Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
Гэта быў поўны правал. Публіка пляскала стоячы. Абураныя ўсеагульным блюзьнерствам тыпы з апушчанымі долу вусамі раззлавана пакідалі залю пісаць зьнішчальныя рэцэнзіі, якія трохі нагадвалі даносы.
Апошнім на сцэне зьяўляўся Праскурня. Яму пляскалі даўжэй за іншых. Гэта быў поўны посьпех.
Прыгадваю, як пасьля апошняга нядзельнага паказу было вырашана не змываючы грыму выйсьці з парадных дзьвярэй на плошчу й там, уліўшыся ненадоўга ў буйнасьць карнавальнага натоўпу, зайсьці на самы верх Музычнай Вежы часовай пабудовы, што ўзьвялі для трохдзённага бясовішча.
Праскурню прытрымаў за рукаво банальны амонавец і сказаў сваё “нізя”. Праскурня вырваўся й сказаў яму нешта іншае. “Так, забіраем”, сказаў банальны амонавец іншаму амонаўцу, ня менш банальнаму, і яны пачалі круціць Праскурні рукі назад.
Пяць хвілін таму ўся Львоўская опэра стоячы пляскала яму. Сярод прысутных быў кіраўнік дзяржаўнай адміністрацыі, мэр гораду, пасол Аўстрыі ва Ўкраіне ды іншыя афіцыйныя асобы. Яны таксама пляскалі стоячы. Гэта было пяць хвілін таму. А цяпер два банальныя амонаўцы круцілі яму рукі назад, каб запакаваць у “лунаход”.
“Што вы робіце? запратэставаў я. Гэта галоўны рэжысёр фэстывалю! Ён зараз павінен быць там, угары!” “Мы яго забіраем! Нам пофіг ваш фэстываль. Ён хуліганіў!” “Ён занадта перанэрваваўся, адпусьціце яго”, перайшоў я на больш дыпляматычны тон. Магчыма, на іх зрабіла ўплыў мая патрыяршая карона, магчыма, мантыя з гарнастаевым футрам. А можа усё разам: і карона, і мантыя, і жазло, і тон. Але Праскурню яны адпусьцілі. За гэта я дагэтуль глыбока ўдзячны нашай паліцэйскай дзяржаве.
8
I неяк раптам усе зразумелі, што гэта канец. Штосьці завершылася, штосьці вычарпала сябе.
Паэзаопэра падвяла рысу. Макет “Крайсьлера” выбухнуў на сцэне. Магчыма, публіка пляскала ня нам, а гэтаму выбуху?
Першым нешта такое адчуў Ірванец. Ён наагул па-жаночаму чульлівы (як кожны сапраўдны паэт). “Ведаеш, гэта будзе такі танец на нашых костках”, паведаміў ён мне, калі я прыехаў у Львоў на рэпэтыцыі.
“Бу-Ба-Бу памерла!” весела абвясьціў мой улюбёны віялянчэліст Юрко Іздрык пасьля першага ж спэктаклю.
“Ці не падаецца Вам, што гэта, хаця й прыўкрасная, але ўсё-ткі сьмерць Бу-Ба-Бу?” дапытваўся ў Небарака юны інтэрвіюэр з дыктафонам і патасам.
Размовы пра нашую сьмерць ці ўжо зьдзейсьненую, ці яшчэ не, але ўжо блізкую, узьнікалі ўсё часьцей. Я прыгадаў, як у дзяцінстве чуў, быццам застрэліўся Мусьлім Магамаеў. Мабыць, яго стрэл быў ня надта трапным.
Вось так на нашым карнавале, у самым яго разгары, запахла неспадзяваным трупам. Неспадзяваным, але, здаецца, шмат для каго надта жаданым. Бо нават зграі кухарчукоў, забыўшыся пра сваё кухарскае прызначэньне, пабеглі зь літаратурных кухняў вясёлым галёпам, разносячы па рэдакцыях радасны крылаты нэкралёг: “Вянок на магілу Бу-Ба-Бу”. Як гэта разумець: кароль памёр, жыве кухарчук? Ці не зашмат гонару?
Геніяльны Пятро Старух і сапраўды паставіў нам помнік на сцэне. I Небаракава галава сапраўды адасаблялася ад цела. I голы муляжны Ірванец сапраўды завісаў над заляю дагары чэлесам. I чорная мэса была, і акрываўленыя рэзьнікі, і граф дэль Кампа (калі бываў цьвярозы) выдушваў сваё фатальнае “Вы прайгралі!” Усё гэта было, і ніхто
не наважыцца гэтаму запярэчыць, а калі наважыцца, дык я першы кіну ў яго жазлом.
Але ці можа памерці тое, чаму няма пачатку й канца? Хіба можа памерці Бу-Ба-Бу, гэтае Трыадзінства й Трыадметнасьць, і Шасьцірукасьць, a таму й Шасьцікрыласьць? Альбо спытаю па-іншаму: ці можа памерці душа зь яе крывёю ды рогатам, паэзія, брыдамоўства, віно, музыка, балаган, каханьне, дзёрзкасьць, буфанада, рытуал, магія, тэатар, яшчэ раз буфанада, сьмех, плач, кайф, смак, джаз, рок, джаз-рок? Ці могуць гэтыя рэчы памерці? Ніхто не наважыцца гэта сьцьвярджаць, а калі наважыцца, дык я першы кіну ў яго Ірванцовым муляжным чэлесам.
9
Але ўсё-ткі штосьці й сапраўды завершылася. Рака пачала зьменьваць рэчышча. He таму, што зь нейкага дня я перастаў пісаць вершы гэта нясутнасна. Магчыма, што зь нейкага дня я пачну гэта рабіць ізноў. Але сталася іншае, значна больш сутнаснае.
Здаецца, мінула маладосьць. Мы шмат сачылі, як яна мінае, выпівалі яе да кроплі, нібы найкаштоўнейшы ў сьвеце напой. Што ж, яна ў нас была не найгоршаю. Пасьля нас будзе мора парожніх пляшак пад сталом на судзе.
Затое паўстае тыпова эўрапейскае пытаньне: што далей? Што там, за канцавым прыпынкам “крайсьлера”, куды ўезд на лімузінах маладосьці забаронены? I што застанецца ад Бу-Ба-Бу, калі ў яго адабраць лімузін?
Ня ведаю. Бо мы настолькі пратэічныя, што немагчыма прадбачыць усіх нашых далейшых мутацыяў.
Але што адбываецца цяпер?
Ірванец перажывае захапленьне драмаю. Яго п’есы павінны быць пастаўленыя цяпер жа іначай вечнасьць не даруе нікому іхнай мінуласьці. Пакуль што ён сам агучвае іх у падземных пераходах ды вінных крамах.
Небарак недвухсэнсоўна пераходзіць у рок. Гэта мае быць новы гатунак небарок. Кажуць, што яго музычныя ідэі па моцы ўражаньня робяцца роўнымі паэтычным. Ен таксама лёгка змог бы выкладаць што-небудзь украінскае дзесьці ў Канадзе, Аргентыне ці Радэзіі.
А я хацеў бы зьняць пакойчык на невялічкай віле. Каб ранкам і ўвечары шпацыраваць навакольлем з улучаным плэерам у нагруднай кішэні. Я хацеў бы мець вялізарную музычную калекцыю, а таксама калекцыю вінаў ды кулінарных рэцэптаў. I заўсёды падарожнічаць у тыя месцы, якія мне сьняцца. Я хацеў бы ленавацца, ні чым не займаючыся, акрамя, канечне, напісаньня добрай прозы. Альбо складаньня якіх-небудзь паэтычных ці музычных анталёгіяў.
Як бы там ні склалася але ўсё гэтае так ці іначай будзе Бу-Ба-Бу. I нават калі мы зладзім выставу нашага жывапісу ці продаж будынкаў, гэта будзе Бу-Ба-Бу. I нават калі хтосьці з нас паедзе ў Афрыку, каб гандляваць рабамі ды слановай косьцю, гэта таксама будзе Бу-Ба-Бу. I нават калі дзеля хлеба ён прадасьць сябе рэклямным агентам, дык і гэта будзе Бу-Ба-Бу, патройная абарона ад карыесу...
Мы на гэта асуджаныя. I нікуды ад гэтага не падзенемся.
10
Азіраючыся назад, я бачу на вяршыні самотнага пагорка велічэзныя манумэнтальныя абрысы “крайсьлера-імпэрыала”. Ён спыніўся навек.
Авэ, “Крайсьлер”! Ідучы ўдалячынь, я салютую табе. Ты быў цудоўным аўтамабілем.
I табе нашая спэцыяльная падзяка.
20.VIII.1993
Пераклала Марына Шода
III.
Уводзіны ў геаграфію
“Выспа Каўказ, якая ляжыць паміж Індыяй ды Скіфіяй, ёсьць найвышэйшаю выспай сьвету з горнымі вяршынямі.
Адтуль доктар Фаўст разглядаў розныя землі й далячыні марскія. Там расьце столькі перцавых дрэваў, колькі ў нас ельніку”.
Гісторыя пра доктара Ёгана Фаўста. XVI cm.
1
Старажытная віла, пачатак стагодзьдзя, баварска-карпацкі стыль (ня ведаю, ці такі сапраўды існуе, хутчэй за ўсё не, таму будзем лічыць, што я ў які ўжо раз выдаю жаданае за існае), крытая рудою дахоўкай, сьцены часткова зь белага каменю, часткова з чорнага дрэва, некалькі ганачкаў, шматярусныя сутарэньні накшталт сярэднявечных катакомбаў, але з найсучасьнейшым абсталяваньнем, абавязкова вежа, у якой месьціцца цалкам таямнічы асобны пакой для напісаньня шэдэўраў. Напрыклад, гатычных раманаў. Альбо мэтафізычных элегіяў.
Вакол рэдзенькі, але надзвычай рэдкасны парк, які нават узімку, пад сьнегам, пакідае моцнае паўднёвае ўражаньне столькі ў ім вечназялёнага.
Пазьней высьвятляецца, што віла вынесеная на пагорак. 3 тэрасы, па кутох якой зімуюць захутаныя ў мяшкі садова-паркавыя скульптуры, можна глядзець на Штарнбэрскае возера, міжволі згаданае Эліятам у “Бясплоднай зямлі”, на супрацьлежны яго бераг з адразу некалькімі паляўнічымі палацамі, што сьвятлеюць у чорных карунках студзеньскага баварскага лесу. Абсалютная цішыня.
У мяне пакой на трэцім паверсе, пад згаданай вежай. Mae вокны выходзяць на паркавыя хваіны, на прыазёрныя схілы, далей уласна возера, потым Альпы (час ад часу іх зусім не відаць яны расчыняюцца ў імглістай паражнечы), потым яны робяцца вышэйшымі, потым пачынаюцца іншыя культуры, землі, перавалы, іншыя расьліны, ляндшафты, мовы, напоі, землі, потым ужо Італія, у бок якой тужлівымі вачыма глядзіць кожны прыстойны баварац. Mae вокны таксама выходзяць на поўдзень.
У гэтым пакоі жыве драўляная жанчына. Зь мячом і Бібліяй у руках яна пільнуе мой сон у галаве ложка. Урэшце, адным цудоўным ранкам я магу прачнуцца без галавы. Таму я спрабую ёй спадабацца. Гэта, здаецца, сьвятая Варвара. А я некалі пісаў вершы да адной Варвары, прычым рымаваў яе з “пачвараю”. Дарэмна.
Дарэчы, пра вершы. He далей як месяц таму ў брудным пераднавагоднім Станіславе зь яго брыдкімі дажджамі, варонамі й гарэлкавымі чэргамі я склаў сам пра сябе такія радкі:
Патрыярх ня можа жыць у няволі, Патрыярх павінен жыць у Тыролі.
I вось табе калі ласка. Напішаш неабачна нешта такое самазакаханае, яно й збываецца. Амаль збываецца, бо цяпер я не зусім у Тыролі,
але надта блізка ад яго у перадгор’і Альпаў, Верхняя Баварыя, што ня менш фантастычна. Добры паэт мусіць быць прарокам, ці ня так?
А ўсё ж пачуцьцё нерэальнасьці ўсяго навакольнага ніяк не пакідае мяне некалькі першых дзён. I гэтая абсалютная нерухомая сьцішанасьць, гэтая студзеньская заспакоенасьць перадальпійскага мястэчка зь яго няпоўнымі чатырма тысячамі, зь яго павольным, самазаглыбленым рытмам, які адзначаецца толькі прыбыцьцём ды адбыцьцём электрычак на Мюнхэн.
I гэтая нерэальная віла на пагорку, у глыбіні парку. Як і належыць вілам, яна мае жаночае імя “Вальдбэрта”. Лясная Бэрта. Бэрта зь лесу. Бэрта лясоў. (Гэта нябачны трубадур Бэртран дэ Борн трубіць нада мною.)
He магу ні на чым засяродзіцца. Такая абсалютная цішыня. А за ёю безадказная дзейнасьць мэханізмаў, дзьверы зачыняюцца самі сабою, з далікатным пабразгваньнем дзьвярных замкоў і вымыкальнікаў, рытмічныя поштурхі гарачай і халоднай вады ў трубах, гэтыя прылівы й адлівы на замову. Віла мае безьліч пакояў, старыя люстры, вітыя драўляныя сходы, апраўленыя мармурам, парцалянавыя талеркі ў буфэтах, кароль баварскі Людвіг Першы ў маштабе 1:10 скача некуды на кані.
He магу засяродзіцца, а проста слухаю. Услухоўваюся ў гэтае затоенае пабразгваньне, безадказнае патрэскваньне, рытмічнае пазвоньваньне на фоне Вялікай Студзеньскай Цішыні. Прыцемкі звальваюцца ўжо а шостай вечара. Баюся парушыць штосьці ў гэтай сыстэме. Адзіным непапраўным рухам гома саветыкуса зруйнаваць усе гэтыя тысячагадовыя набыткі старой Эўропы: далікатнасьць і выверанасьць усіх мэханізмаў яе існаваньня.