Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
Гэтае болесна-салодкае сьвята пад назваю Жыцьцё застаецца найвышэйшаю каштоўнасьцю нават у дні смутку ды аскетызму.
Нехта, аднак, можа ўбачыць у гэтым толькі чарговую праяву апакаліпсісу. I будзе недалёкі ад праўды.
6
Амаль усё з апісанага мною вышэй ёсьць маёй жа выдумкаю. Нешта я пабачыў, але ня так, чагосьці іншага не пабачыў зусім, нешта яшчэ прыплёў выключна ад сябе. Зрэшты, усё тут выключна ад мяне. Я нічога не навязваю й не абагульняю.
Апраўдвае мяне толькі адно. Я ня стаў бы гэтага пісаць, калі б Сашко Ірванец не падарыў мне аднойчы велізарную насьценную, выкананую ў маштабе 1:750000, мапу аб’яднанай Нямеччыны зь зялёнымі лагчынамі ды брунатнымі хрыбцінамі гор. Гэтая мапа надоўга (ці не назаўжды?) сталася для мяне адным з найпаэтычнейшых твораў жывапісу. Я наагул шаную геаграфію, гэтую найдакладнейшую й найбесстароньнейшую навуку. Таму я нясу адказнасьць прынамсі за геаграфічную пэўнасьць усяго расказанага.
Пра што я не напісаў, хаця мог бы? I пра што я ня змог бы напісаць?
Пра тое, як я паступова ўжываўся ў мову, у гэты гайдэгераўскі “дом быцьця”, зь якога спачатку вылоўліваеш разрозьненыя сыгналы асобных словаў, якія, аднак, ніяк ня хочуць складацца ў нешта зьмястоўнейшае за саміх сябе; але ж далей іх робіцца ўсё больш, вось ужо вынурваюць цэлыя выспы зразумеласьці зь цёмных нетраў стыхіі, і, нарэшце, аднаго цудоўнага вечару, пры канцы трэцяга месяца сваёй вандроўкі, ты раптоўна ўсьведамляеш: “А я, выўяляецца, ужо разумею. Разумею ўсё, пра што яны гавораць вось тут, у адной са мной электрычцы. Проста чую й разумею”... (Бязногі навучыўся хадзіць. У бязвухага вырасьлі вушы.)
Пра іншы дом быцьця, то бок пра храмы, пра царкву Сьв. Каэтана (ах, гэтыя выключна баварскія сьвятыя такія цудоўныя ў сваёй лякаль-
насьці!) белую й барочную ўсярэдзіне, куды я прыходзіў па дзесяць хвілін раўнавагі й спакою, аднак найчасьцей бываў яшчэ больш агаломшаны перанасычанасьцю яе густой лепкі...
Пра барока я наагул амаль не сказаў, як і пра кляштар Андэхс, дзе манахі-бэнэдыктыны гатуюць піва й настойваюць цудоўныя наліўкі паводле рэцэптаў таемных зельнікаў XII стагодзьдзя, пра барока, ізноў пра барока пра храм Сьв. Мікалая ды Лізаветы, пра сьвятара, які акурат вёў урок рэлігіі, але гэта было хутчэй мастацтвазнаўства; лагодны, быццам голуб, ён падымаў вочы ўгору на пышную арнамэнталістыку Цымэрмана; у суседняй капліцы ляжаў пад мармуровай плітой Карл Орф, аўтар “Карміны Бураны”, гэтай лайдацкай імшы, гэтых скаргаў і ляманту сярэднявечных п’янюгаў ды вычварэнцаў, пакладзеных ім на рэзкую пранізьлівую музыку пасьля васьмісот гадоў, цягам якіх яны пакрываліся пылам дзесьці на дне кляштарнага скрыпторыя...
Пра яшчэ адно барока, пра катэдральны сабор Сьв. Стэфана ў Пасаў і пра рытуальныя сьпевы з танцамі й бубнамі на пляцы перад ім крышнаіцкая грамада таксама, відавочна, рыхтавалася да сьвята Божага Уваскрашэньня, якое наставала заўтра, 19 красавіка...
Пра іншы танец пра танец лялечных марыскаў на вежы новай ратушы ў Мюнхэне, штодня аб адзінаццатай, спэцыяльна для японцаў зь відэакамэрамі, над запоўненым людам пляцам Сьв. Марыі, ці, карацей, Марыенпляц...
Пра Марыенпляц я абавязкова напісаў бы асобна, як і пра чарнаскурага міма, які з артыстызмам і плястычнасьцю экватарыяльнага прынца выціскаў з натоўпу ўсё, што мог, і паступова перацягнуў да свайго нябачнага балагану квалі-
фікаваную большасьць разявакаў, што заблукалі на плошчы...
Пра індзецаў-кечуа, пра іхную вандроўную музыку, як і пра італьянцаў, грэкаў, харватаў і туркаў, згаданых адно мімаходам, пра іхныя стравы й напоі, пра ўплывы геаграфіі, біялёгіі й месяцовых цыкляў (у астранамічным сэнсе) на разьмяшчэньне рэстаранаў ды корчмаў, пра дзівосныя словы, што не паддаюцца аналізу й азначаюць ружовыя, белыя ды чырвоныя віны ўсіх часоў і народаў...
Пра гарады, ад якіх у мяне засталіся адно пляны, схемы й умоўныя знакі, па якіх досыць лёгка арыентавацца ў маршруце, але маршруту як такога не прадугледжана, у сувязі з чым я цешуся проста назвамі: Равэна...
Пра закуткі музэяў, пра ўсё золата сьвету, сабранае ў іх, пра дзівосныя экспазыцыі: лялек, гульнёвых аўтаматаў, начных гаршкоў, пасьмяротных масак, васкавых постацяў, экіпажаў, карэтаў, кірмашовых атракцыёнаў, з чаго вынікала безьліч высноваў пра чалавека й цывілізацыю, аднак я не пасьпяваў іх запамінаць, ня тое, што запісваць...
Пра гэтае бясконцае й бездакорнае апекаваньне духоўнага матэрыяльным, пра гэтае заўсёднае мэцэнацтва што да незьлічоных тэатраў, бібліятэкаў і галерэяў, пра гэтую культуру, увесь гэты шыкоўны баляст, пра знакі, пасланыя нам некалі са сьценаў і столяў палацаў і замкаў, якія мы не пасьпяваем нават пабачыць, а ня тое каб зразумець...
Пра рымскага імпэратара Аўгуста й пра Марціна Лютэра, што хаваўся ў яго горадзе ад інквізыцыі, альбо пра Байрана, што выбраў для кватараваньня менавіта той будынак, з вокнаў якога відаць магілу Дантэ...
Пра графіці, пра размаляваныя муры й ваго-
ны, пра чэрап і косьці й надпіс на старых вэнэцыянскіх камянях: “Чаму гэты засраны СНІД?”
Пра безьліч іншых пагрозаў, што навісьлі над гэтымі гарадамі, пра незьлічоныя крызысы й дэпрэсіі, ніводная зь якіх нам і ня сьнілася...
Вось жа, рэч у тым, што мы по-свойму шчасьлівыя. I ў гэтым нам трэба аддаць належнае мы шчасьлівыя тым, што нічога ня ведаем пра сьвет. Мы яшчэ толькі рыхтуемся зьдзейсьніць свой пераход цераз Альпы.
I калі супрацьстаяньне сыстэмаў напраўду скончылася, а міт пра Эўропу ня ёсьць чарговаю прыдумкай нашых любых ідэолягаў...
Але ня будзьма забягаць наперад. Геаграфію трэба пачынаць з азоў. Для нас яна яшчэ не пачыналася.
1992
Пераклала Марына ПІода
Маскавіяда
Раман жахаў
няхай і гэтага разу яны ў нас не ўпалююць нічога
Грыгорый Чубай
Ты жывеш на сёмым паверсе, абвесіўшы сьцены пакою казакамі й дзеячамі Заходне-Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, з акна бачыш маскоўскія дахі, бязрадасныя таполевыя прысады, Астанкінскай тэлевежы ня бачыш яна бачная з пакояў, разьмешчаных зь іншага боку калідору, але яе блізкая прысутнасьць адчуваецца штохвіліны; яна выпраменьвае нешта вельмі снатворнае, вірусы млявасьці й абыякавасьці да жыцьця, таму зранку ты ніяк ня можаш прачнуцца, пераходзіш з аднаго сьненьня ў іншае, нібы з краіны ў краіну. Ты сьпіш самааддана, найчасьцей да адзінаццатай, покуль узбэк за сьцяною не ўмыкне на поўны рэгулятар духмяную арыентальную музыку “адын палка два струна”. Праклінаючы незласьліва няшчасную нашу гісторыю, дружбу народаў і саюзную дамову 22-га году ты ўсьведамляеш: далей
спаць нельга. Пагатоў, габрэй за іншаю сьцяной ужо вярнуўся з выправы па крамах, у які ўжо раз накупіўшы, скажам, “калготак” для сваёй незьлічонай старазапаветнай сям’і зь Бірабіджану, для ўсіх каленяў яе. Цяпер з пачуцьцём праведна выкананага абавязку ён сядзе за напісаньне новых вершаў сярэднявечнаю моваю ідыш і такі напіша іх цэлых сем вершаў да абеду, а папоўдні яшчэ тры вершы, і ўсе яны будуць надрукаваныя ў часопісе “Советіш Геймланд”, як жывое сьведчаньне нястомнай дзяржаўнай турботы пра культуру малых народаў.
Габрэй за сьцяною гэта жывы й назольны напамін табе, сучынаму сыну, што ты таксама мусіў бы нешта рабіць купляць “калготкі”, пісаць вершы. А ты ляжыш у ложку і якога ўжо разу вывучаеш партрэт дыктатара Петрушэвіча, а арыентальная музыка за сьцяною робіцца ўсё болыд жарснаю й аднастайнаю, яна цячэ, як вада ў арыках, зрэшты, гэта вялікі караван з вэрблюдамі й сланамі, баваўняныя плянтацыі, блюз для канаплянай мафіі.
I ты, украінскі паэт Ота фон Ф., ты фізычна адчуваеш, як грызуць цябе дакоры сумленьня, як яны праядаюць у табе дзіркі ўсё большага дыямэтру, ажно пэўнага дня ты выйдзеш у калідор інтэрнату цалкам празрысты, дзіравы, і ніводзін калмык нават не павітаецца з табою.
Але што тут паробіш вершы твае, мабыць, засталіся ў атмасфэрных палёх Украіны, маскоўскія ж палі выявіліся надта шчыльнымі для іхнага салаўінага пранікненьня.
Па калідоры ўжо даўно швэндаюцца тутэйшыя пэрсанажы, яны, уласна кажучы, пісьменьнікі, да таго ж з “усяго канца” Савецкага Саюзу, але нагадваюць яны ўсё-ткі ня столькі творцаў літа-
ратуры, колькі яе пэрсанажаў. Прычым літаратуры графаманскай, сьпечанай паводле нудных рэцэптаў вялікай рэалістычнай традыцыі.
Ты разрозьніваеш іхныя пісьменьніцкія галасы а кожны зь іх, як сьцьвярджаюць характарыстыкі з папярэдняга месца працы, “надзелены ўласным непаўторным голасам, які немагчыма пераблытаць зь якім-колечы іншым”, гэтыя непаўторныя галасы калідорныя кажуць нешта адзін аднаму, перакрыжоўваюцца, перасякаюцца, счапляюцца, яны паведамляюць, што закіпеў чайнік, напяваюць “несыпьмнесольнарану”, цытуюць Высоцкага (Жванецкага), запрашаюць кагосьці на сьнеданьне, інфармуюць, што прафура з завочнага (трэці паверх, пакой 303) начавала сёньня ў 727-м і г.д.
У непарыўным дыялектычным адзінстве з галасамі знаходзяцца й пахі букет інтэрнацкага сьмецьцеправоду, перагару й спэрмы. Шкварчаць патэльні, бразгаюць вёдры, ключы, ляпаюць дзьверы, бо сёньня, зрэшты, субота, і выкладаў няма, і ніводная падла не прымусіць мяне рабіць нешта такое, чаго я не захачу. I пайшлі яны ўсе.
Вось так паступова ты ўваходзіш у рэчаіснасьць, памятаючы, што гарачай вады можа й ня быць, што прафура з 303-га начавала не ў 727-м, як было памылкова абвешчана ў калідоры, а ў 729-м, што нехта з чачэнаў (а найхутчэй усе чачэны, разам узятыя) учора ў ліфце даў кухталёў спарторгу Яшу, што расійскі паэт Ежавікін, які жыве ў супрацьлежным крыле, учора пятага разу меў выступ на тэлебачаньні, у якім дзевяць разоў ужыў слова “ДУХОВНОСТЬ” і восем разоў выціраў тыльным бокам далоні пахмельны пот з чала, што варта б пазваніць дадому, што ў аўторак пачнецца сэсія Вярхоўнай Рады, што ўкраінскі пе-
раклад “Санэтаў Арфэю” ці не найдакладнейшы з усіх табе вядомых, што другі год тваёй маскоўскай біяграфіі падыходзіць да канца, а ты так і не пабываў у піўбары на Фанвізіна, памятаючы пра ўсе гэтыя ніяк не зьвязаныя міжсобку рэчы, як і пра безьліч іншых рэчаў, ніяк не зьвязаных з папярэднімі, ты ўсё ж падымаесься і, пахадзіўшы ў адных майтках па пакоі, ацаніўшы з акна той самы лажовы краявід з тымі самымі таполямі й цьмяна-дажджавымі цяжкімі хмарамі, ты змушаеш сябе да сілавых практыкаваньняў раз, два аж покуль не забаляць цягліцы, нібыта ў практыкаваньнях гэтых апраўданьне табе й Маскве, і, больш за тое, твайго існаваньня ў сьвеце. Існаваньня, дарэчы, досыць нікчэмнага, такога, якім наагул варта было б пагрэбаваць Камусьці Над Намі, калі б ня пара ўдалых радкоў у пары няўдалых увогуле вершаў, чаго, вядома ж, зусім недастаткова для вялікай нацыянальнай справы.