Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
На Рынку вас пашыхтавалі шэрагамі, сьпінамі да сонца над ратушай. Вас было вельмі шмат сотні такіх самых, як вы, што прыехалі весяліцца на Сьвята Ўваскрасаючага Духу. Вы маўчалі й глядзелі на афіцэра, што праходзіў перад вамі, пазіраў на гадзіньнік і нешта выглядаў з боку колішняй вуліцы Сакрамэнтак. Сьцяг з ратушы быў зьняты.
Ты, Мартафляча, трымаўся за жончыну руку, як за апошні ў сьвеце паратунак, ты, Юрко, аблізваў перасохлыя вусны й нешта паціху насьвістваў, ты, Грыцю, згадваў апошні верш, які яшчэ не пасьпеў запісаць, а ты, Хомскі, нешта маляваў чубком бота на старой брукаванцы, але нічога не выходзіла, твой бот не пакідаў сьлядоў.
Але роўна а сёмай ранку з боку колішняй вуліцы Сакрамэнтак выехала элегантная БРДМ2. Яна спынілася мэтраў за сто ад вас. Вецер гуляўся напятымі на плошчы намётамі, насіў па ёй купы сьвяточнага сьмецьця, шматкі сэрпантыну, жоўтыя газэты, паветраныя шарыкі, кавалкі сьцягоў і харугваў.
- Вннманне! гучна выдыхнуў афіцэр.
Над БРДМ зьявіўся нехта ў плямістым камбінэзоне з магутным мэгафонам на грудзёх. I вы пачулі яго мэталёвы, скажоны мэгафонам голас:
- Дарагія сябры! Панове таварыства! Браты й сёстры! Я рады вітаць вас на пачатку другога дня нашага шалёнага дзейства. Я галоўны рэжысэрпастаноўшчык сьвята Паўло Мацапура. Лічу, вам усім спадабаўся гэты досыць круты й непрадбачальны жарт, гэты гэпэнінг, удзельнікамі якога вы раптам зрабіліся. Спадзяюся, ніхто з вас не адчувае сябе абражаным ці пацярпелым. Зрэшты, у праграме былі абяцаныя сюрпрызы. Празь дзьве гадзіны запрашаю ўсіх на сьвяточны кірмаш. Цяпер вы можаце разыходзіцца й працягваць забавы. У масавых сцэнах былі задзейнічаныя акторы моладзевага ды экспэрымэнтальнага тэатраў. Падзякуем жа ім за дасканалую гульню нашымі гарачымі аплядысмэнтамі!
I ўсе вы, што стаялі сьпінамі да сонца, шалё-
- БРДМ баявая разьведвальна-дэсантная машына.
на запляскалі ў далоні, вы пляскалі й пляскалі ды не маглі спыніцца, аж покуль не забалелі рукі, але вы ўсё пляскалі, а афіцэр і салдаты раскланьваліся. Мацапура саскочыў з машыны і, таксама раскланьваючыся пад воплескі й выгукі “брава”, накіраваўся ў ваш бок. Ён быў проста геніяльны, ён зьзяў, зьзялі яго акуляры, зубы, зьзялі яго боты. Ён пазнаў вас яшчэ здалёк, памахаў рукой і трушком пабег да вас.
- Ну, як? запытаўся ён, абдымаючы вас і цалуючы ўсіх, асабліва Марту.
- Клёва, сказаў Хама.
Вы нават не ўяўляеце, сколькі гэта ўсё каштавала: аўтаматы, машыны, дзясяткі скрыняў халастых патронаў, сколькі я набегаўся, каб усё прабіць, спонсары дапамагалі, але ўсё давялося выбіваць самому, ну, на шчасьце, усё выйшла бездакорна, а вы малайцы, што прыехалі, тут яшчэ такое будзе...
- Табе пасуе, перабіў яго Мартафляк.
- Што, дэсантная форма? удакладніў Мацапура.
- I ўвогуле, ты клясны хлопец, сказаў Грыць.
- Дарэчы, пазыч тры сотні, сказаў Хама.
- I дай запаліць, пажадаў Нямірыч. Мартафляк адпусьціў жончыну руку.
- Мы сёньня яшчэ вып’ем? запытаўся ён.
- Так, але не забывайцеся, што а восьмай ваша вечарына паэзіі. Мацапура зьняў акуляры й працёр іх хустачкай. Так што давядзецца чытаць вершы, хлопцы...
Верасенькастрычнік 1990
Пераклала Марына Шода
Авэ, “Крайсьлер”!
Тлумачэньні відавочнага
“Асобы зь яскрава выражанымі адзнакамі дэбілізму да забавы не дапускаюцца”.
Надпіс на запрашэньні
1
Ужо дзявяты год мінае з таго часу, калі Ірванец раз назаўсёды вырашыў для сабе, што ніводнае з маіх вачэй ня ёсьць шкляным. Гэта адбылося ў Ірпені, узімку, наўкола ляжалі глыбокія сьнягі, гэта быў адзіны ў маім жыцьці (і адзін зь незьлічоных у Ірванцовым) сэмінар для маладых. Мы стаялі ў прыцемках пасярэдзіне нейкай алейкі, і Сашко плёў усякія небыліцы пра сваё цяжкое дзяцінства, у якім, маўляў, не было нічога сьветлага, акрача піянэрскіх летнікаў і мастурбацыі. Цені паэтаў мінулага й кадэбістаў будучага нячутна праплывалі паўз нас, прыслухоўваючыся да кожнага Сашкавага ўсхліпу...
Ужо дзясяты год мінае з таго часу, калі шахтарскі паэт Віктар Небарак даслаў мне ў войска
свой першы ліст, напісаны не зусім правільнаю ўкраінскаю мовай. Ліст, як і ўсё іншае ў Небарака, быў пачціва-нахабны, то бок ветліва-беспардонны, аўтар яго зьвяртаўся да мяне на “вы”, але падкрэсьліваў уласную значэннасьць ужо зь першага радка: “Добры дзень, Юрыю! Піша вам Віктар Небарак уласнай пэрсонаю”. Гэтае “ўласнай пэрсонаю” зрабіла мяне, тагачаснага сяржанта савецкай арміі, амаль шчасьлівым...
Ужо вечнасьць мінае з таго часу, калі мы сышліся ўтрох і было вымаўлена фатальнае й сакральнае, унівэрсальнае й карнавальнае Бу-Ба-Бу...
Чаго нам хацелася? Чаго мы імкнуліся дасягнуць гэтым непісаным патройным пагадненьнем? Адказаць робіцца ўсё цяжэй. Некаторыя акцэнты й нюансы ўжо проста забыліся, даўно скінутая дваццаціпяцігадовая скура, у якой мы красаваліся на кожным скрыжаваньні Львова самаўпэўненыя й не вядомыя нікому, з выняткам пэўнага кола найбліжэйшых сяброў, якое, што праўда, і тады ўжо налічвала з паўсотні ўсякіх монстраў.
I ўсё ж чаго нам хацелася?
Здаецца, што на пачатку гэта было ня столькі эстэтыкаю, колькі проста спосабам выжываньня. Альбо эстэтыкаю як спосабам выжываньня. Альбо наадварот. Іншымі словамі спробаю быць максымальна свабоднымі ў абсалютна несвабоднай сытуацыі. Трымацца поруч, адчуваць локаць, як біцьцё сэрца.
Але што за тандэт папёр зь мяне? Які там локаць! Мы проста любілі адзін аднаму чытаць вершы. I ня толькі адзін аднаму варта было нам з Ірванцом на дзень-другі заскочыць да Небарака ўва Львоў (то бок “у мястэчка Парыж”), як за намі трыма ўвязваўся даўжэзны хвост прынамсі зь пятнаццаці суб’ектаў, сярод якіх пераважалі
людзі дасьціпныя й велікадушныя (зь іх я заўсёды буду памятаць этнічных немцаў Каўфмана й Коха). Акрамя таго, траплялася й нейкае назольнае быдла. Гаворка, аднак, не пра яго.
Мансарды й піўніцы былі нашымі. I майстэрні былі нашымі. I самвыдаў, і Антоныч, і Калынец, якіх я, дарэчы, акурат тады ўбачыў разам, удвох, гэта адбылося 7 ліпеня 1987 года, калі адзначалася 50-годзьдзе Антонычавай сьмерці. Будучых біёграфаў адсылаю да Небаракавага верша “Яноўскія могілкі”, што зьмешчаны ў зборніку “Лятаючая галава”.
А яшчэ нашымі былі віно й піва, каньяк і кава ды некаторыя іншыя матэрыі, ад якіх шуміць у галаве.
Нашым быў час. Ён спрыяў. Яшчэ ніколі ніхто з паэтаў ня меў такога спрыяльнага часу. Вонкавай свабоды рабілася ўсё больш, і мы адкрывалі ў сабе ўсё большыя рэсурсы свабоды ўнутранай. У восемдзесят пятым годзе Ірванец яшчэ ня мог бы беспакарна паказаць свой голы зад са сцэны Львоўскай опэры ды яго проста не пусьцілі б туды!
Дэмакратызавалася мова ўкраінскай паэзіі, мужнеў яе слоўнік. Вымалёўваліся першыя “грудзі”, за імі ўжо віднеліся “дупы” й “курвы”. Вось-вось мусіў зьявіцца першы “чэлес”, а далей ужо проста “рускі мат”. Цяпер, калі гэтага дабра на кожным кроку, мы час ад часу адчуваем сваю віну. Што ж, апосталы заўсёды перабрэшуць свайго настаўніка, Свабода дасталася ім амаль што за дурніцу відавочна, гэта нешта накшталт кіслароднага атручаньня.
Гаворка, аднак, не пра іх, а пра тое, што нас усё-ткі аб’яднала. Гэта не ў апошнюю чаргу быў горад. I канкрэтны Львоў, і горад як такі, і Горад як абстракцыя. Горад наагул. Вось жа, мы ўсе -
выбачайце за слова паэты-ўрбаністы. Што праўда, у Ірванца было штосьці там пра нейкую хату ў якімсьці сяле. Але гэта было ўжо так даўно, што стала няпраўдаю.
I тут мы маем першы камень спатыкненьня. На кожную абстракцыю свая абструкцыя. Асабліва што да нашага разадранага агрэсіямі паспалітага люду, дзе кожны зарабіў сабе сьвятое права не любіць блізкага свайго.
2
“Літаратура гэта Храм!” прасычэў мне некалі адзін разьюшаны пісьменьнік.
Нічога ня маю супраць храма. Хаця з такою самаю доляй праўдзівасьці можна сьцьвярджаць: “Літаратура гэта Лякарня! Літаратура гэта Школа! Літаратура гэта Фабрыка! Літаратура гэта Вакзал! Літаратура гэта Параплаў! Гэта Бардэль! Гэта Сьметнік! Гэта Прыбіральня!” Казаць пра літаратуру можна што заўгодна. Яна вытрымае. I храм вытрымае, і прыбіральню.
Але калі храм, дык храм. Толькі калі ўжо храм, дык з жывымі людзьмі, а не зь святымі каровамі.
Сьвятых кароваў у нас больш, чым у індусаў. Гэтая нашая мэнтальнасьць-манумэнтальнасьць на сталых п’едэсталах, схільнасьць да апушчаных долу вусоў і насупленых кушчаватых броваў, вылітых у бронзе і сонцам аблітых, уяўляецца мне чымсьці накшталт дзіцячай нацыянальнай рэлігіі. Зь яе можна толькі вырасьці. Але можна й ня вырасьці скамянець у заўсёдным мармуры. I пачаць прапаведаваць якую-небудзь чарговую графаманскую вэрсію стварэньня сьвету: ад духоўнай
рэспублікі да духоўнага хутаранства ўключна. Вэрсію, магчыма, і сымпатычную калі яна належыць пяцігадоваму дзіцяці, а не пяцідзесяцігадоваму пераростку.
Найбольшым грахом, найглыбейшым таўром на скуры Бу-Ба-Бу назаўсёды застанецца нашая спроба растапіць гэтую льдзіну песеннай недавучанай пачцівасьці да ўсяго ўкраінскага. Спроба спраўдзіць згаданых кароваў на прадмет сьвятасьці. Гэта спарадзіла безьліч канфліктаў, але й безьліч паразуменьняў, якія ў супастаўленьні з канфліктамі, несумнеўна, пераважаюць.
3
Дзесьці пачынаючы з восемдзесят сёмага году, калі Небарак апынуўся ў Кіеве і там упершыню ўбачыў арыгінал крайсьлера-імпэрыяла1, а потым паказаў яго мне, мы вырашылі, што гэты аўтамабіль створаны спэцыяльна для нас. Захутаныя ў чорныя куленепрабіўныя плашчы, у капелюшах, насунутых на цёмныя акуляры, мы пад’яжджалі на ўлюбёным крайсьлеры пад сьцены ўсякіх пісьменьніцкіх установаў. Мы выходзілі з крайсьлера, гулка клацаючы ягонымі не, ня дзьверцамі дзьвярыма! пад куленепрабіўным крысом сьціскаючы ў руцэ бездакорны партатыўны шмайсар, уваходзілі ўсярэдзіну, падымаліся сходамі, урываліся ў кабінэты. Мы забівалі сакратароў, рэдактараў, цэнзараў, карэктараў. Мы гвалцілі машыністак, прыбіральніц, буфэтчыц, гатэльных
1 Аўтар пакідае за сабой права разнастайнага напісаньня гэтай назвы ■ у двукосьсі і без, зь вялікіх літараў і малых як яму, аўтару, заманецца.
пакаёвак. Мы рабавалі сэйфы роднай літаратуры. У нас не было нічога сьвятога. Нават бюст Леніна ўпершыню вынесьлі з залі СП менавіта пад рулямі нашых хуткастрэлаў. На сваіх вечарынах мы прымушалі публіку ўжываць наркотыкі й займацца групавым сэксам. Публікі ад гэтага толькі прыбывала. Мы паставілі дагары нагамі векавечную піраміду маральных каштоўнасьцяў. Нас завербавалі ў Маскве, Нью-Ерку, Стамбуле, Варшаве й Тэль-Авіве, хаця насамрэч мы працавалі ў інтарэсах Саудаўскай Арабіі. За намі сьлед у сьлед хадзіў натоўп рэкеціраў, мянялаў, сутэнэраў ды німфаманак, пеючы нам асанну. На выдадзеных намі кніжках праступалі нейкія забароненыя сымбалі, а таксама адмысловы чорны штамп “Нх разыскнвает мнлнцня”.