Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
ўсё-ткі прарастаюць і па вясьне зелянеюць праз асфальт, а пецярбурскія гімназісткі сплятаюць сабе вянкі, і яны, тваё таварыства, паволі падымаюцца й пачынаюць танчыць, там жа, на падворку, вакол стала, і нехта забірае ад цябе вільготную зорку Зараславу, яна таксама танчыць, а вас пры стале толькі двое ты й вуіпасты, які гэтым разам сьпявае наступную песьню пра паланянку зь зялёнага лесу, як яна пайшла ў ягады, а яе злавілі татары, але яна ўцякла, а пасьля пайшла на рэчку, і яе схапілі варожыя ляхі, але яна ўцякла, а пасьля выйшла замуж за нялюбага з барадою і пакутуе дагэтуль...
Ты кудлаціш сабе бараду, Мартафляча, і, мабыць, зусім не разумееш гэтае песьні, часам у цябе ўзьнікае думка пра Зараславу, дзе яна можа быць, усе кудысьці пазьнікалі, танчылі ды пазьнікалі, толькі вы ўдвох з вушастым слухаеце адзін аднаго, ты яму чытаеш вершы, ён табе сьпявае, пасьля проста доўга маўчыце, а ноч, як мора, шум з плошчы ледзь-ледзь далятае сюды, у гэты гарадзкі патыё, на гэты гасьцінны падворак.
Нешта ты зашмат выпіў, Мартафляча, куды яна на чорта падзелася, я паказаў бы ёй сапраўднага мужчыну, мы б стварылі любоўнае дрэва, мы б вырасьлі аж да неба, я бы драў яе, як малпа паперу, з кім яна цяпер, хто ёй цалуе пальцы?
Музыка гэта рухомая архітэктура, працягваеш ты свае рэзанёрствы, хаця вушасты ўжо, здаецца, задрамаў пры стале. Электрыфікацыя гэта камунізм мінус савецкая ўлада. У сіле адзінства народу. Гэта салодкае слова свабода. Мне глыбока прыемныя вашыя думкі, але я аддам жыцьцё за тое, каб вы ня здолелі іх выказаць, пане Вальтэр, пасьля гэтых меркаваньняў ты ўздымаесься й рушыш у сад, там цемрадзь, і
трава блытаецца пад нагамі, Мартафляча, але нарэшце ты знаходзіш тое, што шкуаў Зараслава сьпіць на траве, дакладней, на пасьцеленым плашчы, прытуліўшыся да сьпячага хлопчыка, у яго залатыя валасы й чырвона-чорны значак, а яна твае ініцыялы на лобе, яны ляжаць, абняўшыся, як Божыя дзеці, і бачаць у сьне родныя свае нябёсы, якая ідылія, няўжо ж ён яе ня трахнуў, лапух, пацан, неданосак, хаця б новага ўкраінца зачаў.
Але тут ужо няма чаго рабіць, трэба кудысьці ісьці. Ты вяртаесься на падворак, прамінаеш вушастага, які так і заснуў за сталом, акуляры зваліліся, а ён закінуў голаў з вытыркнутым кадыком і так сабе храпе, што сілаў няма слухаць, дабрыдаеш да форткі, Мартафляча, і апынаесься на вуліцы старадаўнія сьцены вакол цябе, парослыя мохам, плюшчом і ляўрам, крокі твае, хоць і няцьвёрдыя, але гучныя й глыбокія. Дзе на чорта той рынак, ці той гатэль, хочацца спаць, хочацца жонкі, хочацца паліць, хочацца сябра.
I адзін я на цэлым сьвеце, і нікому я не патрэбны, ну чаго яна так глядзела, я злавіўся на дзьве цернасьліўкі, яна гадоў на дзесяць маладзейшая, а так мяне надурыла, дынама чартопаль, высьлізнула ў апошні момант, і адзін я цяпер на цэлым сьвеце, які ёсьць ня што іншае, як марнасьць марнасьцяў і поўная бессэнсоўнасьць.
Прамінаючы нейкую браму, ты спыняесься. Нехта там ёсьць, Мартафляча. Белае валосьсе, здаецца, павернутая сьпінай бляндынка. Ого! Можа, пагладзіць яе ззаду? Але бляндынка нахіляецца ўперад і пачынае ванітаваць, і выяўляецца Білынкевічам, п’яным Білынкевічам, які зацягнуўся ў гэтую вулачку й табе тут ванітуе перад брамаю, а пасьля паварочваецца да цябе й пытаецца:
Росьціку, ты мне прывязеш Данцова з Амэрыкі?
Як ты тут апынуўся?
Уяўляеш, я спаў у нейкім аўто, то бок у багажніку, а пасьля мяне зь яго выкінулі...
А куды ты ідзеш? Вядзі мяне ў гатэль!
Ды нашто табе гатэль? Хадзем лепш да Марты.
He хачу да Марты, уздрыгваеш ты, Мартафляча.
Ды не да тваёй! рагоча Білынкевіч, выціраючы рукавом твар. Тут, у гэтай браме, жыве Марта. Яна курва. Хадзем да яе вып’ем, паямо, ляжам спаць.
Яна маладая? пытаеш ты, Мартафляча.
Яна сэкс-бомба, адказвае Білынкевіч, калі вы падымаецеся ўгору крутымі драўлянымі сходамі. Яна жыве на трэцім паверсе. Яна мае што выпіць. Яна табе спадабаецца...
Я мушу ісьці, раптам сказаў Грыць. Мушу вас пакінуць.
I ты, Грыцю? запытаўся Нямірыч.
Пайшлі вы ўсе... злавалася Марта, але здавалася, што ёй вельмі хочацца плакаць. Чаго я сюды прыперлася? У мяне дома дзеці, а я паехала з гэтым старым прыдуркам...
Я мушу ісьці, усё адно сказаў Грыць. Лажа, але мушу.
Маеш нейкія справы? пацікавіўся Нямірыч.
Так, я мушу ісьці.
Ну й шыбуй сабе куды трэба, а не паўтарай бясконца, як зомбі, “я мушу ісьці, я мушу ісьці”! ускіпеў Хомскі. Калі чалавек нешта павінен зрабіць, ён ні ў кога не пытае дазволу й робіць
тое, што павінен рабіць. Хочаш ісьці ідзі. Я ня кіну каменя табе ўсьлед. Але прашу цябе, ня стой тут больш ані хвіліны й не чаўпі тут сваё бясконцае “я мушу ісьці”. Бо ў мяне зьяўляецца мімалётнае падазрэньне, што ты насамрэч ня мусіш нікуды ісьці...
- He, я мушу ісьці, яшчэ раз пацешыў усіх зомбі Штундэра й такі пайшоў.
Ён перакрочыў плошчу, дзе акурат адбываліся чарговыя сьвяточныя спазмы накшталт акрабатычных этудаў і перацягваньня каната, але, перад тым, як зьвярнуць на вуліцу 'Сакрамэнтак, ён заглянуў у каляровы намёт, на якім было напісана “Фабрыка монстраў. Спаўненьне жаданьняў”. Адбылося гэта таму, што яму захацелася быць іншым.
У намёце было некалькі хлопцаў і дзяўчат, пераважна ладных сабою.
- Пастрыжэце мяне, сказаў Грыць, сядаючы ў крэсла перад люстрам.
- Хочаце, я зраблю вам казацкі асяледзец? спытала дзяўчына ў такой кароткай спадніцы, што здавалася цалкам голай.
- Так, асяледзец. Абявязкова.
I яна пачала яго стрыгчы, пакідаючы на галаве толькі тую слаўназнаную чорную пасму спачатку нажніцамі, пасьля машынкаю, пасьля галіла брытваю ягоны чэрап, які рабіўся ўсё больш бліскучым, але чорная пасма цяпер ужо сапраўдны асяледзец засталася некранутаю.
- Табе вельмі пасуе, сказала дзяўчына. Я б на тваім месцы толькі асяледзец і насіла.
- Так, канечне, адказаў Грыць.
- У цябе вельмі прыгожая форма галавы, працягвала яна. Асяледзец і вусы робяць цябе нейкім небудзённым і асаблівым.
- Так, я ведаю.
- У цябе сапраўдны казацкі тып, казала яна далей. Відавочна, ты маеш вельмі чыстыя гены. Нічога, што я на “ты”?
- Так, нічога.
Ты такі негаваркі. Мабыць, сапраўдныя казакі былі такімі, як ты. Вочы ў цябе карыя, нос такі тонкі й доўгі, твар загарэлы й хударлявы. Ты падобны на Багуна. Ці на маладога Мазэпу. Хочаш, я трошкі падвяду табе вочы? У мяне ёсьць туш, памада, усялякія фарбы для грыму. Ня хочаш?
- He.
Можа, хочаш масаж? Я ўмею рабіць фантастычны масаж. Ты адчуеш сябе вельмі сільным і непераможным. Хадзем, распранесься за той шырмаю, і я зраблю табе масаж. Усім, каму я рабіла, падабалася. Табе спадабаецца.
- Я мушу ісьці, сказаў Грыць. У мяне мала часу.
- Як хочаш, дзяўчына палезла рукой яму за пазуху й пагладзіла яго па грудзёх. Табе вельмі добра з асяледцам. Я б хацела мець ад цябе дзіця. У цябе вельмі чыстыя гены.
- Дзякую. Я мушу ісьці, сказаў Грыць і рушыў да выхаду, але пабачыў хлопца ў стралецкім строі.
- А казацкага строю няма? спытаўся ў яго Грыць.
- Казацкі ўвесь разышоўся. Зрэшты, стралецкі таксама, адказаў хлопец.
- Але мне вельмі патрэбна, настойваў Грыць.
- Можаш апрануць той, што на мне. Заўтра зранку вернеш. А я пакуль пахаджу ў тваім.
Грыць удзячна заківаў галавой і адразу пачаў пераапранацца. Боты, фрэнч, штаны, два рамяні.
- Толькі мазэпінкі ня маю, прабач, сказаў хлопец. Але ты маеш файны асяледзец. Табе й ня трэба мазэпінкі.
Празь некалькі хвілінаў яны ўжо былі цалкам інакшымі: Грыць у строі старшыні Ўкраінскай Галіцкай Арміі, той хлопец у яго джынсавых шмотках.
- Заходзь заўтра, сказаў хлопец на разьвітаньне.
- Заходзь, я буду чакаць, памахала рукой дзяўчына з голымі нагамі.
- Дзякую. Мушу ісьці, разьвёў рукамі Грыць і выйшаў з намёту “Фабрыка монстраў. Спаўненьне жаданьняў”.
Цяпер я павінен усё знайсьці. Я столькі разоў чуў ад старога, я вывучыў на памяць усе ягоныя словы. Я мушу быць там сёньня ўначы.
Колішняя вуліца Сакрамэнтак прылягае да Рынку, на ёй таксама гучна і ўсюды пабліскваюць сполахі сьвята. Але там, глыбей, ёсьць цёмныя мёртвыя вуліцы й плошчы, ёсьць глухія падворкі, крутыя сходы сутарэньняў, забітыя дошкамі вокны. Калі з Сакрамэнтак зьвярнуць управа, то абавязкова трапіш на колішнюю плошчу Ўваскрэшаньня, дзе стаіць драўляная царква. Абысьці яе можна з двух бакоў, і калі я нічога ня зблытаў, то акурат з плошчы Ўваскрэшаньня пачынаецца дарога на Сяльцо праз могілкі й прыдарожную капліцу.
Я нават ня ведаў да сямнаццаці гадоў, што стары нарадзіўся й вырас вось тут. Я здагадваўся, што ў мінулым ёсьць нейкая таямніца, і я цудоўна разумеў, што мы вывезеныя, бо ўкраінцы проста так у Карагандзе не нараджаюцца. Але дэталі мяне ня вельмі цікавілі. Гэта пасьля сьмерці старога я ўжо завёўся.
“Разумееш, Грыцю, там ёсьць могілкі й каля іх каплічка, і там на могілках пахаваныя некаторыя людзі зь Сяльца, але няшмат, бо Сяльцо мела ўласныя могілкі. I ўласную капліцу, і царкву. Чуў, што цяпер там няма ані сьледу так, быццам і не жылі там ніколі людзі. Урочышча “Сяльцо” каля Чартопаля і досыць. Яны ўсё спалілі, ведаеш?”
Яны ўсё спалілі, яны ўсё спалілі, яны ўсё спалілі, яны ўсіх забілі, яны ўсё зжэрлі, яны ўсё зламалі, яны ўсё забралі, яны ўсё зьмяшалі.
Калі я ўжо прамінуў могілкі, дык наступным дарогаўказальнікам павінен быць тартак на рагу колішніх Ціхай і Панятоўскага. Гэта ўжо, напэўна, ваколіца Чартопаля. Адсюль пачынаецца сьцежка, па якой можна дайсьці да Сяльца. Сьцежка прывядзе да каменнай кладкі над Рэчкаю, пасьля дзесяць хвілінаў лесам і ўрочышча “Сяльцо”.
Мы вырасталі кожны хто як мог. Пасьля, калі пераехалі на Данбас, усе казалі, што мы размаўляем па-польску. Яны не разумелі паловы нашых словаў. Стары не казаў мне, што нарадзіўся тут. Ён хацеў неяк схаваць тое, што немагчыма вярнуць.
“Так што, Грыцю, як толькі пабачыш тартак, збочваеш сьцежкаю ўгару. Там на тартаку працаваў мой малодшы дзядзька. Ён толькі на два гады быў старэйшы за мяне, дык я яго дзядзькам і не называў. Тэхнікам працаваў. Ты яго ня ведаеш, дый ведаць ня можаш. Ён вельмі гліну любіў. Сьвістулькі рабіў і маленькіх конікаў альбо аленяў. Толькі памятай за тартаком уверх. Як забудзеш і пойдзеш проста, дык выйдзеш не на Сяльцо, а на Краснастаў. Адтуль таксама шмат вывезьлі але ня ўсіх, як ад нас”.