ці адбыўся коітус, патлумачыў Грыць.
0, вы аж такое хочаце ведаць! У яе былі трохі заечыя пярэднія зубы...
I гэта вам перашкодзіла? з разуменьнем спытаў Юрко.
He, але калі казаць шчыра, я яе не кахаў.
А як вы ўвогуле ставіцеся да жанчынаў? глыбакадумна пацікавіўся Грыць.
У справах зь імі я аддаю перавагу, як у вас кажуць, дзелавым стасункамі. Яны ў гэтым жыцьці могуць вельмі шмат. 0, ужо Чартопаль!.. Вы сабе нават не ўяўляеце, што для мяне гэты Чартопаль! Гэтыя старэнькія вілы зь дзікім вінаградам, гэтыя муры, гэтыя вежы з маленькімі акенцамі, гэтыя горы, якія відаць адусюль, гэты дамініканскі касьцёл. Цяпер, калі не памыляюся, проста па
гэтай вуліцы, а там зьвярнуць направа і адразу маеце плошчу Рынак. Ага, не, прашу прабачэньня, другі паварот направа, бо першы прывядзе да царквы Ўваскрэшаньня...
Пане Попель, у вас цудоўная памяць, пахваліў Грыць.
Сколькі ж вам год? пайшоў ва-банк Юрко.
Я не такі малады й не такі стары, хлопцы. Я вечны. Як, дарэчы, і вы. Плошча Рынак, прашу ласкава! Вунь тыя ня вас чакаюць? Думаю, мы яшчэ пабачымся, вельмі ўдзячны за таварыства, было вельмі прыемна, вясёлых сьвятаў!..
Вясёлых сьвятаў, стары мудача, сказаў Нямірыч, калі велічны “імпэрыял” ужо ад’ехаў ад іх, і пасьля гэтых словаў азірнуўся вакол.
На плошчы ішлі апошнія прыгатаваньні да сьвята: выносіліся сталы, ставіліся намёты, мантаваліся памосты, упрыгожаныя стужачкамі, гірляндамі й лямпіёнамі. Шматгаловыя хеўры ўжо прыбывалі сюды са сьвечкамі, маскамі й сьцягамі.
Вунь яны стаяць, ужо чакаюць, кіўнуў Грыць у кірунку помніка першым камсамольцам, што тырчэў сярод плошчы. Слухай, Мартафляк ізноў жонку прыпер... Хаму, як заўжды, не пазнаць... А што за сьвінскі бляндын зь імі?..
Білынкевіч а менавіта так назваўся сьвінскі бляндын, інструктар Чартопальскага гарадзкога камсамолу, сябра АРГКАМІТЭТУ, які сустрэў на вакзале Хомскага, афіцыйны хлапчына ў савецкім касьцюме й пры гальштуку, амаль мажор, прапанаваў усім неадкладна пасяліцца ў гатэлі “Сінягора”, дзе для ўдзельнікаў сьвята, паводле ягоных словаў, замоўленыя месцы, але таварыства не пажадала яго нават слухаць, паколькі ў шалёнай галаве Нямірыча ўзьнікла ідэя піва.