• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уводзіны ў геаграфію  Юрый Андруховіч

    Уводзіны ў геаграфію

    Юрый Андруховіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 438с.
    Мінск 2006
    88.94 МБ
    часны, як ніхто, я яго пашкадавала, пайшла мыцца, а яму ўключыла касэту, пагасіла сьвятло й выйшла ў ванну, але там сядзеў Малы й рыгаў, я дала яму марганцоўкі й потым выгнала, ён пайшоў у першы пакой, але вольных дзевак не было, дык ён зноўку прыперся да мяне, “я табе толькі сьпіну патру”, прычапіўся, як халера, пачаў разьдзявацца, я яго па пысе мокрым рушніком, ты зараза малая, я з тваёй мамай у адной школе вучылася, у мяне сын толькі на пяць гадоў малодшы ад цябе, служыць пад Масквою ў стройбаце, піша, што ня вытрымае і ўцячэ, а ты сабе ўладкаваўся, кілбасы мае жарэш, яшчэ й вунь чаго захацеў, таксама ў рахунак дзесяці даляраў, ці што, хрась яго па пысе, хрась, хрась, ён рукі ўгару падняў, гляджу, у яго кроў з носу капае, пашкадавала яго, а ён ізноў за сваё, той барадаты, кажа, пэўна, ужо заснуў, “ляжам утрох, як ты ня маеш больш месца, ты ніколі не спрабавала спаць утрох?”, я такое толькі па відыку бачыла, але ўсё адно не пажадала, бо сорамна, выгнала яго на кухню, там на падлозе можна легчы, вось тут у цябе коўдра й падушка, сьцялі сабе на падлозе, а мне ўжо надакучыла, закалябалі вы мяне ўсе, угаманецеся, нарэшце, хутка трэцяя ночы, а вы тут разьверашчаліся, як недарэзаныя, у мяне людзі адпачываюць, адзін паэт вядомы, я зайшла да сябе ў пакой, барадаты ўжо спаў на маім ложку, апрануты, як і тады, толькі што без шкарпэтак, я паціху зьняла зь яго швэдар, кашулю, вымыкнула музыку, штаны, ён толькі нешта муркаў, “а я нашёл другую”, як дзіця малое ў сьне, такі сьмешны, гадоў яму недзе так трыццаць, можа трохі больш, я ў пашпарт не глядзела, у мяне свая бяда, у цябе свая, але ты напіўся, чалавеча, ляжыш і ня рыпаесься, толькі мурка-
    еш, як той кашак, нешта такое незразумелае гаворыш. Я прыслухалася, а ён вочы расплюшчыў, глядзіць на мяне, “табе, напэўна, ня менш за сорак”, трыццаць восем, кажу, “у цябе подых саракагадовай, маладыя дзяўчаты ня так пахнуць, зусім ня так, я ведаю”, ну дзякую табе, любанька мой саладзенькі, за такія камплімэнты, выгнаць цябе ці што, са мною сам Мікола Кандратавіч вунь ужо хутка дваццаць адзін год сьпіць, а ніколі не казаў такога, а ён сваё, “у чалавечым целе тыя адтуліны, якія вышэй пупа, чыстыя, а тыя, што ніжэй, нячыстыя, а ў маладой дзяўчыны ўсе адтуліны чыстыя”, ну, і звальвай адсюль, ідзі сабе маладую шукаць з чыстымі адтулінамі, а мне дай спакою, прыперся тут сярод ночы п’яны й цяпер яшчэ носам круціш, як курва апошняя, усё не па ім, ведаў бы ты мяне дваццаць год таму, усе хлопцы ад мяне дурэлі, на танцах да крыві біліся, а Мікола Кандратавіч мне панчохі імпартныя дарыў і кветкі, і цукеркі, і на машыне вазіў з рэстарану, а мне не было дзе жыць, дык я ад яго кватэру атрымала, вось як мяне любілі, а ты нешта вярзеш тут пра чыстых і нячыстых, я аж плакаць захацела, ледзьве сябе стрымала, на чорта ты мне здаўся, паэт задрыпаны, у мяне свой гонар, а ён тады сказаў, што я не такая, як іншыя, што ў мяне сэрца залатое, пачаў мне рукі абцалоўваць, цырк на дроце, я аж тады заплакала, а ён як наваліўся, дзе толькі сіла знайшлася, я думала, ён ужо ні на што ня здольны, але зрабіў сваё досыць прыстойна, я нават і не адчула, як ён запхаў, “а што, ня верыла мне, што я паэт”, і толькі тады сапраўды заснуў, паклаўшы мне бараду на жывот, валосьсе такое мокрае, змучыўся, як лесаруб, не сказаў больш ані слова, сьпі, любанька, сьпі, да ранку
    яшчэ далёка, барада ў яго нібы прыклееная й вапшчэ ён на дзіця пахожы...
    Я ўжо маю досыць вашага сьвята, сказала Марта, але ня тая, зь якою спаў Мартафляк гэтай ночы, а Мартафлякава жонка. Я хачу ў гатэль. Мне заўтра рана ўставаць і ехаць дадому.
    Чаго ты паедзеш? запытаўся Нямірыч. Заўтра тут пачынаецца самае галоўнае.
    Я пакінула дома дзяцей, паведаміла Марта.
    Але ж яны з бацькамі. Нічога ім ня зробіцца, запэўніў Хомскі.
    Я разумею, ты проста абразілася на Росьціка, здагадаўся Нямірыч.
    Стары прыдурак! Казёл! ня вытрымала Марта.
    Добра. Мы пойдзем у гатэль. Але для гэтага варта адшукаць нашага чартопальскага сябра. Ён недзе там сьпіць у “крайсьлеры”, выказаў меркаваньне Нямірыч.
    Я й безь яго добра ведаю, дзе той гатэль. Я ў гэтым Чартопалі была сто разоў.
    Ну, то хадзем, узяў яе пад руку Хомскі.
    Добра. Але мы ня можам пакінуць таго хлопца спаць у машыне, не адступаўся Нямірыч.
    А што яму можа зрабіцца? I ўвогуле, хіба ён нам патрэбны? Хомскі пагардліва скрывіў губу. Стары, ты ствараеш праблему там, дзе яе няма. Білынкевіч цяпер сьпіць у шыкоўным аўто. Яму добра. А мы павінны спаць у гатэлі. Вось і ўсё. Хадзем.
    Ён мог там задыхнуцца, дапусьціў Нямірыч.
    Ну, тады тым больш няма сэнсу яго адтуль выцягваць. Уяві сабе, што ты адчыняеш багажнік,
    а ў ім труп Білынкевіча. Гэта толькі сапсуе табе настрой, пераконваў Хомскі.
    -	Вы можаце пайсьці у гатэль удваіх, не супакойваўся Нямірыч. А я знайду Білынкевіча.
    -	Цудоўная думка! пахваліў Хомскі. Дык шыбуй, шукай, калі ён табе цікавейшы за нас. Я так разумею, што ты наўмысна хочаш нас кінуць, бо мы табе ўжо абрыдлі. Спадзяюся, ты запомніў тое месца, дзе стаіць “імпэрыял”?
    -	Недалёка адсюль, кіўнуў Нямірыч.
    -	Тут усё недалёка, пагадзіўся зь ім Хама. Слухай, цалкам магчыма, што ён гомік. Будь ась■цярожны!
    -	Прынамсі раз у жыцьці трэба й гэта паспрабаваць, супакоіў яго Нямірыч і, махнуўшы рукой, адышоў у сьвяточны натоўп.
    Сьвята ўжо даволі актыўна згасала, фантазія чараўнікоў і дасьціпнікаў няўмольна вычэрпвалася, і ў гэтую хвіліну на плошчы ўжо амаль не было нічога цікавага: нейкі фаервэрк, нейкая пантаміма з Анёламі й Блазнамі, нейкія дзяўчаты хадзілі на руках, але потым выявілася, што гэта былі ногі, а высачэзны хлапчына ў чырвоным строі Ката й зь сякераю за поясам запрашаў усіх да печаных кілбасак, як ён запэўніваў, “уласнага вырабу”. Нямірыч купіў у яго адну кілбаску, якая здалася яму саладжавай на смак, і накіраваўся да ўжо вядомага помніка, за якім павінна было стаяць дзіва дзіўнае, даваеннае аўто.
    Але “крайсьлера” на месцы на аказалася. Як высьветлілася з аповедаў відавочцаў, паўгадзіны таму чорнага колеру лімузін узьляцеў над плошчай і, трохі пакружляўшы ля ратушнай вежы, зьнік у начным небе Чартопаля. Але Юрко пабачыў сярод натоўпу дабрадзея зь відэакамэраю, у
    кратчатым кепі, акулярах і зь сівою бародкаю, апранутага гэтым разам у нядрэнны чорны касьцюм у залацістую пасачку.
    -	Пане Попель, павітаў яго Нямірыч, a дзе ваш непаўторны “крайсьлер”?
    -	О, пане Штундэра, прашу прабачэньня, пане Нямірыч, я вельмі рады, што мы спаткаліся! сказаў замест адказу доктар Попель.
    -	Я хацеў бы ведаць, ці не заглядалі вы да багажніка свайго аўто? не задавальняўся Юрко.
    -	Я карыстаюся са шчасьлівай нагоды зрабіць сабе памятку пра перабываньне на гэтым сьвяце, адказаў доктар Попель.
    -	Разумееце, у вашым багажніку павінен быў быць адзін хлопец, гнуў сваё Нямірыч.
    -	А мне больш падабаюцца японскія стужкі дзеля таго, што нямецкія не даюць патрэбнай адчувальнасьці на сьвятло, падтрымаў размову доктар.
    -	А што, японскія стужкі ў вас таксама можна набыць? склаў зброю Нямірыч.
    -	Ну так, я ня мог яго ня выкінуць з багажніка, бо я гэтага не люблю, пачаў прасьвятляць сытуацыю швайцарац.
    -	А колькі ў вас каштуе, напрыклад, такая камэра? высьвятляў далей Юрко.
    -	Ведаеце, ён кудысьці пайшоў, як толькі я яго выкінуў. Я ня ведаю, дзе ён цяпер можа быць. Напэўна, недзе рыгае, адказаў доктар Попель.
    -	А вы ня ведаеце, дзе тут у Чартопалі гатэль?
    -	Я ня ведаю гэтага новага будынку, тым больш, што сам спыніўся ў родных. Мне вельмі прыемна запрасіць вас да іх у госьці, там якраз павінен пачацца вялікі начны прыём.
    Нямірыч хвілінку падумаў.
    -	А гэта зручна? завагаўся ён.
    Я паабяцаў ім, што прывяду кагосьці зь вядомых украінскіх паэтаў, хутчэй за ўсё, што вас, пане Нямірыч. Яны рыхтуюцца. Так што ласкава запрашаю, і доктар кіўнуў у той бок, куды быццам бы трэба было ісьці.
    -	А яны не прымусяць мяне чытаць вершы? ізноў завагаўся Нямірыч, калі яны рушылі.
    -	Іх не цікавяць вашыя вершы, разьвеяў ягоныя сумневы доктар. Іх цікавіць тое, што вы вядомы паэт.
    -	А-а, з разуменьнем кіўнуў Нямірыч.
    Яны павярнулі на колішнюю вуліцу сьв. Яна Хрысьціцеля й нейкі час ішлі моўчкі. Гэта быў час зачыненых брамаў і пагаслых ліхтароў. У будынках таксама стаяла цемрадзь, толькі зь нейкага акна даляталі ледзь чутныя клявэсынавыя пасажы. На кожным кроку трапляліся урны са сьмецьцем і каты, а, можа, пацукі, словам, нейкія жывёліны, якія перабягалі дарогу й хаваліся ў падвалах з выбітымі вокнамі. Юрко мімаволі любаваўся старадаўняй архітэктураю й думаў, што б яму спытаць у Попеля. Нарэшце ён наважыўся:
    -	Пане Попель, а вашае аўто сапраўды паляцела?
    Доктар уважліва паглядзеў на яго.
    -	Маё аўто стаіць прыпаркаванае з таго часу, як я прыехаў.
    -	Тады якім чынам той хлопец мог апынуцца ў багажніку? не хацеў адчапляцца Нямірыч.
    Ведаеце, трохі раздражнёна пачаў доктар, тут не такая простая справа. Мне часам цяжка зразумець, што тут у вас робіцца. Я ёсьць усё-ткі грамадзянін Швайцарыі. Я ня ўсё разумею ў вашым жыцьці. Мы знаходзімся ў розных сацыяльных сыстэмах, да таго ж у нас канфэдэратыўны
    лад, а ў вас унітарны. Што каму больш падабаецца.
    Юрко вырашыў пакінуць тэматыку аўто й Білынкевіча, паколькі доктара гэтыя пытаньні відавочна раздражнялі й вымушалі замест адказу вярзьці ўсякую чухню. Таму, падумаўшы, Нямірыч знайшоў у глыбінях свайго інтэлекту новае запытаньне:
    -	А чым канфэдэратыўны лад адрозьніваецца ад фэдэратыўнага?
    -	Я не магу вам нічога сказаць, бо не цікаўлюся палітыкай, ветліва растлумачыў доктар.
    -	Пане Попель, размаўляць з вамі вялікая прыемнасьць. Ці далёка яшчэ ісьці?
    -	Гэта не ад нас залежыць, чамусьці адказаў доктар.
    “Здаецца, у яго трохі паехалі мазгі, канстатаваў для сябе Нямірыч. 3 псыхіятрамі такія рэчы здараюцца. А можа, проста глухі й недачувае мае пытаньні?”
    Як бы там ні было, Юрко страціў усялякае жаданьне сумоўнічаць з доктарам-шызафрэнікам. Хутка, аднак толькі з колішняй вуліцы сьв. Яна Хрысьціцеля яны зьвярнулі ў колішную вуліцу Караля Данілы доктар зьвярнуўся да яго сам:
    Я папрашу вас у таварыстве быць максымальна ветлівым, ня класьці локці на стол, ня чмякаць, ня шморгаць носам, карыстацца пры ўжываньні ежы відэльцам, нажом і сурвэткамі, не рыгаць і, даруйце за слова, не пярдзець. Зьбярэцца надзвычайна вышуканае таварыства, і мне будзе вельмі прыкра, калі вы паведзяце сябе нетактоўна.