Уводзіны ў геаграфію  Юрый Андруховіч

Уводзіны ў геаграфію

Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
88.94 МБ
-	А там будуць маладзенькія дзяўчаткі ці, скажам, жанчынкі для флірту? нахабна пацікавіўся Нямірыч, які пачуваўся трохі абражаным пасьля
доктарава папярэджаньня што да правілаў добрага выхаваньня.
-	Дарэчы, там няма дзе пераначаваць, так што на гэта не разьлічвайце, абсалютна недарэчна адказаў доктар.
-	He разьлічваць на начлег ці на дзяўчат? высьвятляў Юрко.
-	Разьлічвайце адно на сябе самога, адказаў яму швайцарац і, задаволена пацершы рукі, сказаў: Склалася як найлепш. Мы ўсё пасьпелі абгаварыць у дэталях. Прашу пагрукаць у тыя дзьверы, бо мы ўжо прыйшлі.
Яны стаялі пад невераемным будынкам, які чымсьці нагадваў мініятурную фартэцыю, і калі б Юрко трохі лепш ведаў Чартопаль, то ён бы здагадаўся, што гэта знакамітая Віла з Грыфонамі, да якой штодня прыводзяць натоўпы турыстаў. Але Юрко гэтага ня ведаў і таму сьмела пагрукаў у дзьверы.
Ім адчыніў слуга ў зялёнай ліўрэі з пазумэнтам і настолькі тупым выразам твару, што адразу хацелася заехаць яму між броваў. Гэтае жаданьне ўзмацнялася ў Нямірычы яшчэ тым, што вонкава слуга вельмі нагадваў яму нейкага надзвычай адказнага чалавека, толькі каго менавіта, ён ня мог зарыентавацца. Слуга павёў іх угару драўлянымі сходамі, папярэдне ўзяўшы ў доктара відэакамэру й з глыбокай пачцівасьцю схаваўшы яе ў нейкую нішу. Сходы, дый увесь будынак, асьвятляліся толькі сьвечкамі, якіх было сапраўды безьліч. Згары далятала нейкая салодкая музыка на фоне нягучных і далікатных размоваў.
-	Пане Нямірыч, зьвярнуўся доктар. Прашу зайсьці ў шатню й выбраць для сябе адпаведнае адзеньне. Вы маеце выгляд недастаткова прымальны для гасьцёў. Я пачакаю тут.
Юрко зайшоў у пакой з шафамі й люстрамі, чакаючы цалкам дарэчнага ў гэтай сытуацыі нажа ў сьпіну, але ўсё скончылася добра. У шафах было поўна мужчынскага адзеньня, старанна разьделенага па вешалках, што праўда, абсалютна аднолькавага: чорны фрак і чорныя штаны, камізэлька, белая кашуля, матылёк, зьнізу пад кожнай вешалкай вастраносыя лакаваныя туфлікі. Адрозьніваліся гэтыя рэчы толькі памерамі. Юрко пачаў сьпехам пераапранацца, аглядаючыся на прыадчыненыя дзьверы й люстра побач зь ім, у якім ён бачыў сябе ў майтках і ад таго здаваўся сабе яшчэ больш безабаронным. Але знайсьці адпаведнае адзеньне выявілася ня так проста. Калі пасаваў фрак, то не падыходзілі штаны ці трышчэла па швох кашуля ці наадварот. Час праходзіў, і Юрко перабраў ужо, здавался, палову гардэробу, але так і не знайшоў адпаведнай сабе адзежы. Ён пачынаў нэрвавацца і ўжо прыглядаўся, ці няма ў гэтым пакойчыку нейкага акна, каб празь яго даць драпака, вырашыўшы такім чынам гэтую дурную праблему, але тут заўважыў на адной зь вешалак камплект зь невялічкай, прышпіленай булаўкаю да закаўраша паперкай, на якой прачытаў “Для пана Ю. Нямірыча”. Строй выявіўся як на яго шыты, нават знойдзеныя пад вешалкай туфлікі нідзе ня ціснулі, і яшчэ празь некалькі хвілінаў Юрко пабачыў сябе з розных бакоў у люстрах такім, якім ня бачыў яшчэ ніколі, то бок бездакорным.
Вы апраналіся трохі задоўга, зь лёгкім дакорам сказаў Попель. Я мусіў адпусьціць слугу. Ён вельмі намучыўся сёньня. Хай сабе трохі адпачне.
Ён тут стала працуе? спытаў Юрко, як толькі яны зноў ступілі на сходы й рушылі ўгару.
Увогуле не. Ён першы сакратар райкаму. Але мы яго папрасілі, растлумачыў сытуацыю доктар.
На другім паверсе дзьверы выявіліся значна масіўнейшымі, але справа спрашчалася тым, што яны былі разнасьцежаныя, і Нямірыч у суправаджэньні доктара пераступіў парог велізарнага, залітага сьвечкавым сьвятлом пакоя. Тут і там па пакоі праходзілі бездакорна выхаваныя мужчыны й жанчыны ў вечаровых строях. Безгучныя слугі, апранутыя таксама, як і той, першы, у ліўрэі з пазумэнтамі, ненавязьліва разносілі шампанскае ды аранжад на пазалочаных круглых падносах. У глыбіні пакоя Нямірыч пабачыў квартэт музыкаў у даўгаполых кафтанах і напудраных парыках, які зь невялічкага подыюму выконваў шчымлівую санату для віёлы да гамба, віёлы д’амур, флейты й чэмбала.
-	Скарлаці, пазнаў Нямірыч.
-	Карэлі, паправіў яго доктар Попель. Але тым ня менш.
-	Цудоўны ровень, зацаніў Юрко.Напэўна, ляўрэаты нейкага фэстывалю?
-	Ды не, гэты мясцовыя хлопцы, ізноў расчараваў яго Попель. Я мушу пазнаёміць вас зь сім-тым з прысутных.
Юрко досыць нязграбна падхапіў келіх шампанскага з пранесенага паўзь іх падносу, трохі разьліўшы пры гэтым.
-	Осторожнее, сказаў слуга, зьмерыўшы яго нядобрым позіркам. Лезут тут всякне...
I рушыў далей.
Яны падышлі да невялічкага гурту спадарыняў і спадарычняў, якія пра нешта выкшталцона пляткарылі між сабою.
-	Прашу пазнаёміцца, ледзь прыкметна
схіліўся Попель. Гэта пан Нямірыч, вядомы паэт. I, палічыўшы сваю місію выкананаю, адышоў, ізноў лёгка схіліўшыся.
-	О, як прыемна! узрадаваўся лысаваты пан з маноклем. Прафэсар гімназіі Гаразьдзецкі, адрэкамэндаваўся ён.
“Напэўна, дырэктар тутэйшай васьмігодкі”, вырашыў для сябе Нямірыч і, пераклаўшы келіх з правай рукі ў левую, пацалаваў ручку маладой спадарыні, якая пры гэтым назвалася:
-	Амальтэя Гаразьдзецкая, і паказала трохі заечыя зубы.
Мажная матрона з дыямантавым калье на мармуровай шыі таксама фальшыва пасьміхнулася й сказала, што яна Клітэмнэстра Гаразьдзецкая, старшыня Саюзу жаночага лёсу.
Чарнявы элегантны маладзён, зачасаны на просты танюсенькі прабор, па-вайсковаму ладна схіліўся, клацнуўшы пры гэтым абцасамі:
-	Граф дэль Кампа, авіятар.
-	Юрко, патрэс яму руку Нямірыч.
-	Я чытаў некаторыя вашыя вершы, пане Нямірыч, паведаміў Юрку Гаразьдзецкі. Яны мне спадабаліся. У іх шмат прасторы й патрыятызму. Я думаю, што вы адназначны талент.
-	Толькі не захапляйцеся празьмерна гэтым дэкадансам, перасьцерагла пані Клітэмнэстра. Наш няшчасны народ патрабуе мужнага вызвольнага слова, а ня нейкай бессэнсоўнай цацкі. Нашыя жанчыны чакаюць ад вас праўдзівых паэмаў пра свой цяжкі лёс.
-	Ну, мамусю, ня будзь такой патрабавальнай, ізноў бліснула зубкамі панна Амальтэя. Пан Нямірыч яшчэ вельмі малады... А што вы скажаце, графе?
-	Паэзія мяне цікавіць менш за ўсё, заявіў дэль Кампа.
-	О, няўжо ж там, у нябёсах, вам не прыходзяць на думку нейкія боскія радкі? ссунула бровы Амальтэя.
-	Калі я, як вы кажаце, у нябёсах, мне на думку прыходзіць толькі, ці досыць бэнзыну й які напрамак ветру, зыркнуў чорнымі вачыма дэль Кампа.
Юрко ня вытрымаў і ледзь прыкметна адрыгнуў пасьля шампанскага.
“Зараз хто-небудзь зь іх выклікае мяне на дуэль”, падумаў ён, але ўсе зрабілі выгляд, што нічога не заўважылі, і ўсё абышлося.
-	Жан-Батыст Люлі. Гавот, абвясьціў адзін з музыкаў, і зноў загучэла музыка.
-	А вы, пане паэт, былі на мінулым тыдні на вечарынцы ў Лянцкаронскіх? пацікавілася Амальтэя. Здаецца, я вас там бачыла.
-	На мінулым тыдні мяне высялялі з інтэрнату, адказаў Нямірыч.
-	Дык вы не былі на вечарынцы ў Лянцкаронскіх? дапытвалася Амальтэя.
-	Я, здаецца, ясна сказаў, разьвеяў яе сумневы Юрко.
-	Шкада, пазяхнула Амальтэя. Атрымалася вельмі прыстойная вечарынка. Гэта ня вы там дэклямавалі Рылькага?
-	Рылькага? перапытаў Нямірыч. He, ня я. Я ведаю на памяць толькі Гайнага. I Падгайнага.
-	Шкада, ізноў пазяхнула Амальтэя. Там быў адзін паэт, які дэклямаваў Рылькага.
-	Гэта быў ня я, сказаў Нямірыч.
-	Цяпер я ўжо бачу, што гэта былі ня вы, але спачатку я думала, што гэта вы дэклямавалі Рылькага.
-	He, гэта быў ня я, сказаў Нямірыч.
-	Цяпер я ўжо бачу, што гэта былі ня вы, але спачатку я падумала, што гэта вы дэклямавалі Рылькага.
-	He, гэта быў ня я, бо Рылькага я на памяць ня ведаю.
-	Так, відавочна, проста вы вельмі падобны да таго паэта, які там быў.
-	Хутчэй за ўсё, бо я ня мог там быць.
Граф, якому, адчувалася, чым далей, тым больш не падабаўся гэты дыялёг у адрозьненьне ад прынадаў панны Амальтэі, ізноў зыркнуў чорнымі вачыма й суха спытаў:
-	Добра, паэзія гэта так сабе. А якая ваша асноўная прафэсія, пане Нямірыч?
-	Я не Ненямірыч, я Нямірыч, задаволіў ягоную цікаўнасьць Юрко.
Амальтэя звонка засьмяялася й нават запляскала ў далонькі. Дэль Кампа адкрыта спахмурнеў.
-	Прашу прабачэньня, мне трэба ў клязэт, рэзка заявіў ён і адышоў.
-	Бедны Міхал Сцыпіё, пахітала галавою пані Клітэмнэстра. Здаецца, ён шалёна закаханы, і яна гульліва паглядзела на дачку, а потым на мужа.
-	Гм, гм, паправіў манокль пан Гаразьдзецкі.
-	Мамусю, ён такі празаічны, пазяхнула Амальтэя і, дацягнуўшыся да Юркавага вуха, шапнула: “Вазьміце мяне пад ручку й пройдземся”.
Яны паплылі па салёне ў той самы момант, калі музыка на подыюме аб’явіў:
-	Хрыстафор Вілібальд фон Глюк. Арыя Арфэя з опэры “Арфэй і Эўрыдыка”.
Зацурчэла салодкая флейта, і Юрко, ведучы пад руку Амальтэю, выпадкова наступіў на нагу нейкаму рудаватаму маладзёнчыку, які акурат нешта падлічваў алоўкам на манжэце.
Натан Газэндуфт, шкуры й косьці, назваўся маладзёнчык і падаў Юрку сваю візытку. На візытцы было напісана тое самае, што ён ужо сказаў, толькі па-нямецку й гатычнымі літарамі.
Нямірыч схаваў візытку ў кішэню й прынагодна зазірнуў у досыць прыемнае для вока Амальтэіна дэкальтэ.
Тут дзе-небудзь ёсьць вольны пакой? пацікавіўся ён.
Але панна толькі засьмяялася й пагразіла яму пальчыкам.
Хочаце, я раскажу вам, хто тут сёньня сабраўся? спытала яна з заечай ветлівасьцю.
Мне гэта ўвогуле да аднаго месца, як кажуць, неахвотна згадзіўся Юрко. I кожнае наступнае паведамленьне панны Амальтэі сустракаў скептычна-недаверлівым “што ты ня кажаш?” альбо ня менш іранічным “ого”.
3 панам Газэндуфтам вы кагадзе пазнаёміліся, пачала Амальтэя. Цяпер прашу зьвярнуць увагу на асобаў, якія акурат разглядаюць акварыюм зьлева ад нас, там, пад сьцяною, дзе бэгоніі, філядэндраны й іншыя пакаёвыя расьліны. Той самавіты пан зь вялікім чэравам гэта камэндант цэсарска-каралеўскай паліцыі Заёнц. Досыць прыкры тып і вялікі махляр, калі гаворка пра карты. Пані, якая аддана зазірае яму ў вочы й якую ён час ад часу недзе там пашчыпвае, думаючы, быццам ніхто ня бачыць, цяперашняя ягоная каханка Леакадыя Фогель. Пад ручку яе тры мае пан адвакат Імрэ Фогель, яе муж і вялікі блазан. А той нехлямяжы, падобны да пудзіла, кастлявы стары, які, размахваючы рукамі, чытае рэшце таварыства лекцыю пра акварыюмных рыбак, прафэсар прыродазнаўчых навук тутэйшай гімназіі Маўрыкі Пулярка.