• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уводзіны ў геаграфію  Юрый Андруховіч

    Уводзіны ў геаграфію

    Юрый Андруховіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 438с.
    Мінск 2006
    88.94 МБ
    Што ты ня кажаш? у чарговы раз засумняваўся Нямірыч.
    Цяпер прашу паглядзець на гэтую фацэтную пару, якая ўжо, напэўна, пасьпела зьвярнуць на сябе вашую ўвагу сваімі цалкам непрыхаванымі жэстамі, пане Нямірыч. Тая вельмі самавітая дзявуля з кручкаватым носам і распусным язычком мая гімназічная каляжанка панна Бажэна Чорцік, якую ўжо даўно й безвынікова спакушае мой татуся. А каля яе сталы яе кавалер Бальдур дэ Гагенгоге, барон, стопрацэнтны ідыёт, але бліскучы паляўнічы й дзякуючы гэтаму ўлюбёнец архікнязя Фэрдынанда. Захінуў яго ўласнымі грудзьмі ад кулі тэрарыста, калі нядаўна архікнязь наведваў наш Чартопаль.
    Я ўжо недзе чуў гэтую гісторыю, прабурчэў Нямірыч.
    Цяпер прашу паглядзець направа, дзе вы, пане Нямірыч, ужо безумоўна, зьвярнулі ўвагу на Яго Прывялебнасьць у атачэньні некалькіх, ня менш выдатных асобаў. Вось жа, тая старая грымза, апранутая ў стылі як найменш сярэдзіны мінулага стагодзьдзя, гэта пані Мэлісанда з Панятоўскіх Жавуская сумны аскепак старога шляхецкага роду, які, на жаль, згасае, прарочыца й авантурніца, якіх мала. Той валасаты брунэт, што так прагна, вялікімі каўткамі п’е шампанскае, італьянскі консул, сыньёр да Пэдэрыні, які адпачывае ў Карпатах па запрашэньні Яго Прывялебнасьці, а той непрыемны таўстун з спатнелымі падпахамі й сыгараю ў жоўтых зубох пан Махальскі, тутэйшы мільянэр, уладар вядомых чартопальскіх бровараў.
    -	Так доўга не жывуць, сказаў Нямірыч.
    -	Прашу прабачэньня? перапытала Амальтэя.
    -	Я кажу, што ўсе яны ўжо даўно павінны былі памерці, растлумачыў сваю думку Нямірыч.
    -	Гэта не зусім ветліва з вашага боку, пане Нямірыч, захіхікала Амальтэя, анітроху не намагаючыся прыхаваць свае пярэднія зубы.
    I ты таксама, мая рыбанька, сказаў Юрко й гульліва правёў рукою па яе клубах, але не атрымаў практычна ніякага задавальненьня. “He такія ўжо яны прыемныя на дотык, гэтыя яе формы”, падумаў ён і яшчэ раз зазірнуў у дэкальтэ, але ўсё было на месцы.
    -	Мяне яшчэ ніхто не называў рыбанькай, ледзь-ледзь запунсовела панна Амальтэя. Вы такі пяшчотны, пане Нямірыч.
    -	Дык кажаш, вольнага пакою тут няма? рашуча спытаў яе Юрко.
    -	Генры Пэрсэл. Сарабанда, аб’явіў музыка.
    Пачаўся павольны танец. Да Амальтэі падкаціўся нейкі фарсун на камарыных нагах і запрасіў яе. Пары а было іх недзе з чатыры рухаліся ўрачыста й велічна, сыходзіліся й разыходзіліся, кружлялі вакол сваіх восяў, рабілі два крокі ўбок, пасьля наўзаем паварочваліся сьпінамі й зноў пачыналі ўсё з пачатку. Штука палягала ў тым, каб памятаць усю пасьлядоўнасьць ня надта складаных па.
    “Я бы таксама змог”, падумаў Юрко, які ўжо пачаў нудзіцца на гэтым зборышчы чартопальскіх снобаў. Але акурат у гэты час каля яго зьявіўся Попель.
    -	У суседнім пакоі зараз пачнецца гульня. Ці гуляеце вы ў карты, пане Нямірыч? пацікавіўся ён.
    -	Некалі я быў чэмпіёнам факультэту ў прэфэрансе, ганарліва адказаў Юрко.
    -	To прашу ісьці за мною.
    3 пэўным выклікам прайшоўшы паміж танцорамі й паслаўшы Амальтэі паветраны пацалунак, Нямірыч паперся сьледам за швайцарцам у суседні пакой. Там было прыблізна столькі ж сьвечак, сколькі ў папярэднім, але ён быў цалкам пусты, толькі ўсярэдзіне стаяў манумэнтальны стол пад зялёным сукном, за якім ужо чакалі трое партнэраў: авіятар дэль Кампа, Натан Гэзэндуфт і камандант цэсарска-каралеўскай паліцыі фон Заёнц. Падышоўшы да стала, Юрко выцягнуўся і, павайсковаму кіўнуўшы галавою, назваўся:
    -	Дэль Нямірыч.
    Авіятар, відавочна, ускіпеў, пачуўшы такое спалучэньне, але стрымаў сябе ў руках, толькі ліхаманкава бліснуў на Юрка сваімі чорнымі вачыма.
    -	Прашу сядаць, пане Нямірыч, смачна загаварыў фон Заёнц. Я чуў, вы добра гуляеце ў прэфэранс?
    -	Я адпачываю толькі на каўкаскіх курортах, адказаў Нямірыч.
    -	Тады вы годны партнэр, паблажліва буркнуў фон Заёнц.
    Попель, які дагэтуль моўчкі назіраў за сталом, выцягнуў з кішэні навюткую калоду і, пажадаўшы прыемнай забавы, зноў кудысьці выйшаў.
    Праз хвіліну пачалася гульня, у якой Юрку адразу перастала шчасьціць. Ён ня мог разыграць нават найпрасьцейшай камбінацыі, стала атрымліваючы альбо “без адной”, альбо “бяз двух”, альбо безнадзейна вістуючы. Пры гэтым яму ўвесь час здавался, што фон Заёнц вельмі па-майстроўску махлюе чамусьці менавіта ў яго зьяўлялася тая карта, якой заўсёды не ставала Юрку.
    -	Наш паэт, здаецца, акурат у гэты момант складае ў галаве чарговую паэмку, падкалоў
    Юрка дэль Кампа. Вы гуляеце вельмі няўважліва.
    -	Мне перашкаджае засярэдзіцца пах саляркі, што струменіць ад вас, пане лятун, адбіў выпад Нямірыч і вельмі пашкадаваў, што побач не было Амальтэі, бо авіятар ледзь ня ўсраўся ад злосьці.
    -	Панове, ня варта псаваць адно аднаму настрой, дабрадушна сказаў фон Заёнц, запісваючы сабе чарговыя пункты ў “пулю”.
    Гэзэндуфт маўчаў, адбіваючы пальцамі па стале нейкую габрэйскую мэлёдыю.
    Юрко ўваходзіў у азарт, але гульня не ішла. Да таго ж, тут было прынята размаўляць пра пабочныя рэчы, якія гульні цалкам не датычыліся, і гэта перашкаджала.
    -	Як вам, панове, апошнія падзеі ў Босьніі? Ці не здаецца вам, што нямецкія міністры хочуць выйсьці чыстымі з сытуацыі, якая можа стаць досыць далікатнай? запытваў фон Заёнц.
    -	Яны маюць для гэтага ўсе падставы, пярэчыў яму дэль Кампа.
    -	Але гэта можа шкодна адбіцца на нашых дзяржаўных інтарэсах, гнуў сваё фон Заёнц.
    -	Гэта шкодзіць перш за ўсё інтарэсам Мікалая Другога ды яго балканскай палітыцы, а таму добра для нас, не адступаў дэль Кампа.
    -	А вы што на гэта скажаце? пытаўся фон Заёнц у Нямірыча.
    Мяне гэта мала датычыцца, адказаў Юрко, але думаю, што вы трохі перайграяце, хлопцы. Я разумею карнавал, забава, але ўсе гэтыя вашыя рэтра-варыянты перастаюць ужо быць нават сьмешнымі, чувачкі. Да таго ж вы, пане каманданце, маеце занадта трэнэраваныя рукі, якія дазваляюць вам раз-пораз здабываць аднекуль з паветра менавіта тую карту, якой мне вельмі
    не хапае. Напэўна, стажаваліся па маскоўскіх вакзалах?
    I раптам ён зразумеў, што гэтая гульня ня проста гульня, што гульня ідзе на яго жыцьцё. Чамусьці ён так сабе падумаў і адразу знайшоў гэтаму цэлы шэраг пацьверджаньняў. Па-першае, гэтыя размовы, якія спачатку здаваліся яму надуманымі й недасьціпнымі; па-другое, гэтая дзіўная лёгкасьць, зь якою ён прайграваў; па-трэцяе, гэтыя прывідныя рухі яго партнэраў, гэтая зьмярцьвелая бледнасьць іх твараў, гэтая кроў, што запяклася ў кутках іхных вуснаў...
    -	Што вы хацелі гэтым сказаць? ускочыў на ногі дэль Кампа й наскрозь прасьвідраваў Юрка тагасьветным позіркам.
    Нямірыч адчуў, як кроплі халоднага поту пакрылі яго лоб і сьпіну. Але немавед адкуль узялася панна Амальтэя, якая вырасла каля зялёнага стала й схапіла яго за руку.
    -	Хадзем, сказала яна.
    -	Георг Фрыдрых Гендэль. Пасакалія, аб’явілі ў першым пакоі.
    -	Ты прайграў, зашыпеў дэль Кампа, хаця ў абодвух гэтых словах не было ніводнага шыпячага гуку.
    Юрко падняўся на аслаблых нагах і, трымаючыся рукою за Амальтэю, рушыў сьледам за ёй. Яго партнэры так і засталіся ля стала, быццам чакаючы новай ахвяры.
    Амальтэя ішла хутка, амаль бегла, ведучы за сабою Нямірыча праз усё новыя й новыя пакоі Вілы з Грыфонамі. Юрку рабілася ўсё горш: ён адчуваў страшэнную сухату ў роце, сэрца калацілася як шальное, валасы пазьліпаліся ад халоднага поту, а ў вачох мітусіліся нейкія фіялетавыя колы й чорныя бліскавіцы.
    -	Зараз, каханы. Зараз, эратычна шаптала Амальтэя, але яму зусім не хацелася дый не маглося яе трахаць, да таго ж ён адчуў, што ў яго далоні зусім не танклявая дзявочая ручанька, a нешта такое, быццам драўляны абрубак ці, можа, кукса.
    Пакоі праміналіся з такой хуткасьцю, быццам на экране, распахваліся ўсё новыя й новыя дзьверы і насустрач ляцелі ўсё новыя люстры, сьвечкі, зарасьці пакаёвых расьлінаў, партрэты ў пазалочаных рамах, крылы, плашчы, капелюшы, мантыі, птушыныя пудзілы. I калі ўжо здавался, што гэтаму жахліваму палёту ніколі ня будзе канца, a музыка Гендэлевай “Пасакаліі” наплывала ўсё бліжэй, як фінальны жалобны аркестар, расчыніліся, нарэшце, апошнія дзьверы, і Амальтэя зацягнула яго ў цёмны, голы й халодны пакой, дзе былі шэрыя, брудныя сьцены й нямытая, з чырванаватымі плямамі дашчатая падлога.
    Сярод пакоя стаяў стол, збольшага такі ж, як той, для гульні ў карты, але гэты быў накрыты чорным абрусам. Самотная сьвечка гарэла на самым яго краечку. Пан Попель быў апрануты ў манашую pacy, а на галаве чамусьці меў біскупскую мітру, але павернутую наадварот. Пабожна склаўшы рукі, тварам да цёмнага абраза, што вісеў на дальняй сьцяне, ён бубніў нейкую малітву. Каля яго ў нямым пачцівым захапленьні замерла некалькі слугаў у ліўрэях, а яшчэ адзін слуга трымаў на руках маленькага чорнага козьліка.
    -	Пане наш, ты што там, баш на баш, дай днесь нам, з-пад зямлі, з-пад вады, дай нам днесь, з глыбіні, цень на дне, дзень пры дні, дай нам пот, дай нам кроў, дай нам сьлёз і сена воз, яго цела, яго дг/шу, яго сэрца, яго дупу, з-пад вады, з-пад зямлі, дай з глыбінь. Амінь. У імя хваста й
    сьцёгнаў, і сіняй залупы. Амінь. У імя крыві й сьліны, і хворага зуба. Амінь, У імя ныркі й кішкі, і вечнага жаху. Амінь. Маргадон, Вэльзэвул, Люцыпар! Гінэхошэ, Ібліс, Кальвін! Асмадэй, Зараастр, Басаўрук!
    Скончыўшы малітву, пан Попель павярнуўся да Юрка ўва ўсёй сваёй велічы. Яго вочы сьвяціліся жоўтым. Юрко ляжаў на стале, пакрытым чорным абрусам. Над ім стаяў слуга з козьлікам у руках і завостраным нажом вадзіў каля козьлікавага горла. Зь іншага боку стаяла Амальтэя, толькі ўжо не такая, а старая й гарбатая, у паношаным убогім рызьзі, але з залатымі ікламі, што тырчэлі замест колішніх мілых заечых пярэдніх зубкоў.
    -	Прысягай, сказаў доктар.
    ...і ты ведаў, што трэба хрысьціцца, але ня ведаў як, і ты закрычэў, Юрко, і такі ўзьняўся на ногі, і прадзерся, быццам праз вату, ліпкую й крывавую, праз гэтае паветра, і высадзіў плячом шкло ў акне, і ўдарыў нагою слугу, што хапаў цябе за крысьсё фраку, але нага наткнулася на яшчэ больш ліпкую вату, і ты скочыў уніз, Юрко, у прорву, што завецца травеньскай ноччу, і ты падаў уніз мільён гадоў, ператрываўшы ўсе цывілізацыі й катастрофы, усе эры, і ты ўпаў проста ў нейкія вільготныя кусты, больна падрапаўшыся і ўдарыўшыся пры падзеньні, але ты ўзьняўся, і глянуў яшчэ раз на Вілу з Грыфонамі, і пабег садам, і пераляцеў цераз агароджу, а над усім выцёхкваў сваю жарсьць нябачны чартопальскі салавей.