Уводзіны ў геаграфію
Юрый Андруховіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 438с.
Мінск 2006
пароўну каханьня, як гэта мае месца ў пакоях, заселеных студэнтамі, на ніжэйшых паверхах. Апрача ўсяго, насельнікі сёмага паверху, як правіла, старыя й добрыя, у іх можна пажыць нават з тыдзень, калі цябе прыперла грашовая блякада альбо па ўсіх шалманах раскашуецца раённая міліцыя. Так і зьяўляліся на сёмым паверсе эпізадычныя дзяўчаты зь невядомых ускраінаў, падчэпленыя ў піўбарах альбо гастраномах, сапраўдныя сяброўкі й натхняльніцы багатых паўднёвых акынаў, ад якіх яны ўсё-ткі аднаго сумнага дня ішлі прэчкі, забраўшы на памяць што-небудзь матэрыяльнае.
Вось і ты, фон Ф., у бессані сваёй вырашыў, што настала й твая чарга, і гэты стук а трэцяй ночы азначае, што ты зараз будзеш мець госьцю, цалкам магчыма, нават вэнэрычку. Але, адчыніўшы дзьверы, ты пабачыў ня юную паталуху зь нямытымі валасамі й чырвонымі, як сьцяг, вуснамі, а даволі прыемнага з выгляду і ў ня меншай ступені п’янога хлопца.
- Камандзір, сказаў хлопец, прабач, што так позна. Але я вельмі хачу гарэлкі.
- I ўсё? запытаўся ты, Ота фон Ф., расчараваны ў сваіх спадзяваньнях.
- Камандзір, дай мне сказаць да канца. Мяне, да прыкладу, Русланам завуць. А цябе?
- Іван, адказаў ты, Ота фон Ф.
- Ваня, дай мне сказаць. Я хачу пайсьці купіць гарэлкі ў таксапарку. Вось грошы, і ён паказаў жменю купюр так, нібы гэта магло мець нейкае значэньне.
- Але прахадная зачыненая. Я абабегаў усе паверхі толькі ты мяне ўпусьціў, камандзір. Застаесься толькі ты.
- Вось як? запытаўся ты скептычна.
Дай мне сказаць. Я з твайго пакою пайду ў таксапарк.
Ты з майго пакою пойдзеш на х(...), быў адказ.
He, ты не ўрубаесься, камандзір, пораш гарачку. У цябе каля акна праходзіць пажарная лесьвіца, сьцяміў? Я палезу, ён паказаў рукамі й трохі нагамі, як будзе лезьці. Я ў дэсанце служыў, сьцяміў? Я й табе магу вадзяры прынесьці. Заадно.
Ты яшчэ нейкі час вагаўся, але ўпэўненая сымпатычная ўсьмешка й магутная постаць Русланавая зрабілі сваё.
Лезь, наважыўся ты.
Ты мужчына, камандзір, я прызнаў цябе, паясьніў Руслан.
Ён падышоў да акна, расчыніў яго насьцеж, і прамёрзлае лістападаўскае паветра, прасякнутае пахамі ўсіх восеньскіх дажджоў, мёртвай лістоты, занядбаных могілак, вершамі Пушкіна, словам, пахамі позьняй маскоўскай восені, затапіла пакой, прымусіўшы цябе чухацца й трымцець з холаду.
Давай, лезь ужо! прыкрыкнуў ты.
Руслан на поўны рост выпрастаўся на падаконьніку, махнуў табе рукою й зрабіў шырокі крок у ноч. Ты выглянуў сьледам за ім. Ён ужо вісеў на пажарнай лесьвіцы, рыхтык п’яны цыркавы акрабат, што выпрабоўвае нэрвы дурнаватай публікі, праваруч ад твайго акна, яшчэ мгненьне і ён стаў на лесьвіцу нагамі.
Гэй, а як ты будзеш вяртацца? нагадаў сабе я.
Ты што, не ўрубіўся, камандзір? Праз тваё ж акно! Я доўга ня буду птурсам туды й назад...
Лесьвіца мэталічна застагнала пад яго нагамі.
Досыць спрытна, як на п’янога, ён сыходзіў ёю долу. Відавочна, у дэсанце быў не сярод апошніх. Але ты ў думках праклінаў усё на сьвеце: вандроўных дзяўчат зь іхным недарэчным каханьнем, сваю бессань і юнага, схільнага да алькагалізму абаронцу Бацькаўшчыны, з ласкі якога табе давядзецца прынамсі дваццаць хвілін пільнаваць ля акна.
Ноч, як ужо згадвалася, была сьлізкаю й халоднаю. Недзе ў падворках выбрэхвалі сваю лютую беспрытульнасьць праімпэрскія сабакі. Час цягнуўся павольна, і ты ад няма чаго рабіць нават апрануўся, а пасьля выпаліў адну-дзьве цыгарэты. На нейкім зь ніжэйшых паверхаў віскатлівы жаночы голас нечакана забражджаў: “Сука ты пасьледняя!” Потым забразгала бітае шкло, пачуліся глухія ўдары, нібы хтось забіваў у сьцяну цьвікі чужою галавой, а пасьля нізкі мужчынскі голас паведаміў: “Дура ты, Зінка, ведь люблю я тебя!” На гэтым усё сьціхла.
Аж нарэшце ты зноўку пачуў, як стогне лесьвіца. Руслан вяртаўся.
Ён адольваў паверх за паверхам і недзе паміж пятым і шостым спыніўся трохі адпачыць. Задзёр голаў угору й пабачыў цябе, выхеленага з акна.
Я ўжо тут, камандзір, паведаміў ён радасна. Прабач, што так доўга. Уяўляеш, нават у таксапарку не было. Там сёньня іх рэкет шугануў. Тады я да Валодзі, у Валодзі таксама па нулёх. Давялося ўзяць у віетнамца за дваццаць пяць. Сука вузкавокая! Забіў бы! Ну, ды нічога, зараз кірнем, Ваня...
I ён ізноў палез па лесьвіцы ўгору. На вышыні сёмага паверху ён спыніўся, каб трохі аддыхацца, паправіў пляшку ў кішэні, каб часам ня выпала. Пасьля зрабіў шырокі крок зь лесьвіцы на пада-
коньнік. Але мінулага разу было значна прасьцей: было за што схапіцца рукамі, было на чым павіснуць. Цяпер жа перад ім была проста сьцяна й сьлізкі, хісткі бляшаны гзымс пад нагамі. Ты пасьпеў падаць яму руку, але не пасьпеў злавіць яго пальцаў, і яны высьлізнулі. Усім целам ён нахіліўся назад, нейкае мгненьне прабалянсаваўшы над прадоньнем, нібы анёл, што рыхтуецца ўзьляцець. Потым быў яго доўгі немы крык. I падзеньне з вышыні сёмага паверху. I сьмерць.
А ты бегаў, кагосьці будзіў, выклікалі хуткую й мянтоў усё гэта ня мела ўжо ніякага сэнсу. Усё гэта было, як у сьне. Альбо ў банальным мэлядраматычным фільме.
0, Руслане Прыўкрасны, казаў ты, як перажыву загубу тваю, браце мой?! Ты быў бясстрашны, ты прызвычаіўся ўза ўсім быць першым, ты меў безьліч скачкоў з парашутам! Цябе кахалі ўсе знаёмыя дзяўчаты, а незнаёмыя дзяўчаты клаліся табе пад ногі! Ты сьвяціўся зь сярэдзіны, Руслане Прыгожы, а твае цягліцы былі цудадзейнымі! I калі б я быў гомікам, дык любою цаной хацеў бы пераспаць з табою, браце мой! Што ж ты нарабіў, Руслане Пераможны, на каго пакінуў гэты дэбільны сьвет, дзе так не стае такіх дасканалых, як ты, істотаў?!
Пасьля ты меў усялякія размовы са сьледчымі псамі, высьвятленьні абставінаў, вынюхваньні, сапеньні, падыманьні лапы, матляньні хвастом, спробы грамадзкага ганьбаваньня. Рэч ня ў гэтым.
Чаму вы зачыняеце прахадныя, хацелася табе запытацца ў адказ. Чаму маладая артыстычная істота, нядаўні дэсантнік, вымушаная ў вашай б(...)зкай краіне рызыкаваць жыцьцём дзеля пляшкі гарэлкі? Чаму вы так прасьмярдзелі не-
свабодаю? Чаму свабоды вы пакідаеце так мала, што яе хапае адно на падзеньне зь сёмага паверху? Чаму цяпер вы з такім натхненьнем ухапіліся за мяне, як за адзінага вінаватага ў яго сьмерці, нібы хочаце, каб я выкупіў сваю віну, скочыўшы ўрэшце з таго самага акна?
Але гэтыя пытаньні павісалі ў паветры. Бо й самі яны, сьледчыя псы, якім ты мог гэтыя пытаньні ставіць, сёньня ўжо ня здольныя былі адказаць на іх. Імпэрыя мяняла сваю зьмяіную скуру, пераглядала звыклыя таталітарныя ўяўленьні, дыскутавала, імітавала зьмену законаў ды жыцьцёвага ўкладу, імправізавала на тэму ярархіі каштоўнасьцяў. Імпэрыя фліртавала з свабодаю, мяркуючы, што такім чынам зьберажэ абноўленую саму сябе. Але мяняць скуру было няварта. Яны выявілася адзінаю. Цяпер, вылезшы з звыклай скуры, старая курва ў пакутах канае.
Урэшце ўсе адчапіліся ад цябе. Ты давёў сваё права на віну. Сьледчыя псы гыркалі зь недасяжнай адлегласьці й бясьсільна клацалі штучнымі сківіцамі.
Месяцы праз тры, узімку, позна ўвечары, ты нешта там дадрукоўваў за пісьмовым сталом, калі раптам пачуў, як адтуль, звонку, грукнулі ў акно. Наўрад ці гэта сьнежка, падумаў ты, і нават ня камень, бо хто зможа закінуць сьнежку, камень, камяк зямлі, шапку, пляшку, кнігу, рукавіцу ці які-колечы іншы прадмет на вышыню сёмага паверху? Але калі знаёма застагнала побач з акном пажарная лесьвіца, табе зрабілася даволі кепска. Падышоўшы да акна, ты рассунуў фіранкі. За акном быў Руслан.
Ваня, вуснамі сказаў ён. Упусьціш?
Ён быў амаль такі, як тады, толькі жаўтавата-бледны, з чорнымі кругамі пад вачыма, з то-
ненькім чырвоным цурком, што бег ад кутка рота й зьнікаў недзе пад падбародзьдзем.
Ты адчыніў акно.
На ўсіх паверхах вокны пазаклейвалі, толькі ў цябе не, прамовіў Руслан, сядаючы на падаконьніку.
Табе не халодна? запытаўся ты. Зіма ж настала.
Мне не халодна. Мне ніяк, быў адказ.
А наагул, як там?
- Некалі дазнаесься. Усё ня так, як вы сабе тут уяўляеце.
- Ты добра захаваўся.
- Дзякуй. Мяне ў дэсанце навучылі падаць.
Чаго ты прыйшоў?
Цягне да знаёмага месца. Знаёмыя пахі. Ты. Згадаў пра цябе.
Дзякуй. Дарэчы, мяне завуць ня Ваня.
Я ведаю, Ваня.
Дурнаватая выйшла сьмерць, не? запытаўся ты.
Руслан махнуў рукою:
Яна нічога не зьмяніла ў гэтым сьвеце. Мой бацька вядомы кінарэжысэр. Яму далі прэмію.
Можа, вып’еш гарэлкі?
Дзякуй, не ўжываю.
Я забыў...
Пустое. Сёньня вылятаю ў Сімферопаль. Там мая дзяўчына. Зранку яна падумае, што я ёй сьніўся.
Хочаш маю зімовую куртку? У мяне яшчэ адна.
Перастань, камандзір! Я не адчуваю зімы. Мне ўсё адно. Ты нават не ўяўляеш, наколькі ўсё можа быць адно.
Але ў пакоі рабілася халодна, і ён зразумеў гэта.
Ня буду табе перашкаджаць. Бывай. Некалі, можа, сустрэнемся.
Вядома ж. Хоць я ня верыў, што вы існуеце...
Існуем? ён з сумневам пакруціў галавой. Хто яго ведае? Разумееш, ты быў апошнім, каго я бачыў, калі быў жывы. Ты ў мяне навек у вачох застаўся. Тваё люстраваньне. Калі прыгледзісься зблізку да маіх зрэнак, дык пабачыш сябе. Я думаў, ты пасьпееш злавіць маю руку...
Прабач, стары.
Пустое. Так павінна было стацца. ПІкада толькі, што ўсё гэта трохі кепска выглядала распырсканы мозг, абломкі рэбраў, сьцегнавая косьць, што вылезла вонкі недзе аж праз кішэчнік... Але ня я першы, ня я апошні. I гэта галоўнае. Зачыняй акно, Ваня...
Ён зрабіў плаўны, бязважкі крок убок і ступіў на лесьвіцу.
Зачыняй акно, паўтарыў ён.
Ты зрабіў усё, як ён сказаў, і нават зашморгнуў фіранкі.
Поначы вакол інтэрната адбывалася нейкае жыцьцё. Часам ты чуў крыкі, мітусьню, хтосьці кагосьці біў. Часам пачынала знаёма стагнаць пажарная лесьвіца. Ты напружана ўслухоўваўся ў гэтыя гукі, што набліжаліся. Чацьверты, пяты, шосты паверх. Ці будзе сёмы? Мяне тут няма, паўтараў ты. Мяне няма. Няма. I з галавою накрываўся коўдраю. Цябе не было.
Вось табе й маеш, дурню фон Ф., вось што значыць ісьці ў душавую, забыўшы пра тое, што дзьверы ў свой пакой ня варта пакідаць адчыненымі! Цяпер яны сядзяць сабе ў цябе, усе ўтрох, паляць сабе па-гаспадарску, балбочуць і рагочуць.
Пысы параспухалі, але настрой цудоўны. Найбліжэйшыя твае сябрукі. Учора вы разам п’янчыліся да паловы на другую ночы. Восем стопяцідзесяціграмовых каньякоў, купленых у “садавіне-гародніне”, дзьве шыпучкі “Салют”, потым яшчэ два польскія “палянэзы”, выйграныя на більярдзе ў нейкага навасібірскага разявакі ў цэдээле. Фінал адбываўся ўжо ў інтэрнаце. Мэдычны сьпірытус са стратэгічных запасаў. Разбаўлялі сьпярша пэпсіколаю, і гэта нагадвала арманьяк. Па заканчэньні пэпсі-колы ў ход пайшла салодкая вада “Саяны”, але ты прадбачліва ўнікнуў гэтага атракцыёну. I, мабыць, добра зрабіў.