• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уводзіны ў геаграфію  Юрый Андруховіч

    Уводзіны ў геаграфію

    Юрый Андруховіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 438с.
    Мінск 2006
    88.94 МБ
    ...Па выпаленай сонцам раўніне імчыць войска. Сыны найслыньнейшых радоў Эўропы рушаць усё далей на ўсход, насустрач ворагам, туркам, Азіі. Рыхтуецца вялікае, магчыма, вырашальнае сутыкненьне двух сьветаў Крыжа й Паўмесяца, Свабоды й Дэспатыі, Асобы й Масы. Гэты сюжэт нам вельмы блізкі нават геаграфічна. Вось жа, апісаная ў “Карнэце” выпаленая раўніна, хоць і Вугоршчына, а яшчэ дакладней мэтафара, апрача таго, можа быць і дзікім полем нашай гісторыі. Войны з туркамі ці не наймацнейшая з гістарычных нітак, якія ўсё-ткі, насуперак усяму, нягледзячы ні на што вяжуць нас з Эўропаю. I калі ў 1683 г. праз дваццаць гадоў пасьля апісанай Рыльке гераічнай сьмерці карнэта у бітве пад Венаю фатальна разьюшаныя эўрапейскія сілы вольных людзей перамаглі 300-тысячную султанавую армію рабоў, дык гэтым назаўжды быў пакладзены крэс азіяцкім уварваньням на Захад (вызвольны паход чырвонай арміі ў 45 годзе нешта іншае).
    Аднак жа, туркаў у сёньняшняй Нямеччыне шмат. Мятуць вуліцы, чысьцяць абутак, гандлююць мясам. Гэта таксама спадчына бітвы пад Венаю.
    (У якой, дарэчы, загінуў сьмерцю храбрых, “смертію смерть поправ”, такі сабе Станіслаў, граф Патоцкі, дваццаці гадоў, камандуючы аддзелам лёгкай коньніцы. Некалі яго імя адабралі ў нашага гораду. I гэтым самым спрафанавалі ня толькі памяць героя Венскай бітвы, польскага (дарэчы, украінскага) ваяра, але й памяць тых сотняў і сотняў сваіх, казакаў, што таксама не вярнуліся з-пад Вены жывымі; спрафанавалі ня толькі нашую эўрапейскасьць, але й памяць пра нашую колішнюю эўрапейскасьць, а таксама ідэю вольнай асобы ды найгалоўнейшае пераемнасьць)...
    Таму што эўрапейскага чалавека стварыла пераемнасьць.
    I калі яна парушаецца, настае паражнеча, патрыятычна прыкрытая імем Франка.
    Гэта, аднак, надта ўжо публіцыстычны ўхіл. А што там наш “карнэт”?
    Так шмат усяго закадавана ў ім! Паспрабую нешта вычленіць, няхай пункцірна.
    Па-першае, культ жанчыны, у імя Якой усё й адбываецца, культ маці (“нехта павёў размову пра маці”) ды каханкі (“пах жаночай распаленай адзежы”), зрэшты, і самотная напаўзруйнаваная калёна ў выпаленым стэпу празь некаторы час аказваецца Божаю Маці (слуп ісьціны ды цноты).
    Вось жа культ высокага эратызму, лёгкага й вольнага, з кавалерскімі, куртуазнымі, танцавымі сымбалямі, што знаходзяць свае вытокі, напэўна, яшчэ ў сярэднявечным “Рамане пра Ружу”.
    А адсюль і культ прыгодаў, культ чалавечай доблесьці ды баявой этыкі, зафіксаванай у незьлічоных кодэксах, а яшчэ больш у сэрцах ды легендах: “Мая добрая мама, ганарыцеся: я нясу штандар”. Сваё ўменьне прыгожа памерці карнэт Рыльке давёў таксама пераканаўча, як і ўменьне прыгожа кахаць. I ўсё цягам адной ночы максымальная ўшчыльненасьць быцьця.
    Бо перад намі казка пра яскравасьць і вастрыню перажываньняў, пра гэты вялікі тэатар аднаго гледача Бога, як уяўлялася кожнаму ў гэтыя падкрэсьлена тэатральныя часы. Кожны жэст быў прадыктаваны эстэтычнаю неабходнасьцю, таму што Глядач бачыў згары ўсё, і Спэктакль мусіў яму спадабацца (так мы мімаволі вяртаемся да фэномэну адчуваньня формы).
    А таму, па-апошняе, не забудзьма й пра культ мовы, сьвядома ўзьнёслай, баляднай, рытмізава-
    на-штучнай, рамантычнай словам, нямецкай. Усе назоўнікі ў ёй дагэтуль пішуцца зь вялікай літары, бо гэта назовы рэчаў, расьлінаў, людзей, гарадоў, напояў, і, магчыма, менавіта таму так шмат словаў зь вялікай літары закрадаецца да мяне сюды, у гэтыя ўкраінскія нататкі.
    “I будуць даваць сабе сотні новых імёнаў, і пасьля іх назад забіраць, але ціха й пяшчотна так завушніцы здымаюць”.
    4
    Штосьці падобнае уцёкі ў сярэднявечча зь ягонымі замкамі й вежамі зрабіў свайго часу кароль Баварыі Людвіг Другі. Ён меў у сваім манаршым распараджэньні ці не найгоршы для манархаў час другую палову тупога й бяскрылага, загразлага ў матэрыялізмах і пазытывізмах XIX стагодзьдзя. Ен пайшоў прэч ад свайго часу.
    Спачатку ў лясную самотнасьць, збудаваўшы для сябе некалькі замкаў пасярод альпійскага бязмоў’я.
    Пазьней у сьмерць (у вечнасьць?), на 41-м годзе жыцьця кануўшы ў невараць Штарнбэрскага возера. Існуе вэрсія, што яго ўтапілі. Існуе таксама вэрсія, што ён быў звар’яцелым. У доказ прыводзяць неасьцярожнае захапленьне, пасьлядоўнае й ажно навязьлівае апекаваньне кампазытарам Вагнэрам ды даўжэзным вывадкам ягоных опэрных пэрсанажаў, усіх гэтых трыстанаў і ізольдаў. Сапраўды, усе найгучнейшыя вагнэраўскія прэм’еры адбыліся ў Мюнхэне.
    Затое ён баяўся жывых людзей. Баяўся радцаў і дыпляматаў, банкіраў і прамыслоўцаў. Можа, і меў у тым рацыю.
    Яснавяльможны дэгенэрат, ён стаўся сьцягам для позьніх дэкадэнтаў. Мэтэрлінк, здаецца, нешта там прысьвяціў яму.
    Цяпер яго размножваюць на каляровых паштоўках і піўных этыкетках. Яго замкі увасабленьні звар’яцелых фантазіяў ды кічу Ліндэнгоф, Нойншванштайн, гэтыя эклектычныя хімэры з вадзяным ацяпленьнем даюць баварскай скарбніцы важкі турыстычны прыбытак пераважна ад дурнаватых амэрыканцаў, якія толькі ў Людвігавых замках бачаць праўдзівы “дух Эўропы” і такім чынам задавальняюць сваю амаль полавую цягу да яе.
    Яго называюць Лебядзіным Каралём. Гэты сымбаль часу й пашкоджанай выміраньнем арыстакратыі зрабіўся таварным знакам баварскага дабрабыту.
    А зрэшты, навошта тут мая абвінавальная патэтыка? Хто даў мне права? Хіба я забыўся пра карнавал, пра гэтае вечнае вяртаньне? Пра гэтае бесьперапыннае жангляваньне сутнасьцю?
    Я ж бачыў яго на карнавале, дзе ён быў маскаю!..
    5
    Да карнавалу я маю дачыненьне ўжо тым, што я Патрыярх Бу-Ба-Бу. To бок я час ад часу бываю ім апрануўшы пурпуровую мантыю ды карону з срэбнай фольгі, трохі блазанскую, трохі манархавую. Дзіўны гэта наагул пэрсанаж напаўсьвецкі, напаўдухоўны, напаўп’яны.
    Я прыбыў у Баварыю своечасова у разгар фашынгу. Гэты найдаўжэйшы карнавал году, несупынны шэраг забаваў і п’янак, што цягнецца два месяцы аж да велікоднага посту.
    I што насамперш трапілася ў вочы?
    Колькасьць мюнхэнскіх мінакоў з валасамі, пафарбаванымі ў зялёны ці чырвоны колер, расла з кожнаю гадзінай майго перабываньня. Сярод такіх смарагдава-пурпуровых ундынаў нават сямідзесяцігадовыя кабеціны не былі надзвычайнаю рэдкасьцю. Зімовыя дрэвы былі абсыпаныя ліхтарамі. У вечаровых электрычках падарожнічалі Маўры й Паяцы, а сонмы Анёлак у стылі панк перапырхвалі з аднаго шынка ў іншы сьледам за Чарцянятамі й Рымскімі Легіянэрамі. Апрача таго, агульная атмасфэра была досыць спакойнаю, зусім не крымінагеннаю й менавіта таму, на мой пагляд, не зусім сьвяточнаю. Усе надзеі цяпер я зьвязваў з Вэнэцыяй, дзе, як і ў астатняй Старой Эўропе (у Авіньёне, Картахене ды Антвэрпэне), адбывалася штосьці такое й дзе, у адрозьненьне ад загрузлага ва ўласнай добрапрыстойнасьці Мюнхэна, кроў мая мусіла б закіпець ужо ад таго, што там прынята хадзіць са штылетамі й паліць у неба са стынгераў. Цэлыя дывізіі наёмных забойцаў і раўнівых мсьціўцаў, карыстаючыся плашчамі, шпагамі й маскамі, шныпараць у пошуках сваіх патэнцыйных ахвяраў з адзіным прагненьнем раз і назаўсёды спусьціць іхныя вясёлыя карнавальныя целы на дно сьмярдзючых і рамантычных каналаў.
    Забягаючы наперад, скажу, што не атрымалася ў мяне злавіць вэнэцыянскае карнавальнае шэсьце нават за хвост калі я нарэшце апынуўся ў гэтым іррэальным горадзе, усё было ўжо цэлых тры дні як скончана, і пачаўся пост. Дзякуючы чаму я ўсё-ткі змог там сёе-тое пабачыць уключаючы базыліку Сьв. Марка й Осьпітале дэля П’ета, а галоўнае адчуць усёй крывёю гэтую патаемную вільготнасьць мініятурных садоў ва ўнут-
    раных падворках манастыроў і палацыкаў (пачатак сакавіка, спадары мае!).
    Гэтым хачу толькі заўважыць, што вэнэцыянскі карнавал па-свойму цягнуўся далей, нават пасьля велікапоснай серады...
    Вяртаючыся храналягічна да Баварыі, дадам, што напружанасьць дзеі ўсё-ткі вырасла, асабліва зь сярэдзіны лютага, пасьля Валянцінавага дня зь яго абавязковым рытуалам зьяданьня шакалядных сэрцаў. Спарадычна выліваючыся ў чарговую маніфэстацыю дурняў і таўстуноў, карнавал самазадаволена пераходзіў у завяршальную стадыю. Тэлевізія трансьлявала вялікае зборышча блазнаў, што “карнавалілі” ў Аахэне: нацыянальная эліта Нямеччыны ды Францыі зьехалася туды чарговага разу, каб пазмагацца ў дурнотах. Сам геній міжнароднай палітыкі, міністар замежных справаў маэстра Геншэр, увянчаны блазанска-манаршаю каронаю (нешта накшталт патрыярха Бу-Ба-Бу), казаў парадыйныя тырады на мяжы прыстойнасьці, а дактары філязофіі й нобэлеўскія ляўрэаты, загрымаваныя пад пастухоў і камінароў, надрывалі бакі ад яго геншэраўскіх “залепаў”.
    Ці не таму так шмат несусьветных дурнотаў натворана ў нашай гісторыі, што мы для ўласных дурняў і таўстуноў не адвялі хаця б адну карнавальную плошчу, разьмясьціўшы іх затое ў залі для пленарных паседжаньняў? Мы не далі самім сабе адпаведнага часу й прасторы для выдурваньня, таму змушаныя выдурвацца заўсёды і ўсюды. Вось жа, карнавал гэта яшчэ й нэўтралізацыя дурноты празь яе павелічэньне. А мы, на жаль, нэўтралізавалі нешта супрацьлежнае.
    Нейкія рэшткі Вялікага Карнавалу, здаецца, мы яшчэ маем: у калядных батлейках ды маска-
    радных гулянках на Маланьню. Аднак, я не этнограф і не этноляг, ня буду катэгарычным. Ведаю толькі, што справа зноў фатальным чынам палягае ў адным і тым самым: у адчуваньні формы, альбо ў яго адсутнасьці. Дурняў і таўстуноў можна высьмейваць на пляцах, а можна абіраць у парлямэнт. Справа густу.
    Апагей фашынгу настаў у ружовы панядзелак, 1 сакавіка. Як парасьпярэзваліся немцы! Яны запоўнілі цэнтральныя пляцы й вулачкі. Яны толькі й рабілі, што гралі, сьпявалі, жэрлі, чмякалі, чвякалі, гаманілі, галёкалі, дудукалі, гарлапанілі, вярзьлі, выдурняліся, падскоквалі, скакалі, сакаталі, тупаталі, плявузгалі, раўлі, мянцілі, лухцілі, тачылі, гарадзілі, напіваліся, цалаваліся, маркітаваліся й да т.п. Я іх яшчэ ня бачыў такімі й ня ведаў, што яны такімі бываюць (то бок так буяюць). Ня немцы, а нейкія шаленцы! He баварцы, а вычварэнцы! Яны сабралі разам усе прылады, прынады й пэтарды.
    А ўжо ў сераду горад выглядаў як раней чысьціня й вылізанасьць паверхняў, змытая з валасоў фарба, пасыпаныя попелам галовы. Апошняга, вядома, насамрэч не было: гэта маё аўтарскае перабольшаньне. Карнавал канчаткова выйграў сваю вялікую бітву з Постам, у сувязі з чым нават велікапосная серада (“попельная серада” па-нямецку) дзень засяроджана-глыбокай скрухі ды задуменьня разглядаецца жыцьцялюбамі цяперашняй Эўропы выключна як нагода паласавацца рыбнымі прысмакамі зь белым віном.