• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уводзіны ў геаграфію  Юрый Андруховіч

    Уводзіны ў геаграфію

    Юрый Андруховіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 438с.
    Мінск 2006
    88.94 МБ
    Я апамятаўся дзесьці аж пад Вэронаю: гэта была цалкам іншая зямля. Пэйзаж зрабіўся беспаваротна італьянскім. Нагадваў няўлоўнасьць пералётаў з мажору ў мінор і наадварот у канцэртах Вівальдзі, нешта накшталт “радасьці, разбаўленай маркотай”. Нямецкая эстэтыка дагледжанасьці, выпешчанасьці, чысьціні й цьвёрдага дабрабыту, велічная ў сваёй дысцыплінаванасьці саступіла месца эстэтыцы руінаў. Гэтая прыўкрасная захлуджанасьць, шалёная аблупленасьць муроў і дзікае прарастаньне зь іх зяленіва (пачатак сакавіка, спадары мае!), ледзь не на кожным кроку бачацца спазматычныя абдымкі Жыцьця й Сьмерці але ж ніякі не хаос. Гэта Італія, карнавальны варыянт эўрапейскага ляндшафту. Жыцьцё па-італьянску. Сьмерць па-італьянску. За што ім такі кайф, Госпадзе? пытаўся я з чыста барбарскаю
    ўсходняю зайздрасьцю, ня здолеўшы заглушыць у сабе нейкую там адну шаснаццатую частку крыві.
    Паўтару, пасьля даведзенай да галерэйнага глянцу Нямеччыны гэта магло падацца поўным бязладзьдзем. Аднак, калі гэта й было бязладзьдзе, дык фармальна давершанае ня меньш за баварскі лад. А таму гэта было не бязладзьдзе, не, нешта цалкам іншае Вялікі Твор. Геніяльная стылізацыя, максымальная арганізаванасьць формы на няўлоўнай мяжы зь бясформенасьцю, эстэтыка руінаў, як я ужо ўмоўна назваў яе. Баха зьмяніў Вівальдзі, Гендэля Пэргалезі. Гэта былі могілкі, на якіх усе ахвочыя маюць права займацца каханьнем. Іх ніхто й ніколі ня стане за гэтае дакараць. Гэта было пачуцьцё dolce vita, якое не пакідае ні на хвіліну.
    Зь лясоў і гор можна тварыць розныя камбінацыі: нямецкую “упарадкаваную”, італьянскую “хаатычную”, францускую “легкадумную”. Якія там яшчэ? Гішпанскую з прысмакам крыві? Балканскую? Карпацкую? Скандынаўскую?
    Адчуваньне формы, а дакладней яго нястача вось імя ўсім нашым няшчасьцям. Мы ня ўмеем і ня хочам рабіць з жыцьця мастацкі твор. Нашая беднасьць тут не апраўданьне й не тлумачэньне, а толькі спадчына. Мы ня ўмеем суіснаваць з птушкамі, кветкамі й скульптурамі. Нашыя помнікі нагадваюць злых крыважэрных ідалаў, а абраныя намі кіраўнікі крымінальных мярзотнікаў. Нашыя будынкі, сады, пляцы (я ўжо не кажу заводы, вакзалы, лётнішчы) натхнё ныя цяжкім грахом бясформенасьці. Усё, на чым можа яшчэ спыніцца вока, пакінута ня намі, але намі занядбана й апаганена.
    У нас ня можа быць добрага дызайну, таму што добры дызайн гэта таксама спадчына, гэта працяг ляндшафту.
    У нас ня можа быць добрага тэатру, кіно, цырку. Як і шматлікіх іншых рэчаў, якія патрабуюць надта любіць форму, адчуваць яе абсалютна. А нам заўсёды казалі, што варта зьневажаць форму. Дарэчы, як мала ў нас паэтаў, якія ўмеюць знаходзіць дакладныя й багатыя рымы. Таму што мы ня любім сваёй мовы. Кепска артыкулюем, інтануем. Нашыя акторы фальшывяць зь першага гуку. Словы проста выбулькваюць з нас такое сабе напаўразборлівае бубненьне, у якім адсутнічае бадай што адзіны чуйны нэрв.
    Адсутнасьць формы гэта азьвярэньне. Гэта вечная шэрасьць быцьця, ад якой уцякаюць у пятлю. Краявіды за акном вагона ўдала дапаўняюць смурод, хамства й перапоўненасьць у вагоне. Цэхавы інтэр’ер цалкам сугучны агульнаму вытворчаму ідыятызму. Татальнае зьнішчэньне прыроды выкрывае нашае няўменьне даць сабе рады зь ляндшафтам і абарочваецца зьнішчэньнем саміх сябе.
    Як і чаму гэта сталася? На фоне нечуванай бясформенасьці мы ствараем новы міт крычым пра сваю эўрапейскасьць, прыводзім нейкія расавыя, антрапалягічныя, геаграфічныя аргумэнты, цягнемся да Трыпольля, скіфаў-аратаяў, да паганства альбо, наадварот, хрысьціянства, адлічваем назад цэлыя тысячагодзьдзі, дэманструем велікоднае яйка альбо сырнага коніка. Так, дзесьці было яно, гэтае пачуцьцё формы, дзесьці было.
    Можа, прычына ў нашай безабароннасьці перад Усходам? Можа, у тым, што замала Госпад надзяліў нас гарамі й лясамі? Вежамі й садамі?
    Можна заваліць усе нашыя пустыя паліцы найразнастайнейшым таварам сусьветнай клясы усё адно ня хопіць тых, якія будуць разумець, як яго не па-жлобску раскласьці на гэтых паліцах.
    Можна адкрыць безьліч прыватных крамак з усякай усячынай усё адно ў іх ня будзе хапаць званочка пры дзьвярах і ветлага вітаньня ўладара. Нешта мы страцілі, здаецца, назаўжды. Нават, калі й мелі калісьці.
    Але што рабіць? Калі яшчэ ёсьць сэнс нешта рабіць. 3 чаго пачаць?
    Вы будзеце сьмяяцца, але я скажу так: навучыць шкаляроў адрозьніваць санэты ад актаваў. Мужчынскія рымы ад жаночых. Пытальны сказ ад клічнага.
    3
    I адкуль ты там узяўся, такі разумны, запытаецеся вы.
    Візу ў Нямеччыну падпісаў мне Райнэр Марыя Барані Божа, я не хачу гэтай заўвагаю прыраўнаць яго да дробнага чыноўніка з аддзелу візаў і рэгістрацыяў. Я маю тут на ўвазе цалкам іншую візу. У цалкам іншую Нямеччыну.
    Як госьця горада Мюнхэна й вілы “Вальдбэрта” мяне досыць часта рэкамэндавалі “перакладнікам Рыльке”. Насамрэч усё значна складаней: я настолькі ж люблю гэтага паэта, наколькі й не разумею яго найпрызнанейшых твораў. Мяне заўсёды прывабліваў іншы Рыльке той, да якога прызвычаіліся ставіцца легкадумна. Недаацэнены й амаль праігнараваны Рыльке, Прота-Рыльке, Рыльке дзевяностых гадоў, Рыльке-студэнт, Рыльке-багема, праскі ды мюнхэнскі Рыльке. Той, пра якога звычайна кажуць як пра “яшчэ-ня-Рыльке”.
    У дваццацідвухгадовым веку я вольнаю часінай (якая, аднак, складала добрых тры чвэрці ўсяго адмеранага мне Львовам часу) пераклаў нізку
    раньніх яго вершаў, арыентуючыся пераважна на спазнанае. Напрыклад, на краявіды старой Прагі, у якой да таго часу пасьпеў пабываць тройчы. Можна дапусьціць, што ў гэтым перакладзе было больш захапленьня Прагаю, чым самім Рыльке. I ўсё ж мае тагачасныя спробы нехта пахваліў. Я пасьпяшаўся прапанаваць іх рэдакцыі “Всесвіту” не прайшло й дзесяці гадоў, як яны пабачылі сьвет. Дзеля справядлівасьці мушу прызнаць, што няпоўных дзесяць гадоў рэдакцыйнай вылежкі пайшлі маім перакладам на карысьць я неаднаразова вяртаўся да іх, правіў, чысьціў, узбагачаў, перакройваў сынтагмы й сылябы, словам, кпіў зь іх, як мог, аж покуль не палюбіў канчаткова. I гэтага разу ўжо незалежна ад праскіх сантымэнтаў. Кожнага разу мне здавалася, быццам я ўжо дасягнуў у гэтай справе пэўнай дасканаласьці, але праз год-другі выяўлялася, што не, дасканаласьці не дасягнуць, а ўдасканаленьне ня мае межаў, і гэта наводзіць на рызыкоўную думку, што калі б азначаныя вершы “яшчэ-ня-Рыльке” ў маіх перакладах не былі дагэтуль апублікаваныя “Всесвітом”, дык, магчыма, яны й далей бы рабіліся ўсё больш і больш дасканалымі.
    Яго “Аповесьць пра каханьне й сьмерць карнэта Крыстофа Рыльке” (моваю арыгіналу, вядомая рэч) была падараваная мне ў адзін з чарговых дзён нараджэньня. Самому Рыльке яна, паводле яго словаў, таксама была падараваная. Чэрвеньскай ноччу 1899 году ён запісаў яе ў цеснай каморцы невядомага заезнага двара, скажам, недзе ў Карынцыі. Назіраючы ў акне хімэрную гульню хмараў, ветру й месяца, Рыльке зьнянацку пачуў рытм: “reiten, reiten, reiten”, “гнаць і гнаць, і гнаць”. Ранкам “Карнэт” быў напісаны. Рыльке адчуваў сябе ўсемагутным і гордым, як паўлін. Так бывае,
    калі занадта паверыш у табой жа самім напісанае. Дарэчы, вера гэтая не зусім беспадстаўная.
    Гісторыю ўзьнікненьня “Карнэта” Рыльке апавёў значна пазьней, улетку 1926 году, за некалькі месяцаў перад сьмерцю, княгіні Марыі фон Турн-іТаксіс-Гагенлоэ, знаходзячыся ў яе замку Дуіна наўпоблізь Трыесту, на Адрыятыцы. Уважліваму чытачу назва замку, вядома ж, нагадае пра “Дуіненскія элегіі” адзін з найбольш шаманскіх у сусьветнай філязофскай лірыцы цыкляў, што быў пачаты акурат у Дуіна яшчэ ў 1912 г., а скончаны празь дзесяць гадоў у вежы Мюзо, кантон Вале, Швайцарыя.
    Па сутнасьці, ён быў бяздомны, гэты Рыльке. Вандраваў з аднаго замку ў другі, зь вежы ў вежу, быццам мінэзынгер, што заблукаў у іншую эпоху, і падтрымлівала яго толькі занепадаючая шляхта, гемафілічныя аскепкі старога эўрапейскага рыцарства, схільныя да опіюму, сьпірытызму й дэкадансу. Так, сьпірытызму, несумнеўна! Бо што, урэшце, ёсьць “Карнэт”, як не выкліканьне духаў?
    Некалькі гадоў я не наважваўся яго перакладаць. Так, быццам ведаў, што зраблю гэта там, недалёка ад Мюнхэна, дзе Рыльке дзевяностых застаўся адно ў выглядзе мэмарыяльных шыльдачак і кавярні “Люітпольд” на Брыэнэрштрасэ, 11.
    Я спазьніўся дзесьці так на тыдзень. Артыстычная й інтэлектуальная эліта Мюнхэна толькі што завершыла сэрыю багемных акцыяў пад агульным лёзунгам “Rilke comeback”. Адбывалася гэта ўсё ў задымленых шынках пралетарскага мюнхэнскага прадмесьця Пазінг, паўзь якое я штодня курсаваў электрычкаю і ў якім Рыльке дзевяностых, здаецца, кватараваў. Акцыі, з англамоўнаю назвай уключна, хутчэй нагадвалі ўшанаваньне памерлай ад СНІДу рок-зоркі, а зусім не найвытанчанейшага
    паэта пачатку стагодзьдзя, і гэта, як на мяне, сьведчаньне таго, што “Рыльке назаўжды”.
    Я спазьніўся, але не адмовіўся ад “Карнэта”. Урэшце, чым віла “Вальдбэрта” горшая ад Дуіненскага замку? Ад вежы Мюзо? Толькі тым, што хваравітыя прынцы й прынцэсы поначы не займаюцца тут столакручэньнем? Тады я займуся ім.
    Я вырашыў выпрабаваць прастору свайго пакоя. Як у ім будзе пісацца? I пра што? 3 матэрыяльнага гледзішча ўсё было даведзена да абсалюту. Электронная друкавальная машынка з памяцьцю, ад аднаго толькі шрыфту якой можна было ўпасьці ў ціхі экстаз, безьліч тоненькіх рознакаляровых алоўкаў, вокны на поўдзень з Італіяй ды хваінамі, два таўшчэзныя пачкі абсалютна белай і пахучай паперы (якія, дарэчы, рашуча паўплывалі на мой далейшы выбар пісаць “Маскавіяду”)...
    Існуе вэрсія, што Рыльке прыдумаў сваю прыналежнасьць да вялікага шляхецкага роду. Што, корпаючыся ў старажытных хроніках і дагаджаючы дробнамяшчанскаму снабізму, ён адкапаў карнэта Рыльке, свайго нібыта продка, які зусім юным загінуў у ваеннай кампаніі 1663 г. Як напраўду, дык той Крыстоф, нават калі б існаваў, ніякага дачыненьня да сям’і Рыльке, з давён-даўна служачых ды купцоў, ня меў бы.
    Сьцьвярджаючы ўсё гэта, біёграфы й дасьледнікі паэта забываюць пра адну ненавуковую рэч, якая ў гэтай сытуацыі, здаецца, забывацца не павінна. Пра містыку. Пра містыку чэрвеньскай ночы 1899 году, калі зьявіўся “Карнэт”. Пра містыку душы, якая ў хмарах, ветры й месяцы ўгадвае рытм. Пра містыку крыві, якая гаворыць сама ў сабе й празь дзьвесьце гадоў, і праз тысячу. Пра містыку тэксту, які атачыў мяне сваёй празрыстай шчыльнасьцю ў першыя дні лютага 1992 г.